IVANOV_YAV_HRISTA_MARI1

З прычыны яўнага жадання Святога Айца Францішка, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, 3 чэрвеня 2016 года, Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў апублікавала новы дэкрэт, у якім цэлебрацыя святой Марыі Магдалены была ўзнятая і ўпісаная ў агульны рымскі каляндар у рангу свята.

У цяперашнім касцёльным кантэксце гэтае рашэнне накіравана на больш глыбокае разважанне годнасці жанчыны, новай евангелізацыі і велічы таямніцаў Божай міласэрнасці. Святы Ян Павел ІІ ўдзяляў вялікую ўвагу не толькі важнасці жанчыны ў місіі Хрыста і Касцёла, але таксама асаблівай ролі Марыі з Магдалы як першай сведкі ўваскрасення Хрыста і як першай пасланніцы, якая аб’явіла аб уваскрасенні Пана апосталам (Mulieris dignitatem,  16). Важнасць гэтага здарэння працягваецца ў Касцёле і сёння, што бачна ў працэсе новай евангелізацыі, якая жадае запрасіць усіх мужчынаў і жанчын “з кожнага роду, і мовы, і племені, і народу” (Ап 5:9) без усялякага адрознення, каб абвясціць ім Добрую навіну Евангелля Езуса Хрыста, суправаджаючы іх падчас зямной пілігрымкі і прапануючы ім цуды Божага збаўлення. Святая Марыя Магдалена — гэта прыклад сапраўднага і аўтэнтычнага евангелізатара, гэта значыць, евангелізатара, які абвяшчае цэнтральнае радаснае пасланне Пасхі (пар. калекта на 22 ліпеня і новая прэфацыя).

Гэтае рашэнне Святы Айцец Францішак прыняў менавіта ў кантэксце Юбілею Міласэрнасці, каб падкрэсліць важнасць гэтай жанчыны, “якая так палюбіла Хрыста і якую так моцна палюбіў Хрыстус”, як у розных сітуацыях кажа пра яе Рабан Маўр (“dilectrix Christi et a Christo plurimum dilecta”, De vita Mariae Magdalenae, Prologus), а таксама святы Ансельм Кентэрберыйскі, які кажа пра яе “абраная, бо ўзлюбленая, і ўзлюбленая, бо абраная Богам” (“electa dilectrix et dilecta electrix Dei”: Oratio LXXIII ad sanctam Mariam Magdalenam). Гэта праўда, што касцёльная традыцыя Захаду, асабліва ў часы Грыгорыя Вялікага, атаясамлівала святую Марыю Магдалену з жанчынай, якая памазала ногі Хрыста пахучым алеем ў доме фарысея Сымона, а таксама з сястрой Лазара і Марты. Гэтая інтэрпрэтацыя працягвала аказваць уплыў на заходніх касцёльных аўтараў, хрысціянскае мастацтва і літургічныя тэксты, якія датычыліся гэтай святой. Баландысты правялі дэтальнае даследаванне праблемы ідэнтыфікацыі гэтых трох жанчын і падрыхтавалі шлях для літургічнай рэформы рымскага календара. Вынікам гэтай рэформы Другога Ватыканскага сабору сталі тэксты Рымскага Імшала, Літургіі гадзінаў і Мартыралога, якія казалі проста пра Марыю Магдалену. [Да рэформы назва свята ўказвала на Марыю Магдалену як на грэшніцу, якая пакаялася: S. Mariae Magdalenae Poenitentis — рэд.] Дакладна вядома, што Марыя Магдалена належыла да групы вучняў Езуса, яна суправаджала Яго да падножжа Крыжа і ў садзе, дзе яна сустрэла Яго каля магілы, яна была першай “сведкай Божай міласэрнасці” (Грыгорый Вялікі, XL Hom. In Evangelia, lib. II Hom. 25, 10). Евангелле ад Яна кажа нам, што Марыя Магдалена плакала, таму што яна не магла знайсці цела Пана (Ян 20:11), і што Езус злітаваўся з яе, дазволіўшы пазнаць у сабе яе Настаўніка, такім чынам змяняючы яе слёзы ў пасхальную радасць.

Карыстаючыся гэтым зручным момантам, я хацеў бы падкрэсліць дзве ідэі, цесна звязаныя з біблійнымі і літургічным тэкстамі гэтага свята, якое дапамагае нам лепш зразумець важнасць гэтай святой жанчыны для сённяшняга часу.

З аднаго боу, яна атрымала гонар быць першай сведкай уваскрасення Пана (“prima testis” – Hymnus, Ad Laudes matutinas), першай, хто ўбачыў пустую магілу, і першай, хто пачуў праўду пра ўваскрасенне. Хрыстус аказаў асаблівую ўвагу і міласэрнасць да гэтай жанчыны, якая прадэманстравала любоў да Хрыста, шукаючы Яго ў гэтым садзе ў самоце і пакутах, альбо, як кажа св. Ансельм ва ўзгаданай вышэй малітве, у слязах пакорнасці (“lacrimas humilitatis”). Гэтым спосабам можна падкрэсліць розніцу паміж жанчынай у райскім садзе і жанчынай у садзе ўваскрасення. Першая распаўсюдзіла смерць сярод жыцця; другая аб’явіла пра жыццё з магілы, з месца смерці. Як падкрэслівае Грыгорый Вялікі: “Quia in paradiso mulier viro propinavit mortem, a sepulcro mulier viris annuntiat vitam” (“Сапраўды, паколькі жанчына прапанавала смерць мужчыне ў раі, жанчына абвяшчае з магілы жыццё мужчынам”, XL Hom. In Evangelia, lib. II, Hom. 25). Але ёсць і яшчэ нешта, як мы бачым ў садзе ўваскрасення, дзе Пан кажа Марыі: “Noli me tangere” (“Не затрымлівай Мяне”, Ян 20:17). Гэта запрашэнне ўвайсці ў досвед веры, які пераўзыходзіць матэрыялістычнае разуменне і людское ўспрыняцце Божай таямніцы і які скіраваны не толькі да Марыі, а да ўсяго Касцёла. Гэта вялікі эклезіяльны момант! Гэта важны ўрок для кожнага вучня Езуса Хрыста не шукаць ані людской бяспекі, ані пустой славы гэтага свету, але з верай шукаць жывога і ўваскрослага Хрыста!

З іншага боку, менавіта таму, што яна была сведкай уваскрослага Хрыста, яна таксама была першай, хто засведчыў пра Яго перад апосталамі. Яна выконвае загад уваскрослага Пана: “Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага”. Марыя Магдалена пайшла і аб’явіла вучням: “Я бачыла Пана”, і сказала ім тое, што Ён сказаў ёй (Ян 20:17-18). Такім чынам, як ужо было сказана, яна становіцца евангелістам, пасланніцай, якая аб’яўляе Добрую навіну пра ўваскрасенне Пана, альбо, як кажуць Рабан Маўр і святы Тамаш Аквінскі, яна стала “apostolorum apostola”, бо яна абвяшчае апосталам тое, што яны, у сваю чаргу, абвесцяць усяму свету (Rabanus Maurus , De vita beatae Mariae Magdalenae, XXVII; Saint Thomas Aquinas, In Ioannem Evangelistam Expositio, c. XX, L. III, 6). У Анельскага доктара былі ўсе прычыны прымяніць гэты тэрмін да Марыі з Магдалы, бо яна з’яўляецца сведкай уваскрослага Хрыста і абвяшчае пасланне аб уваскрасенні Пана, як і астатнія апосталы. З гэтай прычыны справядліва, што цэлебрацыя гэтай жанчыны павінна мець той самы ранг свята, які ў агульным рымскім календары дадзены цэлебрацыям апосталаў, а таксама што асаблівая місія гэтай жанчыны павінна падкрэслівацца, бо яна прыклад і ўзор для ўсіх жанчын у Касцёле.

Артур Рош, арцыбіскуп, сакратар Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.


Крыніца: L’Osservatore Romano
Ілюстрацыя: “Аб’яўленне Хрыста Марыі Магдалене пасля ўваскрасення” (А. А. Іваноў, 1835).

Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі, якая не нясе адказнасці за памылкі і недакладнасці ў гэтым перакладзе.

Пакінуць каментар