25468276253_1ce28b4a3c_k

Падчас маіх спробаў прыцягнуць сяброў да нашай лакальнай супольнасці прыхільнікаў лацінскай Імшы я заўважыў цікавы спосаб, якім яны апісваюць свае першыя ўражанні. Вядома, яны не могуць не зрабіць заўвагу наконт пашаны, якую яны заўважылі ў святыні, і пра тое, што ім спадабалася музыка, але амаль для кожнага з іх ключавым момантам у іх уражанні была гамілія.

Я задумваўся пра гэта на працягу месяцаў. Не тое, каб я не мог згадзіцца з іх крытыкай. Гэта праўда, што некаторыя святары дастаткова суровыя ў сваім прапаведніцкім стылі. Ёсць і такія, хто лічыць, што будзе больш традыцыйна, калі яны будуць прапаведаваць наўпрост па сухім старым падручніку маральнай тэалогіі, які хоць і можа быць карысны як падручнік, але спрыяе кепскай рыторыцы. І таму можна лёгка прапусціць сутнасць. Усім нам прыходзіцца часамі мірыцца з педантычнымі казаннямі.

Я застаюся ў разгубленасці, калі я запрашаю сяброў яшчэ раз, але зноў і зноў прычына, па якой яны не хочуць вяртацца, гэта… гамілія. Спачатку я думаў, што гэта, магчыма, такі спосаб адгаворвацца, абарончая шыльда для больш глыбокіх прычынаў адчування агіды да старой формы Імшы. І сапраўды гэта магло быць так.

Але раптам я зразумеў, якой магла быць рэальная прычына: яны судзяць старыя Імшы па гамілетыцы, таму што менавіта так яны прывыклі судзіць Імшы Novus Ordo, якія яны зазвычай наведваюць. Улічваючы паўсюдную бязлікасць ars celebrandi, амаль адсутную эстэтычную прывабнасць, адабраны павучальны і захапляльны абрад, адсутнасць тэалагічнага багацця і варыяцый у настроі на працягу літургічнага года, звычайны каталіцкі досвед пераўтвараецца ў пратэстанцкі, калі адзінай рэччу, па якой можна судзіць пра Імшу, застаецца асоба святара, дынамічнасць яго гаміліі, яго харызма, адпаведнасць словаў сантыментам слухача і адчуванне прыязнасці. Вядома, гэта цалкам пратэстанцкі падыход. Можа, гэта таксама адна з прычын, чаму людзі перабіраюць парафіі.

Магчыма, людзей няможна абвінавачваць. Абрэзаны сучасны абрад падкрэслівае значэнне “Літургіі Слова”, у якой рэспансарыйныя псальмы, “актыўны ўдзел свецкіх” у чытаннях і частыя перапынкі ў абрадзе (для прывітанняў, імправізаваных малітваў і г. д.) стварае “асабістую” і “прыязную” атмасферу. Першая частка літургіі займае нашмат больш часу і стварае значна больш стымулюючай актыўнасці, чым празаічная і метадычная другая палова, “Літургія Эўхарыстыі”, дзе манатоннасць голасу святара перапыняецца толькі рэдкімі пацвярджальнымі “акламацыямі”. Унутраная логіка, gravitas абраду, знаходзіцца на цэлебрацыі Слова, а яе цэнтрам у нашай тэлевізійнай культуры з’яўляецца гамілія.

Цяпер кожны добры каталік скажа, што Эўхарыстыя — гэта сэрца кожнай Імшы, і такім чынам мы карэктна і пабожна вызнаем святую таямніцу самаахвяравання Хрыста на алтары. Аднак, на жаль, мала хто задумваецца над абрадавымі наступствамі гэтага вызнання. Большасць звычайна задавольваецца “стомленым” падыходам да Эўхарыстыі, а паколькі іх фармацыя не прывіла ім лепшага літургічнага разумення, яны лічаць, што малітва становіцца адэкватнай шляхам самога факту кансэкрацыі, забываючыся, што тое, як мы паводзім сябе перад абліччам такой таямніцы, робіць нашыя сэрцы больш або менш годнымі сховічшамі Святога Дару, а нашую малітву аб’ектыўна больш ці менш прыемнай Божай велічы.

Існуе таксама няздольнасць адрозніваць аб’ектыўную і суб’ектыўную мэты малітвы. Першасная мэта супольнай публічнай малітвы заключаецца ў тым, каб стварэнне прынесла годную і адпаведную малітву Стварыцелю. У малітве мы прапануем Богу нашую найлепшую хвалу, найлепшую мастацкую працу і найбольш рэальны выраз нашай веры, які выяўляецца ў цырыманіяльнай урачыстасці і глыбокай пашане. Тыя ці іншыя выгады, якія мы спадзяемся атрымаць для сябе ў публічнай малітве, дакладна з’яўляюцца другаснымі. У калектах мы часта молімся, каб мы маглі адчуць уплыў ласкі на нашыя сэрцы, аднак гэта не галоўная мэта. Шукаць таго, што мы можам атрымаць ад Імшы, азначае разумець яе наадварот! Найперш трэба запытаць сябе: ці годна тут праслаўляецца Бог?

Кажучы пра гаміліі, мы часта забываемся, што сам абрад, годна выкананы, з’яўляецца найлепшай гаміліяй на Пісанне. У рымскім абрадзе да Пісання ставяцца з вялікай пабожнасцю. Яно праліваецца як першае слова на вуснах абраду ці то ў благаслаўленні, ці то ў суплікацыі, ці ў праслаўленні, ці ў падзяцы. Тэксты нашай літургіі былі створаныя рымскімі святымі, якія жылі і дыхалі Пісаннем, якія з духам пакоры прынялі Божае слова. Сам абрад можна разглядаць як літургічнае цела, душой якога завалодала і душу якога ахапіла прывітае Слова. Такім чынам, сам абрад — гэта вялікая гамілія, захапляльнае тлумачэнне жывога Слова.

І гэта мы яшчэ не сказалі пра ролю грыгарыянскага спеву! Як Айцы Касцёла давалі свае вялікія каментарыі на Пісанне, выкарыстоўваючы рытарычныя здольнасці, так кантары нашай традыцыі выкарыстоўвалі іншыя метады, распрацоўваючы “музычную патралогію”, самастойную залатую жылу тлумачэння Пісання. Таму ўвесь рытуал яднаецца з Пісаннем, тлумачыць і ажыўляе яго шматлікімі цудоўнымі і вытанчанымі спосабамі! Ён сам адна вялікая гамілія. Вось гэта і ёсць тое, што цікавіць каталікоў, якія ўдзельнічаюць у спяванай Імшы ў традыцыйным рымскім абрадзе. Праз пэўны час, паглыбляючы веды пра Імшу, Божы Афіцый, абрады сакрамэнтаў, благаслаўленняў, працэсій і іншых цырымоній, вернікі атрымліваюць найлепшае, найглыбейшае і найпрыгажэйшае прапаведаванне, якое ім толькі можа прапанаваць Касцёл.

Магчыма, Другі Ватыканскі сабор зрабіў добра, пастараўшыся аднавіць гамілетыку. Магчыма, казанні з падручнікаў сапраўды сухія, нецікавыя і нават шкодныя для веры. Я цалкам прызнаю гэта і вінавачу пастыраў, якія не даюць магчымасці думаць, што літургічнае Слова выйшла жывым з іх сэрцаў. Але нават прызнаючы ўсё гэта, я ніколі не зрабіў бы выснову пра малітву, зыходзячы з таго, наколькі мне спадабалася прапаведаванне святара. Здароўем парафіі для мяне было б радаснае прыняцце традыцыі, колькасць здаровых маладых сем’яў, брацтвы, хоры, добрыя справы, навука святых, якая даё плёны ў сэрцах, чысціня і добрая воля моладзі, сціпласць жанчын, моц мужчын — усе рэчы, у якіх проста і відавочна выйграюць моцныя традыцыйныя парафіі.

Некаторыя парафіяне з Сярэдняга Усходу ў парафіі Св. Яна з Кент мужна сустрэлі смяротныя пагрозы ад членаў сямей, каб жыць літургічным жыццём гэтай парафіі. Інстытут Хрыста-Валадара вядомы тым, што перамяняе нізкадаходныя раёны з каталіцкімі сем’ямі, якія збіраюцца, каб быць разам вакол Эўхарыстычнага дома. Ніхто з гэтых людзей не прыйшоў бы толькі дзеля казання. Усіх іх прыцягнула незлічонае багацце, якое Хрыстус спаслаў на свой Касцёл у яго векавой традыцыі.

Гэта павінна быць цэнтрам. Давайце аддадзім гаміліі месца ў другім радзе.


Аўтар: ананімны
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Пераклад здзейснены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1P5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz