Bp-Socrates-mini

Гамілія арцыбіскупа Сакратэса Вільегаса (Socrates B. Villegas) на Імшы Хрызма ў 2015 годзе

Мае браты-святары,

Сёння мы зноў здзяйсняем духоўнае падарожжа ў Вячэрнік, каб успомніць пра нашае святарства. Мы зноў прыходзім, каб падзякаваць Пану за тое, што Ён паклікаў нас быць святарамі. Пан рызыкнуў. Ён даверыў нам свой Касцёл. Чым больш мы трываем у гэтым пакліканні, тым ясней мы бачым, што трэба больш, чым проста сіла волі, каб заставацца добрым святаром. Для гэтага патрэбная ласка. Нам патрэбны Бог. Нам патрэбны Бог, каб заставацца засяроджанымі. Нам патрэбны Бог, каб заставацца на шляху. Нам патрэбны Бог, каб Ён абараняў і захоўваў нас.

Мы бачылі шмат злачынстваў сярод клерыкаў — алкагольныя злачынствы, сэксуальныя злачынствы, злачынствы супраць дзяцей, грашовыя злачынствы, падарожныя злачынствы, адпускныя злачынствы. Сёння я запрашаю вас скіраваць сэрцы да іншага, вельмі неўтаймаванага і распаўсюджанага злачынства сярод святароў — гамілійнага злачынства. Так, злачынства супраць дабрыні людзей, якія вымушаны слухаць даўгія, хаатычныя, шматслоўныя, нудныя, неарганізаваныя, непадрыхтаваныя, прамармытаныя гаміліі. Жартам, але напэўна з доляй праўды, людзі кажуць, што нашыя гаміліі — гэта адно з абавязковых пакаранняў, праз якое яны павінны прайсці кожную нядзелю.

Калі вы больш уважліва паслухаеце, што людзі кажуць пра нашыя гаміліі, яны не скардзяцца на глыбіню ідэі ці навуковую экзэгезу. Яны нядзелю за нядзеляй церпяць нашыя гаміліі, якія няможна зразумець, таму што мы зацягваем уводзіны, мы не ведаем, як перайсці проста да сутнасці, і мы не ведаем, як скончыць. Будзьце падрыхтаваныя. Будзьце зразумелыя. Кажыце на тэму.

Усіх нас мучылі гаміліямі нашыя старэйшыя святары, калі мы былі семінарыстамі. Калі прыйшла наша чарга прамаўляць гаміліі, ахвяра злачынства сталася злачынцам.

Калі семінарысту не хапае чысціні, мы не можам рэкамендаваць яго для пасвячэння. Калі семінарыст упарты і незгаворлівы, мы не можам падтрымаць яго пасвячэнне. Калі семінарыст не можа публічна прамаўляць з яснасцю і эфектыўнасцю, нам не след пасвячаць яго. Ён будзе небяспечным гамілійным злачынцам. Гамілійнае злачынства можна нанесці шкоду душам.

Даўгія, хаатычныя, шматслоўныя, недарэчныя, непадрыхтаваныя гаміліі з’яўляюцца прыкметай хворага духоўнага жыцця святара. Святы Джузэпэ з Капертына казаў: “Прапаведнік — як труба, якая не дае гуку, калі ў яе ніхто не дзьме. Перад казаннем маліся так: Пане, ты дух, я твая труба. Без твайго дыхання я не магу даць гук“.

Недастаткова рыхтаваць гаміліі; добры святар павінен рыхтавацца сам. Прапаведаванне — гэта служэнне душы і сэрца, а не толькі вакальныя акорды і мазгавыя клеткі. Сапраўднай асновай нашых гамілій з’яўляецца нашае духоўнае жыццё. Пытанне заключаецца не ў тым, пра што мы будзем прапаведаваць, але каго мы будзем прапаведаваць. Мы прапаведуем толькі Езуса Хрыста, заўсёды Езуса Хрыста. Як мы паўстанем з агульнай культуры гамілійных злачынстваў? Што з’яўляецца нашым лекам?

Першы выклік часу — гэта святарская шчырасць. Можна прапаведаваць пустым страўнікам, калі страўнік парафіяльнага святара такі ж пусты, як і страўнікі яго парафіянаў. Нашыя гаміліі палепшацца, калі мы паменшым любоў да размоваў і павялічым любоў да слухання. Калі нашая гамілія — гэта простая размова, мы проста паўтараем тое, што мы ўжо ведаем, стамляемся і адчуваем пустэчу. Калі вы слухаеце і моліцеся перад прамовай, вы вучыцеся чамусьці новаму, і вашая гамілія будзе кароткай і яснай. Мы будзем лепшымі прапаведнікамі, калі адважымся зноў пахнуць, як нашыя авечкі.

Другі выклік нашага часу — гэта прастата. Прастата паслання і, нават больш, прастата жыцця. Прастата жыцця таксама дапаможа нам перастаць казаць у гаміліях пра грошы і збор сродкаў. Размова пра грошы ніколі не бывае павучальнай. Прастата азначае пазбягаць выкарыстоўваць катэдру як спосаб адпомсціць нашым ворагам. Прастата таксама патрабуе, каб мы трымалі выбарчую палітыку, якая сее нязгоды, далей ад амбоны. Прастата ў гаміліях азначае не жадаць выклікаць у людзей смех ці слёзы — гэта для тэлесерыялаў і паўдзённых шоу. Прастата ў гаміліях прымушае людзей схіляць галовы і біць сябе ў грудзі з жаданнем перамены, з жаданнем шукаць Божай міласэрнасці. Быць простым азначае быць вялікім у Божых вачах. Просты стыль жыцця святароў — гэта гамілія, якую прасцей за ўсё зразумець.

Трэці і апошні выклік — гэта запрашэнне вучыцца. Чытанне і вучоба не мусяць спыняцца пасля семінарыі. Калі мы перастаем чытаць і вучыцца, мы ставім у небяспеку душы нашых парафіянаў. Калі мы перастаем вучыцца, тады мы пачынаем прымушаць людзей чытаць так званую адкрытую кнігу нашага жыцця — камічную кніжку нашага жыцця, наўрад ці натхняльную, абсалютна бязглуздую і жудасна скандальную. Гамілія становіцца нашай гісторыяй, а не гісторыяй Езуса. Зашмат чытаць ашчадную кніжку — таксама не самы лепшы спосаб падрыхтаваць гамілію.

Будзьце асцярожныя са сваім жыццём. Людзі больш глядзяць на нас, чым слухаюць. Будзьце шчырыя і сапраўдныя. Двайное жыццё, сакрэтнае, цёмнае жыццё весці цяжка.

Будзьце асцярожныя з кожнай гаміліяй. Бог будзе судзіць вас за кожнае вымаўленае слова. Верце таму, што чытаеце. Навучайце таму, у што верыце. Практыкуйце тое, чаму навучаеце.

Будзьце асцярожныя з кожнай гаміліяй. Яны хочуць пачуць Езуса, а не вас; толькі Езуса, заўсёды Езуса.

Будзьце асцярожныя з гаміліяй. Змілуйцеся з Божага люду. Спыніце гамілійнае злачынства. Няхай вашыя гаміліі натхняюць і запальваюць сэрцы.

Амэн.


Аўтар: Socrates B. Villegas
Крыніца: вэб-сайт архідыяцэзіі Лінгаен-Дагулана
Герб арцыбіскупа: Kebintotgallimore (CC BY-SA)

Гамілія перакладзена з афіцыйнага англійскага тэксту і апублікавана з дазволу ўладаў архідыяцэзіі Лінгаен-Дагулана.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар