02.06.2016 / Anna Silvas

Некаторыя заўвагі наконт Amoris Laetitia🕑 24 хвілін

Apostolic-Exhortation-cover

Уводзіны

[ddownload id=”971″]

У гэтым дакладзе я хацела б пералічыць некаторыя найбольш неадкладныя заўвагі, якія ў мяне ёсць наконт Amoris Laetitia. Гэтыя разважанні арганізаваныя ў тры часткі. Першая частка пералічвае агульныя заўвагі наконт AL; другая частка сканцэнтравана на сумна вядомым восьмым раздзеле; і трэцяя частка прапануе некаторыя наступствы AL для святароў і каталіцтва.

Я разумею, што Amoris Laetitia як апостальская адгартацыя не падпадае пад аніякія катэгорыі беспамылковасці. Аднак гэта дакумент папскага звычайнага Магістэрыя, і таму крытыкаваць яго, асабліва з дактрынальнага пункту гледжання, незвычайна цяжка. Гэта выдаецца мне беспрэцэдэнтнай сітуацыяй. Я хацела б, каб цяпер жыў вялікі святы, як св. Павел, св. Атаназій, ці св. Бернард, ці св. Кацярына Сіенская, якія мелі б адвагу і духоўны аўтарытэт, прароцтва найбольш праўдзівага кшталту, каб яны прамовілі да наступніка Пятра і заклікалі яго да лепшага спосабу мыслення. У дадзены момант здаецца, што іерархічны аўтарытэт Касцёла трапіў у дзіўны параліч. Магчыма, гэта і ёсць час прарокаў — але сапраўдных прарокаў. Дзе ж святыя з інтэлектам, ачышчаным кантактам з жывым Богам у малітве і аскезе, адораныя натхнёным словам, здольным выканаць такую задачу? Дзе ж гэтыя людзі?

Агульныя заўвагі наконт AL

Дзесяць “словаў”, выпісаныя на каменных табліцах пальцам жывога Бога (Зых 31:18, 32:15), былі абвешчаны чалавецтву на ўсе вякі:

“Не чужалож (Зых 20:14) і… не пажадай жонкі бліжняга твайго (Зых 20:17)”.

Наш Пан сам сказаў: “Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе” (Мк 10:11).

Апостал Павел таксама паўтарае гэта: “Таму, калі жыве муж, а яна будзе [жонкай] другога, [то] будзе названа чужаложніцай (Рым 7:3).

Нібы аглушальная цішыня, тэрмін “чужалоства” абсалютна адсутнічае ў лексіконе Amoris Laetitia. Замест яго мы маем штосьці пад назвай “неўрэгуляваныя саюзы” ці “неўрэгуляваныя сітуацыі”, дзе слова “неўрэгуляваны” ўзята ў двукоссе, як быццам бы аўтар хацеў аддаліцца нават і ад яго ўжывання.

Калі любіце Мяне, — кажа Пан, — будзеце захоўваць Мае запаведзі (Ян 14:15)”, і Евангелле разам з лістамі Яна на розныя лады паўтараюць гэтае папярэджанне Пана. Гэта значыць, што не кожныя нашыя паводзіны апраўдваюцца суб’ектыўнымі пачуццямі, але хутчэй нашая суб’ектыўная пастава правяраецца нашымі паводзінамі ў акце паслухмянасці. На жаль, калі мы глядзім на адгартацыю, мы бачым, што слова “запаведзі” таксама зусім адсутнічае ў яе лексіконе, таксама як і “паслухмянасць”. Замест гэтага мы маем штосьці пад назвай “ідэалы”, якія паўтараюцца праз увесь дакумент.

Іншыя словы, якіх мне не хапае ў мове гэтага дакумента, гэта “страх Божы”. Вы ведаеце, гэтае трапятанне перад незалежнай рэальнасцю Бога, якое бярэ пачатак з мудрасці, адзін з дароў Духа Святога ў канфірмацыі. І сапраўды, гэты святы страх даўно знік з дыскурса сучаснага каталіка. Гэтая семіцкая ідыёма для eulabeia і eusebia па-грэцку, а pietas і religio па-лацінску, — цэнтр Божай накіраванасці, самы дух рэлігіі.

Яшчэ адна моўная адзінка, якой не хапае ў AL, гэта “вечнае збаўленне”. У гэтым дакуменце не знайсці несмяротных душаў, якія патрабуюць вечнага збаўлення! Сапраўды, у параграфах 166 і 168 мы сустракаем “вечнае жыццё” і “вечнасць” у якасці непазбежнага “выканання” лёсу дзіцяці, але без усялякай падказкі, што ў гэтым працэсе задзейнічаны ласка і змаганне, карацей, не згадваецца вечнае збаўленне.

Гэта як быццам бы інтэлектуальная культура пэўнага веруючага чалавека развілася пад уздзеяннем рэха словаў, якія гэты чалавек чуў, а іх адсутнасць потым грукоча ў вушах. Давайце паглядзім, што мы маем у самім дакуменце.

Навошта патрэбна яго відавочная шматслоўнасць? 260 старонак — гэта больш за трайны аб’ём Familiaris Consortio. Напэўна, гэта вялікая пастырская няветлівасць. Але Папа Францішак хоча, каб “чарговыя часткі” чыталі “паглыблена” (№ 7). Добра, хтосьці з нас павінен быў гэта зрабіць. Большая частка гэтага дакумента мае нудны, павярхоўны характар. Увогуле, я знаходжу дыскурс Папы Францішка, не толькі тут, але і ў іншых месцах, плоскім і аднамерным. Можа, правільным словам будзе “неглыбокі” ці “лёгкі”: няма адчування шматслойнай глыбіні пад святымі і праўдзівымі словамі, якія запрашаюць нас выплысці на глыбіню.

Адна з найбольш непрыемных асаблівасцяў Amoris Laetitia заключаецца ў шматлікіх танных, несправядлівых каментарыях, якія так паніжаюць агульны накірунак дыскурса. Часта можна зайсці ў тупік, разважаючы наконт падставаў для гэтых каментарыяў. Напрыклад, у сумна вядомай зносцы 351 ён настаўляе святароў, што “канфесіянал не павінен быць камерай катаванняў”. Камерай катаванняў? У іншым выпадку, у № 36 ён кажа:

Мы часта прадстаўлялі сужэнства такім чынам, што яго мэта аб’яднання, заахвочванне да ўзрастання ў любові і ідэал узаемадапамогі заставаліся ў цяні з прычыны асаблівага падкрэслівання выключна абавязку пракрэацыі.

Любы чалавек, хоць крыху знаёмы з развіццём дактрыны аб сужэнстве, ведае, што яднаючае дабро атрымала вялікую порцыю ўвагі прынамсі ад Gaudium et Spes 49 і мела папярэднюю гісторыю на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

Як для мяне, гэтыя імпульсіўныя, неабаснаваныя карыкатуры недастойныя той годнасці і сур’ёзнасці, якую павінна мець апостальская адгартацыя [1].

У № 121 і 122 мы бачым выдатны прыклад непастаяннасці дыскурса Папы Францішка. Найперш сужэнства апісваецца як “каштоўны знак” і “ікона любові Бога да нас”, а праз некалькі радкоў гэтае адлюстраванне Хрыста і Яго Касцёла становіцца “вялізным цяжарам”, скінутым на сужэнцаў. Раней ён выкарыстоўваў гэтыя словы ў № 37. Але хто калі чакаў раптоўнай дасканаласці ад сужэнства? Ці было такое, што нехта не бачыў сужэнства як пажыццёвы праект узросту ў жыцці гэтым сакрамэнтам?

Эмацыйная і палкая мова Папы Францішка (№ 125, 242, 143, 145) нічым не абавязаная Айцам Касцёла ці інтэрпрэтатарам духоўнага жыцця ў вялікай Традыцыі, а падобная на ментальнасць папулярных медыя. Яго простае зліццё эраса і сэксуальнага жадання ў № 151 сталася ахвярай секулярнага погляду на справу і праігнаравала энцыкліку Папы Бенедыкта Deus Caritatis Est, якая паглыбляецца ў прадстаўленне таямніцы эраса, агапэ і Крыжа.

Мы сутыкаемся з неадназначнай мовай у № 243 і № 246, якія маюць на ўвазе, што, калі члены Касцёла ўступаюць у адкрыта чужаложны саюз і такім чынам выключаюць сябе са Святой Камуніі, то гэта памылка Касцёла альбо тое, за што менавіта Касцёлу належыць вельмі моцна апраўдвацца. Гэта галоўная ідэя, якая напаўняе ўвесь дакумент.

Некалькі разоў на працягу гэтага дакумента я спынялася і здзіўлялася: “Я не чула пра Хрыста ўжо некалькі старонак” [2]. Надта часта нас падстаўляюць пад доўгія абзацы даматканых дабрадушных парадаў, якія мог бы даць любы секулярны журналіст без веры, пад рэчы, якія можна знайсці на старонках Рыдэрз Дайджэст ці на ўкладышах да нядзельных газет.

Гэта праўда, што некаторыя пункты вучэння Касцёла актыўна падтрымліваюцца, напрыклад, вучэнне супраць аднаполых саюзаў (№ 52) і палігаміі (№ 53), гендэрнай ідэалогіі (№ 56) і абортаў (№ 84); у дакуменце ёсць пацвярджэнне неразрыўнасці сужэнства (№ 63) і яго створчай мэты, а таксама падтрымка Humanae Vitae (№ 68, 83), суверэннага права бацькоў на адукацыю сваіх дзяцей (№ 84), права кожнага дзіцяці мець маці і бацьку (№ 172, 175), важнасці бацькаў (№ 176, 177). Часам нават можна спаткаць паэтычную думку, напрыклад, “пільны позірк” сузіральнай любові паміж сужэнцамі (№ 127, 128) і даспяванне добрага віна як сімвал даспявання сужэнцаў (№ 135).

Але я павінна сказаць, што ўсё гэтае пахвальнае вучэнне падрываецца агульным тонам адгартацыі і ўсім папскім служэннем Папы Францішка. Гэтыя пацвярджэнні варта прыняць з радасцю, але трэба таксама спытацца, ці маюць яны большую вагу, чым вага праходзячага і неўстойлівага энтузіязму цяперашняга працаўніка на пасадзе св. Пятра? Я кажу сур’ёзна. Мая інтуіцыя падказвае мне, што наступным пытаннем, якому будзе пагражаць разбурэнне, будзе пытанне аднаполых “шлюбаў”. Калі аказалася магчымым сканструяваць апраўданне для адкрыта чужаложных сітуацый на аснове прызнання, што “канструктыўныя элементы ў такіх сітуацыях яшчэ не адпавядаюць вучэнню Касцёла аб сужэнстве” (№ 292), “калі такія саюзы дасягаюць значнай стабільнасці праз пасрэдніцтва грамадскай сувязі, адзначаюцца глыбокім пачуццём, адказнасцю за патомства” (№ 293) і г. д., ці надоўга можна адцягнуць прымяненне гэтай самай лініі і логікі да аднаполых саюзаў? Тут будуць таксама замешаныя і дзеці, як мы ведаем з праграмы гомасэксуалістаў. Былы рэдактар Каталіцкага Катэхізіса, для якога Amoris Laetitia — гэта развіццё дактрыны і да якога Папа Францішак накіроўваў нас, здаецца ўжо выводзіць тэорыю наконт патэнцыялу “добрых” аднаполых “саюзаў”.

Чытаем восьмы раздзел

Усё гэта было, пакуль я не стала чытаць восьмы раздзел. Мне было цікава, ці гэтая надзвычайная зануднасць першых сямі раздзелаў мела на мэце пазношваць нас, пакуль мы не дабраліся да вырашальнага раздзела, і заспець нас знянацку. Для мяне праблематычныя не толькі № 304 і зноска 351, але і ўвесь змест восьмага раздзела. Як толькі я скончыла чытаць, я падумала пра сябе: ясна, як дзень, што Папа Францішак ад самага пачатку жадаў прыняць прапанову Каспера ў нейкай форме. І вось — Каспер перамог. Гэтым тлумачацца кароткія каментарыі Папы Францішка напрыканцы Сінода 2015 года, калі ён асуджаў вузкалобых “фарысеяў” — відавочна, тых, хто пазрываў планы на лепшы вынік у гэтай частцы праграмы. “Фарысеі”? Нядбайнасць мовы! Яны былі свайго роду мадэрністамі юдаізму, майстрамі дзесяці тысячаў нюансаў і — што найбольш дарэчы — моцна падтрымлівалі практыку разводу і паўторнага шлюбу. Рэальным аналагам фарысеяў ва ўсёй гэтай справе з’яўляецца Каспер і яго саюзнікі.

Ідзем далей. Словы ў № 295 наконт каментарыяў св. Яна Паўла пра “закон паступовасці” ў Familiaris Consortio 34 здаюцца мне прыхавана здрадніцкімі і разбэшчвальнымі. Бо яны імкнуцца ўзяць у саюзнікі і сказіць Яна Паўла, зрабіўшы яго прыхільнікам сітуацыйнай этыкі, якой святы Папа стараўся ўсёй сваей любячай пастырскай мудрасцю і энергіяй супрацьстаяць. Паслухаем, што св. Ян Павел сапраўды кажа пра закон паступовасці:

“Жанатыя людзі… аднак не могуць глядзець на закон толькі як на ідэал, якога можна будзе дасягнуць у будучыні: яны павінны лічыць яго загадам Хрыста Пана настойліва пераадольваць цяжкасці. І таму тое, што называецца “законам паступовасці”, альбо паступовым прагрэсам, нельга атаясамліваць з “паступовасцю закону”, як быццам бы для розных асобаў і сітуацый існавалі розныя ступені ці формы ўспрымання Божага закону. Паводле Божага плану, усе мужы і жонкі пакліканыя да святасці ў сужэнстве…”

Зноска 329 у AL таксама з’яўляецца патаемным скажэннем. Яна цытуе ўрывак з Gaudium et Spes 51, які датычыцца інтымнасці сужэнскага жыцця. Але незаўважная спрытнасць рук кладзе гэты ўрывак у вусны разведзеных і паўторна жанатых. Такія скажэнні напэўна паказваюць, што спасылкі і зноскі, якія ў гэтым дакуменце выконваюць адказную працу, трэба ўважліва правяраць.

Ужо ў № 297 мы бачым, як адказнасць за “неўрэгуляваныя сітуацыі” пераносіцца на распазнаванне пастырамі. Крок за крокам аргументы ўводзяць пэўную праграму. У № 299 ставіцца пытанне, якім чынам можна пераадолець “цяперашнія формы выключэння”, а № 300 знаёміць нас з ідэяй “размовы са святаром на ўнутраным форуме”. Вы праўда яшчэ не здагадаліся, куды вядуць гэтыя аргументы?

Такім чынам, мы даходзім да № 301, які адкідае ўсялякую асцярожнасць па меры таго, як мы апускаемся ў вір “змякчальных фактараў”. Тут, здаецца, “злы стары Касцёл” быў нарэшце заменены “добрым новым Касцёлам”: у мінулым мы маглі падумаць, што тыя, хто жыве ў “неўрэгуляваных сітуацыях” без пакаяння, знаходзіліся ў стане смяротнага граху; аднак цяпер яны, магчыма, нарэшце не знаходзяцца ў стане смяротнага граху, і асвячальная ласка можа ўздзейнічаць на іх.

Затым на хвалі чыстага суб’ектывізму нам тлумачаць, што “суб’ект, хоць і добра ведае норму, можа мець вялікія цяжкасці ў разуменні “каштоўнасцяў, змешчаных у маральнай норме”. Гэтая змякчальная абставіна дасць фору астатнім змякчальным абставінам. Ці можам мы, карыстаючыся такім аргументам, апраўдаць першапачатковае зло Люцыфера, бо ён меў “вялікія цяжкасці з разуменнем унутранай каштоўнасці” для яго трансцэндэнтнай Велічы Бога? Я адчуваю, што на гэтым месцы, шаноўныя спадары, мы трацім усялякую апору і падаем, як Аліса, у паралельны сусвет, дзе нішто не з’яўляецца тым, чым выглядае.

У падтрымку прыводзіцца серыя цытат са св. Тамаша Аквінскага, каментаваць якія мне недастае кваліфікацыі. Скажу толькі, што тут вельмі патрэбныя адпаведная праверка і кантэкстуалізацыя. № 304 — гэта вельмі тэхнічная абарона маральнай казуістыкі, размова пра якую вядзецца толькі ў філасофскіх тэрмінах без намёку на Хрыста ці веру. Няможна пазбавіцца ад думкі, што гэта праца іншай рукі. Нават калі гэта перакананне Францішка, гэта не ягоны стыль.

Нарэшце, мы даходзім да ключавога № 305. Гэты пункт пачынаецца дзвюма імправізаванымі карыкатурамі, якія паўтараюцца ва ўсім дакуменце. Новае вучэнне, якое Папа Францішак абазначыў крыху раней, ён цяпер паўтарае і зноў пацвярджае: асоба можа знаходзіцца ў аб’ектыўнай сітуацыі смяротнага граху — гэта менавіта тое, пра што ён кажа, — але ў той жа час жыць і ўзрастаць у Божай ласцы, увесь час “атрымліваючы дапамогу Касцёла”, якая “у некаторых выпадках” можа, як кажа сумна вядомая зноска 351, уключаць у сябе як споведзь, так і Святую Камунію. Я ўпэўнена, што цяпер ёсць шмат тых, хто старанна імкнецца інтэрпрэтаваць усё гэта згодна з “герменеўтыкай працягласці”, каб паказаць гармонію з Традыцыяй. Магу дадаць, што ў гэтым № 305 Папа Францішак цытуе сябе чатыры разы. Насамрэч, выдаецца, што найбольш частая крыніца спасылак Папы Францішка ва ўсім дакуменце — гэта ён сам, што цікава само па сабе.

У астатняй частцы раздзела Папа Францішак змяняе лінію паводзінаў. Ён робіць перавернутае прызнанне, што ягоны падыход можа выклікаць замяшанне (№ 308). На гэта ён адказвае абмеркаваннем “міласэрнасці”. На самым пачатку, у № 7, ён казаў, што “ўсе будуць вельмі зацікаўлены восьмым раздзелам”. Так, мы былі вельмі зацікаўленыя, але не зусім у тым радасным эўрыстычным сэнсе, які задумваўся. У мінулым Папа Францішак адкрыта прызнаваўся, што ён той чалавек, які любіць ствараць “беспарадак”. Ну, я думаю, можна прызнаць, што тут ён менавіта гэтага і дамогся.

Дазвольце мне распавесці вам пра даволі маўклівага і асцярожнага сябра, жанатага чалавека, які сказаў мне яшчэ перад публікацыяй апостальскай адгартацыі: “О, я спадзяюся, ён будзе пазбягаць неадназначнасці”. Дарагі спадару, я думаю, што нават самае пабожнае прачытанне AL не зможа давесці, што неадназначнасці ўдалося пазбегнуць. Калі казаць словамі самога Папы Францішка, “двухсэнсоўныя з’явы” (№ 33) можна прымяніць і да гэтага дакумента і, асмелюся сказаць, да ўсяго ягонага папскага служэння. Калі мы пастаўленыя ў немагчымую сітуацыю і вымушаны крытыкаваць дакумент звычайнага Магістэрыя, падумайце, ці сам Папа Францішак у Amoris Laetitia не рэлятывізуе аўтарытэт Магістэрыя, замоўчваючы навучанне Папы Яна Паўла, асабліва ў Familiaris Consortio і Veritatis Splendor. Я заклікаю кожнага з вас цвяроза перачытаць энцыкліку Veritatis Splendor, напрыклад, № 95-105, і зрабіць выснову, што існуе глыбокі дысананс паміж той энцыклікай і гэтай апостальскай адгартацыяй. У свае маладыя гады я мучылася над задачай: як можна быць паслухмянай непаслухмянаму? Бо Папа таксама пакліканы да паслухмянасці — менавіта найбольш да яе.

Больш шырокія наступствы AL

Я прадбачу сур’ёзныя складанасці для святароў, якія вынікаюць з канфліктных інтэрпрэтацый шчылінаў, дыскрэтна раскіданых на працягу AL. Што будзе рабіць малады, новы святар, які з прычыны сваёй адукацыі будзе настойваць, што разведзеныя і паўторна жанатыя асобы ні пры якой умове не могуць быць дапушчаныя да Святой Камуніі, калі яго пробашч прытрымліваецца палітыкі “суправаджэння”, якая наадварот кажа, што яны могуць? А што пробашч з падобным пачуццём вернасці будзе рабіць, калі яго біскуп ці дыяцэзія вырашацца на больш ліберальную палітыку? Што адзін біскупскі рэгіён будзе рабіць у адносінах да іншага біскупскага рэгіёна, калі кожная група біскупаў вырашыць узнікаючыя з гэтай новай дактрынай нюансы такім чынам, што ў горшым выпадку тое, што па адзін бок мяжы будзе лічыцца смяротным грахом, па іншы бок будзе “суправаджацца” і цярпліва зносіцца? Мы ведаем, што гэта ўжо адбываецца афіцыйна ў некаторых дыяцэзіях Германіі, неафіцыйна ў Аргентыне і нават тут ужо некалькі гадоў, як я магу засведчыць на прыкладзе сваёй сям’і [3].

Такі вынік настолькі страшны, што ён можа, як адзначыў іншы мой сябра, таксама жанаты чалавек, азначаць калапс каталіцкага хрысціянскага сюжэту. Але, вядома, таксама іншыя аспекты эклезіяльнага і сацыяльнага раскладу давялі нас да гэтай сітуацыі: спусташэнне псеўдаадновай у Касцёле ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, бездапаможна дурная палітыка інкультурацыі, прымененая да заходняй культуры ваяўнічага секулярызму, няўхільная паслядоўная эрозія сужэнства і сям’і ў грамадстве, большая атака на Касцёл знутры, чым звонку, на што так жаліўся Папа Бенедыкт, даўняе дэзертырства пэўных тэолагаў і свецкіх у справах кантрацэпцыі, жудасныя сэксуальныя скандалы, незлічоныя штодзённыя блюзнерствы, страта духа літургіі, de facto ўнутраныя схізмы, датычныя цэлага шэрагу сур’ёзных пытанняў і падыходаў, і ціха замятыя падабенствам касцёльнай еднасці de jure, узоры глыбокага духоўнага і маральнага дысанансу, які бурліць пад падраным тытулам “каталіцкі” ў нашыя дні. І мы здзіўляемся, што Касцёл знаходзіцца ў аслабленым стане і згасае?

Мы можам таксама прасачыць дыяхранічныя антэцэдэнты Amoris Laetitia. Маючы быццам старажытную душу, я бачу гэты дакумент як кепскі плён пэўных працэсаў другога тысячагоддзя ў Заходнім Касцёле. Я коратка спынюся на двух асноўных: востра рацыяналістычная і дуалістычная форма тамізму, якая развілася сярод езуітаў XVI стагоддзя, і, у гэтым кантэксце, распрацоўка імі казуістычнага разумення смяротнага граху ў XVII стагоддзі. Мастацтва казуістыкі адпрацоўвалі ў новай катэгорыі святой навукі пад назвай “маральная тэалогія”, у якой, на мой погляд, па-майстарску круцяць лагарыфмічную лінейку, каб ацаніць мінімальную вінаватасць, неабходную, каб пазбегнуць смяротнага граху. Якая духоўная мэта! Якое духоўнае бачанне! Сёння, паважаныя айцы, казуістыка падымае сваю пачварную галаву ў новай форме сітуацыйнай этыкі, і Amoris Laetitia, даволі відавочна, напоўнена ёю — хоць нават яна была яўна асуджана св. Янам Паўлам ІІ у энцыкліцы Veritatis Splendor!

Заклік

Ці можна мне заклікаць вас так, каб гэта дапамагло? Св. Базыль напісаў вельмі добрую гамілію на словы “Толькі беражы сябе і старанна ахоўвай душу тваю” (Дрг 4:9). Найперш нам неабходна зважаць на нашую паставу. Айцы-пустэльнікі маюць некалькі гісторый, у якіх малады манах забяспечвае сабе вечнае збаўленне праз гераічную пакорнасць і паслухмянасць сур’ёзна сапсаванаму настаяцелю. Яго жыццё заканчваецца пакаяннем і збаўленнем таксама і гэтага настаяцеля. Мы не павінны дапускаць у сабе ніякай варожай рэакцыі да Папы Францішка, каб не стацца часткай д’ябальскай гульні. Гэтага глыбока сапсаванага Святога Айца мы таксама мусім шанаваць, любіць і маліцца за яго. Для Бога няма нічога немагчымага. Хто ведае, ці не паставіў Бог Хорхе Бергольё на гэтую пасаду, каб здабыць дастатковую колькасць тых, хто эфектыўна моліцца аб збаўленні яго душы?

Я заўважаю, што кардыналы Мюлер, Сара і Пэл маўчаць. Можа, іхняя мудрасць у тым, што — да часу.

Але тыя, хто мае адказнасць за кіраванне Касцёлам, будуць вымушаныя зрабіць практычныя высновы з цярністых пытанняў Amoris Laetitia. Найперш, у нашым розуме не павінна быць сумненняў у тым, якім з’яўляецца і заўсёды будзе з’яўляцца сапраўднае вучэнне Евангелля. Відавочна, неабходна паспрабаваць любую стратэгію націску з мэтай атрымання афіцыйнага тлумачэння планаванай пастырскай практыкі. Я асабліва заклікаю аб гэтым біскупаў. Узгадайце, як яны скампраметавалі сябе сваімі заявамі пра “сумленне” ў 1970-х. Некаторыя з вас могуць апынуцца ў вельмі цяжкой сітуацыі адносна вашых калегаў, якая будзе патрабаваць ад вас праявіць якасці спаведніка веры. Ці гатовыя вы да збіцця, вобразна кажучы, якое вы можаце на сябе наклікаць? Вядома, вы маглі б выбраць ілюзорную бяспеку агульнапрынятай мелкаводнасці і ўяўны добры настрой — вялікая спакуса для духоўных асобаў як людзей, вельмі адданых сваёй фірме. Але я не раю гэтага. Часы сур’ёзныя, паважаныя айцы, магчыма, больш сур’ёзныя, чым мы думаем. Нас выпрабоўваюць. Пан блізка. Ён кліча вас.

Некаторыя думкі пра адпаведную Эўхарыстычную паставу разведзеных і паўторна жанатых

Нядаўна я атрымала некалькі электронных лістоў, у якіх мой сябра выказваў думкі наконт дастойнай Эўхарыстычнай паставы людзей у “нерэгулярных сітуацыях”. У адказ я апісала свае думкі наконт духоўна і сакрамэнтальна пажаданых паводзінаў каталіка, які знаходзіцца ў “нерэгулярнай сітуацыі”.

Ёсць адна цудоўная жанчына, якая зазвычай прыходзіць на Імшу ў наш катэдральны касцёл і сядае ззаду. Я паразмаўляла з ёй і даведалася, што яна знаходзіцца ў адной з гэтых “неўрэгуляваных сітуацый”, але ўсё ж вельмі старанна ходзіць на Імшу, хоць і не прымае Святую Камунію. Яна не лае Касцёл і не кажа: “Гэта памылка Касцёла” ці “Які Касцёл несправядлівы!”, але я чула такое ад іншых і лагодна заклікала іх да парадку. Я знаходжу паводзіны гэтай жанчыны ў дадзенай сітуацыі выдатнымі.

Найлепшая пастава для тых, хто знаходзіцца ў такіх сітуацыях і пакуль што не можа прыйсці да неабходнай ступені пакаяння (і, адпаведна, да споведзі), але не хоча перастаць глядзець у накірунку Бога, гэта з’яўляцца перад Панам на Імшы менавіта ў сваім стане недастатку і патрэбы, не стараючыся ўхапіць Эўхарыстыю, але прыкладаючы намаганні, каб адкрыцца для ўмяшальніцтва ласкі і для змены абставінаў, калі гэта будзе магчыма. Маё бачанне іхняга абавязку такое: ім лепш шчыра трымаць сябе, нават калі гэта балюча, у напружанасці сваёй сітуацыі перад Богам без хітрыкаў. Я думаю, такая пазіцыя будзе найбольш адпаведнай для трыумфу ласкі. Хто з нас не мог бы знайсці падобную няроўную сітуацыю ў сваім духоўным жыцці, напрыклад, цяжкае змаганне з невылечнай жарсцю і немагчымасць знайсці выйсце з яе, альбо захраснуць на доўгі час у нейкім граху перад тым, як нашае маральнае жыццё выйдзе да месца большай свабоды? Памятаеце знакамітую малітву Аўгустына да Бога пры падрыхтоўцы да рашучага навяртання: “Domine, Da mihi castitatem, sed noli modo” — “Божа, дай мне чысціню, але толькі не цяпер”? Я думаю, што калі такія людзі прыходзяць на Імшу і ўстрымліваюцца ад прыняцця Святой Камуніі, гэта патэнцыяльна моцнае сведчанне для ўсіх нас. Акрамя таго, яно заклікае нас да перагляду сваіх уласных паставаў пры прыняцці Найсвяцейшых Цела і Крыві нашага Пана.

Дарэчы прыдзецца прывесці тут словы акцёра Рычарда Харыса, скандаліста і былога каталіка:

Я разведзены двойчы, але я б палічыў за лепшае памерці кепскім каталіком, чым калі б Касцёл падстроіўся пад мяне [4].

Я знаходжу ў гэтых словах больш праўдзівасці, чым… добра, не буду казаць.

Эпілог

Жывучы ў хрысціянскім свеце старога ўзору, я магу падзяліцца з вамі словам узлюбленага настаўніка св. Базыля Вялікага, які не ведае нічога з гэтых рэчаў, а найменш — падступную бактэрыю суб’ектывізму, якая злучылася з наміналізмам, пратэстанцкай Рэфармацыяй і стагоддзем Ранняга Новага часу, XVI стагоддзем, а цяпер цалкам затапляе нашае грамадства і шматлікіх у Касцёле. Вось заклік св. Базыля да жанатых, які даходзіць да нас праз стагоддзі:

Як ты думаеш, ці прымяняюцца Евангеллі да тых, хто мае жонку? Глядзі, было ясна сказана, што ўсе мы будзем павінны здаць справаздачу з нашай паслухмянасці Евангеллю: як манахі, так і жанатыя. Адзінай саступкай для таго, хто ўступіў у шлюб, будзе адсутнасць устрыманасці ў ягоным жаданні і ў сужыцельстве з жонкай. Але ўсе астатнія загады устаноўлены для ўсіх аднолькавымі і напоўнены небяспекай для тых, хто іх перакрочвае. Бо калі Хрыстус абвяшчаў Евангелле загадаў Айца, Ён звяртаўся да тых, хто ў свеце. Ён ясна сведчыць пра гэта сваім адказам на прыватнае пытанне Ягоных вучняў: А што вам кажу, кажу ўсім (Мк 13:37).

Таму не запавольвайся і ты, які выбраў еднасць з жонкай, як быццам бы ты меў нейкае права аддацца свету. Наадварот, табе спатрэбіцца больш працы і пільнасці для асягнення збаўлення, паколькі ты вырашыў пражываць сярод сетак і ў самай крэпасці адступніцкіх моцаў; і ноччу, і ўдзень усе твае пачуцці схіляюцца да жадання спакусы граху, што перад тваімі вачыма.

Будзь пэўны, што не пазбегнеш бітвы з адступнікам і не здабудзеш перамогу над ім без вялікай стараннасці ў захаванні евангельскіх вучэнняў. Як жа вам, якія знаходзіцеся ў самым цэнтры бітвы выйграць спаборніцтва супраць ворага, які носіцца па ўсёй зямлі пад небам, і рыкае, як шалёны сабака, шукаючы, каго пажэрці, як мы даведваемся з гісторыі Ёва. І таму, калі ты адмаўляешся ад бітвы з супернікам, ідзі ў іншы свет, дзе яго няма; там, магчыма, ты пазбегнеш бітвы з ім, і будзе табе шчаслівае занядбанне евангельскім вучэннем.

Дзякуй!

Дадатак:
пра выкарыстанне словаў Тамаша Аквінскага
ў
Amoris Laetitia

Аўтар: Рычард Спінэла
Крыніца: http://www.crisismagazine.com/2016/amoris-laetitia-retreat-absolute-moral-norms

Каб умацаваць свае аргументы, Папа Францішак цытуе Пытанне 94 (частка І-ІІ) Суммы тэалогіі св. Тамаша Аквінскага (ST). Выглядае, быццам Аквінат згаджаецца з Папам Францішкам, паколькі ён заяўляе ў чацвёртым артыкуле свайго Пытання, што маральныя прынцыпы падлягаюць некаторым выключэнням. Адпаведна, Папа заклікае чытачоў прымяніць гэты тамістычны прынцып да “пастырскага распазнавання”. Пытанне 94 таксама часта цытавалі рэвізіяністы, каб падтрымаць сваё меркаванне, што дзеянні накшталт чужалоства не з’яўляюцца ўнутрана дрэннымі. Тут Аквінат кажа, што паколькі маральныя нормы ўключаюць у сябе паасобныя сітуацыі, яны прымяняюцца не універсальна, а толькі агульна, а таму падлягаюць некаторым выключэнням. Адпаведна, мы можам высока ацаніць прывабнасць гэтага тэксту для спрэчак наконт Amoris Laetitia.

Аднак аргумент Аквіната мае пэўныя нюансы, і Amoris Laetitia не здолела паказаць крытычную розніцу паміж рознымі тыпамі маральных нормаў. Паводле Аквіната, нормы дзеляцца на дзве вялікія катэгорыі. Існуюць негатыўныя маральныя нормы, якія захоўваюцца semper et ad semper, заўсёды і ўсюды без выключэнняў, таму што яны выключаюць дзеянні, якія “дрэнныя самі па сабе і не могуць стаць добрымі” (ST, ІІ-ІІ, пыт. 33, арт. 2). Але існуюць таксама станоўчыя маральныя прынцыпы (напрыклад, шануй сваіх бацькоў), якія захоўваюцца semper sed non ad semper, гэта значыць, яны абавязваюць заўсёды, але не ў кожным выпадку. Нормы, пра якія ідзе размова ў Пытанні 94 (арт. 4), несумненна, падпадаюць пад апошнюю катэгорыю. Прыклад Аквіната робіць гэта даволі відавочным. Станоўчая норма, якая кажа, што трэба вяртаць тое, што ты пазычыў, падлягае пэўным выключэнням у залежнасці ад абставінаў. Напрыклад, зброю, якую далі іншаму, не трэба вяртаць уласніку, калі плануецца выкарыстоўваць яе для абароны сваёй краіны.

Аквінат часта пацвярджае існаванне асаблівых маральных абсалютаў, негатыўных нормаў, якія не маюць выключэння і заўсёды забараняюць забіваць бязвіннага, красці, падманваць, чужаложыць і мець пазашлюбныя сувязі. У некалькіх тэкстах ён звяртаецца да ўнутранага зла некаторых дзеянняў, што вызначаецца іх маральным аб’ектам. Калі Аквінат спрачаецца з арыстоцелеўскім каментатарам, які кажа, што чужалоства не з’яўляецца ўнутрана дрэнным, ён адказвае: “Мы не павінны згаджацца з Каментатарам па гэтым пытанні, бо ніхто не можа чужаложыць ніколі” (De Malo, пыт. 15, арт. 1, ад. 5). У іншай працы ён апісвае некаторыя людскія дзеянні, да якіх “неаддзельна далучана знявечванне, а менавіта пазашлюбныя сувязі, чужалоства і іншыя гэтага тыпу, якія ні ў якім выпадку нельга ўчыніць маральна” (Quaestiones Quodlibetales, 9, пыт. 7, aрт. 2).

Такім чынам, згадванне Папам Францішкам Аквіната ў адгартацыі не падтрымлівае ягоныя словы, таму што ў Пытанні 94 Суммы Аквінат кажа толькі пра станоўчыя нормы, а не пра універсальна абавязваючую негатыўную норму, якая забараняе чужалоства. Калі Папа Францішак хоча настойваць, што нормы, якія забараняюць адымаць жыццё бязвіннага, падманваць, чужаложыць і мець пазашлюбныя сувязі, падлягаюць выключэнням, калі прымяняюцца сярод канкрэтных складанасцяў жыцця, ён не можа браць у саюзнікі св. Тамаша Аквінскага. Таксама такая пазіцыя ідзе супраць працяглай каталіцкай традыцыі, якая ўключае найвялікшых тэолагаў Касцёла — Аўгустына і Аквіната — і доўжыцца ад Трыдэнцкага сабору да Другога Ватыканскага сабору.

Зноскі

[1] Іншыя прыклады: танны папулізм словаў “сем’і з’яўляюцца не праблемай, а ў першую чаргу магчымасцю” (№ 7). У № 37 зноў танная карыкатура, якая не мае сувязі з рэальнасцю: “Доўгі час мы былі перакананыя, што акцэнтуючы толькі пытанні дактрыны, біяэтыкі і маралі, не абуджаючы адкрытасці на ласку, мы дастаткова падтрымлівалі сем’і”. Пра які сусвет ён кажа? Увесь пантыфікат Яна Паўла ІІ быў надзвычайным запрашэннем сужэнцаў да ласкі. Яшчэ адзін несправядлівы каментарый у № 38, няяснае і неабаснаванае меркаванне. Таксама і ў № 49 каментарый, аснова якога незразумелая. Яшчэ адна карыкатура ў № 134. № 305 пачынаецца двума папулісцкімі залпамі пра “каменне, якое кідаецца ў жыццё асобаў” і пра тых, хто “прывык хавацца за вучэнне Касцёла”.

[2] Напрыклад, ст. 37 і раней (раздзел 2) — гэта просты сацыяпалітычны аналіз, альбо горш, як у апошняй частцы чацвёртага раздзела (пасля серыі гамілій, пераплеценых з Паўлавым гімнам любові), даматканая псіхалагічная парада, якую можна знайсці ў любым секулярным выданні, асабліва пра “дыялог” (№ 136 і далей), сяброўская парада цяжарным жанчынам, іншыя сямейныя аспекты (№ 180 і далей), старонкі з парадамі жанатым, якія можна атрымаць ад любога чалавека без веры (раздзел 6). Падобным чынам, у раздзеле 7, наконт педагогікі, старонка за старонкай праходзяць без згадак пра Хрыста, малітву ці літургію. Хрыстус з’яўляецца толькі ў № 287.

[3] Напэўна, ключом для ацэнкі намераў Папы Францішка ў гэтым дакуменце і яго мэтаў падчас сінадальнага працэсу з’яўляецца яго вядомая мінулая практыка. Існуе вядомы выпадак, калі ён пасля таго, як стаў Папам, патэлефанаваў аргентынскай жанчыне Жакеліне Сабэце, якая знаходзілася ў “неўрэгуляванай сітуацыі” і раней пісала яму. “Айцец Бергольё”, як ён прадставіўся, заахвоціў яе прымаць Святую Камунію неадкладна. Такім было ягонае “суправаджэнне”. Гл. http://www.christiantoday.com/article/pope.francis.tells.divorced.woman.she.should.be.allowed.to.receive.communion/36987.htm

Выдаецца, што з таго часу, як ён стаў Папам, былі і іншыя выпадкі, напрыклад, http://www.dailymail.co.uk/news/article-2972258/Pope-wants-scrap-centuries-old-banpriests-marrying-told-divorced-woman-living-sin-receive-Holy-Communion-claimsconfidante.html

Яшчэ ў сваю бытнасць арцыбіскупам Буэнас-Айрэса Бергольё не звяртаў асаблівай увагі на допуск разведзеных і паўторна жанатых да Святой Камуніі. У кнізе “Pope Francis: Untying the Knots” (2013) аўтар, прыхільнік Францішка, тлумачыць, што ў Аргентыне Камунія для разведзеных і паўторна жанатых каталікоў не лічыцца вялікім пытаннем. “У Буэнас-Айрэсе ён [Бергольё] займаўся больш канкрэтнымі пытаннямі, — сказаў айцец Аўгуста Сампіні, дыяцэзіяльны святар гэтага горада. — Калі ты працуеш у трушчобах, 90 % тваёй парафіі гэта адзінокія ці разведзеныя. Вам трэба зразумець, што Камунія для разведзеных і паўторна жанатых тут не праблема. Камунію прымае кожны”. Аўтар каментуе далей: “Бергольё ніколі не змяняў дактрыну ў такіх пытаннях, але ён не дазваляў вучэнню дамінаваць над прыярытэтам пастырскай апекі”. Затым ён цытуе айца Хуана Ісасмэндзі, святара з трушчобаў Буэнас-Айрэса, які сказаў: “Ён ніколі не быў жорсткім наконт дробязяў і глупстваў, бо яго цікавіла нешта больш глыбокае” [5].

“Такім чынам, Бергольё паходзіць з тых месцаў, дзе Камунія для разведзеных і паўторна жанатых лічыцца невялікай праблемай (“дробяззю і глупствам”), у параўнанні з іншымі пытаннямі, больш важнымі для бедных”.
Крыніца: http://www.cfnews.org/page88/files/6f9c997e3be9caac014d6d8fe60dcf89-339.html

[4] London Observer, 25 кастрычніка 1987 года, перадае Карл Шмудэ ў Catholic Weekly, 27 красавіка 1988 года.


Аўтар: Anna Silvas
Крыніца: Newman Parish

У дадзены час д-р Анна Сілвас жыве ў Армідэйле (штат Новы Паўднёвы Уэльс, Аўстралія) і з’яўляецца членам Румынскага грэка-каталіцкага Касцёла ў адзінстве з Рымам. Яна з’яўляецца старшым навуковым супрацоўнікам Школы гуманітарных навук ва Універсітэце Новай Англіі (Аўстралія), а таксама прафесарам Аўстралійскага каталіцкага універсітэта. Скончыла аспірантуру па грэцкай, лацінскай, габрэйскай і арамейскай/сірыйскай мовах. Яе даследаванні звязаныя з позняй антычнасцю, асабліва з Айцамі Кападокіі, развіццём хрысціянскага манаства, духоўнасцю і аскезай жанчын у раннім і сярэднявечным хрысціянстве. Яе апублікаваныя працы ўключаюць у сябе пераклады старажытнай літаратуры, а таксама манаграфіі. Яе найбольшай працай стала першае крытычнае выданне “Basil of Caesarea — Questions of the Brothers”. Яна таксама звязана з Інстытутам сужэнства і сям’і Яна Паўла ІІ ў Мельбурне, дзе яна з’яўляецца лектарам па каталіцкай традыцыі сэксуальнасці, сужэнства і сям’і.

Пераклад зроблены з англійскага арыгіналу і апублікаваны з дазволу аўтара. Урыўкі з Amoris Laetitia цытуюцца па афіцыйным перакладзе ККББ.

Пакінуць каментар

Scroll Up