5265004076_4b7348203d_oЧастка 1: Багародзіца Марыя
Частка 2: Пётр, Павел
Частка 3: Андрэй, Якуб, Ян, Тамаш, Якуб, Філіп, Барталамей, Мацвей, Сымон, Юда Тадэвуш
Частка 4: Лін, Клет, Клімэнт, Сікст, Карнэлій, Кіпрыян, Лаўрэнцій, Хрызагон, Ян, Павел, Косма і Дам’ян
Частка 5: Ян, Стэфан, Мацей, Барнаба, Ігнацый, Аляксандр, Марцэлін, Пётр
Частка 6: Феліцыта, Перпетуя, Агата, Люцыя, Агнешка, Цэцылія, Анастасія

Дзве маладыя гераіні Феліцыта і Перпетуя пацярпелі ў Карфагене ў Паўночнай Афрыцы. Яны мелі высакароднае паходжанне і былі добра адукаваныя. Яны былі кінутыя ў цёмную, гарачую, дымную, мярзотную вязніцу. “Дзень іх перамогі прыйшоў, — кажуць іхнія Дзеі, — і з вязніцы яны перайшлі ў амфітэатр, як у неба, радасна, са ззяючымі тварамі, дрыжучы, але з радасцю, а не страхам”. Спаведнікі, якія іх суправаджалі, падыйшлі да трону суддзі і крыкнулі таму, што там сядзеў: “Цяпер судзіш ты, але хутка цябе будзе судзіць Бог”. Маладыя жанчыны былі жорстка збітыя і кінутыя да дзікай каровы. Напрыканцы яны былі абезгалоўленыя. Адбылося гэта ў 202 годзе, падчас ганенняў імператара Севера. Іхняе свята прыпадае на 7 сакавіка.

Alessandro_Turchi_-_Saint_Agatha_Attended_by_Saint_Peter_and_an_Angel_in_Prison_-_Walters_37552

Св. Агата. Два сіцылійскія гарады — Палерма і Катанія — спаборнічаюць за права называцца месцам яе нараджэння. Вядома, што пры імператары Дэцыі, у 251 годзе, яна атрымала карону мучаніцтва ў Катаніі. Гэтая святая дзева шырока ўшаноўвалася за яе шляхетнасць і багацце, а таксама за прыгажосць і цноты. Ужо ў дзяцінстве яна выбрала Езуса як сужанца і мела да Яго непадзельную любоў. Калі яе абвінавацілі ў тым, што яна хрысціянка, яе прывялі да паганскага суддзі Квінцыяна. Гэты злодзей імкнуўся ўсімі сродкамі перамагчы яе цнатлівы розум і яе мужнасць. Але дзева засталася спакойнай і непахіснай. Усё, што мог прапанаваць свет, яна лічыла смеццем. У вязніцы св. Пётр цудоўным чынам ацаліў яе апёкавыя раны. Потым няшчасны тыран аддаў загад, каб святую каталі па вострых чарапках і тлеючых вуглях. Зноў вярнуўшыся ў вязніцу, святая малілася: “Пане, Ты стварыў мяне і збярог мяне з майго дзяцінства, Ты захаваў маё сэрца ад любові да свету і абараніў маё цела ад пагібелі, Ты дазволіў мне перамагчы пакуты і ланцугі, жалеза і агонь. Прашу Цябе, прымі мой дух з гэтай зямлі ў лона Тваёй міласэрнасці!” Затым яна заснула ў спакоі Пана, і яе чыстая душа ўзнялася ў неба. Магіла св. Агаты, якую Бог уславіў шматлікімі цудамі, стала прыстанішчам хрысціянаў і нават язычнікаў. Таксама захоўваўся цудоўны вэлюм, які не згарэў, а толькі крыху пачырванеў, калі святую кінулі ў палымнеючае вогнішча. Праз год пасля яе смерці вулкан Этна пачаў вывяргаць струмені агню, якія накіраваліся да горада Катаніі і пагражалі яму разбурэннямі. Тады жыхары ў страху збегліся да яе магілы, узялі вэлюм і трымалі яго ў накірунку патокаў лавы. Раптам лава скіравалася ў акіян, і горад быў збаўлены. Гэтае здарэнне адбылося ў гадавіну святой смерці дзевы-мучаніцы, 5 лютага. У гэты дзень і дагэтуль адзначаецца яе свята ў Божым Касцёле. Св. Агата ўшаноўваецца як абаронніца супраць небяспекі пажараў, асабліва ў Шварцвальдзе ў Германіі. Там яе свята адзначаюць ззяннем шматлікіх светачаў.

Caravaggio_Burial_of_St_Lucy

Св. Люцыя пацярпела мучаніцтва каля 304 году, падчас вялікага пераследу Дыяклецыяна. Яна паходзіла з Сіракузаў, са шляхетнага роду і ў маладым узросце паабяцала Пану вечную дзявочасць. Яе маці забралі, калі тая хварэла дызентэрыяй, і Люцыя здзейсніла пілігрымку да магілы св. Агаты, каб папрасіць здароўя для маці. Там у экстазе яна ўбачыла св. Агату ў вялікай хвале, у акружэнні анёлаў. Яна сказала: “Мая сястра Люцыя, дзева, прысвечаная Богу, чаму ты просіш у мяне тое, што сама можаш зрабіць для сваёй маці? Вось, твая вера зрабіла моцнымі твае словы, і яна цяпер здаровая”. З таго часу Люцыя прадала свае ўпрыгожванні і маёмасць, каб раздаць грошы бедным і хворым. Абвінавачаная ў прыналежнасці да хрысціянаў, яна з’явілася перад трыбуналам паганскага суддзі Пасхазія. Калі яе прымушалі скласці ахвяру ідалам, яна адказала: “Хто жыве цнатліва і пабожна, той з’яўляецца Божым домам, і Святы Дух прабывае ў ім”. Таму яе хацелі прыцягнуць у публічны дом, але Пан зрабіў яе нерухомай, як слуп, так што ніхто не змог зрушыць яе з месца. Тады вакол яе расклалі пахавальнае вогнішча са смалой, каніфоллю і маслам і падпалілі, але вогнішча пакінула яе некранутай. Нарэшце, яе горла пратыкнулі мячом, але яна працягвала жыць, пакуль не прыняла Віятык ад святара і не суцешыла хрысціянаў, якія стаялі паблізу, навіной, што мір ужо зусім блізка. На месцы яе мучаніцтва збудавалі касцёл. Яе свята адзначаецца 13 снежня. “У спакоі ты захавала душу сваю, О Люцыя, нявеста Хрыста! Ты пагардзіла тым, што ад свету, і цяпер ззяеш сярод хораў анёлаў; уласнай крывёю ты перамагла ворага!” (антыфона з Божага Афіцыя)

Agostino_Melissi_Saint_Agnes

Св. Агнешка. Што больш захапляе ў ёй? Прыгажосць дзяцінства, дзявочая нявіннасць ці мужчынскі гераізм? Агнешка, дзіця заможных і шанаваных бацькоў, была выбраным дзіцём ласкі. Сапраўды, адпаведна яе імені, як піша св. Геранім, яе дзяцінства прайшло ў беззаганнай чысціні і рахманай нявіннасці (agnus = ягнятка). Праз сто гадоў пасля яе смерці св. Амброзій сказаў: “Нават сёння шматлікія рымскія дамы захоўваюць прыклад св. Агнешкі, як быццам бы яна і зараз жыла сярод нас, заахвочваючы да вечнага захавання чысціні”. Яна здабыла двайную карону дзявоцтва і мучаніцтва ва ўзросце 13 год. Як апавядаецца ў гісторыі яе жыцця, яна была “хоць дзіця гадамі, але дарослая розумам; ростам дзяўчо, але духам сталая жанчына; прыгожая з выгляду і фігурай, але яшчэ больш чароўная пабожнасцю і сціпласцю”. Калі яе запрасілі замуж, яна апісала жывымі і цудоўнымі словамі свае заручыны з нябесным Жаніхом: “Адыдзі ад мяне, ты, наракацель да граху, ты, ежа смерці, адыдзі ад мяне, бо валодае маім сэрцам ужо іншы Каханы, які перавышае цябе ў шляхетнасці і які даў мне несувымерна больш прыгожых падарункаў, чым тыя, які ты прапанаваў мне. Незраўнанымі скарбамі ён узбагаціў мяне; Яго шляхетнасць найвышэйшая, Яго моц найбольшая, Яго выгляд найпрыгажэйшы, Яго любоў найбольш салодкая. Анёлы служаць Яму; сонца і месяц захапляюцца Яго прыгажосцю; пахам цноты, якая сыходзіць ад Яго асобы, мёртвыя падымаюцца; яго дотыкам хворыя ацаляюцца. Ён падрыхтаваў для мяне свой палац, дзе гучаць музыка і спеў; Яму я захавала вернасць, яму аддаюся цалкам і без астатку!” Яна была прыведзена ў прыстанішча распусты, але яе абараніў анёл-ахоўнік, які накрыў яе адзеннем з асляпляльнага святла. Затым яе кінулі ў вогнішча, але яна зрабіла знак крыжа над полымем і засталася некранутай. Нарэшце, яна пала пад мячом ката (304 год). Так пяшчотная ахвяра паспяшалася на вяселле з Боскім Баранкам. Яе пахавалі непадалёк ад горада на Наментанскай дарозе, каля жылля яе бацькоў. Яе магіла праславілася, і на гэтым месцы стаіць адзін з найбольш прыгожых і знаных касцёлаў Сант-Аньезэ-фуоры-ле-Мура. Штогадовае свята святой дзевы-мучаніцы адзначаецца ў гадавіну яе смерці (21 студзеня).

Св. Цэцылія была дзяўчынай шляхетнага паходжання. З ранняга дзяцінства яна цалкам прысвяціла сябе Божай службе праз шлюб чысціні. “Яна заўсёды насіла Евангелле ў сваім сэрцы і ніколі не пераставала, ні ўдзень, ні ўначы, маліцца і гутарыць пра святыя рэчы”. Загадам сваіх бацькоў яна была прымушаная выходзіць замуж за багатага і знанага маладога чалавека па імені Валерыян, які быў язычнікам. Яна згадзілася толькі тады, калі атрымала ад анёла-ахоўніка гарантыю, што Бог захавае яе чысціню нават пасля жаніцьбы. У малітве і пакаянні Цэцылія падрыхтавалася да дня зямнога вяселля, і калі на святкаванні спявалі вясельны гімн, яна паціху спявала Пану гімн у сэрцы: “Захавай маё сэрца і маё цела беззаганнымі, каб я не была асаромленая!” І яе Нябесны Жаніх паслаў да яе анёла, які ахоўваў чысціню яе сэрца і цела. “Як разумная і працавітая пчала, Цэцылія служыла Пану” і здабыла шмат душаў для Яго. Першымі былі яе муж Валерыян і яго брат Тыбурцый, якія ў хуткім часе атрымалі карону мучаніцтва. Паганскі прэфект горада Альмахій загадаў задушыць яе ў лазні яе ўласнага палаца. Яе закрылі ў пакоі і “нагрэлі печку ў сем разоў мацней, чым звычайна”, але, як і юнакі з Вавілона, яна праслаўляла Бога пасярод полымя. Анёл змяніў для яе пякучую пару ў асвяжальную расу; “агонь не меў улады над яе целам, і ані волас з яе галавы не згарэў, ані яе адзенне не было пашкоджана, ані пах агню яе не дасягнуў”. Пасля гэтага тыран паслаў да яе ката, які ўдарыў яе тройчы, так і не адрэзаўшы ёй галаву. Яшчэ тры дні яна жыла. Вернікі паспяшаліся ў палац. Усім яна дала суцяшэнне і параду. Яна загадала, каб яе дом заўсёды выкарыстоўваўся як касцёл, і тады аддала сваю анёльскую душу. Яе паклалі ў труну з кіпарысавага дрэва ў той самай паставе, у якой яна памерла, і пахавалі ў катакомбах св. Калікста. У 821 годзе яе цела з дапамогай нябеснай візіі было знойдзена Пасхаліем І, які змясціў яго пад галоўны алтар у касцёле Санта-Чэчылія-ін-Трастэвэрэ. Амаль праз восем стагоддзяў (у 1599 годзе) кардынал Сфандраці знайшоў цела святой мучаніцы ў той самай паставе, у якой яна ляжала на падлозе свайго дома. Так яна спачывае і зараз, салодкая і пакорная, апранутая ў свой багаты строй, на якім бачныя сляды яе крыві. Верагодна, яна загінула ў 177 годзе. Яе свята адзначаецца 22 лістапада. Св. Цэцылія ўшаноўваецца як апякунка касцёльнай музыкі, паколькі яна сама займалася музыкай і, як часта кажуць, чула нябесныя мелодыі.

Св. Анастасія. Гэтая святая ўдава і мучаніца таксама мае рымскае паходжанне. Яна шмат пацярпела з-за жорсткасці свайго паганскага мужа Публія. Пасля яго смерці яна прысвяціла сябе справам дабрачыннасці і міласэрнасці. Падчас пераследу Дыяклецыяна, у дзень Нараджэння Пана ў 304 годзе, яна атрымала пальму мучаніцтва ў агні. На месцы, дзе стаяў яе дом, на яе хвалу збудавалі касцёл (Сант-Анастазія), пад галоўным алтаром якога спачывае яе цела. Яе свята адзначаецца 25 снежня.

Св. Ян, празорца Новага Закону, “ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Баранкам, апранутыя ў белыя шаты і з пальмавымі галінкамі ў руках сваіх,” і чуў, што “гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў шаты свае, і выбеліў іх у крыві Баранка” (Ап 7:9,14). З гэтага бясконцага натоўпу светлых мучанікаў толькі некаторыя ўспамінаюцца ў Імшы па імені. Гэта тыя, каго вельмі шанавалі ў галоўным горадзе хрысціянскага свету ва ўсе часы. Тут каля мужчын-мучанікаў успамінаюцца жанчыны-мучаніцы, чаго не было ў спісе святых перад кансэкрацыяй. Касцёл праслаўляе як цуд Божай моцы тое, што Пан таксама даў перамогу мучаніцтва слабому полу. Як дасканала праяўляецца моц Хрыста ў найбольш далікатных дзевах! Іх нябеснае адзенне славы не толькі ззяе бляскам вечнага хараства, але і чырванее ад крыві слаўнай ахвярнай смерці. Са святымі, названымі па імені і астатнімі святымі, лічбу і імёны якіх ведае адзін Бог, мы, бедныя грэшнікі, хочам быць з’яднаныя навечна ў небе. Гэтая просьба гучыць напачатку малітвы, а напрыканцы зноў паўтараецца іншымі словамі, таму што мы выпрошваем допуск да супольнасці нябесных грамадзянаў, і для дасягнення еднасці з імі мы не пакладаемся на свае заслугі, а падтрымліваем нашую просьбу надзеяй на міласэрную спагадлівасць Бога. Мы не просім хвалы святых дзеля нашых заслугаў, але мы давяраем міласцівай і ласкавай дабрыні Пана. Калі мы жадаем славы святых, мы павінны раздзяліць іх працу, пакуты і змаганні. Толькі праз многія нягоды мы можам з усімі святымі ўвайсці ў радасць Пана. Больш за тое, нам варта памятаць гэта, калі мы молім аб “удзеле ў еднасці” з апосталамі і мучанікамі, бо калі з імі мы пакутуем і паміраем за Хрыста, з імі таксама будзем праслаўленыя.


Аўтар: а. Нікалас Гір
Выданне: The Holy Sacrifice of the Mass, 1918
Ілюстрацыі: Мазаіка на бакавым алтары Базілікі Беззаганнага Зачацця ў Вашынгтоне (фота: David Shane, CC BY, выразаны фрагмент); Алясандра Туркі, Святую Агату наведваюць у вязніцы святы Пётр і Анёл (каля 1640-1645); Караваджа, Пахаванне святой Люцыі (1608), Агастына Мелісі, Святая Агнешка (17 ст.), Стэфана Мадэрна, Мучаніцтва св. Цэцыліі (1599-1600) (фота: Sébastien Bertrand, CC BY).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар