2272273353_bfdeffd3f8_o

У нядаўнім артыкуле “Пропуск, які не дае Касцёлу спакою” д-р Пітэр Кваснеўскі справядліва заўважае, што пропуск чытання 1 Кар 11:27-29 у многіх месцах usus recentior спрычыніўся да сучаснага крызісу, які датычыцца тых, хто можа прымаць Святую Камунію. У каментарыях да артыкула адбылася кароткая, але цікавая дыскусія наконт таго, ці можа святар ці лектар законна дадаць вершы 27-29 да адпаведных чытанняў у звычайнай форме. Я палічыў, што гэтае пытанне заслугоўвае большай увагі, бо рубрыкі, якія кіруюць ім, а таксама іх гісторыя, даволі цікавыя.

Перш за ўсё, варта сказаць, што калі я размаўляю з людзьмі пра лекцыянарый звычайнай формы, яны часта здзіўляюцца пропускам такога тыпу і не ведаюць, што не кожнае чытанне з папярэдняй традыцыі было ўключана ў звычайную форму [1]. Вядома, у некаторых чытаннях, такіх як 1 Кар 11:23-29 на свята Corpus Christi, Саборам былі выкінутыя асобныя вершы; іншыя, напрыклад, 1 П 2:11-19а (эпістала ў 3-ю нядзелю пасля Вялікадня) зніклі ўвогуле. Такія пропускі больш частыя, чым многія лічаць, і мая нядаўняя кніга Index Lectionum: A Comparative Table of Readings for the Ordinary and Extraordinary Forms of the Roman Rite дае інструменты, якія дапамагаюць значна прасцей іх знаходзіць [2].

Што датычыцца нашай тэмы, Агульныя ўводзіны да Лекцыянарыя (АУЛ) кажуць, што “ў цэлебрацыі Імшы біблійныя чытанні з іх адпаведнымі спевамі з Пісання няможна прапускаць, скарачаць ці, яшчэ горш, замяняць небіблійнымі чытаннямі” (АУЛ 12). Варта заўважыць, што гэты параграф нічога не кажа наконт таго, ці можна падаўжаць чытанні.

Пра “цяжкія” тэксты, сярод якіх знаходзіцца 1 Кар 11:27-29, АУЛ кажуць:

У чытаннях на нядзелі і ўрачыстасці з пастырскіх меркаванняў трэба пазбягаць тэкстаў, якія прадстаўляюць сапраўдныя цяжкасці. Цяжкасці могуць быць аб’ектыўныя і заключацца ў тым, што самі тэксты падымаюць складаныя літаратурныя, крытычныя ці экзэгетычныя праблемы, альбо, прынамсі ў некаторай ступені, цяжкасці могуць заключацца ў здольнасці вернікаў разумець тэксты. Але не можа быць апраўдання для пазбаўлення вернікаў духоўнага багацця пэўных тэкстаў па прычыне іх складанасці, калі яе крыніцай з’яўляецца неадэкватнасць ці то рэлігійнай адукацыі, якую павінен мець кожны хрысціянін, ці то біблійнай фармацыі, якую павінен мець кожны пастыр. Часта цяжкое чытанне паясняецца ў суадносінах з іншым чытаннем падчас той самай Імшы (АУЛ 76, вылучэнні аўтара).

Існуе пэўная суб’ектыўнасць у тым, з чаго “павінна” складацца “рэлігійная адукацыя” ці “духоўная фармацыя” клерыкаў і вернікаў, але, я спадзяюся, кожны пагодзіцца, што веды пра таго, каго прымаюць ў Святой Камуніі, і пра неабходную для гэтага ўнутраную паставу складаюць значную частку гэтай адукацыі і фармацыі (пар. Кодэкс кананічнага права 913.1, 915-916, 919.1; Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 1384-1387, 1415). Такім чынам, выпадае спытацца: ці можна апраўдаць пропуск 1 Кар 11:27-29 тым, што лекцыянарый звычайнай формы кажа сам пра сябе ў гэтым раздзеле? Інакш кажучы, ці можна абараніць дадаванне гэтых вершаў на аснове таго, што іх выключэнне несправядліва пазбаўляе вернікаў духоўнага багацця, якое ім справядліва належыць?

(Трэба таксама заўважыць, што спосаб, якім гэты параграф, а таксама АУЛ 75, быў прыменены да лекцыянарыя звычайнай формы [3], заслугоўвае значна большай крытычнай увагі, чым тая, якую ён атрымліваў дагэтуль.)

Наконт пропуску вершаў у чытаннях АУЛ кажуць наступнае:

Пропуск вершаў у чытаннях з Пісання часамі практыкаваўся ў шматлікіх літургічных традыцыях, таксама і рымскай. Трэба сказаць, што такія пропускі не трэба рабіць легкадумна са страху змяніць значэнне тэкста альбо намер і стыль Пісання. Аднак з пастырскіх меркаванняў было вырашана працягваць гэтую традыцыю ў цяперашнім парадку чытанняў, але ў той самы час упэўніцца, што сутнаснае значэнне тэкста засталося некранутым. Адна з прычынаў для такога рашэння заключаецца ў тым, што інакш некаторыя тэксты былі б празмерна даўгімі. Некаторыя вершы вялікай духоўнай значнасці для вернікаў таксама было неабходна апусціць цалкам, таму што гэтыя чытанні ўключаюць некаторыя вершы, якія з’яўляюцца пастаральна неадпаведнымі ці заключаюць у сабе сапраўды цяжкія праблемы (АУЛ 77).

Гэта праўда, што час ад часу вершы прапускаюць і ў чытаннях Missale Romanum 1962 года: напрыклад, Дз 3:13-15, 17-19 у Велікодную сераду і Эф 3:8-12, 14-19 у свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Аднак АУЛ выглядаюць тут не зусім шчырымі, бо ў надзвычайнай форме я не магу знайсці выпадкаў, калі ў нядзелю прапускаюць вершы ў сярэдзіне чытанняў, але гэта здараецца даволі рэгулярна ў звычайнай форме [4].

Аднак, калі гэты параграф АУЛ кажа пра “працяг традыцыі”, здаровы сэнс падказвае, што гэта адносіцца да пэўных чытанняў, якія з’яўляюцца новымі ў лекцыянарыі звычайнай формы і, такім чынам, не былі часткай традыцыі Рымскага лекцыянарыя да 1969 года. Было б неправільна, напрыклад, сказаць, што пропуск вершаў 27-29 з 1 Кар 11:23-29 з’яўляецца традыцыяй пропуску вершаў, бо гэтыя вершы былі часткай традыцыі праз вякі. Фактычна, такі пропуск быў бы супраць традыцыі рымскага абраду! [5]

Што датычыцца чытанняў у нядзелі і ўрачыстасці, некаторыя будуць здзіўленыя, калі даведаюцца, што Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала (АУРІ) за гады змяніліся:

Dominicis et sollemnitatibus assignantur tres lectiones, scilicet Prophetæ, Apostoli et Evangelii, quibus populus christianus ad continuitatem operis salutis, secundum mirabile propositum divinum, educatur. Hæ lectiones stricte adhibeantur.

На нядзелі і ўрачыстасці вызначаюцца тры чытанні, а менавіта: Прарока, Апостала і Евангелля, якія вядуць хрысціянскі народ да спасціжэння бесперапыннасці справы збаўлення згодна з дзівосным Божым планам. Прадпісаных чытанняў належыць дакладна прытрымлівацца (АУРІ 357).

Diebus dominicis et festis assignantur tres lectiones, scilicet Prophetæ, Apostoli et Evangelii, quibus populus christianus ad perennitatem operis salutis, secundum mirabilem disciplinam divinam, educatur.

На нядзельныя і святочныя дні вызначаюцца тры чытанні, а менавіта: Прарока, Апостала і Евангелля, якія вядуць хрысціянскі народ да спасціжэння бесперапыннасці справы збаўлення згодна з дзівосным Божым навучаннем (АУРІ 318 [1975]).

Абмоўка, што чытанняў у нядзелі і ўрачыстасці належыць “дакладна прытрымлівацца”, якая, як выдаецца, выключае іх падаўжэнне, не прапісана ў ранейшых Агульных уводзінах для Рымскага Імшала. Такім чынам, з тэхнічнага пункту гледжання, толькі з 2002 года падаўжэнне чытанняў у звычайнай форме стала незаконным [6].

Улічваючы тое, што кажа найноўшая рэдакцыя Агульных уводзінаў да Рымскага Імшала, я мог бы сцвярджаць, што ў дадзены час дадаванне 1 Кар 11:27-29 да адпаведных чытанняў у нядзелі і ўрачыстасці звычайнай формы з’яўляецца незаконным. Аднак пропуск гэтых вершаў, здаецца, не зусім супадае з мовай і мэтамі Sacrosanctum Concilium 51:

Каб падрыхтаваць для вернікаў багацейшы стол Божага слова, трэба шырэй адчыніць біблійныя скарбніцы, каб у адпаведны адрэзак гадоў народу чыталася важнейшая частка Святога Пісання (вылучэнні аўтара).

Зноў мы мусім запытацца, якім чынам “важнейшая частка” суадносіцца з пропускам вершаў, якія ў рымскім абрадзе чыталіся стагоддзямі? Як гэты і іншыя пропускі служаць “шырэйшаму адчыненню” пісанняў? Якім чынам падрыхтоўваецца “багацейшы стол”, калі традыцыйныя чытанні рымскага абраду скарачаюцца і апускаюцца? Я б сказаў, што ў канкрэтным выпадку свята Corpus Christi замест пропуску 1 Кар 11:27-29 з-за заклапочанасці, што гэтыя вершы “цяжкія”, больш адпаведным рашэннем для Сабору было б падоўжыць традыцыйнае чытанне для звычайнай формы і далучыць “аптымістычнае” заканчэнне ў выглядзе вершаў 30-32:

Праз гэта сярод вас многа слабых ды хворых, і даволі памірае. Бо, калі б мы судзілі саміх сябе, то не былі б асуджанымі. Калі ж судзіць нас Пан, то дакарае нас, каб мы не былі асуджаныя разам са светам.

Гэтыя вершы дакладна “адпавядаюць асноўным тэмам” (пар. АУЛ 108) свята Corpus Christi, што выражаецца ў калекце, агульнай для звычайнай і надзвычайнай формаў: tribue, quæsumus, ita nos Corporis et Sanguinis tui sacra mysteria venerari, ut redemptionis tuæ fructum in nobis iugiter sentiamus.

У любым выпадку, застаецца спадзявацца, што Святы Пасад у бліжэйшыя гады выправіць гэты і іншыя сур’ёзныя пропускі ў лекцыянарыі звычайнай формы. Да таго часу біскупаў, святароў і дыяканаў варта заахвочваць чытаць гэтыя вершы ў той частцы Імшы ў звычайнай форме, дзе іх можна чытаць законна: у гаміліі.

Спасылкі

[1] Некаторыя таксама здзівяцца, пачуўшы, што Касцёл не чытае цалкам усе чатыры Евангеллі за год (альбо за тры гады), ці, напрыклад, увесь Новы Запавет кожныя два гады. Я не ведаю, адкуль узяліся гэтыя міфы пра лекцыянарый звычайнай формы, але іх напэўна трэба разбураць, калі здарыцца нагода.

[2] Index Lectionum даступны праз Amazon (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, ГерманіяІталія, Іспанія). У прадмове да гэтай кнігі д-р Кваснеўскі дае падрабязнасці наконт некаторых чытанняў і вершаў, якія прысутнічаюць у надзвычайнай форме, але прапушчаны ў звычайнай форме.

[3] “У выпадку пэўных больш працяглых тэкстаў пададзеныя карацейшая і даўжэйшая версіі, якія пасуюць да розных сітуацый. Рэдагаванне карацейшай версіі праводзілася з вялікай асцярожнасцю”. Гэта ўсё, што АУЛ могуць сказаць пра тое, чаму ў лекцыянарыі звычайнай формы існуюць даўжэйшая і карацейшая формы тэкстаў. Аднак Флп 3:17—4:1 (2-я нядзеля Вялікага посту, год С) — гэта не даўгі тэкст, але ён мае кароткую форму (3:20—4:1); Мц 13:44-52 (17-я нядзеля per annum, год А) таксама мае кароткую форму (13:44-46), хоць і налічвае ўсяго толькі 9 вершаў! Чытачы могуць самі праглядзець гэтыя фрагменты і, магчыма, хутка здагадацца, чаму ў выпадку такіх кароткіх тэкстаў прыводзяцца яшчэ карацейшыя версіі.

[4] Напрыклад, у наступнай паслядоўнасці нядзеляў года С: Нм 8:2-4а, 5-6, 8-10 (3-я нядзеля per annum); Ер 1:4-5, 17-19 (4-я); Іс 6:1-2а, 3-8 (5-я); Лк 6:17, 20-26 (6-я).

[5] Пропускі, абумоўленыя тэкстуальнай крытыкай, такія як верш 44 з Мц 21:33-46 (чытаецца ў пятніцу другога тыдня Вялікага посту ў звычайнай і надзвычайнай формах), з’ўляюцца, можа, адзіным выключэннем з гэтага правіла, хоць суадносіны паміж тэкстуальнай крытыкай і традыцыяй напэўна патрабуюць далейшай дыскусіі.

[6] SC 22 § 3 кажа, што “нікому іншаму, нават калі гэта святар, нельга самастойна нічога дадаваць, адымаць ці змяняць у Літургіі”, хоць варта сказаць, што рубрыкі звычайнай формы (напрыклад, частае ўжыванне выразу vel similibus verbis) у некаторым сэнсе падрываюць гэтую частку канстытуцыі. Ці могуць біскупы ці канферэнцыі біскупаў даць паўнамоцтвы падоўжыць пэўныя чытанні ў іхніх дыяцэзіях, гэта асобнае пытанне (пар. SC 22 §§ 1-2).


Аўтар: Matthew Hazell
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыйныя фота: Chris (CC BY-NC-ND)

Пераклад здзейснены з англійскай мовы і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар