Disputa_del_Sacramento_(Rafael)
Частка 1: Багародзіца Марыя
Частка 2: Пётр, Павел
Частка 3: Андрэй, Якуб, Ян, Тамаш, Якуб, Філіп, Барталамей, Мацвей, Сымон, Юда Тадэвуш
Частка 4: Лін, Клет, Клімэнт, Сікст, Карнэлій, Кіпрыян, Лаўрэнцій, Хрызагон, Ян, Павел, Косма і Дам’ян
Частка 5: Ян, Стэфан, Мацей, Барнаба, Ігнацый, Аляксандр, Марцэлін, Пётр
Частка 6: Феліцыта, Перпетуя, Агата, Люцыя, Агнешка, Цэцылія, Анастасія

Святыя, якія называюцца пасля кансэкрацыі
Дзе ў малітве: Nobis quoque peccatoribus

Першыя тры словы “таксама і нам, грэшным слугам Тваім” (nobis quoque peccatoribus) — гэта адзіныя тры словы Канона, якія прамаўляюцца крыху больш гучным голасам, гэта значыць напаўголасу. У гэты самы час святар ударае сябе ў грудзі. Адно і другое падказваюць цэлебранту, з якім вялікім смуткам і пакаяннем ён павінен прызнаць сваю грэшнасць і заклікаць усіх прысутных вернікаў з’яднацца са святаром у такім самым пакаянным настроі, бо ён чытае гэтую малітву таксама і за іх і ад іх імя. Мы прызнаём і спавядаемся ва ўсёй пакоры, што мы бедныя грэшнікі, бо тым самым мы заклікаем на сябе Божую прыхільнасць і міласэрнасць. Так, усе мы перад Богам грэшнікі, і сапраўды вялікія грэшнікі. Мы гэта з жалем зразумеем, калі шчыра вывучым сваё жыццё. Напоўненыя сорамам, мы будзем вымушаныя прызнаць, што, на жаль, у нас шмат грахоў і мала пакаяння. Каб трапіць у Божае Валадарства, патрэбна маліцца аб гэтым, бо ўвесь наш давер мы ўскладаем на веліч і бясконцасць Божай міласэрнасці. Мы заклікаем Бога з такім настроем, каб Ён міласэрна даў нам удзел у еднасці з Яго святымі апосталамі і мучанікамі. Беззаганная і нятленная спадчына Божага Валадарства падрыхтавана для ўсёй сукупнасці адкупленых, але індывідуальны чалавек наследуе яе паводле меры сваіх заслугаў, цноты і святасці. Уся радасць жыхароў неба паходзіць ад вечнай і бясконцай славы Бога. Нашым здабыткам, нашай спадчынай, нашай доляй на зямлі жывых будзе сам Бог — яснае бачанне, чароўная любоў і шчаслівая асалода ад Бога. Здабытак Найвышэйшага Дабра будзе перададзены нам у еднасці з іншымі благаслаўлёнымі; чароўная супольнасць усіх жыхароў неба — гэта свежая крыніца найчысцейшай, найсалодшай радасці. У гэтай малітве па імені называюцца некаторыя святыя неба, апосталы і мучанікі: усяго пятнаццаць (восем мужчынаў і сем жанчын), усе з якіх пацярпелі жорсткую мучаніцкую смерць.

Puvis_de_Chavannes,_Pierre-Cécile_-_The_Beheading_of_St_John_the_Baptist_-_c._1869

Распачынае гэты спіс св. Ян Хрысціцель, бо пералік мужчынаў адбываецца паводле часу іх мучаніцтва. У глыбокай замкнёнасці ад свету ён падрыхтаваўся да свайго паклікання праз жыццё сузірання і суворы аскетызм, падрыхтаваўся пайсці перад абліччам Пана, каб падрыхтаваць шляхі Яму, даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне праз адпушчэнне яго грахоў (Лк 1:76-77). Выгляд Яна Хрысціцеля і яго пакаяннае прапаведаванне зрабілі цудоўнае ўражанне на людзей. Ён завяршыў сваю благаслаўлёную працу мучаніцкай смерцю: ён быў абезгалоўлены, бо свабодна і жорстка асудзіў грэшны саюз Ірада і Ірадыяды. Яго мучаніцтва адзначаецца 29 жніўня. Праз нябеснае адкрыццё яго галава была пазней знойдзена і цяпер захоўваецца і ўшаноўваецца ў старажытным касцёле S. Silvestro in Capite. Св. Ян Хрысціцель заўсёды высока шанаваўся ў Касцёле: яму прысвечаныя шматлікія святыні, ён з’яўляецца апекуном многіх гарадоў і краін.

DGA513379 Martyrdom of St Stephen, division of Martinengo Altarpiece by Lorenzo Lotto (1480 circa- 1556), oil on panel, 51x97 cm, circa 1516; (add.info.: Martyrdom of St Stephen, division of the Martinengo Altarpiece, ca 1516, by Lorenzo Lotto (1480 ca- 1556), oil on panel, 51x97 cm. Artwork-location: Bergamo, Pinacoteca Dell'Accademia Carrara (Art Gallery, Paintings)); De Agostini Picture Library / A. de Gregorio; FRENCH PUBLISHING RIGHTS NOT AVAILABLE; out of copyright

Св. Стэфан узначальвае цудоўны збор хрысціянскіх мучанікаў, якія пасля смерці Збаўцы пралілі сваю кроў дзеля Божай праўды. Ён належыць да тых сямі разумных і пабожных мужчынаў, якіх апосталы прызначылі першымі дыяканамі, але з іх усіх Святое Пісанне праслаўляе яго як чалавека, “поўнага ласкі і моцы”, “поўнага веры і Святога Духа”, “які чыніў вялікія знакі і цуды сярод людзей”. Як дыякан, ён з любоўю і спачуваннем выконваў заданне апекі над беднымі і хворымі. Таксама з вялікай мудрасцю і моцай ён прапаведаваў вучэнне пра Хрыста юдэям. Яны зацята супраціўляліся яму і ў сваёй лютасці забілі камянямі гэтага адважнага прапаведніка праўды, якую яны ненавідзелі. Гэта адбылося ў Кедронскай даліне. Аднак “камяні даліны былі салодкія для яго”, — кажа Касцёл, у той самы час укладваючы такія словы ў ягоныя вусны: “Паколькі маё цела было пабіта камянямі дзеля Цябе, мой Божа, душа мая прыхінулася да Цябе!” Узрушаны ліўнем камянёў, падаючы на калені, ён усклікнуў: “Пане Езу, прымі мой дух!” і затым ён спачыў у Пану. Хоць св. Стэфан і быў пасвячаны апосталамі ў дыякана, ён апярэдзіў апосталаў у благаслаўлёнай і пераможнай смерці. Ніжэйшы ў годнасці, але вышэйшы ў цярпенні, хоць быў вучнем у дактрыне, аднак стаў майстрам у яе вызнаванні. Карона мучаніка з каштоўнымі камянямі зырка ззяе на яго галаве. Святкаванне дня яго смерці (26 снежня) ідзе за святам Нараджэння нашага Пана, а цудоўнае знаходжанне яго рэліквій успамінаецца асобна (3 жніўня). У шостым стагоддзі асноўная частка яго цела была перанесена ў Рым і размешчана побач з парэшткамі св. Лаўрэнція пад галоўным алтаром базілікі св. Лаўрэнція за мурамі ў прыгожым мармуровым саркафагу.

Nuremberg_chronicles_f_107v_2

Св. Мацей быў па Божай волі пакліканы да апостальскай працы замест здрадніка Юды пасля Унебаўшэсця Пана. Кажуць, што ён страціў галаву ад сякеры і што частку яго рэліквій св. Алена перанесла ў Трыр. Яго галава захоўваецца ў касцёле S. Maria Maggiore ў Рыме. Яго свята прыпадае на 24 ці (у высакосныя гады) 25 лютага.

1678_Heiss_Paulus_und_Barnabas_in_Lystra_anagoria

Св. Барнаба быў “выдатным чалавекам, поўным Святога Духа і веры”. Яго сапраўднае імя было Юзаф. Апосталы далі яму імя Барнаба (сын суцяшэння), каб паказаць, што ён суцяшаў і заахвочваў іншых сваім звышнатуральным энтузіязмам і моцай прамовы. Св. Барнабу многія лічаць толькі памочнікам і кампаньёнам апосталаў, але больш прычынаў прамаўляе за тое, што Барнаба, як і св. Павел, быў апосталам у вузкім сэнсе слова. У выніку звышнатуральнага адкрыцця Павел і Барнаба былі пасвячаныя малітвай і ўскладаннем рук і надзеленыя ўсёй уладай. Яны павінны былі завяршыць супольнасць апосталаў і заняць месца двух святых Якубаў, з якіх старэйшы загінуў мучаніцкай смерцю, а малодшы кіраваў выключна Касцёлам у Ерузалеме. Св. Барнаба быў левітам і паходзіў з Кіпра. Верагодна, ён належыў да сямідзесяці двух вучняў Пана. Пасля кансэкрацыі ў якасці біскупа Антыёхіі ён зрабіў вялікае місіянерскае падарожжа са св. Паўлам (44 ці 45 год). Пазней ён аддзяліўся ад яго і працаваў на родным Кіпры, дзе яго слаўнае апостальства завяршылася мучаніцтвам (паміж 53 і 76 гадамі). Дакладна невядома, але верагодна, св. Барнаба прапаведаваў у Верхняй Італіі. Пад канец пятага стагоддзя цела святога было знойдзена ў пячоры ў кіпрскім Саламіне. Яго свята прыпадае на 11 чэрвеня, дзень яго смерці.

Lorenzo_Lotto_-_Madonna_and_Child_with_St_Ignatius_of_Antioch_and_St_Onophrius_(detail)_-_WGA13664 (1)

Св. Ігнацый з Антыёхіі, які меў дадатковае грэцкае імя Θεοφόρος (баганосны). Паводле падання, дзіцём ён быў благаслаўлёны нашым Панам. Ён быў вучнем апосталаў, а таксама другім пераемнікам св. Пятра на катэдры Антыёхіі. Пры імператары Траяне ён быў сказаны на смерць, прыведзены ў кайданах у Рым, а затым у Калізей і аддадзены звярам 20 снежня 107 года. Гэты вельмі шаноўны біскуп гарэў жаданнем мучаніцтва, як можна бачыць з яго поўных пабожнасці лістоў, якія ён пісаў у розныя супольнасці на шляху ў Рым. “Ты даў яму, чаго жадала яго сэрца, і просьбы яго вуснаў не адкінуў” (Пс 20:3), бо львы накінуліся на яго, парвалі і з’елі ягонае цела, пакінуўшы больш крэпкія косці. З сярэдзіны сёмага стагоддзя яго святыя рэліквіі захоўваюцца ў базіліцы св. Клімента ў Рыме, дзе яны былі пакладзены 1 лютага. Таму яго свята прыпадае на гэты дзень. Працытуем некалькі яго хвалебных словаў, якія ён пісаў хрысціянам Рыма. “Не рабіце для мяне больш нічога, але каб я быў забіты дзеля Бога зараз, калі ахвярнік ужо гатовы, і тады складзіце любоўю хор і заспявайце хвалебную песню Айцу ў Хрысце Езусе. Хораша мне закаціцца ад свету да Бога, каб у Ім мне заззяць. Хай змелюць мяне зубы звяроў. Я пшаніца Божая: хай змелюць мяне зубы звяроў, каб я зрабіўся чыстым хлебам Хрыстовым. Агонь і крыж, натоўпы звяроў, рассячэнні, разрыванні, раздрабленні костак, адсячэнне членаў, знішчэнне ўсяго цела, лютыя мукі д’ябла прыйдуць на мяне — толькі б дасягнуць мне Хрыста. Ніякай карысці не прынясуць мяне задавальненні свету, ані валадарства веку гэтага. Лепш мне памерці за Езуса Хрыста, чым валадарыць над усёю зямлёю. Дазвольце мне наследаваць пакуты майго Бога. Маё каханне ўкрыжавалася, і няма ўва мне агню, што кахае рэчы, але вада жывая, якая гаворыць ўва мне, заклікае мне знутры: “ідзі да Айца”. Хлеба Божага жадаю, хлеба нябеснага, хлеба жыцця, які ёсць Цела Езуса Хрыста, Сына Божага. І піцця Божага жадаю — крыві Яго, якая ёсць любоў неўміручая і жыццё вечнае“.

Clichy_Saint-Vincent-de-Paul345

Св. Аляксандр І быў пятым Папам пасля св. Пятра. Ён таксама дамогся шматлікіх цудоўных навяртанняў у Рыме. 3 мая 115 (?) года ён быў сцяты па-за Рымам разам са святарамі Эвенцыем і Тэадулам. Яго святое цела спачывае ў касцёле св. Сабіны ў Рыме. Яго свята прыпадае на 3 мая.

Marcellinus_Petrus

Св. Марцэлін, святар, і св. Пётр, экзарцыст Рымскага Касцёла. Св. Пётр, калі знаходзіўся ў вязніцы, вызваліў дачку турэмшчыка Арцемія ад злога духа, прычым уся сям’я Арцемія навярнулася і ахрысцілася ў святара Марцэліна. Пасля гэтага св. Пётр і Марцэлін былі страшна катаваныя і выведзеныя за горад для пакарання аж да так званага Чорнага лесу, дзе яны з радасцю расчысцілі месца ў зарасцях і схілілі галовы перад мячом. З прычыны іх мучаніцтва гэтае месца адтуль звалося Белым лесам. У дзевятым стагоддзі іхнія целы былі прынесеныя ў Зелігенштат Эйнхардам, персанальным сакратаром Карла Вялікага, дзе яны спачываюць у прыгожай срэбнай грабніцы. Іх свята адзначаецца 2 чэрвеня.

Частка 6 →


Аўтар: а. Нікалас Гір
Выданне: The Holy Sacrifice of the Mass, 1918
Ілюстрацыі: Рафаэль, Дыспута (1509-1510); Пюві дэ Шаван, Адсячэнне галавы Яна Хрысціцеля (каля 1869); Ларэнца Лота, Мучаніцтва св. Стэфана (1516); Ілюстрацыя смерці апостала Мацея з Нюрнбергскай хронікі (1493); Ёхан Хайс, Павел і Барнаба ў Лістры (1678); Ларэнца Лота, Мадонна і Дзіця са св. Ігнацыем з Антыёхіі і св. Ануфрыем (частка, 1508); Вітраж з выявай Аляксандра І ў парафіяльным касцёле Сан-Венсан-дэ-Поль у Клішы (фота: GFreihalter, CC BY-SA); Сярэднявечная ілюстрацыя (1450).

Пакінуць каментар