2385161483_b0c57962b1_o1

Ва ўсёй дыскусіі, якая адбываецца вакол паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia, на пярэднім плане, несумненна, застанецца пытанне таго, хто можа і хто не можа прымаць Святую Камунію. Здаецца, што сёння ў Касцёле многія не разумеюць страшных наступстваў удзелу ў святой гасціне не ў стане ласкі, гэта значыць, прыняцця Эўхарыстыі ў стане смяротнага граху. Такая камунія не толькі не дапамагае і не можа дапамагчы нам, але яна накладае пакаранне на нашыя душы і робіць наш стан горшым, чым дагэтуль.

Першым і найбольш ясным вучэннем на гэты конт з’яўляюцца словы св. Паўла:

Таму той, хто будзе есці хлеб гэты ці піць з келіха Пана нягодным чынам, будзе вінаваты [ў граху супраць] Цела і Крыві Пана. Няхай выпрабоўвае сябе чалавек, а потым няхай есць гэты хлеб і п’е з гэтага келіха. Бо хто есць і п’е, не зважаючы на Цела [Пана], той есць і п’е на сваё асуджэнне (1 Кар 11:27-29).

У сваёй апошняй энцыкліцы Ecclesia de Eucharistia Папа Ян Павел ІІ цытуе св. Яна Хрызастома:

“Таксама я ўзношу голас, прашу, малю і заклінаю, каб не набліжаліся да гэтага святога Стала з нячыстым і скажоным сумленнем. Такое прыступанне, нават калі мы тысячу разоў дакранемся да Цела Пана, ніколі не зможа назвацца камуніяй, але прысудам, неспакоем і павелічэннем кары” [1].

Ян Павел ІІ тлумачыць прычыну гэтага:

Цэлебрацыя Эўхарыстыі… не можа быць зыходнаю кропкаю камуніі, якую прадугледжвае як ужо існуючую, каб яе ўмацоўваць і весці да дасканаласці. … Нябачная камунія, якая па сваёй прыродзе пастаянна ўзрастае, прадугледжвае жыццё ў ласцы, дзякуючы чаму мы становімся “саўдзельнікамі Божай натуры” (2 П 1:4), а таксама практыку цнотаў веры, надзеі і любові. … Захаванне ва ўсёй паўнаце нябачных сувязяў — гэта канкрэтны маральны абавязак хрысціяніна, які хоча ва ўсёй паўнаце ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, прымаючы Цела і Кроў Хрыста. Пра гэты абавязак яму нагадвае сам Апостал, кажучы: “Няхай выпрабоўвае сябе чалавек, а потым няхай есць гэты хлеб і п’е з гэтага келіха” (1 Кар 11:28). … Таму хачу нагадаць, што абавязвае і заўсёды будзе мець законную сілу ў Касцёле норма, якую канкрэтызаваў Трыдэнцкі Сабор (суровы напамінак апостала Паўла), пацвярджаючы, што з мэтаю годнага прыняцця Эўхарыстыі “тыя, хто ўсведамляе цяжкі грэх, павінны найперш адбыць сакрамэнтальную споведзь”. … Хрыстус з’яўляецца праўдай і дае сведчанне праўдзе (пар. Ян 14:6, 18:37); сакрамэнт Яго Цела і Крыві не дапускае фальшы [2].

Вакольнага шляху не існуе: каталікі абавязаныя звяртаць вялікую ўвагу на “суровы напамінак” св. Паўла ў 1 Кар 11:27-29.

У традыцыйнай лацінскай Імшы пасланне з гэтымі вершамі можна пачуць прынамсі тры разы на год: адзін раз у Вялікі Чацвер (дзе чытаецца пасланне 1 Кар 11:20-32) [3], двойчы на свята Corpus Christi (з пасланнем 1 Кар 11:23-29 і антыфонай на Камунію 1 Кар 11:26-27). Каталікі, якія пераважна ўдзельнічаюць у Імшы па старым абрадзе (usus antiquior), ніколі не застануцца без стымулюючых сумленне словаў св. Паўла [4].

IMG_7200

Нехта, магчыма, выкажа здагадку, што, калі XI працоўная група Сабору стварала новы, значна пашыраны лекцыянарый, які ўключае ў сябе тры гады нядзельных чытанняў і два гады будніх чытанняў, то яны напэўна ўключылі туды ўсе чытанні, якія знаходзіліся ў традыцыйнай рымскай літургіі (паводле Sacrosanctum Concilium 23 і 50), і што з прычыны вялікай разнастайнасці, нададзенай новазапаветным тэкстам, не было прапушчана ключавых урыўкаў.

Аднак, згодна з праграмным рашэннем пазбягаць таго, што яны палічылі “цяжкімі” біблійнымі тэкстамі [5], перагледжаны лекцыянарый зусім прапускае 1 Кар 11:27-29. “Суровы напамінак” св. Паўла супраць нягоднага прыняцця Цела і Крыві Пана на асуджэнне не чыталася ні на адной Імшы ў звычайнай форме амаль палову стагоддзя [6].

Будзем шчырымі: канцэпцыя нягоднай камуніі знікла з агульнага каталіцкага сумлення, прынамсі на багатым, самазадаволеным Захадзе. Я памятаю здзіўленне шматлікіх каментатараў, калі айцы Сіноду спрачаліся, ці павінен нехта ўстрымлівацца ад прыняцця Камуніі. І сапраўды, ці не кожны — амаль без выключэння — становіцца ў чаргу па Камунію? [7]

Можа выдавацца, што я гіпербалізую сур’ёзнасць праблемы. У такім выпадку паслухайце не мяне, а кюрэ з Арса, св. Яна Віянэя, апекуна парафіяльных святароў:

Паганскі імператар у сваёй нянавісці да Езуса Хрыста паставіў мярзотных ідалаў на Кальварыі і святой магіле і верыў, што, зрабіўшы так, ён даў найбольшы магчымы выхад свайму гневу супраць Езуса Хрыста. О, вялікі Божа! Ці было гэта хоць нечым падобна да таго, хто нягодна прымае Камунію? Не, не! Ужо не сярод нямых і бяздушных ідалаў ён ставіць свайго Бога, але, на жаль, сярод мярзотных жывых жарсцяў, сярод многіх катаў, якія ўкрыжоўваюць яго Збаўцу. На жаль! Што мне сказаць? Гэты няшчасны чалавек яднае Святое Святых з распуснай душой і прадае яго беззаконню. Так, гэты няшчасны чалавек кідае свайго Бога ў лютае пекла. Ці можна ўявіць сабе нешта больш жахлівае? [8]

На наступным тыдні я апублікую больш урыўкаў са св. Яна Віянэя на гэтую тэму.

Summorum Pontificum дае Касцёлу тэрміновы лек у гэты перыяд няверна зразуметай міласэрнасці і забытага вучэння. Папа Бенедыкт XVI разумеў, што usus antiquior — гэта скарб для ўсяго Касцёла, якому належыць аддаць адпаведнае месца дзеля дабра ўсіх. Адзін з найбольшых унёскаў, які робіць стары абрад, разам з культурай пабожнасці, гэта захаванне цэласнага вучэння Пісання і Традыцыі як раз па праблемах, якія з’яўляюцца “цяжкімі” для сучаснага чалавека.

У сферы ўплыву традыцыйнай Імшы часта аказваецца, што вернікі добра разумеюць неабходнасць рахунку сумлення і што, калі яны заўважаюць смяротны грэх, яны спярша прыступаюць да споведзі — што значна прасцей выканаць дзякуючы даступнасці споведзі перад Імшой, а часам і на працягу Імшы, асабліва ў нядзелі. Падчас Камуніі не бывае такога, што падымаюцца ўсе, лаўка за лаўкай. Пэўная колькасць людзей застаецца ў лаўках; як вынік, тыя, хто па нейкай прычыне не могуць прыняць Эўхрыстыю, не адчуваюць сябе ізаляванымі альбо некамфортна заўважальнымі. Нарэшце, тыя, хто жадае прыняць Цела, Кроў, Душу і Боскасць нашага Пана Езуса Хрыста — і хто не свядомы якога-небудзь нераскаянага смяротнага граху — ідуць наперад, кленчаць ва ўшанавальнай павазе і прымаюць Валадара валадароў і Пана гаспадароў у вусны з кансэкраванай рукі святара. Усё гэта робіцца адпаведным чынам, дастойна і справядліва. Чалавек прыходзіць да Бога і просіць атрымаць цудоўны дар Яго боскага жыцця, якога мы, як стварэнні і грэшнікі, ніколі не будзем вартымі. Domine, non sum dignus, ut intres sub tectum meum, sed tantum dic verbo, et sanabitur anima mea.

Спасылкі

[1] Homiliae in Isaiam, 6, 3: PG 56, 139; пар. Ecclesia de Eucharistia, 36.

[2] Ecclesia de Eucharistia, 35-36. Папа працягвае казаць пра нераздзельную сувязь паміж сакрамэнтамі Эўхарыстыі і Споведзі. Тут мы маем справу з вучэннем, якое бесперапынным crescendo адназначных пацвярджэнняў працягваецца ад св. Паўла да цяперашняга Магістэрыя.

[3] У Вялікі Чацвер у Novus Ordo для другога чытання бярэцца ўрывак 1 Кар 11:23-26, які проста апавядае пра ўстанаўленне Эўхарыстыі. Даўжэйшае чытанне, якое выкарыстоўваецца ў usus antiquior, дае шырэйшы кантэкст для словаў св. Паўла і робіць больш яснай сувязь паміж устанаўленнем Святой Эўхарыстыі і дадзеным сабраннем хрысціянаў на цэлебрацыі Імшы.

[4] Калі вернікам здарыцца ўдзельнічаць у ватыўнай Імшы пра Найсвяцейшы Сакрамэнт (гэта папулярны выбар сярод ватыўных Імшаў usus antiquior), яны спаткаюць гэтыя вершы зноў. Акрамя таго, 1 Кар 11:27-29 — гэта частка дзевятага чытання Цёмнай ютрані ў Вялікі Чацвер і трэцяга чытання гадзіны Matutinum у свята Corpus Christi.

[5] Гл. Агульныя ўводзіны да Лекцыянарыя (англ.), 76. Каментарый можна знайсці ў Anthony Cekada, Work of Human Hands: A Theological Critique of the Mass of Paul VI (West Chester, OH: Philothea Press, 2010), 265–272.

[6] Паглядзіце на наступнае параўнанне. У любым месцы, дзе ад часу ўвядзення новага лекцыянарыя 46 гадоў таму цэлебравалася Імша паводле usus antiquior, урывак 1 Кар 11:27-29 (альбо 26-27, які даносіць той самы пасыл) абавязкова чытаўся 138 разоў. За той самы час у зоне дзеяння Novus Ordo гэты ўрывак было неабходна прачытаць нуль разоў. Як гэта магло не аказаць уплыву на фарміраванне вернікаў, як клерыкаў, так і свецкіх? Больш за тое, той самы Паўлавы ўрывак быў зусім выкінуты з Літургіі гадзінаў, дзе ён калісьці сустракаўся двойчы (гл. нататку 4 і тут). У апошнія гады я заўважыў узрост свядомасці наконт гэтага абуральнага пропуску і падобных да яго, але ўся праблема заслугоўвае большай вядомасці, каб можна было сур’ёзна пачаць (альбо працягваць) задаваць складаныя пытанні. Цяпер праца стане значна прасцейшай дзякуючы нядаўна апублікаванай навуковай крыніцы: Index Lectionum: A Comparative Table of Readings for the Ordinary and Extraordinary Forms of the Roman Rite Мэцью Хэйзэла. NLM у хуткім часе зробіць агляд гэтай кнігі.

[7] Ёзаф Ратцынгер так выказаўся пра гэтую праблему: “Адной са шчаслівых прыкметаў малітвы ў святле Сабору з’яўляецца тое, што больш і больш людзей поўна ўдзельнічаюць у Эўхарыстыі, прымаючы Цела Пана, яднаючыся з ім, у ім, з усім Божым Касцёлам. Але ці не адчуваем мы невялікую трывогу ў той час, калі ўсе сабраныя прыступаюць да Камуніі? Павел моцна падкрэсліваў, што карынцяне павінны “зважаць” на Цела Пана (1 Кар 11:29): ці гэта цяпер адбываецца? Час ад часу прыходзіць адчуванне, што Камунія ўспрымаецца як частка абраду, што яна праходзіць аўтаматычна і проста з’яўляецца выразам ідэнтычнасці супольнасці. Нам трэба зноў звярнуць большую ўвагу на тое, што Эўхарыстыя не губляе ўсяго свайго значэння, калі людзі не прыступаюць да Камуніі. Прыступаючы да Камуніі без “выпрабавання”, мы не можам дасягнуць вышыняў таго, што адбываецца ў Камуніі, мы зводзім дар Пана да ўзроўню штодзённай пасрэднасці і маніпуляцыі. Эўхарыстыя — гэта не рытуальны спажытак; гэта супольная малітва Касцёла, у якой Пан моліцца з намі і дае нам сябе. Таму яна застаецца нечым вялікім і кашоўным, яна застаецца сапраўдным дарам, нават калі мы не можам яе прыняць. Калі мы лепей гэта зразумеем і будзем мець больш карэктным погляд на саму Эўхарыстыю, многія пастырскія праблемы — напрыклад, сітуацыя разведзеных і паўторна жанатых у Касцёле — перастануць быць такім цяжарам” (The Feast of Faith, пераклад: Graham Harrison [San Francisco: Ignatius Press, 1986], 151–52).

[8] Sermon sur la Communion indigne, цытуецца ў Eucharistic Meditations: Extracts from the Writings and Instructions of St. John Vianney, by Abbé H. Convert, пераклад: Sr. Mary Benvenuta (Wheathampstead: Anthony Clarke Books, 1923, repr. 1964), 94–95.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыйныя фота: Jerome Steveson (CC BY-NC); Ежедневный римско-католический служебник (фота Te igitur).

Пераклад здзейснены з англійскай мовы і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар