The_Christian_Martyrs_Last_Prayer

Частка 1: Багародзіца Марыя
Частка 2: Пётр, Павел
Частка 3: Андрэй, Якуб, Ян, Тамаш, Якуб, Філіп, Барталамей, Мацвей, Сымон, Юда Тадэвуш
Частка 4: Лін, Клет, Клімэнт, Сікст, Карнэлій, Кіпрыян, Лаўрэнцій, Хрызагон, Ян, Павел, Косма і Дам’ян
Частка 5: Ян, Стэфан, Мацей, Барнаба, Ігнацый, Аляксандр, Марцэлін, Пётр
Частка 6: Феліцыта, Перпетуя, Агата, Люцыя, Агнешка, Цэцылія, Анастасія

Святыя, якія называюцца перад кансэкрацыяй
Дзе ў малітве: Communicantes

Мучаніцтва крыві з’яўляецца характэрнай рысай святых першых чатырох стагоддзяў, таму ў Каноне ўспамінаюцца дванаццаць мучанікаў з гэтых старажытных часоў. Сярод іх пяць Папаў, біскуп, дыякан і пяць свецкіх асобаў. Нават у самыя раннія часы гэтыя святыя высока і паўсюдна цаніліся ў Рыме. Гэтым тлумачыцца тое, што яны трапілі ў Канон.

а) Спачатку называюцца пяць Папаў:

2-St.LinusСв. Лін, першы наступнік св. Пятра на пасадзе ў Рыме і, адпаведна, другі Папа. Бясспрэчна, гэта той Лін, ад якога Павел шле прывітанне Цімафею. Ён быў навернуты ў хрысціянства св. Пятром і, як заслужаны памочнік Князя апосталаў, ён сапраўды мог часта займаць яго месца, калі той пакідаў Рым на некаторы час, каб прапаведаваць Евангелле ў іншых месцах. Ён кіраваў Касцёлам з 67 да 76 (?) года. Ён быў абезгалоўлены і пахаваны на Ватыкане побач са св. Пятром. Пры Папу Урбане VIII яго магіла была знойдзеная на тым месцы і мела кароткі надпіс: Linus. Ягонае свята прыпадае на 23 верасня.

3-St.CletusСв. Клет (76—88?) быў наступнікам св. Ліна. Лічыцца, што ён устанавіў надмагільны камень для св. Пятра, які пасвяціў яго ў святары. Ягонае свята прыпадае на 26 красавіка.

Св. Клімэнт залічваецца да апостальскіх айцоў. Ён займаў пасад Пятра з 88 да 97 (?) года. Св. Ірынэй піша пра яго: “Трэцім, пасля апосталаў, Рымскім біскупам стаў Клімэнт, які бачыў Князя апосталаў, узаемадзейнічаў з імі, слухаў іхнія казанні і меў Апостальскую традыцыю перад сваімі вачыма”. Св. Павел ў лісце да Філіпянаў згадвае яго між “супрацоўнікаў маіх, якіх імёны ўпісаны ў кнігу жыцця”. Паводле сведчанняў старажытных пісьменнікаў, св. Клімэнт быў надзелены ўсімі якасцямі розуму і сэрца, якія былі неабходныя для найвышэйшай эклезіяльнай годнасці.

4-St.Clement_IПаданне кажа, што імператар Траян выгнаў яго ў Херсанэс Таўрыйскі (Крым), дзе ён знайшоў дзве тысячы хрысціян, якія былі сказаныя на працу на здабычы мармуру і вельмі пакутавалі ад недахопу вады. Клімэнт памаліўся, і на прылеглым схіле з’явілася ягнятка, з-пад правага капыта якога пачала біць крыніца свежай вады. Гэты цуд прывёў да навяртання шматлікіх жыхароў. Тады Траян загадаў кінуць Клімэнта ў мора з якарам, прывязаным да шыі. Хрысціяне на ўзбярэжжы ўпалі на калені і маліліся — і здарыўся цуд! Мора адступілася на тры тысячы крокаў, і з’явілася святыня з мармуру, збудаваная рукамі анёлаў, дзе знаходзілася цела святога разам з якарам. Кажуць, што рэліквіі святога былі перанесеныя ў Рым грэцкімі місіянерамі св. Кірылам і Мяфодзіем падчас пантыфікату Папы Адрыяна ІІ і пакладзеныя ў вельмі старой базіліцы св. Клімэнта каля Калізея. Свята св. Клімэнта адзначаецца 23 лістапада.

На чацвёртым месцы ідзе імя Сікст. У першыя тры стагоддзі было два Папы з гэтым імем. Сікст І (115—125?) кіраваў Касцёлам падчас праўлення імператара Адрыяна, калі лёс хрысціянаў быў цяжкі і балючы. Ён пацярпеў мучаніцтва і быў пахаваны на Ватыкане каля св. Пятра. Яго свята прыпадае на 6 красавіка.

24-St.Sixtus_IIЗначна больш вядомы і шанаваны Сікст ІІ, грэк па нараджэнні. Ягоны пантыфікат (257—258) прыпаў на жорсткія часы пераследаў Валерыяна. Нягледзячы на забарону імператара, ён адважыўся праводзіць набажэнствы ў катакомбах. Схоплены і затрыманы салдатамі-язычнікамі, ён быў прыведзены ў горад перад трыбунал і асуджаны, пасля чаго зноў быў прыведзены ў катакомбы Прэтэкстата, дзе дагэтуль цэлебраваў Найсвяцейшую Ахвяру, і абезгалоўлены на сваім біскупскім троне ці каля яго. Карона мучаніцтва была дадзена яму 6 жніўня 258 года. Ягонае цела спачывае ў вельмі старым касцёле S. Sisto vecchio на Апіевым шляху.

Які ж Сікст — першы ці другі — узгадваецца ў Каноне? Меркаванні разыходзяцца. Каб даказаць, што на ўвазе меўся Сікст І, некаторыя сцвярджаюць, што пяць Папаў пералічваюцца ў храналагічным парадку: толькі Сікст І правіў перад Карнэліем, таму ён і ўзгадваецца ў Каноне. Больш сур’ёзныя прычыны кажуць за Сікста ІІ. Яго ўспамін заўсёды высока адзначаўся ў Касцёле, што даказваецца шматлікімі малюнкамі, ілюстрацыямі і малітвамі ў катакомбах. Паколькі Сікст ІІ папярэдзіў у мучаніцтве свайго слаўнага дыякана Лаўрэнція, у Каноне ён успамінаецца перад ім. Што праўда, св. Сікст ІІ займаў пасад Пятра толькі пасля св. Карнэлія, але існавала прычына, каб адступіць ад храналагічнага парадку і змясціць Сікста перад Карнэліем. Гэта было зроблена, каб імёны двух святых, Карнэлія і Кіпрыяна, не раздзяляліся, паколькі яны заўсёды разам ушаноўваліся ў Касцёле. Ужо ў найстаражытнейшай Рымскай літургіі яны маюць супольную Імшу, як гэта засталося і да нашых дзён. Магчыма таксама, што імёны св. Карнэлія і Кіпрыяна трапілі ў Канон у больш познім часе, чым імя св. Сікста.

21-St.CorneliusСв. Карнэлій, які адзначыўся ва ўсіх ступенях касцёльнага служэння, узышоў на пасад Пятра ў 251 годзе. Ён прыняў вярхоўную ўладу толькі пад прымусам. Св. Кіпрыян праслаўляе яго як ціхага і пакорнага. Пры імператары Дэцыі св. Карнэлій знаходзіўся ў пастаянным чаканні смерці. Таксама і пры імператары Галу ў 252 годзе супраць хрысціянаў у Рыме падняўся вялікі пераслед, але на чале з Папам яны захавалі веру ў такім аднадушшы, трываласці і моцы, праяўляючы радасць і весялосць, што св. Кіпрыян не мог нарадавацца з іх. Св. Карнэлій быў выгнаны ў Чывітавек’ю, дзе загінуў мучаніцкай смерцю 14 верасня 252 года, у той самы дзень, што і святы біскуп Кіпрыян з Карфагена шэсць гадоў пасля (258 год). Іх імёны таму часта згадваюцца разам. Іх супольнае свята адзначаецца 16 верасня.

б) Пасля Папаў у Каноне ідуць біскуп і дыякан:

Heiliger_CyprianusСв. Кіпрыян нарадзіўся ў пачатку ІІІ стагоддзя ў Карфагене. Ён вызначаўся статусам, багаццем і талентамі, атрымаў адукацыю, адпаведную сваім вялікім здольнасцям. Толькі ў сталым узросце ён схіліўся да каталіцкай веры: ягоны хрост адбыўся каля 246 года. Ён раздяліў сваё багацце паміж беднымі, склаў шлюб вечнай чысціні і праводзіў час у малітве і вывучэнні святых навук. Ад самага пачатку навяртання ён быў адораны выдатнымі цнотамі і выключнымі ласкамі. Наколькі шчаслівым ён быў, атрымаўшы хрысціянскую праўду і ласку, сведчыць ліст да Даната, дзе ў частцы 14 ён між іншым усклікае: “Такім чынам, той адзін спакой пэўны, тая толькі бяспека моцная, цвёрдая і сталая, калі чалавек, вызваліўшыся ад віхур мяцежнага веку, зацвердзіць сваё знаходжанне ў ратавальнай прыстані; калі ён ад зямлі ўзносіць позіркі да неба і, уступіўшы ў званне сына Пана, наблізіўшыся да Бога сваім сэрцам, ніжэй сябе лічыць усё тое, што іншым у коле рэчаў людскіх здаецца высокім і велічным. Хто вышэй веку гэтага, той нічога ўжо не можа ад яго ні жадаць, ні патрабаваць”. Св. Кіпрыян быў пасвячаны ў святарства і, паколькі ён быў так знаны сваімі ведамі і ўзорным жыццём, атрымаў біскупскі пасад Карфагена ў 248 годзе. Дзесяць гадоў біскупства гэтага святога (248—258) прыпалі на часы найбольш жорсткага пераследу і іншых знешніх бедаў. Моцны словам і справай, св. Кіпрыян выконваў з нястомнай стараннасцю свае пастырскія абавязкі дзеля збаўлення вернікаў, даручаных яго апецы, і дзеля карысці ўсяго Касцёла. Ён змагаўся за еднасць і дысцыпліну ў Касцёле супраць ерэтыкоў і схізматыкаў, заахвочваў усіх бадзёра перажываць мучаніцтва і паклаў жыццё ў запале хрысціянскай дабрадзейнасці. Ягонае жыццё, багатае благаслаўленнямі, перарвалася слаўнай мучаніцкай смерцю. Ён загінуў ад мяча ў публічным месцы Карфагена 14 верасня 258 года. Яго памяць заўсёды ўшаноўвалася ў Касцёле.

Св. Лаўрэнцій вельмі ўсхвалены Айцамі і вельмі шануецца хрысціянскімі народамі. “Як Ерузалем быў праслаўлены Стэфанам, так Рым праслаўлены Лаўрэнціем ад усходу і да захаду Сонца”, — кажа святы Папа Леў у казанні на свята гэтага святога. Іспанія лічыцца роднай краінай Лаўрэнція, але ён вырас і атрымаў адукацыю ў Рыме. Сікст ІІ пасвяціў яго ў дыяканы і зрабіў яго першым з сямі дыяканаў Рымскага Касцёла, чаму ён таксама і зваўся архідыяканам Папы. Гэта было вельмі важнае служэнне, бо яно ўключала кіраванне скарбамі Касцёла. Вельмі слаўнае і мучаніцтва маладога левіта. Калі Папа Сікст ІІ быў прыведзены ў катакомбы на смерць, Лаўрэнцій закрычаў яму: “Куды ідзеш, Айцец, без свайго сына? Куды спяшаешся, святы святар, без свайго дыякана? Ніколі ты не складаў Святую Ахвяру без свайго слугі”. І як незвычайна суцяшальныя словы святара да свайго дыякана: “Я не пакідаю цябе, мой сын, вялікія бітвы чакаюць цябе. Перастань плакаць, праз тры дні ты пойдзеш за мной, левіт за сваім святаром”.

St._Lawrence_Distributing_the_Treasures_of_the_Church_-_Bernardo_Strozzi_-_Google_Cultural_Institute (1)

На працягу гэтых трох дзён дыякан завіхаўся ў горадзе, раздаваў скарбы Касцёла патрабуючым. Прэфекту горада, які прыказаў яму прынесці скарбы, ён сказаў, што скарбам Касцёла з’яўляюцца бедныя Хрыстовы. Па гэтай прычыне язычнік разгневаўся і аддаў маладога героя на ўсялякія катаванні. Св. Лаўрэнція бічавалі, білі свінцовымі шарамі, расцягвалі на стойцы і палілі распаленымі металічнымі пласцінамі. Тады суддзя пагражаў яму цэлай ноччу катаванняў. Палаючы незямной яркасцю, бясстрашны пакутнік усклікнуў: “Для мяне гэтая ноч не цёмная, але прарываецца яркае святло” (Mea nox obscurum non habet, sed omnia in luce clarescunt.). Пасля гэтага яго паклалі на гарачую рашотку, з якой ён сказаў тырану: “Вось, нягоднік, сіла майго Бога; твая гарачыня для мяне асвяжальная прахалода, але для цябе яна скончыцца агнём непагасным”. Падчас пакутаў ён маліўся да Хрыста: “На рашотцы я не адмовіўся ад Цябе, мой Божа, і над агнём я вызнаў Цябе, мой Збаўца. Ты выпрабаваў і вывучыў маё сэрца гэтай ноччу, Ты праверыў мяне агнём і не знайшоў ува мне неправеднасці. Мая душа прыхілілася да Цябе, пакуль маё цела гарэла дзеля Цябе”. Затым ён маліўся аб трыумфе хрысціянства ў Рыме і закончыў сваё гераічнае змаганне такімі словамі: “Дзякую Табе, о Пане, што дазволіў мне ўвайсці ў брамы неба”. Так яго ўпартая душа перайшла ў Божую славу 10 жніўня 258 года. На зямлі знаны архідыякан і мучанік заўсёды шанаваўся з гонарам і хвалою. Над яго магілай Канстанцін збудаваў велічную базіліку св. Лаўрэнція за мурамі. Гэта адзін з пяці патрыярхальных і адзін з сямі галоўных касцёлаў Рыма. Там, пад галоўным алтаром, у мармуровым саркафагу спачываюць рэліквіі двух дыяканаў, св. Лаўрэнція і св. Стэфана. Шмат іншых касцёлаў было збудавана і кансэкравана ў гонар св. Лаўрэнція ў Рыме і іншых месцах.

в) Нарэшце, у Каноне згадваюцца пяць свецкіх асобаў:

ChrysogonusСв. Хрызагон навярнуў шматлікіх язычнікаў у Рыме. Ён быў таксама настаўнікам св. Анастасіі ў хрысціянскай дактрыне, яе дарадчыкам і суцяшыцелем, калі з-за сваёй веры яна мусіла цярпець вялікі пераслед. Ён быў арыштаваны ў Рыме пры Дыяклецыяне і пасля доўгага прабывання ў вязніцы быў высланы ў Аквілею і абезгалоўлены каля 304 года. Частка яго галавы захоўваецца і ўшаноўваецца ў старажытным касцёле Хрызагона ў Рыме, у Трастэверэ, што знаходзіцца ў апецы трынітарыяў. Свята прыпадае на 24 лістапада.

Saint_s_John_and_PaulЯн і Павел былі братамі. Як заслужаныя рымляне, яны мелі высокія пасады пры двары св. Канстанцыі, дачкі Канстанціна Вялікага. Калі яна пайшла з гэтага свету, два браты сталі жыць як мужы міласэрнасці, прысвячаючы сябе справам дабрадзейнасці. Імператар Юліян Адступнік хацеў прымусіць іх прынесці ахвяру ідалам, але яны з пагардай адмовіліся выконваць гэты загад. Па гэтай прычыне 26 чэрвеня 362 года Юліян сакрэтна абезгаловіў іх у іхнім палацы, які стаяў на Цэлійскім пагорку. На гэтым месцы яшчэ ў чацвёртым стагоддзі ў гонар братоў-мучанікаў збудавалі касцёл св. Яна і Паўла. Іхнія целы спачываюць у прыгожым саркафагу пад галоўным алтаром. У наве касцёла, за металічнай агароджай можна ўбачыць мармуровую пліту з іх крывёй, якую штогод у дзень іх свята (26 чэрвеня) пасыпаюць кветкамі.

Saint_Côme_&_Saint_Damien_Grandes_Heures_Anne_de_Bretagne_XVIe (1)Св. Косма і Дам’ян таксама былі братамі і паходзілі з велічнага роду ў Аравіі. Яны займаліся медыцынай на рымскай тэрыторыі, не атрымліваючы за гэта ўзнагароды. Іх веды, медыцынскія навыкі, адданы стыль жыцця дазволілі ім атрымаць паўсюдны давер і вялікую павагу. Іх справы дабрадзейнасці набылі многіх паслядоўнікаў для хрысціянскай рэлігіі. Пасля шматлікіх катаванняў яны ўрэшце (магчыма, у 127 годзе) былі сцятыя ў Эгеі (Кілікія). Папа Фелікс IV (526—529) збудаваў у Рыме касцёл св. Космы і Дам’яна і перанёс туды рэліквіі святых братоў. Абодва ўшаноўваюцца як заступнікі лекараў і медыцынскай навукі. Іх свята прыпадае на 27 верасня.

У Рымскім Каноне перад і пасля Кансэкрацыі называюцца толькі мучанікі. Гэтае адрозненне справядліва належыць толькі ім. Яны заслужылі гэта крывавай ахвярай свайго жыцця, яны зрабіліся найбольш саспелымі і слаўнымі пладамі Ахвяры Хрыста. Яны нагадвалі Збаўцу не толькі жыццём, але і смерцю. Дзеля Хрыста яны жылі, дзеля Яго яны паміралі. Узамен за Ахвяру Яго любові яны прынеслі ахвяру са свету і з сябе — сярод невымоўных катаванняў і пакутаў. Цноты мужнасці і цярплівасці, веры і любові, якія яны практыкавалі ў гераічнай ступені, бліскуча заззялі ў іх.


Аўтар: а. Нікалас Гір
Выданне: The Holy Sacrifice of the Mass, 1918
Ілюстрацыі: Жан-Леон Жэром, Апошняя малітва хрысціянскіх мучанікаў (1863—1883); партрэты Папаў з базілікі св. Паўла за мурамі; выява св. Кіпрыяна ананімнага майстара з Мескірха; Бернарда Строцы, св. Лаўрэнцій раздае скарбы Касцёла (каля 1625 года); Джавані Франчэска Гверчына, мучаніцтва св. Яна і Паўла (1632); Жан Бурдзішон, св. Косма і Дам’ян (1503 — 1508).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz