3530252342_7b23931c23_o

Воплескі падчас Імшы з’яўляюцца праблематычным аспектам з пункту гледжання літургіі.

Наўрад ці калісьці з’явіцца афіцыйны дакумент, які закранае прыроду воплескаў і апладысментаў на Імшы, але няма сумневу, што яны з’яўляюцца літургічнай інавацыяй, якая паціху прабілася ў Імшу. Воплескі канфліктуюць з прыродай Імшы і літургічнай традыцыяй. Больш за 50 гадоў таму іх немагчыма было сабе ўявіць, і наконт іх выказваліся многія Папы і розныя касцёльныя іерархі.

Прызнаем, што воплескі на Імшы з’яўляюцца агульным феноменам, які многія з нас сустракалі ў шматлікіх, калі не ў большасці парафій. У некаторых парафіях іх можна сустрэць амаль на кожнай Імшы. Яны здараюцца ў пачатку Імшы, падчас працэсіі, пасля гаміліі святара, пасля таго, як хор скончыць нейкі асаблівы літургічны гімн ці спеў, пасля паведамлення пра нейкае людское дасягненне альбо нават напрыканцы Імшы. Як мы ўбачым, гэты феномен даволі праблематычны з пункту гледжання літургічнага жыцця Касцёла.

Першы праблематычны аспект заключаецца ў тым, што воплескі скажаюць прыроду Імшы. Імша губляе свой фокус, і літургічная малітва становіцца гарызантальнай, а не вертыкальнай. Інакш кажучы, літургічны фокус становіцца антрапацэнтрычным, а не тэацэнтрычным. Насамрэч, Імша не мае дачынення ані да асабістых пачуццяў, ані да людскіх дасягненняў. Яна звязана з пакланеннем Богу, з адданнем Богу таго, што належыць Яму. Нарэшце, Імша — гэта найвышэйшы рэлігійны акт і патрабаванне Божай справядлівасці.

Кардынал Арынзэ сцвярджае: “Калі мы прыходзім на Імшу, мы не прыходзім пляскаць у далоні. Мы не прыходзім паглядзець на людзей, захапляцца людзьмі. Мы хочам пакланяцца Богу, дзякаваць Яму, прасіць у Яго прабачэння за нашыя грахі і прасіць таго, што нам патрэбна” [1].

Пра падобныя рэчы кажа Папа Бенедыкт XVI ў сваёй кнізе Дух літургіі. Яшчэ будучы кардыналам, ён сцвярджаў:

“Кожны раз, калі з-за нейкага людскога дасягнення на літургіі выбухаюць апладысменты, гэта верны знак таго, што сутнасць літургіі цалкам знікла і была замененая нейкага кшталту рэлігійнай забавай” [2].

Кожны раз, калі падчас Імшы пляскаюць у далоні, звычайна гэта адбываецца з прычыны людскога дасягнення. Святар кажа гамілію, якая падабаецца парафіянам. Хор сканчвае прыгожы літургічны гімн ці спеў. Нехта зрабіў аб’яву пра дасягненні той ці іншай асобы. Воплескамі нават вітаюць святара проста за пачатак ці канец Імшы.

Як сказаў Папа Пій Х:

“Не належыць пляскаць слузе ў доме яго Гаспадара”.

Таксама воплескі на Імшы выклікаюць другі, звязаны з гэтым праблематычны аспект, а менавіта тое, што яны зводзяць Найсвяцейшую Ахвяру Імшы да выступу і паддаюць яе простай людской крытыцы. Гэта можа прывесці да глыбейшай страты павагі да Імшы, якую потым будзе цяжка аднайсці зноў.

Паводле шматлікіх азначэнняў, воплескі — гэта выраз адабрэння: чым гучнейшы і даўжэйшы гук, тым мацнейшы знак адабрэння.

Аднак, у рэальнасці, літургічны акт воплескаў падчас Імшы ператварае яе ў просты выступ. Ён падвяргае яе людской крытыцы, незалежна адабрэнне гэта ці неадабрэнне.

Калі гэта так, што здарыцца, калі простыя воплескі на Імшы пераўтворацца ў нешта большае з-за такога адабрэння? Што, калі замест простых воплескаў, мы пачнем усклікаць, свістаць ці нават выказваць нашае адабрэнне ўслых? Альбо калі б спраўдзіўся адваротны варыянт. Што, калі сабраныя, якім не спадабалася пэўная літургічная практыка, пачнуць шыпець і казаць “фу!”, выказваючы сваё неадабрэнне? Што, калі ім не спадабаецца гамілія святара, спеў хора ці нейкае паведамленне?

Калі кардынал Ратцынгер (Папа Бенедыкт XVI) ці Папа Пій Х не пераконваюць вас, што наконт Папы Яна ХХІІІ, які асабіста склікаў і сабраў Другі Ватыканскі сабор?

Сайт New Liturgical Movement падае англійскі пераклад гэтага відэа.

У чацвёртую нядзелю Вялікага посту Ян XXIII зноў быў сярод натоўпу ў Остыі (каля 15 міляў на паўднёвы захад ад Рыма). Тысячы людзей чакалі яго ўздоўж вуліцы, на плошчы, у касцёле. Яны жадалі ўбачыць яго, прывітаць яго воплескамі. Яны яшчэ не ведалі, што пазней ён дабрадушна, у сваім простым, спантанным, звыклым стылі будзе дакараць іх:

“Я вельмі рады прыбыць сюды. Але калі дазволіце мне выказаць пажаданне, я папрашу, каб у касцёле вы не ўсклікалі, каб не пляскалі ў далоні і каб не віталі нават Папу, таму што templum Dei, templum Dei (Божая святыня — гэта Божая святыня).

А зараз, калі вы шчаслівыя быць у гэтым прыгожым касцёле, ведайце, што Папа таксама шчаслівы бачыць сваіх дзяцей. Але калі ён бачыць сваіх добрых дзяцей, ён напэўна не пляскае ў далоні перад іхнімі тварамі. А той, хто стаіць перад вамі, гэта Наступнік святога Пятра”.

Крыніцы:

  1. Adoremus Bulletin; том IX, № 7, кастрычнік 2003
  2. Кардынал Ёзаф Ратцынгер, Дух літургіі, 198.

Аўтар: Arturo Ortiz
Крыніца: Walking in the Desert
Ілюстрацыйнае фота: Princess Theater (CC BY)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгіналу і апублікаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz