Bp-Schneider-mini

Гэты тэкст быў напісаны Яго Эксцэленцыяй Атаназіусам Шнайдэрам, дапаможным біскупам архідыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Астане (Казахстан). Гэта афіцыйная рэакцыя добрага біскупа на адгартацыю Amoris Laetitia. Ён жадае, каб гэты тэкст прачыталі ўсе, таму, калі ласка, перапосціце і перадайце яго далей.

Amoris laetitia: патрэбнае праясненне,
каб пазбегнуць агульнага замяшання

Парадокс супярэчлівых інтэрпрэтацый Amoris laetitia

Нядаўна апублікаваная апостальская адгартацыя Amoris laetitia (AL), якая заключае ў сабе мноства духоўных і пастаральных багаццяў, што датычацца жыцця ў сужэнстве і хрысціянскай сям’і нашага часу, на жаль, за кароткі час прывяла да вельмі супярэчлівых інтэрпрэтацый нават сярод епіскапату.

Існуюць біскупы і святары, якія публічна і адкрыта заяўляюць, што AL вельмі ясна адкрывае дарогу да Камуніі разведзеным і паўторна жанатым асобам, не патрабуючы ад іх практыкаваць устрыманне. Паводле іх меркавання, менавіта гэты аспект сакрамэнтальнай практыкі павінен зараз панесці істотную змену, што надае AL сапраўды рэвалюцыйны характар. Інтэрпрэтуючы AL з пункту гледжання неўрэгуляваных саюзаў, пэўны старшыня Канферэнцыі біскупаў заявіў у тэксце, апублікаваным на вэб-сайце той самай Канферэнцыі: “Гэта наказ міласэрнасці, адкрытасць сэрца і духа, якая не патрабуе закону, не чакае інструкцый і заахвочванняў. Яна можа і павінна наступіць неадкладна”.

Такое меркаванне было таксама пацверджана заявамі а. Антоніа Спадара SJ пасля Сінода біскупаў 2015 года, маўляў, Сінод устанавіў падмурак для доступу разведзеных і паўторна жанатых асобаў да Камуніі, адкрыўшы дзверы, якія ўсё яшчэ былі зачыненыя падчас папярэдняга Сінода ў 2014 годзе. Як сцвярджае а. Спадара ў сваім каментарыі да AL, цяпер яго прадказанне спраўдзілася. Ходзяць чуткі, што а. Спадара быў членам рэдакцыйнай групы AL.

Выдаецца, што шлях надужывальных інтэрпрэтацый праклаў сам кардынал Крыстаф Шонбарн, які падчас афіцыйнай прэзентацыі AL у Рыме сказаў наконт неўрэгуляваных саюзаў наступнае: “Мая вялікая радасць ад гэтага дакумента заключаецца ў тым, што ён паслядоўна пераадольвае штучнае, знешняе, дакладнае дзяленне на “урэгуляванае” і “неўрэгуляванае”. Такая заява мае на ўвазе, што не існуе яснай розніцы паміж сапраўдным, сакрамэнтальным шлюбам і неўрэгуляваным саюзам, паміж штодзённым і смяротным грахом.

З іншага боку, існуюць біскупы, якія заяўляюць, што AL трэба чытаць у святле шматгадовага Магістэрыя Касцёла і што AL не дазваляе доступ да Камуніі разведзеным і паўторна жанатым асобам нават у выключных выпадках. Гэтае сцвярджэнне фундаментальна карэктнае і жаданае. Фактычна, склад кожнага тэкста Магістэрыя павінен, як правіла, адпавядаць мінулым вучэнням Магістэрыя Касцёла без усялякіх разрываў.

Не сакрэт, аднак, што ў некаторых касцёлах разведзеным і паўторна жанатым парам дазваляюць прымаць Святую Камунію, не патрабуючы ад іх практыкаваць устрыманне. Трэба прызнаць, што некаторыя фрагменты ў AL можна выкарыстаць для апраўдання гэтай надужывальнай практыкі, якая ўжо цягам пэўнага часу адбывалася ў розных месцах і абставінах у жыцці Касцёла.

Некаторыя сцвярджэнні AL аб’ектыўна ўразлівыя на няверныя інтэрпрэтацыі

Наш Святы Айцец, Папа Францішак, запрасіў нас зрабіць унёсак у разважанне і дыялог наконт далікатных пытанняў, якія датычаць сужэнства і сям’і. “Разважанне пастыраў і тэолагаў, калі яно вернае Касцёлу, калі шчырае, рэалістычнае і творчае, дапаможа нам унесці большую яснасць” (AL, 2).

Калі мы аналізуем некаторыя сцвярджэнні AL у духу інтэлектуальнай сумленнасці і ў адпаведным кантэксце, мы сутыкаемся з цяжкасцямі, стараючыся інтэрпрэтаваць іх у згодзе з традыцыйным вучэннем Касцёла. Гэта адбываецца таму, што адсутнічае канкрэтнае і яснае пацвярджэнне дактрыны і сталай касцёльнай практыкі, заснаванай на Божым слове і паўторанай Папам Янам Паўлам ІІ, які казаў: “Аднак Касцёл пацвярджае сваю практыку, якая засноўваецца на Святым Пісанні, і не дазваляе доступ да эўхарыстычнай Камуніі разведзеным асобам, якія паўторна ажаніліся. Яны не могуць атрымаць такі доступ таму, што іх стан і ўмовы жыцця аб’ектыўна супярэчаць таму саюзу любові паміж Хрыстом і Касцёлам, які абазначае і выконвае Эўхарыстыя. Акрамя таго, існуе і іншая, выключна пастаральная прычына: калі б гэтых людзей дапусцілі да Эўхарыстыі, вернікі трапілі б у памылку і замяшанне наконт вучэння Касцёла пра неразрыўнасць сужэнства. Паяднанне ў сакрамэнце пакаяння, якое адкрывае дарогу да Эўхарыстыі, можа быць дадзена толькі тым, хто… сумленна гатовы прыняць стыль жыцця, які больш не знаходзіцца ў супярэчнасці з неразрыўнасцю сужэнства. На практыцы гэта азначае, што… яны бяруць на сябе абавязак жыць у поўным устрыманні, гэта значыць, ва ўстрыманні ад актаў, якія належаць жанатым парам” (Familiaris Consortio, 84).

Папа Францішак не ўстанавіў “новых агульных норм кананічнага тыпу, якія можна было б стасаваць да ўсіх выпадкаў” (AL, 300). Аднак у зносцы 336 ён кажа: “Нават, калі маецца на ўвазе сакрамэнтальная дысцыпліна, бо пасля распазнавання можна сцвердзіць, што ў дадзенай сітуацыі няма сур’ёзнай віны”. Яўна наконт разведзеных і паўторна жанатых асобаў у AL, 305 Папа кажа, што “з увагі на ўмовы і змякчальныя фактары становіцца магчымым, што сярод нейкай аб’ектыўнай сітуацыі граху асоба, якая суб’ектыўна не мае віны ці не цалкам вінаватая, можа жыць у Божай ласцы, можа любіць, а таксама можа ўзрастаць у жыцці ласкі і любові, атрымліваючы для гэтага дапамогу Касцёла”. У зносцы 351 Папа тлумачыць гэтыя словы, кажучы, што “у некаторых выпадках гэта магла б быць дапамога сакрамэнтаў”.

У тым самым раздзеле VIII, AL 298, Папа гаворыць пра разведзеных, якія ўдзельнічаюць у другім саюзе, “які з часам умацаваўся, з новымі дзецьмі, з праверанай вернасцю, велікадушнай ахвярнасцю, хрысціянскай актыўнасцю, усведамленнем няправільнасці сваёй сітуацыі і немагчымасцю зрабіць крок назад без адчування ў сумленні, што можна набыць новую віну. Касцёл прызнае сітуацыі, “калі мужчына і жанчына, якія па сур’ёзных прычынах — напрыклад, выхаванне дзяцей — не могуць разысціся”. У зносцы 329 Папа цытуе дакумент Gaudium et Spes Другога Ватыканскага сабору; на жаль, ён робіць гэта некарэктна, таму што гэтыя словы Сабор адносіць толькі да сапраўднага хрысціянскага сужэнства. Прымяненне іх да разведзеных асобаў можа выклікаць уражанне, што сапраўднае сужэнства трэба ўраўняць з саюзам разведзеных асобаў, калі не ў тэорыі, дык прынамсі на практыцы.

Допуск разведзеных і паўторна жанатых асобаў да Святой Камуніі і яго наступствы

На жаль, AL не цытуе даслоўна прынцыпаў, якія ляжаць у аснове маральнага вучэння Касцёла, у той форме, у якой яны сфармуляваныя ў пункце 84 апостальскай адгартацыі Familiaris Consortio і ў энцыкліцы Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor, асабліва на наступныя тэмы першараднай важнасці: “фундаментальны выбар” (Veritatis splendor, 67-68), “смяротны і штодзённы грэх” (там жа, 69-70), “прапарцыяналізм, кансеквенцыялізм” (там жа, 75), “мучаніцтва і універсальныя і нязменныя маральныя нормы” (там жа, 91 і наст.). Даслоўнае цытаванне Familiaris Consortio, 84 і некаторых найбольш значных выказванняў з Veritatis splendor зрабіла б AL непрыступнай для неартадаксальных інтэрпрэтацый. Агульныя намёкі на маральныя прынцыпы і на вучэнне Касцёла, напэўна, недастатковыя ў далікатных і фундаментальна важных спрэчных пытаннях.

Прадстаўнікі духавенства і нават епіскапат ужо пацвярджаюць, што, паводле духа раздзела VIII AL, нельга выключаць магчымасці таго, што ў выключных выпадках разведзеныя і паўторна жанатыя асобы могуць быць дапушчаныя да Святой Камуніі без патрабавання жыць у дасканалым устрыманні.

Калі мы прымем такую інтэрпрэтацыю слова і духа AL і калі мы хочам быць інтэлектуальна сумленнымі і паважаць закон несупярэчнасці, мы павінны таксама прыняць наступныя лагічныя наступствы:

  • Шостае Божае прыказанне, якое забараняе якія б то ні было сэксуальныя адносіны па-за сапраўдным сужэнствам, больш не будзе насіць універсальны характар, а будзе дазваляць выключэнні. У нашым выпадку гэта будзе азначаць, што разведзеныя змогуць практыкаваць сужэнскі акт і нават будуць атрымліваць заахвоту рабіць так, каб дапамагчы ім захоўваць “узаемную вернасць” (пар. AL, 298). Адпаведна, магла б існаваць “вернасць” у жыцці, якая непасрэдна супярэчыць яснай Божай волі. Аднак заахвочванне і легітымізацыя актаў, якія супярэчаць і заўсёды будуць супярэчыць Божай волі, азначала б супярэчанне Божаму Адкрыццю.
  •  Словы самога Хрыста: “Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае” (Мц 19:6) не прымяняліся б заўсёды і да ўсіх сужэнцаў без выключэння.
  • У асаблівых выпадках было б можна атрымаць сакрамэнт пакаяння і Святую Камунію, маючы намер працягваць непасрэднае парушэнне Божых прыказанняў “Не чужалож” (Зых 20:14) і “Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае” (Мц 19:6, Быц 2:24).
  • Захаванне гэтых прыказанняў і Божага слова было б у такім выпадку справай тэорыі, а не практыкі, і прывяло б разведзеных і паўторна жанатых асобаў да самападману (пар. Як 1:22). Як вынік, стала б магчыма дасканала верыць у боскую прыроду шостага Прыказання і ў неразрыўнасць сужэнства, не дзейнічаючы пры гэтым адпаведна.
  • Божыя словы Хрыста: “Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць” (Мк 10:11-12) не былі б універсальна сапраўднымі і падлягалі б выключэнням.
  • Пастаяннае, наўмыснае і свабоднае парушэнне шостага Божага прыказання, а таксама святасці і неразрыўнасці сапраўднага і валіднага сужэнства (у выпадку разведзеных і паўторна жанатых параў) больш не было б цяжкім грахом, гэта значыць, непасрэдным супрацівам Божай волі.
  • Маглі б існаваць выпадкі сур’ёзнага, наўмыснага і свабоднага парушэння аднаго з іншых Божых прыказанняў (напрыклад, у выпадку фінансавай карупцыі), у якіх асоба магла б атрымаць доступ да сакрамэнтаў дзякуючы змякчальным абставінам, але гэты доступ не залежыў бы ад шчырай пастановы надалей устрымлівацца ад такіх грахоўных дзеянняў і скандалу.
  • Пастаяннае і беспамылковае навучанне Касцёла не было б больш універсальна верным, асабліва вучэнне, пацверджанае Папам Янам Паўлам ІІ у Familiaris Consortio, 84 і Папам Бенедыктам XVI у Sacramentum Caritatis, 29, згодна з якімі, папярэдняй умовай доступу разведзеных і паўторна жанатых асобаў да сакрамэнтаў з’яўляецца дасканалае ўстрыманне.
  • Захаванне шостага Божага прыказання і неразрыўнасці сужэнства стала б ідэалам, які дасягальны не для кожнага, але толькі для нейкага роду эліты.
  • Бескампрамісныя словы Хрыста, якія загадваюць чалавеку захоўваць Божыя прыказанні заўсёды і ва ўсіх абставінах, і нават прымаць на сябе значнае цярпенне, каб выканаць гэта, іначай кажучы, прыняць Крыж, больш не былі б абсалютнай праўдай: “І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену” (Мц 5:30).

Дазвол парам, якія жывуць у “неўрэгуляваных саюзах”, прымаць Святую Камунію і практыкаваць акты, якія зарэзерваваныя да сужэнцаў у сапраўдных шлюбах было б раўназначна узурпацыі ўлады, якая не належыць ніводнай чалавечай уладзе, таму што гэта было б прэтэнзіяй на карэктаванне Слова самога Бога.

Небяспека супрацоўніцтва Касцёла ў распаўсюджванні “пошасці разводаў”

Вызнаючы вечнае вучэнне нашага Пана Езуса Хрыста, Касцёл навучае: “Касцёл, верны Пану, не можа прызнаць сужэнствам грамадзянскі саюз разведзеных. «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чыніць распусту» (Мк 10:11-12). У адносінах да іх Касцёл праяўляе старанны клопат і запрашае да жыцця ў веры, да малітвы, да справаў любові і хрысціянскага выхавання дзяцей. Аднак яны не могуць атрымліваць сакрамэнтальнага адпушчэння грахоў, прымаць эўхарыстычную Камунію, выконваць некаторыя касцёльныя абавязкі да таго часу, пакуль доўжыцца такая сітуацыя, якая аб’ектыўна супярэчыць Божаму закону” (Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, 349).

Жыццё ў несапраўдным сужэнскім саюзе і пастаяннай супярэчнасці Божаму прыказанню і святасці і неразрыўнасці сужэнства азначае жыццё ў няпраўдзе. Заявы аб тым, што наўмыснае, свабоднае і пастаяннае практыкаванне сэксуальных актаў у несапраўдным сужэнскім саюзе ў індывідуальных выпадках больш не з’яўляецца цяжкім грахом, не праўдзівыя, гэта сур’ёзная хлусня, якая ніколі не прынясе сапраўднай радасці любові. Адпаведна, дазвол такім асобам на прыняцце Святой Камуніі — гэта падман, крывадушнасць і хлусня. Божае слова ў Пісанні ўсё яшчэ сапраўднае: “Хто кажа: «Я ведаю Яго», — а не захоўвае запаведзі Ягоныя, той ілгун і няма ў ім праўды” (1 Ян 2:4).

Магістэрый Касцёла навучае нас пра універсальную сапраўднасць дзесяці прыказанняў: “Паколькі яны выражаюць фундаментальныя абавязкі чалавека ў адносінах да Бога і бліжняга, дзесяць прыказанняў у сваім першапачатковым змесце адкрываюць сур’ёзныя абавязкі. Яны фундаментальна нязменныя, і яны абавязваюць заўсёды і ўсюды. Ніхто не можа вызваліць ад іх” (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2072). Тыя, хто заяўлялі, што Божыя прыказанні, уключаючы прыказанне “Не чужалож”, дапускаюць выключэнні і што ў некаторых выпадках людзі не павінны несці адказнасць за памылку разводу, былі фарысеямі і — пазней — хрысціянскімі гностыкамі другога і трэцяга стагоддзяў.

Наступныя сцвярджэнні Магістэрыя ўсё яшчэ верныя, таму што яны з’яўляюцца часткай беспамылковага Магістэрыя, бо выражаюцца універсальным і звычайным Магістэрыем: “Негатыўныя прадпісанні натуральнага закону дзейнічаюць універсальна. Яны абавязваюць усіх і кожнага, заўсёды і ў любых абставінах. Мова ідзе пра забарону некаторых дзеянняў semper et pro semper без выключэння. … ёсць формы паводзінаў, якія ніколі і ў ніякай сітуацыі не могуць лічыцца правільнымі. … Касцёл заўсёды вучыў, што ні ў якім выпадку не трэба здзяйсняць учынкі, забароненыя маральнымі прыказаннямі Старога і Новага Запаветаў, выражанымі ў негатыўнай форме. Як мы ўжо бачылі, Езус сам падкрэслівае, што гэтыя забароны не дазваляюць выключэнняў: “Калі хочаш увайсці ў жыццё, захоўвай запаведзі… Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва” (Мц 19:17-18) (Св. Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis Splendor, 52).

Магістэрый Касцёла навучае нас нават больш ясна: “Добрае і чыстае сумленне асвятляецца праўдзівай верай, бо цнота паходзіць адначасова “з чыстага сэрца, добрага сумлення і праўдзівай веры” (1 Цім 1:5, пар. 3:9, 2 Цім 1:3, 1 П 3:21, Дз 24:16)” (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1794).

У выпадку, калі асоба здзяйсняе аб’ектыўна грахоўныя маральныя акты ў поўнай свядомасці грахоўнасці такіх фактаў, свабодна і наўмысна, і з намерам паўтараць такія акты ў будучыні, немагчыма прымяняць прынцып прымяняльнасці віны з увагі на змякчальныя абставіны. Прымяненне гэтага прынцыпу да разведзеных і паўторна жанатых параў будзе крывадушнасцю і гнастычным сафізмам. Калі б Касцёл прынамсі ў адзіным выпадку дазволіў такім людзям прымаць Святую Камунію, ён супярэчыў бы свайму ўласнаму вучэнню, даў бы публічнае сведчанне супраць неразрыўнасці сужэнства і спрычыніўся б да распаўсюджвання “пошасці разводаў” (ІІ Ватыканскі сабор, Gaudium et spes, 47).

Каб пазбегнуць такой нясцерпнай і скандальнай супярэчнасці, Касцёл у сваёй беспамылковай інтэрпрэтацыі Божай праўды маральнага закону і неразрыўнасці сужэнства на працягу дзвюх тысяч гадоў непарушна захоўваў практыку допуску да Святой Камуніі толькі тых разведзеных, якія жывуць у дасканалым устрыманні і remoto scandalo без усялякіх выключэнняў і прывілеяў.

Першая пастырская задача, якую Пан даручыў свайму Касцёлу, гэта навучанне, дактрына (пар. Мц 28:20). Захаванне Божых запаведзяў цесна звязана з дактрынай. З гэтай прычыны Касцёл заўсёды адпрэчваў якую-небудзь супярэчнасць паміж дактрынай і практычным жыццём, параўноўваючы такія супярэчнасці з гнастычнымі альбо з ерэтычнай лютэраўскай тэорыяй “simul iustus et peccator“. Паміж верай і штодзённым жыццём дзяцей Касцёла не павінна быць супярэчнасцяў. Маючы справу з захаваннем яўных загадаў Бога і з неразрыўнасцю сужэнства, мы не можам казаць пра супрацьлеглыя тэалагічныя інтэрпрэтацыі. Калі Бог кажа: “не чужалож”, ні адна чалавечая ўлада не можа сказаць: “у некаторых выключных выпадках або дзеля дабра ты можаш чужаложыць”.

Наступныя суджэнні Папы Францішка вельмі важныя. Папа кажа пра інтэграцыю разведзеных і паўторна жанатых асобаў у жыццё Касцёла: “Распазнаванне заўсёды павінна браць пад увагу патрабаванні евангельскай праўды і любові, якую прапануе Касцёл. …Неабходна запэўніць неабходныя ўмовы для пакоры, далікатнасці, любові да Касцёла і яго вучэння. …Няма пагрозы, што нейкае распазнаванне прывядзе да меркавання, што Касцёл падтрымлівае падвойную маральнасць (AL, 300)”. Гэтыя пахвальныя сцвярджэнні ў AL, аднак, застаюцца без канкрэтных удакладненняў па пытанні абавязку разведзеных і паўторна жанатых асобаў жыць асобна ці прынамсі жыць у дасканалым устрыманні.

Калі мова ідзе пра цялеснае жыццё і смерць, ніводзін урач не будзе выказваць свае меркаванні ў неадназначнай манеры. Урач не можа сказаць пацыенту: “Вам трэба вырашыць, прымаць ці не прымаць гэты лек у адпаведнасці з вашым сумленнем, але пры гэтым паважаючы законы медыцыны”. Такія паводзіны ўрача хутчэй за ўсё будуць лічыцца безадказнымі. Але ж жыццё нашай несмяротнай душы яшчэ больш важнае, бо ад здароўя душы залежыць яе лёс у вечнасці.

Вызваляльная праўда пакаяння і таямніцы Крыжа

Казаць, што разведзеныя і паўторна жанатыя асобы не з’яўляюцца публічнымі грэшнікамі ў Касцёле, — гэта падманлівае прадстаўленне фактаў. Больш за тое, сапраўдны стан усіх членаў ваюючага Касцёла на зямлі — гэта стан грэшнікаў. Калі разведзеныя і паўторна жанатыя асобы кажуць, што іхнія дабравольныя і свядомыя дзеянні супраць шостага Божага прыказання не заўсёды грэшныя альбо прынамсі не з’яўляюцца цяжкімі грахамі, яны падманваюць сябе, і праўды ў іх не будзе, як кажа св. Ян: “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі ж вызнаём грахі нашыя, то Ён, верны і справядлівы, адпусціць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці. Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас слова Ягонага” (1 Ян 1:8-10). 

Прыняцце разведзенымі і паўторна жанатымі асобамі таго факту, што яны з’яўляюцца грэшнікамі і нават публічнымі грэшнікамі, не адбярэ ў іх хрысціянскай надзеі. Толькі прыняцце рэальнасці і праўды дасць ім магчымасць стаць на шлях плённага пакаяння, згодна са словамі Езуса Хрыста.

Было б вельмі карысна аднавіць дух ранніх хрысціянаў і айцоў Касцёла таго часу, калі існавала жывая салідарнасць паміж вернікамі і публічнымі грэшнікамі. А гэтая салідарнасць засноўвалася на праўдзе. У такой салідарнасці не было нічога дыскрымінацыйнага. Наадварот, увесь Касцёл заступніцкай малітвай, слязьмі, актамі ўзнагароджання і міласэрнасці ўдзельнічаў у пакаяльным працэсе публічных грэшнікаў.

Апостальская адгартацыя Familiaris Consortio навучае, што “нават тыя, хто адхіліўся ад прыказання Пана і яшчэ жыве ў гэтым стане (разведзеным і паўторна жанатым) можа атрымаць ад Бога ласку навяртання і збаўлення, калі будзе трываць у малітве, пакаянні і справах міласэрнасці” (№ 84).

Падчас першых стагоддзяў публічныя грэшнікі былі інтэграваныя ў малітоўную супольнасці вернікаў, і ім прадпісвалі кленчыць з узнесенымі рукамі, каб выпрошваць заступніцтва сваіх братоў. Тэртуліян падае такое ўзрушваючае сведчанне: “Цела не можа радавацца, калі адзін з членаў пакутуе. Яно павінна пакутаваць і імкнуцца да адновы ў сваёй цэласнасці. Калі ты прыпадаеш да каленяў тваіх братоў, ты дакранаешся да Хрыста і Хрыста ўпрошваеш. Падобным чынам, калі яны праліваюць слёзы над табой, Хрыстус суперажывае” (De paenitentia, 10, 5-6). Св. Амброзій з Мілана знайшоў падобныя словы: “Увесь Касцёл прымае на сябе ярмо грэшніка, пакутуючы з ім праз слёзы, малітву і спачуванне” (De paenitentia 1, 81).

Гэта праўда, што формы пакаяльнай дысцыпліны Касцёла змяніліся. Аднак дух гэтай дысцыпліны павінен жыць у Касцёле ва ўсе часы. Сёння святары і біскупы, якія пакладаюцца на некаторыя сцярджэнні ў AL, пачынаюць казаць разведзеным і паўторна жанатым асобам, што іхні стан не робіць іх публічнымі грэшнікамі з аб’ектыўнага пункту гледжання. Яны супакойваюць іх, заяўляючы, што іхнія сэксуальныя адносіны не з’яўляюцца цяжкім грахом. Такая пазіцыя не адпавядае праўдзе. Яны пазбаўляюць разведзеных і паўторна жанатых асобаў магчымасці радыкальна навярнуцца і стаць паслухмянымі Богу, пакідаючы гэтыя душы жыць у ілюзіі. Такі пастырскі падыход вельмі просты, танны і нічога не варты. Няма слёз, малітваў і пасрэдніцкай працы, натхнёнай братэрскай любоўю і прынасімай на карысць разведзеных і паўторна жанатых асобаў.

Дапускаючы разведзеных і паўторна жанатых асобаў да Святой Камуніі, нават у выключных выпадках, не просячы іх спыніць дзеянні супраць шостай Божай запаведзі, а таксама саманадзейна заяўляючы, што іх спосаб жыцця не з’яўляецца цяжкім грахом, мы абіраем простае выйсце, ліквідуючы факт крыжа. Такая пастырская апека разведзеных і паўторна жанатых асобаў эфемерная і падманлівая. Да ўсіх, хто абараняе гэтае таннае і лёгкае выйсце для разведзеных і паўторна жанатых, Езус усё яшчэ скіроўвае словы: “Адыдзі ад мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае!” А вось, што Езус сказаў сваім вучням: “Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною” (Мц 16:24-25).

Што датычыцца пастырскай апекі разведзеных і паўторна жанатых параў, трэба зноў запаліць агонь наследавання Хрыста праз праўду крыжа і пакаяння, бо толькі яны могуць прынесці сталую радасць, пазбягаючы эфемерных прыемнасцяў, якія ўрэшце з’яўляюцца падманлівымі. Наступныя словы Папы Грыгорыя Вялікага не толькі праўдзівыя ў адносінах да нашай цяперашняй сітуацыі, але і праліваюць на яе зыркае святло: “Мы не павінны прыляпляць сваіх сэрцаў да зямнога выгнання, супакой гэтага жыцця не павінен прымусіць нас забыцца пра сапраўдную Айчыну, каб душа не сталася соннай сярод гэтых прыемнасцяў. Таму Бог да сваіх дароў дадае пакаранні, каб усё, што было салодкім для нас, рабілася горкім, а ў душы запальваўся той агонь, які аднаўляе ў нас жаданне нябесных рэчаў і прымушае нас рухацца наперад. Гэты агонь забаўляльна ўгрызае, прыемна мучыць і весела засмучае” (На Эзэкіэля 2, 4, 3).

Дух сапраўднай пакаяльнай дысцыпліны ранняга Касцёла заўсёды заставаўся жывым у Касцёле да сённяшняга дня. У нас ёсць бліскучы прыклад бл. Лауры Вікуньі дэль Кармэн, якая нарадзілася ў 1891 годзе ў Чылі. Сястра Асакар, якая прыглядала за Лаурай, успамінае: “Я памятаю, калі я першы раз тлумачыла сакрамэнт сужэнства, Лаура страціла прытомнасць, магчыма, таму, што з маіх словаў яна зразумела, што яе маці жыла ў смяротным граху ўвесь час, калі заставалася з гэтым спадаром. У той час у Хуніне толькі адна сям’я жыла ў згодзе з Божай воляй”. Тады Лаура памножыла малітвы і пакутныя практыкі за сваю маці. Яна прыняла першую Святую Камунію 2 чэрвеня 1901 года з вялікай стараннасцю. Яна напісала наступныя пастановы: “1. Я хачу любіць і служыць табе ўсё маё жыццё, о мой Езу; таму я ахвярую табе маю душу, маё сэрца і ўсё маё існаванне. 2. Я лепш памру, чым пакрыўджу цябе грахом, таму я жадаю аддаліцца ад усяго, што можа аддзяліць мяне ад цябе. 3. Я абяцаю рабіць усё, нават калі прыйдзецца рабіць вялікія ахвяры, каб цябе яшчэ больш ведалі і любілі, а таксама ўзнагароджваць табе за знявагі, якія штодзённа робяць табе тыя, хто не любіць цябе, асабліва за тыя знявагі, якія ты атрымліваеш ад маіх блізкіх. О, мой Божа, дай мне жыццё любові, паслухмянасці і ахвяры!” Але яе вялікая радасць была зацемненая тым, што яна бачыла, як яе маці, прысутная на цырымоніі, не прымала Камунію. У 1902 годзе Лаура ахвяравала сваё жыццё за маці, якая ў Аргентыне жыла з мужчынам у неўрэгуляваным саюзе. Лаура памножыла малітвы і ахвяры за сапраўднае навяртанне сваёй маці. За некалькі гадзінаў да смерці яна паклікала маці і сказала ёй: “Мама, я паміраю. Я папрасіла Езуса аб гэтым, і мае малітвы былі выслуханыя. Амаль два гады таму я ахвяравала сваё жыццё дзеля ласкі твайго навяртання. Мама, ці не атрымаю я радасці ўбачыць, як ты пакаешся перад маёй смерцю?” Яе маці была шакаваная і ўсхваляваная. Яна абяцала: “Заўтра раніцай я пайду ў касцёл і прыступлю да споведзі”. Лаура паглядзела на святара, які наведваў яе, і сказала: “Айцец, мая маці толькі што паабяцала пакінуць гэтага чалавека, будзьце сведкам яе абяцання!” І дадала: “Цяпер я магу памерці шчаслівай!” З гэтымі словамі яна адышла 22 студзеня 1940 года ў Хунін-дэ-Лос-Андэсе (Аргентына) ва ўзросце 13 гадоў на руках сваёй маці, якая зноў вярнулася да веры і паклала канец неўрэгуляванаму саюзу, у якім яна жыла.

Дзівосны прыклад жыцця малой дзяўчынкі, цяпер вядомай пад імем благаслаўлёнай Лауры, з’яўляецца дэманстрацыяй сур’ёзнасці, з якой сапраўдны каталік успрымае шостую Божую запаведзь, а таксама святасць і неразрыўнасць сужэнства. Наш Пан Езус Хрыстус загадаў нам пазбягаць нават выгляду прызнання неўрэгуляванага ці чужаложнага саюза. Касцёл заўсёды верна захоўваў і перадаваў гэтае Божае прыказанне ў сваім навучанні і практыцы без усялякіх неадназначнасцяў. Ахвяруючы сваё маладое жыццё, благаслаўлёная Лаура напэўна не хацела паказаць адну з магчымых дактрынальных ці пастырскіх інтэрпрэтацый. Ніхто не прыносіць сваё жыццё за магчымыя дактрынальныя ці пастаральныя інтэрпрэтацыі, а толькі за нязменную і ўніверсальна сапраўдную Божую праўду. Гэтую праўду прадэманстравалі шматлікія святых, якія ахвяравалі сваё жыццё, пачынаючы ад святога Яна Хрысціцеля да сённяшніх простых вернікаў, імёны якіх ведае толькі Бог.

Патрэба ў “Veritatis laetitia”

На шчасце, няма сумніву, што AL утрымлівае тэалагічныя пацвярджэнні, а таксама вельмі каштоўныя духоўныя і пастырскія інструкцыі. Аднак, кажучы рэалістычна, гэтага недастаткова, каб інтэрпрэтаваць AL згодна з традыцыйным навучаннем і практыкай Касцёла. Калі аказваецца, што касцёльны дакумент — у нашым выпадку ані дэфінітыўны, ані беспамылковы — утрымлівае элементы, якія могуць даць пачатак інтэрпрэтацыям і прымяненням з небяспечнымі духоўнымі наступствамі, усе члены Касцёла, а асабліва біскупы як брацкія супрацоўнікі Вярхоўнага Пантыфіка ў дзейснай калегіяльнасці, маюць абавязак паведаміць аб гэтым і з пашанай папрасіць аўтэнтычнай інтэрпрэтацыі.

У пытаннях, якія датычацца Божай Веры, Божых прыказанняў і святасці і неразрыўнасці сужэнства, усе члены Касцёла, ад простых вернікаў да найвышэйшага прадстаўніка Магістэрыя, павінны злучыць свае намаганні, каб захаваць некранутай скарбніцу веры і практыкі. Фактычна, Другі Ватыканскі сабор навучаў: “Уся супольнасць вернікаў, якія маюць намашчэнне ад Святога (пар. 1 Ян 2:20.27), не можа памыліцца ў веры і выяўляе сваю адметнасць праз звышпрыроднае пачуццё веры ўсяго народу, калі, «пачынаючы ад біскупаў аж да апошняга са свецкіх вернікаў» (св. Аўгустын, De Praed. Sanct. 14, 27: PL 44, 980), яна праяўляе сваю ўсеагульную згоду ў пытаннях веры і звычаяў. Дзякуючы гэтаму пачуццю веры, якое абуджае і падтрымлівае Дух праўды, Божы народ пад кіраўніцтвам святога Настаўніцкага Інстытута Касцёла прымае ўжо не чалавечае, а сапраўды Божае слова (пар. 1 Тэс 2:13), непахісна трымаецца веры, аднойчы перададзенай святым (пар. Юд 3), глыбей спасцігае яе з дапамогай слушнай ацэнкі і паўней выкарыстоўвае яе ў жыцці” (Lumen gentium, 12). Са свайго боку, “Настаўніцкі Інстытут Касцёла не вышэйшы за Божае слова, але служыць яму, навучаючы толькі таму, што было перададзена” (Dei Verbum, 10).

Менавіта Другі Ватыканскі сабор заахвоціў вернікаў, асабліва біскупаў, выказваць праблемы і назіранні без страху дзеля дабра ўсяго Касцёла. Дагодлівасць і паліткарэктнасць прынеслі разбуральнае зло ў жыццё Касцёла. Вядомы біскуп і тэолаг Трыдэнцкага сабору Мельхіёр Кана ОР сказаў такія запамінальныя словы: “Пётр не патрабуе нашай хлусні і ліслівасці. Тыя, хто закрывае вочы на факты і без разбору абараняе любое рашэнне Вярхоўнага Пантыфіка, наносяць найбольшую шкоду аўтарытэту Святога Пасаду. Яны разбураюць ягоныя асновы замест таго, каб умацоўваць іх”.

Наш Пан вельмі ясна вучыў нас, чым з’яўляецца сапраўдная любоў і сапраўдная радасць любові: “Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне” (Ян 14, 21). Калі Ён даў чалавеку шостую запаведзь і загадаў яму захоўваць неразрыўнасць сужэнства, Ён даў яе ўсім людзям без выключэння, а не толькі эліце. Яшчэ ў Старым Запавеце Бог сказаў: “Запаведзь, якую я даў табе сёння, не далёкая і не недаступная для цябе” (Дрг 30:11) і “Калі захочаш, выканаеш запаведзі і захаваеш вернасць яго волі” (Сір 15:15). І Езус сказаў усім: “Калі хочаш увайсці ў жыццё, захоўвай запаведзі” — “Якія?” — “Не забівай, не чужалож” (Мц 19:17-18). З навукі апосталаў мы атрымалі тую самую дактрыну: “Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі” (1 Ян 5:3).

Не існуе сапраўднага звышнатуральнага і вечнага жыцця без захавання Божых запаведзяў: “Я загадваю табе выконваць Яго запаведзі. Я паклаў перад табой жыццё і смерць. Выберы жыццё!” (Дрг 30:16.19). Таму не існуе сапраўднага жыцця і сапраўднай радасці любові без праўды. Аўтэнтычнае хрысціянскае жыццё заключаецца ў жыцці і радасці праўды: “Для мяне няма большай радасці, як чуць, што мае дзеці жывуць у праўдзе” (3 Ян 4).

Св. Аўгустын тлумачыць цесную сувязь паміж радасцю і праўдай: “Калі я спытаюся ва ўсіх, у чым яны хочуць знайсці радасць: у праўдзе ці хлусні, то ніхто не засумняваецца і ўсе адкажуць, што ў праўдзе, як і не засумняваюцца сказаць, што хочуць быць шчаслівыя, бо шчаслівае жыццё — гэта радасць праўды, радасці праўды хочуць усе” (Споведзь, Х, 23).

Небяспека ўсеагульнага замяшання адносна неразрыўнасці сужэнства

Ужо некаторы час у некаторых месцах і асяроддзях жыцця Касцёла мы назіралі маўклівае надужыванне допускам разведзеных і паўторна жанатых асобаў да Святой Камуніі без патрабавання жыцця ў дасканалым устрыманні. Няясныя заявы ў радзеле VIII AL далі новую дынаміку абаронцам допуску разведзеных і паўторна жанатых да Святой Камуніі ў асаблівых выпадках.

Зараз мы назіраем, што гэтае надужыванне ўсё больш распаўсюджваецца на практыцы, паколькі тыя, хто за яго выступаюць, цяпер у некаторай ступені адчуваюць сябе апраўданымі. Таксама відавочна існуе некаторае замяшанне, якое датычыцца інтэрпрэтацыі адпаведных заяваў у раздзеле VIII адгартацыі AL. Гэтае замяшанне павялічваецца тым фактам, што усе — і абаронцы допуску разведзеных і паўторна жанатых асобаў да Святой Камуніі, і іхнія апаненты — кажуць, што дактрына Касцёла ў гэтым пытанні не змянілася.

Пасля належнага разгляду гістарычных і дактрынальных адрозненняў нашая сітуацыя паказвае некаторыя паралелі і аналогіі з агульным замяшаннем, выкліканым арыянскім крызісам у чацвёртым стагоддзі. У той час апостальская і традыцыйная вера ў сапраўдную боскасць Божага сына захоўвалася пры дапамозе тэрміна “адзінасутны” (homoousios), які быў дагматычна абвешчаны ўніверсальным Магістэрыем Першага Нікейскага сабору. Глыбокі крызіс веры, які суправаджаўся амаль паўсюдным замяшаннем, быў выкліканы найперш адмовай ці пазбяганнем выкарыстання і вызнавання слова “адзінасутны” (homoousios). Клерыкі і найперш епіскапат пачалі прапаноўваць альтэрнатыўныя выразы, недакладныя і неадназначныя, напрыклад, “падобны ў сутнасці” (homoiousios) ці проста “падобны” (homoios). Формула “homoousios“, прынятая ўніверсальным Магістэрыем таго часу, выражала поўную і сапраўдную боскасць СЛОВА настолькі дакладна, што не заставалася варыянтаў для іншых інтэрпрэтацый.

У 357—360 гадах амаль увесь епіскапат стаўся арыянскім ці паўарыянскім у рэзультаце наступных здарэнняў. У 357 годзе Папа Ліберый падпісаў адну з неадназначных фармулёвак Сірмія, з якой быў выкінуты тэрмін “homoousios“. Акрамя таго, Папа скандальным чынам экскамунікаваў св. Атаназія. Св. Іларый Піктавійскі быў адзіным біскупам, які асмеліўся выказаць жорсткую заўвагу Папу Ліберыю з нагоды гэтых неадназначных дзеянняў. У 359 годзе паралельныя сіноды заходняга епіскапату ў Рыміні і ўсходняга епіскапату ў Селеўкіі прынялі цалкам арыянскія формулы, нават горшыя за неадназначныя фармулёўкі Папы Ліберыя. Апісваючы замяшанне тых часоў, св. Геранім казаў: “Усе былі здзіўленыя, усвядоміўшы, што яны сталі арыянамі” (“Ingemuit totus orbis, et arianum se esse miratus est”: Adv Lucif, 19).

Верагодна, у наш час ужо распаўсюджваецца замяшанне адносна сакрамэнтальнай дысцыпліны для разведзеных і паўторна жанатых параў. Існуюць вельмі рэальныя падставы меркаваць, што яно дасягнула сапраўды агромністых прапорцый, калі ўжо не прапаноўваецца і не абвяшчаецца наступная формула ўніверсальнага і беспамылковага Магістэрыя: “Паяднанне ў сакрамэнце Пакаяння, якое адкрывае шлях да Эўхарыстыі, можа быць дадзена толькі тым, хто бярэ на сябе абавязак жыць у поўным устрыманні, гэта значыць, ва ўстрыманні ад актаў, якія належаць жанатым парам” (Св. Ян Павел ІІ, Familiaris Consortio, 84). На жаль, гэтая формула неспасцігальным чынам адсутнічае ў AL. Разам з тым, у апостальскай адгартацыі прысутнічае наступная невытлумачальная фраза: “У такіх сітуацыях многія, ведаючы і прымаючы магчымасць заставацца ў шлюбе “як брат і сястра”, якую прапануе ім Касцёл, адкрываюць, што калі няма пэўных праяў інтымнасці, “то вернасць нярэдка выпрабоўваецца, а дабро патомства ставіцца пад пагрозу” (AL, зноска 329). Гэтае сцвярджэнне пакідае ўражанне супярэчнасці з традыцыйным навучаннем універсальнага Магістэрыя, якое сфармулявана ў працытаваным урыўку з Familiaris Consortio, 84.

Існуе неадкладная неабходнасць таго, каб Святы Пасад пацвердзіў і паўторна абвясціў працытаваную формулу з Familiaris Consortio, 84, магчыма, у форме аўтэнтычнай інтэрпрэтацыі AL. Гэтую формулу можна разглядаць, у некаторай ступені, як “homoousios” нашых дзён. Адсутнасць падобнага фармальнага і яўнага пацвярджэння Апостальскай Сталіцай формулы з Familiaris Consortio, 84, можа зрабіць унёсак у вялікае замяшанне адносна сакрамэнтальнай дысцыпліны з далейшымі паступовымі і непазбежнымі наступствамі для дактрынальных пытанняў. Гэта можа прывесці да сітуацыі, да якой у будучыні можна будзе прымяніць наступнае сцвярджэнне: “Усе былі здзіўленыя, усвядоміўшы, што развод быў прыняты на практыцы” (“Ingemuit totus orbis, et divortium in praxi se accepisse miratus est”).

Замяшанне адносна сакрамэнтальнай дысцыпліны для разведзеных і паўторна жанатых асобаў з такімі непазбежнымі дактрынальнымі наступствамі будзе супярэчыць прыродзе Каталіцкага Касцёла, якую наступным чынам у другім стагоддзі апісаў св. Ірынэй: “Атрымаўшы гэтае прапаведванне і гэтую веру, Касцёл, хоць і рассеяны па свеце, верна захоўвае іх, як быццам жыве ў адным доме, верыць ідэнтычна, як быццам бы мае толькі адну душу і адно сэрца, а таксама прапаведуе, вучыць і перадае адзінадушным голасам, як быццам мае адны толькі вусны” (Adversus haereses, I, 10, 2).

Пасад Пятра, гэта значыць, суверэнны Пантыфік, з’яўляецца гарантам еднасці веры і апостальскай сакрамэнтальнай дысцыпліны. Зважаючы на замяшанне адносна сакрамэнтальнай практыкі для разведзеных і паўторна жанатых асобаў, а таксама на шматлікія адрозныя інтэрпрэтацыі AL сярод святароў і біскупаў, можна лічыць апраўданым заклік да нашага ўзлюбленага Папы Францішка, Намесніка Хрыста, “салодкага Хрыста на зямлі” (св. Кацярына Сіенская), аддаць загад апублікаваць аўтэнтычную інтэрпрэтацыю AL, якая абавязкова мусіць утрымліваць яўнае абвяшчэнне дысцыплінарнага прынцыпу ўніверсальнага і беспамылковага Магістэрыя адносна допуску разведзеных і паўторна жанатых параў да сакрамэнтаў, адпаведна з фармуліроўкай у Familiaris Consortio, 84.

Падчас вялікага арыянскага замяшання чацвёртага стагоддзя св. Базыль Вялікі неадкладна заклікаў Рымскага Папу просячы яго сваім словам даць ясны накірунак, каб нарэшце была забяспечаная еднасць думкі ў веры і міласэрнасці (пар. Ep., 70).

Аўтэнтычная інтэрпрэтацыя AL Апостальскай Сталіцай прынясе ўсяму Касцёлу радасць яснасці (“claritatis laetitia“). Гэтая яснасць забяспечыць радасць любові (“amoris laetitia“), любоў і радасць, якія будуць не чалавечыя, а Божыя (Мц 16:23). Бо за радасць лічыцца менавіта жыццё і вечнае збаўленне разведзеных і паўторна жанатых асобаў, а таксама ўсіх людзей.

+ Атаназіус Шнайдэр, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Астане, Казахстан


Пераклад здзейснены з аўтарызаванага англійскага тэкста і перадрукаваны з дазволу Яго Эксцэленцыі біскупа Атаназіуса Шнайдэра. Урыўкі з Amoris Laetitia цытуюцца па афіцыйным перакладзе ККББ.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар