Embrun_Notre-Dame_rosace_43

Частка 1: Багародзіца Марыя
Частка 2: Пётр, Павел
Частка 3: Андрэй, Якуб, Ян, Тамаш, Якуб, Філіп, Барталамей, Мацвей, Сымон, Юда Тадэвуш
Частка 4: Лін, Клет, Клімэнт, Сікст, Карнэлій, Кіпрыян, Лаўрэнцій, Хрызагон, Ян, Павел, Косма і Дам’ян
Частка 5: Ян, Стэфан, Мацей, Барнаба, Ігнацый, Аляксандр, Марцэлін, Пётр
Частка 6: Феліцыта, Перпетуя, Агата, Люцыя, Агнешка, Цэцылія, Анастасія

Rubens_apostel_andreas_grt

Св. Андрэй быў першым, хто пазнаў Месію, дзякуючы св. Яну Хрысціцелю. Поўны радасці, ён адразу прывёў да Пана свайго брата Сымона Пятра. Яго цяжкая і паспяховая місіянерская праца пачалася ў Скіфіі. Нарэшце ён прыйшоў у горад Патры ў Ахаі, дзе пацярпеў гераічнае мучаніцтва (30 лістапада 62 года). Правіцель Эгей дапытваў яго, апостал урачыста вызнаў веру ў Ахвяру Крыжа і Алтара, за што быў сказаны на смерць прывязаным да крыжа. Св. Андрэй — гэта апостал Крыжа. Якая прыгожая малітва, у якой ён, напоўнены энтузіязмам, аддае пашану Крыжу як дабру, якое ён горача любіць і якога доўга прагне: “Вітай, дарагі Крыжу, Ты быў асвячаны целам майго Пана і ўпрыгожаны Яго членамі, як каштоўнымі камянямі. Як доўга я сумаваў па табе! Нарэшце, ты дадзены мне, паводле маіх жаданняў! Прымі вучня Настаўніка, які вісеў на табе, забяры мяне ад людзей і аддай мяне Яму, які праз цябе збавіў мяне!” Ён заставаўся на крыжы два дні і адну ноч, ператварыўшы яго ў кафедру, з якой абвяшчаў укрыжаванага Хрыста, прапаведуючы не толькі цярпеннем і прыкладам сваіх цнотаў, але і шчырымі, узрушваючымі словамі. Нарэшце, зыркае святло ахапіла яго, і Крыж стаўся для яго лесвіцай у неба. Максіміла, вучаніца Хрыста, зняла цела з крыжа і пахавала яго. Гэтае святое цела захоўваецца ў катэдры Амальфі, а галава апостала — у базіліцы св. Пятра ў Рыме. Лічыцца, што ён пакутаваў на крыжы, складзеным з дзвюх бэлек, якія дыяганальна перакрыжоўваліся адна з адной. Таму такі крыж называецца Андрэеўскім (Х).

Peter_Paul_Rubens_-_St_James_the_Apostle_-_WGA20192Св. Якуб, называны Старэйшым, быў братам св. Яна, а абодва былі сынамі Зэбедэя. З прычыны іх палымянай рэўнасці і гарачага характару Пан называў іх сынамі грому (боанэргес). Пётр, Ян і Якуб былі выбраныя Панам сярод іншых апосталаў, бо толькі гэтыя трое маглі застацца з ім, калі Ён падняў дачку Яіра, калі перамяніўся на гары Табор і, нарэшце, падчас Яго агоніі ў садзе. Пасля Унебаўшэсця Езуса св. Якуб прапаведаваў у Юдэі і Самарыі. Затым, паводле старажытнага падання, ён паспяшыў у далёкую Іспанію, раскідваючы там першыя зерні хрысціянскай праўды. З усіх апосталаў, св. Якуб Старэйшы быў першым, хто выпіў з келіха Пана, паколькі ён быў сказаны на смерць ад мяча ў Ерузалеме Ірадам Агрыпам усяго праз дзевяць ці дзесяць гадоў пасля смерці Хрыста. Святыя рэліквіі былі даўно перавезеныя ў Іспанію, дзе знаходзяцца і цяпер у Сант’яга-дэ-Кампастэла, сталіцы Галісіі, якая па-за Рымам і Ерузалемам, належыць да найбольш адведваных месцаў у хрысціянстве.

Rubens_apostel_johannes_grtСв. Ян, “вучань, якога Езус любіў”, атрымліваў ад Пана больш спрыяння і прывілеяў, чым іншыя апосталы. З-за яго нявіннасці і цнатлівасці Пан уганараваў яго найбліжэйшым сяброўствам і блізкасцю. Hic est Joannes qui privilegio amoris praecipui ceteris altius a Domino meruit honorari (рэспансорый Касцёла). У той благаслаўлёны час, калі Езус, устанавіўшы святую Эўхарыстыю, даў сваім найвялікшы доказ сваёй любові, Ян ляжаў на Яго грудзях, на Найсвяцейшым Сэрцы Езуса, атрымліваючы шмат святла і любові. “Рэкі Евангелля ён выпіў з фантану святых грудзей Пана; шчаслівы апостал, якому былі адкрытыя нябесныя сакрэты!” Затым, паміраючы на Крыжы, Пан завяшчаў і даверыў свайму ўмілаванаму вучню самае дарагое і каштоўнае, менавіта сваю святую Маці. “Езус палюбіў Яна так пяшчотна”, — кажа Касцёл, — “таму што прывілей цнатлівасці зрабіў яго годным большай любові; бо выбраны Панам цнатлівым, ён заўсёды заставаўся цнатлівым. Толькі цнатліваму Пан даверыў Дзеву, цнатліваму вучню Ён даў цнатлівую Маці”. Св. Ян спачатку прапаведаваў у Палестыне, потым гісторыя нам паказвае яго ў Эфесе, дзе як апошні жывы апостал і з прычыны яго ўзнёслай духоўнасці і святасці ён меў моцны ўплыў на Касцёл у Малой Азіі, пакуль не памёр і не быў пахаваны ў вельмі сталым узросце.

Дык ці патрэбна слава мучаніцтва св. Яну? Зусім не. Пры імператары Даміцыяне ён быў прыведзены ў Рым і ўкінуты ў кацёл з кіпячым маслам, але цудоўным чынам ён выйшаў адтуль яшчэ больш чысты, свежы і бадзёры, чым дагэтуль. Той жа тыран выгнаў яго на востраў Патмас (81—96). Цярпенне, якое ён перанёс у Рыме, святкуецца Касцёлам 6 мая падчас спецыяльнага свята пад назвай “Св. Ян перад Лацінскімі варотамі”. У яго гонар там былі збудаваныя касцёл і капліца.

Rubens_apostel_thomasСв. Тамаш, званы Блізня, не адразу паверыў ва Уваскрасенне Пана, але потым ён праявіў сябе як палымяны абаронца і распаўсюднік веры сярод парфіянаў на ўсходзе. Кажуць, што на сваім шляху туды ён ахрысціў трох Каралёў. Ён дабраўся да Індыі, дзе на загад караля быў забіты ўдарам кап’я альбо, згодна з іншай гісторыяй, закаменаваны на смерць. Як духоўны архітэктар, ён лічыцца патронам архітэктуры і таму на выявах трымае высечаны камень.

Rubens_apostel_jakobus_mindere_grt

Св. Якуб Меншы быў сваяком Пана і называўся Яго братам. Св. Павел называе яго апорай Касцёла разам са св. Пятром і Янам. Ён адзіны апостал, які не прапаведаваў язычнікам, стаўшы біскупам Ерузалема. З прычыны пабожнасці і строгасці ён быў празваны Справядлівым і высока цаніўся нават юдэямі. З-за яго мужнага вызнання боскасці Хрыста ён быў скінуты ўніз з парапета Храма. Ён быў яшчэ здольны падняцца на калені, але натоўп кінуўся на яго з камянямі, а смяротны ўдар быў нанесены яму ў галаву кіем, які тады выкарыстоўвалі для вырабу тканіны (паміж 60 і 64). Свята апостала прыпадае на 1 мая (перанесена Папам Піем XII на 11 мая з-за свята Юзафа Працаўніка).

Rubens_apostel_philippusСв. Філіп быў чацвёртым рыбаком у Бэтсайдзе ў Галілеі, якога паклікаў Збаўца для апостальскай працы. У Евангеллі ён часта ўспамінаецца з адзнакай. Добра вядомае ягонае датклівае ўскліканне “Пане, пакажы нам Айца і дастаткова нам!” і адказ Езуса: “Філіп, хто бачыў Мяне, бачыў таксама і Айца!” Ён займаўся апостальскай працай у Фрыгіі і памёр на крыжы ў Іерапалі, забіты камянямі раз’юшаным народам. Целы святых апосталаў Філіпа і Якуба спачываюць пад галоўным алтаром касцёла Дванаццаці апосталаў, дзе адносна нядаўна яны былі эксгумаваныя і вывучаныя. Выявы св. Якуба адлюстроўваюць яго з крыжам, прыладай яго мучаніцтва, у выглядзе літары Т.

Rubens_apostel_bartolomeus_grt

Св. Барталамей — гэта, магчыма, і ёсць Натанаэль, які ўспамінаецца ў Евангеллі і якога прывёў да Пана Філіп. Ён прапаведаваў у Аравіі Фелікс, Індыі і Вялікай Арменіі, дзе ў Албанопалісе быў зажыва абдзёрты са скуры і абезгалоўлены. Рэліквіі яго святога цела захоўваюцца пад галоўным алтаром касцёла св. Барталамея на востраве Тыберына ў Рыме. Імператар Ота ІІІ перанёс іх у гэты касцёл, які сам і збудаваў. Апостал Барталамей часта прадстаўляецца з нажом у руцэ, што сімвалізуе прыладу яго жорсткай смерці.

Rubens_apostel_mattheus_grt

Св. Мацвей з’яўляўся і апосталам, і евангелістам. Калі Пан паклікаў яго, ён быў мытнікам. Пра яго апостальскую працу амаль нічога даставерна не вядома. У якасці прасторы яго змагання асабліва называюць Аравію і Эфіопію. Паводле некаторых аўтараў, ён быў спалены жывым, а паводле іншых, забіты дзідай. З 930 года яго святое цела пакладзена ў мітрапалітальным касцёле ў Салерна (цудоўны будынак, узведзены Робертам Гвіскарам), дзе ён ушаноўваецца як апякун горада.

Rubens_apostel_simon

Св. Сымон Зілот ва ўшанаванні Касцёлам злучаны са св. Юдам Тадэвушам, які быў братам св. Якуба Меншага. Абодва правялі і аддалі сваё жыццё ў працы ў Месапатаміі і Персіі, дзе Сымон быў перасечаны мячом напалам, а Юда забіты стрэламі. Іх святыя целы спачываюць у катэдры св. Пятра ў Рыме.

На гэтым пералік апосталаў заканчваецца, каб святая лічба дванаццаць не была перакрочана. Бо нумар дванаццаць сімвалічна абазначае “універсальнасць Хрыстовага Касцёла, які распаўсюджваецца на чатыры бакі свету, у адзінстве веры ў трыадзінага Бога. Таму святы горад Ерузалем, гэты вобраз Хрыстовага Касцёла ў яго завершанасці, мае чатыры сцяны, і ў кожнай тры брамы, а дванаццаць брамаў былі збудаваны на дванаццаці каштоўных пярлінах, якія насілі імёны дванаццаці апосталаў Баранка” (Ап. 21). Апосталы не толькі пасеялі зерне Божага слова, яны таксама працавалі над яго ростам, паліваючы яго потам свайго ілба і прымушаючы яго даваць плады крывёю свайго сэрца. Збудаваныя і пакладзеныя на вуглавым камені Хрыста, апосталы сталіся падмуркам Касцёла, які завецца апостальскім.


Аўтар: а. Нікалас Гір
Выданне: The Holy Sacrifice of the Mass, 1918
Ілюстрацыі: Cathédrale Notre-Dame du Réal d’Embrun (фота: GFreihalter, CC BY-SA); Пітэр Паўль Рубенс, з цыклу “12 апосталаў” (каля 1611)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz