Паколькі на наступным тыдні адзначаецца свята Унебаўшэсця Пана, будзе добрай ідэяй расказаць пра наступную рэч, пра якую нагадаў мне пастаянны чытач і якая датычыцца канцэпцыі знешняй урачыстасці гэтага і іншых святаў у надзвычайнай форме рымскага абраду.

У звычайнай форме рымскага абраду некаторыя святы, якія традыцыйна адзначаюцца ў буднія дні, напрыклад, Унебаўшэсце Пана і Божае Цела, рашэннем мясцовай Канферэнцыі біскупаў могуць быць перанесеныя на наступную нядзелю. Так сталася з абодвума гэтымі святамі ў Злучаных Штатах Амерыкі. У такіх месцах чацвер, у які традыцыйна адзначалася свята, становіцца буднім днём ці святам святога. Напрыклад, у гэтым годзе, у чацвер 26 мая 2016 года, у ЗША адзначаецца свята св. Філіпа Нэры, абавязковы ўспамн, таму што Божае Цела цалкам пераносіцца на наступную нядзелю.

У надзвычайнай форме, аднак, гэтыя святы не пераносяцца. Іх трэба абавязкова цэлебраваць (і Імшу, і Божы Афіцый) у традыцыйныя дні, гэта значыць, 5 і 26 мая. “Знешняя ўрачыстасць” — гэта пастаральнае рашэнне, якое можа прымацца, хоць і неабавязкова, у выпадках, калі значная колькасць вернікаў не можа прысутнічаць на свяце ў адпаведны дзень. Імша гэтага свята паўтараецца, але Афіцый не мяняецца і не супадае з Імшой. Рубрыкі Імшала 1962 года (№ 356-361) апісваюць гэта як “celebratio … festi absque Officio — цэлебрацыя свята без Афіцыя”. У сам дзень свята ў касцёле можна служыць столькі Імшаў, колькі магчыма, пажадана ці неабходна, але падчас знешняй урачыстасці можна служыць толькі дзве Імшы (№ 360), і толькі адна з іх можа быць спяванай.

Трэба таксама адзначыць, што, паводле гэтай рубрыкі, існуе толькі два святы, да якіх аўтаматычна дадаецца магчымасць служыць знешнюю ўрачыстасць: Святога Сэрца і Святога Ружанца. Першае свята можна паўтарыць у наступную нядзелю, а апошняе — у першую нядзелю кастрычніка, ці то перад, ці то пасля яго фіксаванай даты — 7 кастрычніка.

Дарэчы, зыходная логіка знешняй урачыстасці заключалася ў тым, што гэтае правіла прымянялася да святаў, якія мелі актавы, а таму прынамсі часткова адпавядалі Афіцыю ў нядзелю ў рамках сваёй актавы.


Аўтар: Gregory DiPippo
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: PattySixty’s, CC BY-SA (фрагмент)

Пераклад здзейснены з англійскага арыгіналу і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар