Christ_and_the_Twelve_Disciples_LACMA_50.33.11a-dЧастка 1: Багародзіца Марыя
Частка 2: Пётр, Павел
Частка 3: Андрэй, Якуб, Ян, Тамаш, Якуб, Філіп, Барталамей, Мацвей, Сымон, Юда Тадэвуш
Частка 4: Лін, Клет, Клімэнт, Сікст, Карнэлій, Кіпрыян, Лаўрэнцій, Хрызагон, Ян, Павел, Косма і Дам’ян
Частка 5: Ян, Стэфан, Мацей, Барнаба, Ігнацый, Аляксандр, Марцэлін, Пётр
Частка 6: Феліцыта, Перпетуя, Агата, Люцыя, Агнешка, Цэцылія, Анастасія

б) Пасля Багародзіцы Марыі ў Каноне згадваюцца дванаццаць апосталаў, прычым іх парадак адрозніваецца ад запісанага ў Святым Пісанні. Апосталы — гэта выбраныя пасланнікі, якім Пан Езус даў поўную моц як настаўнікам, святарам і пастырам, якія, як Яго прадстаўнікі, маглі б працягнуць справу адкуплення. Як соль зямлі і святло свету, яны павінны былі паўсюль устанаўліваць Божае Валадарства, пашыраць і ўзмацняць Касцёл. Каб падрыхтаваць іх да гэтага, Ён даў ім больш, чым іншым: сваю прысутнасць і адносіны, зрабіў іх непасрэднымі сведкамі свайго жыцця, цудаў і вучэння, сваёй мукі і ўваскрасення. Таму Ён абяцаў ім сваю дапамогу і спаслаў на іх з вышыні Святога Духа. Дзеля паслухмянасці гэтаму даручэнню Боскага Настаўніка апосталы пайшлі па свеце, каб навучыць і ахрысціць усе народы, прынесці ім благаслаўленні і разам з гэтым сапраўдную зямную радасць. “Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх голас, і да краёў свету іхнія словы” (Пс 18:5). Самаахвярнасць была іх служэннем і пакліканнем, іх жыццём і іх смерцю. “За Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз” (Рым 8:36). Але яны былі радыя пераносіць непрыемнасці і смутак дзеля імя Езуса і, калі яны “пазмагаліся ў добрай барацьбе і скончылі бег”, яны аддалі сваё жыццё ў крывавым мучаніцтве і сваёй крывёю пасеялі Касцёл. Запісы пра лёс і канец апосталаў нешматлікія і няясныя. Ніжэй мы коратка звернемся да некалькіх характарыстычных рысаў жыцця і смерці святых, якія ўспамінаюцца ў Каноне, каб даць некаторую падтрымку для пабожнасці падчас вымаўлення іхніх імёнаў.

Святыя Пётр і Павел неразрыўна звязаныя ў літургіі і называюцца першымі. Месца нараджэння апостала Пятра, які да гэтага зваўся Сымонам, гэта Бэтсайда на заходнім узбярэжжы Генісарэцкага возера. Ад рыбных сетак, якія былі цудадзейным чынам напоўненыя рыбай, ён быў пакліканы да духоўнай лоўлі чалавечых душаў і ў хуткім часе пастаўлены на чале групы апосталаў. Езус Хрыстус зрабіў яго падмуркам Касцёла і даў яму служэнне і годнасць прымату над паўсюдным Касцёлам. Як бачны намеснік Хрыста і як вярхоўны пастыр, ён меў найвышэйшую ўладу, каб карміць і вадзіць авечак, увесь статак Хрыста. Таму ў Евангеллі Пётр атрымлівае перавагу над астатнімі апосталамі і ўжо там з’яўляецца як першы сярод іх, што бачна па ягоных паводзінах. Падобна, і пасля Унебаўшэсця ён усюды дзейнічае як галава Касцёла. Пасля сямігадовага біскупскага служэння ў Антыёхіі (36—42), Князь апосталаў скіраваўся на місіянерскую працу ў Рым, заснаваў там Рымскі Касцёл, кіраваў ім як галоўны пастыр і, нарэшце, пацярпеў мучаніцтва. Яго біскупская паслуга ў Рыме доўжылася дваццаць пяць гадоў (42—67), але на працягу гэтага часу ён часта пакідаў Рым, каб у іншых месцах працаваць над распаўсюджваннем хрысціянства.

Паводле найбольш старадаўняй традыцыі, Пётр спачатку жыў у Рыме за Тыбрам, каля дому, на месцы якога пасля пабудавалі касцёл св. Цыцыліі. Але пасля навяртання сям’і сенатара Пудэнса, ён перамясціўся ў дом сенатара, пастаянна там пражываючы. Вернасць і трываласць Рымскай супольнасці ўжо тады шырока адзначалася ва ўсім свеце. У крывавых бурах пераследу вялікая колькасць рымскіх хрысціянаў пацярпела мучаніцтва. Як найбольш велічныя ахвяры, пацярпелі і слаўныя Князі апосталаў св. Пётр і Павел. Гэта адбылося ў Рыме ў адзін дзень, 29 чэрвеня, аднаго ж году (A. D. 67), пасля таго, як некалькі месяцаў яны правялі разам у Мамертынскай вязніцы, пад Ara Coeli, пры падножжы Капітолія. На Астыйскай дарозе можна ўбачыць капліцу, дзе, згодна з паданнем, апосталы развіталіся адзін з адным перад смерцю. На захадзе, за Тыбрам, на Янікуле, дзе зараз стаіць касцёл Сан-П’етра-ін-Манторыё, як сапраўдны наслядоўнік свайго Пана і Настаўніка, св. Пётр памёр страшнай смерцю на крыжы. Сціплы вучань прасіў магчымасці праліць кроў за Пана галавою да зямлі. Яго сапраўднае месца пахавання знаходзіцца на Ватыканскім пагорку, дзе, падымаючы свой высокі купал да неба, праз вякі стаіць самы вялікі і самы дастойны маўзалей у свеце, базіліка св. Пятра. Пасля магілы Хрыста гэтае месца найбольш знанае сярод пілігрымаў свету. Касцёлы і алтары, якія носяць імя Пятра, бясконцыя як зоркі ў небе.

“Пётр стаіць перад намі як чалавек жывой веры, нязломнай надзеі і найбольш гарачай любові да Бога і чалавека, поўны высакароднай годнасці і, у той жа час, — найбольш глыбокай пакоры, поўны велічнага запалу супраць несправядлівасці і няпраўды, супраць падману і граху і, да таго ж, поўны любячай сімпатыі да ўсіх духоўных і цялесных пакутаў сваіх паплечнікаў, поўны супакою і радасці ў сваіх уласных пакутах, цалкам прасякнуты стараннасцю дзеля славы Езуса Хрыста і збаўлення душаў, адкупленых Найдаражэйшай Крывёю яго Настаўніка, цалкам перакананы ў адной вялікай праўдзе, што ні ў чыім іншым імені не дадзена чалавеку збаўлення, а толькі ў імені Езуса ўкрыжаванага і ўваскрослага. Такім чынам, Пётр паўстае як чалавек праўды, чалавек факту, чалавек, поўны жыцця, — ва ўсіх рысах яго характару і ва ўсёй сваёй індывідуальнасці, пераменены ласкаю, манументальная фігура, узнесены прататып Папства і самога Касцёла, які ад дзён Пятра да цяперашняга часу перадаецца па свеце і праз стагоддзі” (Hundhausen).

Святы Павел, раней званы Саўлам, нарадзіўся ў гандлёвым горадзе Тарсе і меў правы рымскага грамадзяніна. У раннія гады ён прыбыў у Ерузалем, дзе стаў вучнем найбольш знанага настаўніка закону Гамаліэля. Саўл быў вельмі таленавіты розумам і сэрцам. Маючы гарачы тэмперамент, ён стаў жорсткім абаронцам спадчынных габрэйскіх законаў і, калі пераслед хрысціянаў выбухнуў у Ерузалеме, ягоны гнеў супраць Касцёла Божага не ведаў межаў. Пасля цудоўнага навяртання ён быў пакліканы самім Панам да апостальскай працы. Евангелле, якое ён прапаведваў, ён атрымаў не ад чалавека, але яму адкрыў яго сам Езус Хрыстус. Усё яго жыццё, напоўненае працай і пакутамі, прадстаўляе св. Паўла як ідэальнага апостала. Ён зрабіў пяць вялікіх апостальскіх падарожжаў па вадзе і сушы. Першыя тры ён пачаў у Антыёхіі, чацвёртае правёў як вязень з Ерузалема ў Рым, і апошняе — з Рыма ў іншыя месцы. Падарожжы занялі больш за дваццаць гадоў яго жыцця. За гэты час св. Павел пабываў прыкладна ў 30 краінах і астравах, стварыў і з’яднаў супольнасці больш чым у сарака гарадах. Усе гэтыя падарожжы былі няспыннай працай у вінаградніку Пана і пастаяннымі кампаніямі дзеля збаўлення краінаў і людзей з валадарства цемры і граху і дзеля вызвалення іх для валадарства Езуса Хрыста, для валадарства праўды і святасці.

З дапамогай словаў і лістоў, казанняў і пасланняў св. Павел усюды нёс імя Хрыста, гэта значыць, праўду і ласку, святло і жыццё, вучэнне і збаўленне Хрыста дзецям Ізраэля, а таксама паганскім народам і правіцелям. Апостал сам апісвае працу, няволі, пабоі і небяспеку смерці, якія перанёс. Але ўсе свае пакуты ён перанёс са спакоем, трываласцю і радасцю, таму што цярпеў дзеля любові да Езуса і да сваіх паплечнікаў.

Канец сваёй апостальскай працы ён спаткаў у Рыме. Як рымскі грамадзянін, ён быў сказаны на смерць ад мяча ў гарадскіх варотах на дарозе ў Остыю. Згодна з паданнем, яго галава пасля адсячэння, удараючы ў зямлю, падскочыла тры разы, і з-пад зямлі ўдарылі тры крыніцы вады, якія дагэтуль цякуць у касцёле, што паўстаў на гэтым месцы, касцёле San Paolo alle Tre Fontane. Адна палова цела св. Паўла спачывае ў базіліцы св. Пятра ў Рыме, іншая — ў касцёле св. Паўла за мурамі, а галава знаходзіцца ў базіліцы св. Яна на Латэране. Вечнаму гораду вельмі пашчасціла мець магілы і рэліквіі двух Князёў апосталаў. Абодва яны разам абараняюць Касцёл і кіруюць ім праз нябеснае заступніцтва і дапамогу. “О шчаслівы Рым, асвячаны слаўнай крывёю двух Князёў апосталаў, афарбаваны ў чырвань іх крывёю, ты ззяеш больш бліскуча, чым уся слава свету”.

Частка 3 →


Аўтар: а. Нікалас Гір
Выданне: The Holy Sacrifice of the Mass, 1918
Ілюстрацыі: Невядомы аўтар, скульптура “Хрыстус і дванаццаць вучняў” (Францыя, Нармандыя, каля 1450-1500); Пітэр Паўль Рубенс, з цыклу “12 апосталаў” (каля 1611)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар