Memoriale Domini

Roman-Curia-mini

Святая кангрэгацыя Божага культу
Memoriale Domini
Інструкцыя аб парадку ўдзялення Святой Камуніі

Дадзена 29 мая 1969 года.

Калі Касцёл святкуе ўспамін Пана, ён пацвярджае самім абрадам сваю веру ў Хрыста і сваё пакланенне Яму, які прысутнічае ў ахвяры і раздаецца як ежа тым, хто ўдзельнічае ў эўхарыстычным стале.

З гэтай прычыны Касцёл вельмі дбае, каб Эўхарыстыя цэлебравалася і ўдзялялася з найвялікшай годнасцю і плёнам. Ён захоўвае нязменнай сталую традыцыю, якая дайшла да нас і багацце якой увайшло ў практыку і жыццё Касцёла. Старонкі гісторыі паказваюць, што цэлебрацыя і прыняцце Эўхарыстыі набывалі розныя формы. У нашыя дні ў абрады цэлебрацыі Эўхарыстыі было ўведзена шмат важных зменаў, набліжаючы іх да сучасных духоўных і псіхалагічных патрэбаў чалавека. Таксама змянілася дысцыпліна, якая датычыць удзелу свецкіх у гэтым сакрамэнце. Зноў была ўведзена святая Камунія пад дзвюма постацямі хлеба і віна. Калісьці яна была распаўсюджана ў Лацінскім Касцёле, але затым паступова занікла. Такі стан рэчаў стаў агульным у часы Трыдэнцкага сабору, які дагматычна пацвердзіў і абараніў яго як адпаведны ўмовам таго часу [1].

Гэтыя змены зрабілі эўхарыстычны стол і вернае выкананне запавету Хрыста больш ясным і больш жывым сімвалам. У той жа час у апошнія гады больш поўны ўдзел у эўхарыстычнай цэлебрацыі ў тых ці іншых месцах выклікаў жаданне вярнуцца да старажытнай практыкі, калі эўхарыстычны хлеб клаўся верніку ў руку і затым ён сам прымаў Камунію ў вусны.

Сапраўды, у некаторых супольнасцях і некаторых месцах гэтая практыка была ўведзеная без папярэдняга дазволу Апостальскай сталіцы, а таксама часам без спробы адпаведна падрыхтаваць вернікаў.

Несумненна, калісьці старажытная практыка дазваляла вернікам прымаць Боскую ежу ў свае рукі і самастойна класці яе ў вусны.

Таксама праўда і тое, што ў вельмі старажытныя часы ім было дазволена браць Найсвяцейшы Сакрамэнт з сабою з месца цэлебрацыі святой ахвяры. Гэты дазвол быў патрэбны, каб была магчымасць прыняць Віятык у тым выпадку, калі іх напаткае смерць.

Аднак прадпісанні Касцёла і сведчанне Айцоў ясна кажуць, што Найсвяцейшаму Сакрамэнту аказвалася найбольшая пашана і што людзі дзейнічалі з найбольшай разважлівасцю. Таму “няхай ніхто… не есць гэтае цела, спачатку не пакланіўшыся яму” [2]. Калі асоба прымае Найсвяцейшы Сакрамэнт, яе папярэджваюць: “…прымі яго: будзь асцярожны, каб нічога з яго не згубіць” [3]. “Бо гэта Цела Хрыста” [4].

Таксама апека і служэнне Цела і Крыві Хрыста былі спецыяльна аддадзеныя святым служыцелям альбо людзям, спецыяльна прызначаным для гэтай мэты: “Калі прадстаяцель прачытаў малітвы, а ўсе людзі прамовілі акламацыю, тыя, каго мы завем дыяканамі распаўсюджваюць сярод усіх прысутных хлеб і віно, за якія прыносілі падзяку, і яны бяруць іх для тых, хто адсутнічае” [5].

Хутка заданне прыносіць Святую Эўхарыстыю адсутным было даручана адным толькі святым служыцелям, каб лепш забяспечыць павагу да сакрамэнту і дзеля патрэбаў вернікаў. Пазней, калі паглыбілася разуменне праўды пра эўхарыстычную таямніцу, пра яе моц і прысутнасць Хрыста ў ёй, з’явілася пачуццё большай пашаны да сакрамэнту і патрабаванне глыбейшай пакоры пры яго прыняцці. Таму была устаноўлена практыка, калі служыцель клаў часцінку кансэкраванага хлеба на язык таго, хто прымаў Камунію.

Улічваючы цяперашнюю сітуацыю ў Касцёле ва ўсім свеце, гэты спосаб удзялення святой Камуніі трэба захоўваць, не толькі таму, што за ім стаяць многія стагоддзі традыцыі, але асабліва таму, што ён выражае пашану верніка да Эўхарыстыі. Гэты звычай ніяк не прыніжае асабістую годнасць тых, хто прыступае да гэтага вялікага сакрамэнту: гэта частка падрыхтоўкі, неабходнай для найбольш плённага прыняцця Цела Пана [6].

Гэтая пашана паказвае, што гэта не дзяленне “звычайным хлебам і віном” [7], але Целам і Крывёю Пана, праз якія “люд Божы атрымлівае ўдзел у Пасхальнай Ахвяры, аднаўляе Новы Запавет, які Бог устанавіў з чалавекам раз назаўсёды праз Кроў Хрыста, а ў веры і надзеі прадчувае і прадбачыць эсхаталагічную вячэру ў валадарстве Айца” [8].

Таксама практыка, якую трэба лічыць традыцыйнай, больш эфектыўна гарантуе, што святая Камунія ўдзяляецца з адпаведнай пашанай, прыстойнасцю і годнасцю. Яна здымае небяспеку прафанацыі святых постацяў, у якіх “унікальным чынам Хрыстус, Бог і чалавек, прысутны цалкам і поўнасцю, сутнасна і безупынна” [9]. Нарэшце, яна гарантуе руплівую акуратнасць адносна фрагментаў кансэкраванага хлеба, якую Касцёл заўсёды рэкамендаваў: “Калі ты нечаму дазволіў упасці, успрымай гэта так, быццам ты згубіў адзін са сваіх членаў” [10].

Таму калі невялікая колькасць біскупскіх канферэнцый і некаторыя індывідуальныя біскупы папрасілі дазволіць на сваіх тэрыторыях практыку, калі кансэкраваныя гостыі даюцца людзям у рукі, Святы Айцец запытаўся, ці яны лічаць дарэчным увядзенне такога абраду. Змены ў сутнасці гэтага моманту не толькі закранаюць дысцыпліну. Яны нясуць пэўную небяспеку, якая можа паўстаць пры новым спосабе ўдзялення святой Камуніі: небяспеку страты пашаны да велічнага сакрамэнту алтара, прафанацыі і скажэння дактрыны.

Біскупам задалі тры пытанні, і адказы, атрыманыя да 12 сакавіка 1969 года, былі наступныя:

1. Ці лічыце вы, што неабходна звярнуць увагу на жаданне, каб у дадатак да традыцыйнага спосабу быў дазволены абрад прыняцця святой Камуніі ў руку?
Так: 597
Не: 1233
Так, але з абмоўкамі: 315
Несапраўдныя галасы: 20

2. Ці жадаеце вы, каб гэты новы абрад быў спачатку выпрабаваны ў малых супольнасцях з дазволу біскупа?
Так: 751
Не: 1215
Несапраўдныя галасы: 70

3. Ці думаеце вы, што вернікі прымуць гэты новы абрад з радасцю пасля адпаведнай катэхетычнай падрыхтоўкі?
Так: 835
Не: 1185
Несапраўдныя галасы: 128

З водгукаў бачна, што большасць біскупаў лічыць, што цяперашнюю дысцыпліну не варта змяняць і што, калі б змена адбылася, яна б закранула пачуцці і духоўную сферу гэтых біскупаў і многіх вернікаў.

Таму, прымаючы да ўвагі меркаванні і парады тых, каго “Святы Дух паставіў кіраваць” Касцёламі [11], з улікам сур’ёзнасці пытання і моцы вылучаных аргументаў, Святы Айцец вырашыў не змяняць існуючы спосаб удзялення святой Камуніі вернікам.

Апостальская сталіца настойліва заклікае біскупаў, святароў і свецкіх старанна падпарадкоўвацца закону, які дагэтуль мае моц і які зноў быў пацверджаны. Яна заклікае іх улічваць меркаванне большасці каталіцкіх біскупаў наконт абраду, які цяпер выкарыстоўваецца ў літургіі, наконт агульнага дабра Касцёла.

Там, дзе пераважае супрацьлеглая практыка ўдзялення святой Камуніі ў руку, Апостальская сталіца, жадаючы дапамагчы канферэнцыям выканаць іх цяжкую задачу, даручае ім старанна ўзважыць, якія асаблівыя ўмовы могуць існаваць, і пастарацца пазбегнуць усялякай рызыкі страты павагі ці няправільнай паставы да Святой Эўхарыстыі, а таксама пазбегнуць іншых шкодных наступстваў, якія могуць наступіць.

У такіх выпадках канферэнцыі біскупаў павінны старанна прааналізаваць пытанне і сакрэтным галасаваннем з 2/3 большасцю ўрэгуляваць яго. Іхнія рашэнні трэба даслаць у Рым для неабходнага зацвярджэння [12] разам з падрабязным тлумачэннем прычын, якія прымусілі іх прыняць такія рашэнні. Святы Пасад старанна прааналізуе кожны выпадак, улічваючы сувязі паміж рознымі лакальнымі касцёламі, а таксама паміж імі і Паўсюдным Касцёлам, каб забяспечыць агульнае дабро і навуку для ўсіх і каб узаемны добры прыклад павялічыў веру і пабожнасць.

Заўвага: у Acta Apostolicae Sedis (ст. 546-547) да Інструкцыі быў прыкладзены ўзор ліста (на французскай мове), дасланы іерархам, якія просяць і атрымліваюць дазвол увесці практыку ўдзялення святой Камуніі ў руку. Ліст устанавіў наступныя правілы:

1. Новы спосаб удзялення Камуніі не павінен навязвацца такім чынам, каб выцясніць традыцыйную практыку…

2. Абрад камуніі ў руку павінен уводзіцца тактоўна. Фактычна, паколькі мы маем справу з адносінамі людзей, трэба ўлічваць чуллівасць асобы, якая прымае Камунію. Таму абрад трэба ўводзіць паступова, пачынаючы з больш адукаваных і падрыхтаваных груп. Найбольш важна, каб адпаведны катэхізіс дазволіў вернікам зразумець значнасць дзеяння і выканаць яго з пашанай да сакрамэнту. У выніку катэхізацыі трэба пазбегнуць пагрозы хістання веры ў эўхарыстычную прысутнасць, а таксама выдаліць усялякую небяспеку і нават рызыку прафанацыі.

3. Той факт, што свецкі чалавек можа цяпер прымаць святую Камунію ў руку, не павінен сведчыць яму аб тым, што гэта звычайны хлеб ці проста святы аб’ект. Хутчэй гэты факт павінен умацоўваць яго пачуццё ўласнай годнасці як члена Містычнага Цела Хрыста, якім яго зрабіў хрост і ласка Эўхарыстыі. Тады гэты чалавек спазнае ўзрост веры ў велічную рэальнасць Цела і Крыві Пана, да якіх ён дакранаецца сваімі рукамі. Яго пашана павінна адпавядаць таму, што ён робіць.

4. Што датычыцца спосабу ўдзялення сакрамэнту, можна карыстацца традыцыйным спосабам, які падкрэслівае служэбную функцыю святара ці дыякана праз тое, што яны ўдзяляюць Камунію ў руку таго, хто яе прымае. Можна выкарыстаць больш прасты спосаб, дазваляючы верніку самастойна ўзяць гостыю з цыборыя. У кожным выпадку ён павінен спажыць гостыю перад тым, як вернецца на сваё месца, а роля служыцеля будзе падкрэсленая словамі “Цела Хрыста”, на якія вернік адкажа “Амэн”.

5. Не важна, які спосаб выкарыстоўваецца, але трэба быць асцярожным і не дазволіць часцінкам гостыі ўпасці…

6. Калі Камунія ўдзяляецца пад дзвюма постацямі, ніколі не дазваляецца даваць у рукі вернікаў гостыі, якія спачатку былі акунутыя ў Кроў Пана.

7. Біскупаў, якім дазволена ўвесці новы абрад Камуніі, просяць праз шэсць месяцаў даслаць справаздачу наконт вынікаў у кангрэгацыю.

Спасылкі

1. Пар. Трыдэнцкі сабор, сесія 21, The Doctrine of Communion under Both Kinds:Denz. 1726-1727.

2. Св. Аўгустын, Тлумачэнні псальмаў, 98, 9.

3. Св. Кірыл Ерузалемскі, Містагагічны катэхізіс, V, 21.

4. Іпаліт, Апостальская традыцыя, № 37.

5. Юстын, Апалогія, 1, 65.

6. Гл. Св. Аўгустын, На псальмы 98, 9.

7. Гл. Юстын, Апалогія, 1, 66.

8. Інструкцыя Eucharisticum Mysterium, № 3.

9. Ibid., № 9.

10. Св. Кірыл Ерузалемскі, Містагагічны катэхізіс, V; 21.

11. Гл. Дзеі 20:28.

12. Гл. Дэкрэт Christus Dominus, № 38, пар. 4.


Пераклад здзейснены з англійскага тэксту, які падрыхтаваў а. Austin Flannery OP паводле AAS 61 (1969), ст. 541-547.

Крыніцаhttps://www.ewtn.com/library/CURIA/CDWMEMOR.HTM

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: