Інтэрв’ю бп. Шнайдэра венгерскаму Цэнтру Ньюмэна

Мансіньёр д-р Атаназіус Шнайдэр ORC, тытулярны біскуп Цэлерыны і дапаможны біскуп архідыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Астане (Казахстан), упершыню наведаў Венгрыю ў якасці запрошанага выкладчыка Цэнтра вышэйшай адукацыі імя Джона Генры Ньюмэна (newman.hu). 10 сакавіка 2016 года блог Rorate Caeli паведамляў, што 4—6 сакавіка 2016 года ў Венгрыі біскуп з Цэнтральнай Азіі чытаў лекцыі і цэлебраваў традыцыйную (usus antiquior) Пантыфікальную ўрачыстую Імшу з удзелам вернікаў. 7 сакавіка Атаназіус Шнайдэр наведаў Венгерскі парламент, сустрэўся з высокапастаўленымі асобамі і ўшанаваў Карону святога Іштвана. Нарэшце, біскуп Шнайдэр накіраваўся ў Базіліку св. Іштвана ў Будапешце, дзе памаліўся за Зямлю Марыі, г. зн. Венгрыю, перад Святой правіцай караля Іштвана.

Яго Эксцэленцыя даў эксклюзіўнае інтэрв’ю Даніэлю Фюлепу, дырэктару Цэнтра Ньюмэна.

Пра сіноды, прысвечаныя сям’і [1]

Спадар Фюлеп: Пасля Надзвычайнага сіноду [2] шматлікія людзі былі напужаныя ці мелі фальшывыя надзеі. Тыя, хто чакаў зменаў у маральнай дактрыне Касцёла, магчыма, былі расчараваныя зместам фінальнай справаздачы [3]. Але ці не быў гэта фактычна кантрольный эксперымент па змякчэнні асноўнага вучэння Касцёла, які адкрывае дзверы для сур’ёзных надужыванняў альбо падобных спробаў у будучыні? Эксцэленцыя, што вы думаеце пра гэта, ведаючы фінальную справаздачу [4] Звычайнага сіноду?

Яго Эксцэленцыя біскуп Шнайдэр: Дзякуй Богу, фінальная справаздача Сіноду зрабіла ясныя заявы наконт гомасэксуальных паводзінаў, якія з’яўляюцца непрымальнымі ў святле хрысціянскай маралі. Таксама яна ўтрымлівае добрыя і зразумелыя словы, накіраваныя супраць гендэрнай ідэалогіі. Дзякуй Богу. Але, як я казаў у сваім аналізе фінальнай справаздачы [5], раздзел пра паўторна жанатыя пары застаецца неадназначным. Таму тыя, хто падтрымлівае Камунію для разведзеных і паўторна жанатых, нечакана заявілі, што фінальная справаздача стане адкрытымі дзвярыма, нават калі не непасрэдна, для доступу паўторна жанатых да сакрамэнтаў. Аднак біскупы павінны пазбягаць такіх неадназначных заяваў у афіцыйных дакументах. Вядома, фінальная справаздача — гэта, дзякуй Богу, не тэкст Магістэрыя, а толькі справаздача. Таму будзем чакаць і спадзявацца, што з’явіцца яшчэ адзін афіцыйны тэкст Магістэрыя, які ясна пацвердзіць каталіцкае вучэнне.

Сп. Фюлеп: Эксцэленцыя, у інтэрв’ю [6] вы казалі пра Надзвычайны сінод: “на жаль, фінальная справаздача Сіноду таксама ўтрымлівае параграф, які датычыцца галасавання па пытанні Святой Камуніі для разведзеных і паўторна жанатых. Хоць гэты пункт і не набраў патрэбныя дзве траціны галасоў, мяне непакоіць і здзіўляе, што абсалютная большасць прысутных біскупаў станоўча выказалася наконт Святой Камуніі для разведзеных і паўторна жанатых. Гэта адлюстроўвае кепскую духоўную якасць каталіцкага епіскапату ў нашыя дні” [7]. Эксцэленцыя, што вы думаеце пра гэтую кепскую духоўную якасць каталіцкага епіскапату? Якія глыбінныя прычыны гэтага?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Доўгія гады мы бачылі, што многія афіцыйныя канферэнцыі біскупаў пераважна займаюцца часовымі і зямнымі, а не звышнатуральнымі і вечнымі справамі, хоць апошнія трэба лічыць найбольш важнымі ў жыцці Касцёла. Збаўляць душы і весці іх ў неба — вось прычына, з якой Хрыстус прыйшоў ратаваць нас і заснаваў Касцёл. Таму Касцёл павінен весці людзей да неба і перадаваць ім Божыя праўды, звышнатуральную ласку і Божае жыццё. Гэта асноўная задача Касцёла. Часовыя справы належаць да ўрада. Таму тут я бачу несвоечасовы пераход задачаў ад урада, ад грамадзянскіх уладаў, да біскупаў, наступнікаў апосталаў. Вядома, паводле сацыяльнага вучэння, Касцёл можа радзіць ураду, каб грамадскае жыццё было больш прыстасаванае да натуральнага права. Але гэта не галоўная задача Касцёла. Гэта другасная задача. Цяперашні крызіс Касцёла развіўся з большага з гэтай прычыны: замена галоўных задач другаснымі.

Сп. Фюлеп: Звычайны сінод [8] выдаў фінальную справаздачу з некаторымі пастаральнымі прапановамі, якія былі пададзеныя Папу для разгляду. Вы пісалі [9] пра гэта: “падчас Сіноду ўжо з’явіліся новыя паслядоўнікі Майсея і новыя фарысеі, якія ў пунктах 84-86 фінальнай справаздачы адкрылі запасны ўваход для допуску разведзеных і паўторна жанатых да Святой Камуніі. … Падчас апошніх двух скліканняў Сіноду (2014 і 2015) новыя паслядоўнікі Майсея і новыя фарысеі замаскіравалі сваё практычнае адмаўленне непарыўнасці сужэнства і прыпыненне дзейнасці шостай запаведзі пад выглядам індывідуальнага падыходу да сітуацыі…” Тут таксама выкарыстоўваецца тыповы метад мадэрнізму: неадназначная мова. Можна знайсці некаторыя невыразныя ці двухсэнсоўныя тэрміны, напрыклад, “шлях распазнання”, “суправаджэнне”, “унутраны форум”, “пазіцыя біскупа”, “дыялог са святаром”, “большая інтэграцыя ў жыццё Касцёла”. Выдаецца, што ў фінальнай справаздачы (а найбольш у параграфах 85-86) сумленне перавышае Божы закон. Ці не менавіта гэта было памылкай Лютэра? Гэта пратэстанцкі прынцып суб’ектыўнага суджэння наконт справаў веры і дысціпліны і памылковая тэорыя [10] “optio fundamentalis”, ці не так?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Хоць гэтыя параграфы і сцвярджаюць, што індывідуальнае суджэнне наконт сумлення гэтых параў павінна рабіцца на аснове вучэння Касцёла, усё ж застаецца некаторая няяснасць. Тыя, хто прасоўвае Камунію для разведзеных і паўторна жанатых, напрыклад, кардынал Каспер і яго група, адкрыта сцвярджаюць, што дактрына Касцёла застаецца той жа, але канечне існуе магчымасць таго, што разведзеныя і паўторна жанатыя змогуць прымаць Камунію. Такім чынам, яны прызналі магчымы кантраст паміж дактрынай і практыкай. Гэта тыповая пазіцыя пратэстантызму. Прытрымлівацца тэорыі ці дактрыны, што справы не такія важныя і неабходныя, — гэта небяспечны прынцып збаўлення толькі верай. А тыя самыя параграфы не сцвярджаюць, што сужыцэльства па-за сапраўдным шлюбам з’яўляецца грахом. Гэта аб’ектыўна сур’ёзнае занядбанне. Фінальная справаздача ўскосна кажа, што для разведзеных і паўторна жанатых віна ў сужыцельстве можа быць зменшана ці нават не накладацца з-за некаторых абставінаў ці жарсцяў, якія яны адчуваюць. Аднак прымяненне гэтага прынцыпу да сужыцельства па-за шлюбам цалкам нявернае. Тыя, хто жыве разам, маюць намер пастаянна рабіць грэх, таму гэта не імгненны амаральны акт. Яны павінны мець намер пазбягаць сэксуальных актаў па-за шлюбам. Падобнае накладанне віны ў граху сужыцельства можна было б прымяніць таксама да маладых нежанатых пар. Дапускаючы такую тэорыю, біскупы скасоўваюць шостае Божае прыказанне. І калі гэты прынцып прыняць, то ніводзін з грахоў супраць шостага прыказання больш не будзе лічыцца грахом. У некаторай ступені гэта скасоўванне шостага прыказання.

Сп. Фюлеп: Эксцэленцыя, вы казалі пра фінальную справаздачу Звычайнага сіноду, што яна “здаецца, пачынае дактрынальную і дысцыплінарную какафонію ў Каталіцкім Касцёле, што супярэчыць самой сутнасці быцця Каталіцкім” [11]. Ці маглі б вы патлумачыць, што маеце на ўвазе?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Какафонія — гэта кантраст да сімфоніі. Сімфонія азначае, што ўсе галасы яднаюцца і даюць гармонію, прамаўляючы адно і тое ж. У какафоніі адзін з галасоў гучыць няправільна. Ён супярэчыць мелодыі. Таму, калі гэтая фінальная справаздача не пацвярджае ясна амаральнасць сужыцельства разведзеных людзей, калі яна ясна не пацвярджае ўмовы, устаноўленыя Богам для годнага прыняцця Святой Камуніі, іншыя выкарыстаюць гэтую памылку, каб навучаць хлусні, і іхні голас будзе гучаць супраць праўды, як няправільны гук у музыцы ідзе супраць праўды сімфоніі.

Пра Другі Ватыканскі сабор

Сп. Фюлеп: На тэалагічнай канферэнцыі ў Рыме ў снежні 2010 года вы прапанавалі “новы Сілабус” [12], у якім папскі настаўніцкі аўтарытэт павінен выправіць памылковыя інтэрпрэтацыі дакументаў Другога Ватыканскага сабору [13]. Што вы думаеце наконт гэтага сёння?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Я думаю, што ў наш час замяшання абсалютна неабходна мець такі Сілабус. Сілабус — гэта ліст, пералік небяспек, зблытаных заяваў, няверных інтэрпрэтацый і гэтак далей; пералічэнне найбольш распаўсюджаных і агульных памылак у кожнай сферы: дагматыцы, маралі і літургіі. З іншага боку, трэба таксама праясніць і пазітыўна ацаніць тыя самыя пункты. Гэта напэўна станецца, бо Касцёл заўсёды выдаваў вельмі ясныя тлумачэнні, асабліва пасля часоў замяшання.

Сп. Фюлеп: “Аджорнамэнта” — такое імя было дадзена пантыфікальнай праграме Яна XXIII ў прамове 25 студзеня 1959 года, і гэта было адно з ключавых словаў, якія выкарыстоўваліся падчас Другога Ватыканскага сабору. Як правільна інтэрпрэтаваць гэты выраз?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Для Папы Яна ХХІІІ “аджорнамэнта” азначала не змену праўды, а яе тлумачэнне больш глыбокім і педагагічным спосабам, каб людзі маглі лепш зразумець і прыняць яе. Папа падкрэсліваў, што “аджорнамэнта” азначае захаванне веры ва ўсёй цэласнасці. Менавіта пасля Сабору гэтым словам радыкальна злоўжывалі, кажучы пра змены ў веры. Гэта не было намерам Яна ХХІІІ.

Сп. Фюлеп: Яшчэ адзін памылкова зразуметы тэрмін — “participatio actuosa” [14]. Нават па словах клерыкаў, яно азначае, што кожны павінен атрымаць функцыю падчас літургіі. Як быццам бы гэты тэрмін адносіўся да мітусні ці актыўнасці. Ідэя аб унутранай актыўнасці нават не ўзнікае.

Я. Э. бп. Шнайдэр: Першым выраз participatio actuosa ужыў Папа Пій Х ў сваім вядомым motu proprio Tra le Sollecitudini [15], якое датычыла сакральнай музыкі. Папа кажа пра participatio actuosa і тлумачыць, што гэта азначае, што вернікі мусяць быць свядомыя святых словаў і абрадаў падчас Святой Імшы, удзельнічаючы ўважліва, а не рассеяна. Іх сэрца і вусны павінны быць у згодзе адно з адным. Практычнае тое самае значэнне можна знайсці ў дакуменце Другога Ватыканскага сабору “Sacrosanctum Concilium[16], там няма ніякай надта памылковай інтэрпрэтацыі гэтага тэрміну. І Sacrosanctum Concilium вучыць, што на практыцы participatio actuosa — гэта слуханне, спеў, адказы, кленчанне, а таксама цішыня. Гэта першы раз, калі Магістэрый выказаўся пра цішыню як форму participatio actuosa. Таму трэба разбурыць некаторыя міфы на гэты конт.

Пра крызіс у Касцёле

Сп. Фюлеп: Сёння нам неабходна зразумець, што ў Касцёле існуе глыбока памылковая лінія. Сітуацыя вельмі складаная, але па-простаму можна сказаць, што існуе балючая канфрантацыя паміж мадэрнізмам і традыцыяй. Ваша Эксцэленцыя, растлумачце, калі ласка, гэтую дыхатамію ў жыцці Касцёла.

Я. Э. бп. Шнайдэр: З часоў Сабору мы ўжо 50 гадоў жывем і адчуваем гэтую дыхатамію. З аднаго боку, у Касцёле ёсць пазітыўныя знакі. З іншага боку, некаторыя біскупы і святары распаўсюджваюць сапраўдныя памылкі. Такая сітуацыя супярэчыць прыродзе Касцёла. Езус Хрыстус загадаў апосталам і іх наступнікам захоўваць скарб веры, г. зн. каталіцкую веру, некранутай, і апосталы нават паміралі за веру. Тыя, хто мае ўладу ў Касцёле, павінны супрацьстаяць такой сітуацыі і выправіць яе.

Сп. Фюлеп: Калі мы прааналізуем жыццё Касцёла, мы зразумеем, што жывем у нязвыклы час. Вераадступніцтва мае, можа, паўсюдны характар, а ерасі лютуюць. На жаль, мы бачым прыкметы ерасі таксама сярод біскупаў. Гісторыкі кажуць, што гэты крызіс нагадвае нам часы арыянства. Калі такое параўнанне карэктнае, у чым заключаецца падабенства паміж часамі арыянства і нашымі часамі?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Арыянскі крызіс IV стагоддзя выклікаў паўсюднае замяшанне ва ўсім Касцёле. Ерасі ці паўпраўды і двухсэнсоўнасці, якія датычыліся боскасці Хрыста, былі шырока распаўсюджаныя ў той час. Тады засталося вельмі мала біскупаў, якія адкрыта супрацьстаялі гэтай ерасі і двухсэнсоўнасці, якую прадстаўлялі так званыя паўарыяне. У тыя дні толькі паліткарэктных клерыкаў узводзілі на такія высокія касцёльныя пасады, як біскупства, таму што ўлада ў той час падтрымлівала і спрыяла ерасі. Падобнае адбываецца і ў наш час. Адпрэчваецца не толькі канкрэтная дактрына веры, але таксама існуе агульнае замяшанне амаль па ўсіх аспектах каталіцкага вучэння, маралі і літургіі. І ў нашыя дні большасць біскупаў маўчыць і баіцца абараняць каталіцкую веру. Таму мой адказ — так, падабенства ёсць.

Сп. ФюлепНекаторыя кажуць, што трэба новым дагматам даць азначэнне тэрміну “традыцыя” і ясна паказаць сувязь традыцыі з папствам, саборамі, Магістэрыем і г. д. Гэты новы дагмат мог бы абараніць традыцыю перад, напрыклад, канцыліярызмам ці некарэктнай інтэрпрэтацыяй папскага прымату. Што вы думаеце пра гэта?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Дакумент Другога Ватыканскага сабору наконт Божага аб’яўлення Dei Verbum [17] вельмі прыгожа кажа пра гэта: Магістэрый, Папа не стаіць вышэй за Божае слова ці Традыцыю, але, як слуга пісьмова і вусна перадаванага Божага слова, знаходзіцца ніжэй за яго. Таксама неабходна падкрэсліць, што Папа не з’яўляецца гаспадаром традыцыі ці літургіі і павінен захоўваць іх, як добры садоўнік. Папа мусіць захоўваць і абараняць традыцыю, як верны слуга. Я думаю, было б добра паглыбіць разважанне аб сувязі Магістэрыя і Традыцыі.

Сп. Фюлеп: Сёння веруючыя каталікі вымушана перажываюць слабасць і дысфункцыю Магістэрыя: асмелюся без перабольшвання сказаць, што ў афіцыйных каталіцкіх медыя амаль кожны дзень можна чуць, чытаць і бачыць грубыя памылкі, няяснасці і нават ерасі ад высокапастаўленых святароў, прыкра казаць, біскупаў і касцёльных чыноўнікаў. Значная частка афіцыйных выказванняў выглядае супярэчліва, бянтэжыць і падманвае многіх вернікаў. Што варта рабіць веруючаму каталіку ў гэтыя цяжкія часы? Як заставацца ў сапраўднай веры ў такой сітуацыі? Які наш абавязак?

Я. Э. бп. Шнайдэр: У гісторыі Касцёла заўсёды былі часы сур’ёзнага крызісу веры і маралі. Несумненна, найбольш глыбокі і небяспечны крызіс — гэта арыянскі крызіс IV стагоддзя. Гэта была смяротна небяспечная атака супраць таямніцы Найсвяцейшай Тройцы. У той час вера трымалася практычна на простых веруючых. Аналізуючы той крызіс, бл. Джон Генры Ньюмэн сказаў, што цэласнасць каталіцкай веры ў IV стагоддзі захавала хутчэй “ecclesia docta” (г. зн. веруючыя, навучаныя духоўнымі), а не “ecclesia docens” (г. зн. трымальнікі касцёльнага Магістэрыя). У часы сур’ёзнага крызісу Божы Провід любіць выкарыстоўваць простых і пакорных, каб прадэманстраваць непарушнасць свайго Касцёла. Да ўнутранай сітуацыі ў Касцёле можна прымяніць наступнае сцвярджэнне святога Паўла: “Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных” (1 Кар 1:27). Калі простыя вернікі бачаць, што прадстаўнікі духавенства, а нават найвышэйшага духавенства, занядбоўваюць каталіцкую веру і прапаведуюць памылкі, яны павінны маліцца аб іх навяртанні, яны павінны выпраўляць іх памылкі духоўных праз адважнае сведчанне веры. Часам вернікам варта даць параду ці выправіць духоўных, але заўсёды з пашанай, наследуючы прынцып “sentire cum ecclesia“, як рабілі св. Кацярына Сіенская і св. Брыгіта Шведская. У Касцёле ўсе мы ствараем адно цела, Містычнае Цела Хрыста. Калі галава (духавенства) слабая, астатнія члены павінны старацца ўмацаваць усё цела. Нарэшце, Касцёл вядзе нябачная галава — Хрыстус — і ажыўляе нябачная душа — Святы Дух. Таму Касцёл непарушны.

Бянтэжнае і неадназначнае відэапасланне

Сп. Фюлеп: У студзені ў відэапасланні Папа Францішак паведаміў пра свой малітоўны намер наконт межрэлігійнага дыялогу [18]. Святы Айцец сцвярджае, што ён моліцца, “каб адкрыты дыялог паміж мужчынамі і жанчынамі розных рэлігій даў плёны міру і справядлівасці”. У гэтым відэа мы бачым папу-аргентынца з вернікамі іншых рэлігій, уключаючы юдэяў, мусульманаў і будыстаў, кожны з якіх вызнае сваю веру, і ўсе заяўляюць, што вераць у любоў. Папа заклікае да межрэлігійнага дыялогу, заўважаючы, што “большасць жыхароў планеты называюць сябе веруючымі”, і таму, “гэта павінна прыводзіць да дыялогу паміж рэлігіямі”. “Толькі праз дыялог, — падкрэслівае ён, — мы зможам перамагчы нецярпімасць і дыскрымінацыю”. Адзначаючы, што міжрэлігійны дыялог з’яўляецца “неабходнай умовай” для супакою ў свеце, Папа кажа, што “не трэба пераставаць маліцца аб гэтым і працаваць з тымі, хто думае па-іншаму”. Ён таксама выказвае надзею, што яго просьба аб малітве дасягне ўсіх людзей. “У гэтай вялікай разнастайнасці рэлігій, — завяршае Папа Францішак, — нас аб’ядноўвае толькі адна ўпэўненасць: усе мы Божыя дзеці”, — і кажа, што ён давярае нашым малітвам. У апошнім кадры мы бачым маленькага Езуса сярод Буды, меноры і мусульманскай месбахі. Калі мы верым, што Езус Хрыстус — адзіны Сын Бога, а Каталіцкі Касцёл, прыняцце веры і хрост неабходныя для збаўлення [19], калі мы ведаем, што Божае ўсынаўленне з’яўляецца плёнам апраўдання, прагляд гэтага відэа выклікае збянтэжанасць…

Я. Э. бп. Шнайдэр: Вядома. На жаль, гэтае выказванне Папы вельмі бянтэжнае і неадназначнае. Збянтэжанасць узнікае таму, што ён ставіць на адну вышыню натуральны ўзровень, паводле якога ўсе людзі з’яўляюцца Божымі стварэннямі, і звышнатуральны ўзровень, згодна з якім толькі тыя, хто верыць у Хрыста і атрымаў хрост, з’яўляюцца Божымі дзецьмі. Так сказаў сам Бог у Евангеллі ад Яна [20]. Прыведзенае вышэй выказванне Папы ў некаторым сэнсе супярэчыць самому Божаму слову. Як пісаў святы Павел, менавіта Хрыстус [21] праз Святога Духа напаўняе нашыя сэрцы так, што мы можам усклікаць “Абба, Ойча”. Калі абапірацца на Божае слова, гэта абсалютна ясна. Вядома, Хрыстус праліў кроў, каб адкупіць усіх, кожнага чалавека. Гэта аб’ектыўнае адкупленне. І таму кожны чалавек можа стаць Божым дзіцём, калі суб’ектыўна прыме Хрыста праз веру і хрост. Гэту розніцу трэба акцэнтаваць вельмі ясна.

Неакатэхуменальны шлях — гэта пратэстанцка-юдэйская супольнасць

Сп. Фюлеп: У той час, як традыцыя пераследуецца, існуюць некаторыя новыя сучасныя рухі, якія вельмі падтрымліваюць. Адзін з іх — гэта супольнасць Кіка. Якія вашыя думкі наконт Неакатэхуменальнага шляху [22]

Я. Э. бп. Шнайдэр: Гэта вельмі складаны і смутны феномен. Калі казаць адкрыта, гэта траянскі конь у Касцёле. Я вельмі добра іх ведаю, таму што я некалькі гадоў быў для іх біскупскім дэлегатам у Казахстане ў Карагандзе. І я ўдзельнічаў у іхніх Імшах і спатканнях, чытаў творы Кіка, іх заснавацеля, таму я ведаю іх вельмі добра. Калі казаць адкрыта, без дыпламатыі, я мушу заявіць, што Неакатэхуменат — гэта пратэстанцка-юдэйская супольнасць [23] унутры Касцёла, толькі з каталіцкай дэкарацыяй. Найбольш небяспечны аспект датычыцца Эўхарыстыі, таму што Эўхарыстыя — гэта сэрца Касцёла. Калі кепска сэрцу, кепска ўсяму целу. Для Неакатэхуменату Эўхарыстыя — гэта перадусім братэрскі банкет. Гэта пратэстанцкія, тыпова лютэранскія адносіны [24]. Яны адпрэчваюць ідэю і вучэнне аб Эўхарыстыі як аб сапраўднай ахвяры. Яны нават лічаць, што традыцыйнае вучэнне і вера ў Эўхарыстыю як ахвяру не хрысціянскае, а паганскае [25]. Гэта зусім абсурдна, гэта па-лютэранску, па-пратэстанцку. Падчас сваіх літургій Эўхарыстыі яны адносяцца да Найсвяцейшага Сакрамэнту настолькі банальным чынам, што часам становіцца жахліва [26]. Прымаючы Святую Камунію, яны сядзяць, а потым губляюць часцінкі, таму што не дбаюць пра іх, а пасля Камуніі яны танчаць замест таго, каб маліцца і пакланяцца Езусу ў цішыні. Гэта сапраўды па-свецку, па-паганску, натуралістычна.

Сп. Фюлеп: Магчыма, праблема не толькі практычная…

Я. Э. бп. Шнайдэр: Другая небяспека — гэта іхняя ідэалогія. Паводле заснавальніка Кіка Аргуэльё, асноўная ідэя Неакатэхуменату заключаецца ў наступным: Касцёл вёў ідэальнае жыццё толькі да Канстантына ў IV стагоддзі, толькі гэта быў сапраўдны Касцёл. А з Канстантынам Касцёл стаў дэградаваць дактрынальна, маральна і літургічна [27]. Ніжняй мяжы дэградацыі дактрыны і літургіі Касцёл дасягнуў з дэкрэтамі Трыдэнцкага сабору. Аднак, насуперак гэтаму меркаванню, праўда адваротная: гэта быў адзін з самых светлых момантаў у гісторыі Касцёла, дзякуючы яснасці дактрыны і дысцыпліны. Паводле Кіка, цёмныя часы Касцёла доўжыліся ад IV стагоддзя да Другога Ватыканскага сабору. І толькі з Другім Ватыканскім саборам святло прыйшло ў Касцёл. Гэта ерась, таму што гэта сцвярджэнне таго, што Святы Дух пакінуў Касцёл. А гэта сапраўды па-сектанцку і вельмі падобна да Марціна Лютэра, які казаў, што да яго Касцёл быў у цемры і што менавіта праз яго ў Касцёле з’явілася святло. Пазіцыя Кіка грунтоўна тая самая, толькі Кіка заяўляе, што цёмныя часы доўжыліся ад Канстанціна да Другога Ватыканскага сабору. Яны кажуць, што яны апосталы Сабору. Саборам яны апраўдваюць усе свае ерэтычныя практыкі і вучэнні. Гэта сур’ёзнае злоўжыванне.

Сп. Фюлеп: Як гэтую супольнасць афіцыйна прызналі ў Касцёле?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Гэта асобная трагедыя. Яны арганізавалі магутнае лобі ў Ватыкане прынамсі трыццаць гадоў таму. А вось іншы падман: на многіх мерапрыемствах яны прадстаўляюць біскупам шматлікія плёны навяртання і многія пакліканні. Шмат біскупаў бачаць толькі плёны, але не бачаць памылкі, яны не правяраюць іх. У іх вялікія сем’і, шмат дзяцей, яны маюць высокі маральны стандарт у сямейным жыцці. Вядома, гэта добры рэзультат. Аднак існуе і нешта накшталт прэсінгу, каб прымусіць сем’і мець больш дзяцей. Гэта нездарова. Яны кажуць, што прымаюць Humanae Vitae [28], і гэта, вядома, добра. Але гэта ілюзія, таму што зараз у свеце таксама вялікая колькасць пратэстанцкіх групаў з высокім маральным стандартам, якія таксама маюць шмат дзяцей, якія выходзяць пратэставаць супраць гендэрнай ідэалогіі, гомасэксуальнасці і якія таксама прымаюць Humanae Vitae. Але для мяне гэта не вырашальны крытэрый праўды! Ёсць таксама шмат пратэстанцкіх супольнасцяў, якія навярнулі шмат грэшнікаў, людзей з такімі залежнасцямі, як алкагалізм і наркаманія. Плёны навяртання не з’яўляюцца для мяне вырашальным крытэрыем, і я не запрасіў бы добрую пратэстанцкую групу, якая навяртае шмат грэшнікаў і мае шмат дзяцей, у сваю дыяцэзію, каб арганізаваць апостальскую працу. Гэта ілюзія многіх біскупаў, якія заслепленыя так званымі плёнамі.

Сп. Фюлеп: Што з’яўляецца вуглавым каменем дактрыны?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Вучэнне пра Эўхарыстыю. Гэта сэрца. Глядзець найперш на плёны і ігнараваць ці не дбаць пра дактрыну ці літургію — памылка. Я ўпэўнены, што прыйдзе час, калі Касцёл аб’ектыўна і глыбока прааналізуе гэтую арганізацыю без ціску лабістаў Неакатэхументальнага шляху, і іхнія памылкі ў вучэнні і літургіі стануць відавочныя.

Хрыстус — адзіны Збаўца

Сп. Фюлеп: Пяцьдзесят год таму была апублікавана дэкларацыя Другога Ватыканскага сабору Nostra aetate [29]. Яе чацвёрты раздзел прадстаўляе адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і юдэйскім народам у новых тэалагічных каардынатах. Гэты тэкст — адзін з самых праблематычных і спрэчных дакументаў Сабору, між іншым, таксама з-за сцвярджэнняў наконт юдэяў. А цяпер, на пяцідзесяцігоддзе Nostra aetate, кардынал Курт Кох ад імя Апостальскай Сталіцы напісаў новы дакумент [30], дзе можна прачытаць, што “Каталіцкі Касцёл не праводзіць і не падтрымлівае аніякую спецыфічную інстытуцыйную місіянерскую працу, накіраваную на юдэяў” [31]. Ці місіянерскі наказ Езуса [32] больш не дзейнічае?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Гэта немагчыма, бо гэта было б абсалютна насуперак слову Хрыста. Езус Хрыстус сказаў: “Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля” (Мц 15:24). І Яго місія працягваецца, Ён не кінуў яе. Ён сказаў “ідзіце і навучайце ўсе народы” [33], а не “ідзіце і навучайце ўсе народы, акрамя юдэяў”. Прыведзеная вышэй заява мае гэта на ўвазе. Гэта абсурд. Гэта супраць Божай волі і супраць усёй гісторыі жыцця Касцёла даўжынёй у дзве тысячы гадоў. Касцёл заўсёды прапаведаваў усім, незалежна ад нацыі і рэлігіі. Хрыстус — гэта адзіны Збаўца. Сёння юдэі адкідаюць запавет з Богам. Ёсць толькі адзін запавет з Богам: Стары Запавет быў толькі падрыхтоўчым і дасягнуў сваёй мэты ў Новым і Вечным Запавеце. Гэта таксама вучэнне Другога Ватыканскага сабору: “Эканомія збаўлення ў Старым Запавеце была накіравана перадусім на тое, каб падрыхтаваць прыйсце Хрыста. Бог, натхняльнік і аўтар кніг абодвух Запаветаў, так мудра пастанавіў, што Новы Запавет хаваецца ў Старым, а Стары Запавет раскрываецца ў Новым” (Dei Verbum 15-16). Юдэі адкінулі Божы запавет, бо Езус сказаў ім: “Хто ненавідзіць Мяне, той і Айца Майго ненавідзіць” (Ян 15:23). Гэтыя словы Езуса дагэтуль адносяцца да сённяшніх юдэяў: “Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць” (Мк 13:31). І Езус сказаў, што калі вы не прымаеце мяне, вы не можаце пайсці да Айца [34]. Калі сённяшнія юдэі адкідваюць Хрыста, яны таксама адкідваюць Айца і Яго запавет. Таму што ў рэшце рэшт застаўся толькі адзін запавет, а не два: Стары Запавет перайшоў у Новы Запавет. Таму што існуе адзін Бог, а не два: бог Старога Запавету і бог Новага Запавету. Гэта гнастычная ерась. Гэта вучэнне фарысеяў і Талмуда. Сённяшнія юдэі — гэта талмудычныя паслядоўнікі фарысеяў, якія адкінулі Божы Запавет. Аднак справядлівыя юдэі Старога Запавету — прарокі, Абрагам і Майсей — прынялі Хрыста. Езус так сказаў, таму мы таксама мусім на гэта ўказаць.

Сп. Фюлеп: Тады як Nostra aetate, цесна звязаная з Янам Паўлам ІІ, называе юдэяў “старэйшымі братамі”, Папа Бенедыкт XVI ўжывае форму “айцы ў веры”. Але ж габрэі Старога Запавету і талмудычны юдаізм — гэта дастаткова розныя рэчы, ці не так?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Так, вядома. На жаль, гэтыя выраз абодвух Папаў у некаторай ступені неадназначныя. Яны незразумелыя. Бо, калі гэтыя словы азначаюць, што юдэі — нашыя старэйшыя браты, мы павінны ўказваць, што толькі юдэі Старога Запавету — прарокі, Абрагам і ўсе святыя Старога Запавету — нашыя старэйшыя браты. Гэта карэктна, бо яны ўжо прынялі Хрыста, не яўна, але на ўзроўні правобразаў і сімвалаў, а Абрагам нават яўна, як казаў сам Хрыстус: “Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся” (Ян 8:56). Але як мы можам сказаць гэта пра сённяшніх юдэяў Талмуда, якія адкінулі Хрыста і не вераць у Хрыста і Святую Тройцу? Як яны могуць быць нашымі старэйшымі братамі, калі не маюць веры ў Хрыста? Чаму яны могуць навучыць мяне? Я веру ў Хрыста і Святую Тройцу. Але яны адкідваюць Святую Тройцу, таму ў іх няма веры. Таму яны не могуць быць маімі старэйшымі братамі ў веры. 

Дыялог з ісламам

Сп. Фюлеп: Іслам — найбольш распаўсюджаная рэлігія ў Казахстане [35]. Традыцыйна этнічныя казахі з’яўляюцца сунітамі. Які ваш досвед дыялогу з імі? Кажуць, што іслам падобны да хрысціянства ці юдаізму, бо яны вераць у аднаго Бога, і монатэізм лічыцца базай для дыялогу. Ці сапраўды гэта так? Ці магчыма ўдзельнічаць у глыбокім тэалагічным дыялогу з імі? Ці Алах — тое самае, што Святая Тройца? Ці існуе база для тэалагічнага дыялогу, калі іслам ненавідзіць веру ва Уцелаўленне?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Існуе пэўная супярэчнасць, калі кажуць, што юдэі, мусульмане і хрысціяне з’яўляюцца прыхільнікамі монатэістычных рэлігій. Гэта крыху бянтэжыць. Чаму? Таму што мы, хрысціяне, верым не проста ў аднаго Бога, але ў Трыадзінага Бога, у Найсвяцейшую Тройцу. Мы верым не проста ў аднаго Бога, як можа верыць любы чалавек праз натуральнае суджэнне. Юдэі і мусульмане вераць у аднаго Бога, які ўяўляе сабой толькі адну асобу. Гэта ерась, гэта няпраўда. Бог — не адна асоба, а тры. Больш за тое, у іх няма веры, таму што яны вераць толькі ў тое, што Бог адзін, але гэта не патрабуе веры, прычыны гэтага натуральныя. Існуе дагмат веры, які кажа, што пад натуральным святлом натуральнага суджэння кожны чалавек можа спазнаць, што Бог адзін. Нашая вера звышнатуральная, і ў гэтым істотнае адрозненне.

Аб’ектыўна, Бог, спазнаны праз суджэнне, вядома, з’яўляецца Святой Тройцай. Але юдэі і мусульмане не прымаюць Святую Тройцу. Таму мы не можам маліцца разам, бо іхняя малітва паказвае іх упэўненасць, што існуе толькі адзін Бог, адна асоба. Але мы, хрысціяне, заўсёды пакланяемся Богу ў трох асобах. Заўсёды. Таму малітва не можа быць адной і той жа. Гэта не будзе праўдзіва. Гэта будзе супярэчнасць і хлусня.

Сп. Фюлеп: Ці азначае гэта, што два Сусветных дні малітвы аб супакоі ў Асізі [36] з’яўляліся скандальнай супярэчнасцю?

Я. Э. бп. Шнайдэр: На жаль, Сусветныя дні малітвы, якія праводзіліся ў Асізі, неслі замяшанне ў тым, што датычыла сутнаснай розніцы паміж хрысціянскай малітвай, якая заўсёды звернута да Найсвяцейшай Тройцы, і малітвай людзей, якія прызнаюць Бога Стварыцелем і адной Асобай па натуральных прычынах і пакланяюцца яму па натуральных прычынах. Найбольш смутны аспект міжрэлігійных малітоўных спатканняў у Асізі заключаўся, аднак, у тым, што там прымалі ўдзел таксама прадстаўнікі політэістычных рэлігій, якія выконваюць свой культ да ідалаў, а таму там практыкавалася ідалапаклонства, што, паводле Святога Пісання, з’яўляецца найвялікшым грахом.

“Міграцыя штучна спланаваная і запраграмаваная”

Сп. Фюлеп: Які ваш персанальны погляд на міграцыйны крызіс у Еўропе? Як да яго павінны ставіцца каталікі?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Гэта больш-менш палітычная сітуацыя. Рабіць палітычныя заявы — гэта не першая задача біскупаў. Але, як прыватная асоба, я магу сказаць, што так званая “міграцыя” штучна спланавая і запраграмаваная. Можна нават сказаць пра нейкі від нашэсця. Пэўныя глабальныя палітычныя сілы падрыхтавалі яго некалькі гадоў таму, ствараючы замяшанне і войны на Сярэднім Усходзе шляхам “дапамогі” гэтым тэрарыстам ці ігнаравання іх на афіцыйным узроўні, таму нейкім чынам яны зрабілі ўнёсак у гэты крызіс. Перанос такой вялікай масы людзей, якія пераважна з’яўляюцца мусульманамі і належаць да вельмі адрознай культуры, да сэрца Еўропы — гэта праблема. Такім чынам, у Еўропе адбываецца запраграмаваны канфлікт, а грамадзянскае і палітычнае жыццё дэстабілізавана. Гэта павінна быць відавочна для кожнага.

Касцёл і Расія

Сп. Фюлеп: Я хацеў бы спытацца пра расійскае праваслаўе і Расію. Вы вельмі добра ведаеце Рускую Праваслаўную Царкву, іх жыццё і ментальнасць. У наступным годзе адбудзецца стогадовы юблей Фацімы. Несумненна, Расія не была наўпрост прысвечана Беззаганнаму Сэрцу Марыі і не навярнулася да Бога [37].

Я. Э. бп. Шнайдэр: Мы ведаем тэкст, які апублікаваў Ян Павел ІІ. І гэта ў некаторым сэнсе было прысвячэнне Расіі, хоць, напэўна, і не яўнае. У гэтым тэксце ён казаў пра краіны і нацыі, якім патрэбна гэтае прысвячэнне і прысвячэння якіх жадала Марыя. Вядома, гэта была алюзія да Фацімы. Таму, я сказаў бы, гэта было ўскоснае прысвячэнне Расіі. Але я думаю, варта зрабіць яго яўна, канкрэтна ўзгадваючы Расію. Спадзяюся, гэта будзе зроблена ў будучыні.

Сп. Фюлеп: Каталіцкая Традыцыя і святая Каталіцкая літургія ў usus antiquior маглі б рэальна дапамагчы экуменічным адносінам з праваслаўнымі. Але, на жаль, яны ўзрушаныя выглядам сучаснага лацінскага абраду. Яны кажуць, што мы нагадваем пратэстантаў. Гэта трагедыя, калі мы падумаем пра агульную Апостальскую Традыцыю, якая знаходзіцца на вытоку лацінскай і грэцкай літургій. Ці адсутнасць каталіцкай традыцыі дапамагае эфектыўнаму дыялогу з усходнімі касцёламі?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Так, гэта праўда. Я часта размаўляю з праваслаўным духавенствам, і яны гэта мне кажуць. Манера цэлебрацыі ў накірунку людзей, выкарыстоўваючы жанчын у якасці лектараў, напрыклад, больш падобная да пратэстанцкай малітвы. Святар і вернікі ўтвараюць цеснае кола, цэлебрацыя нагадвае спатканне ці канферэнцыю. Нефармальныя аспекты падчас Імшы супярэчаць Каталіцкай і Апостальскай Традыцыі, агульнай для нас і Праваслаўнай Царквы. Таму гэта праўда, і я ўпэўнены, што калі мы вернемся да традыцыйнай літургіі ці прынамсі будзем цэлебраваць новую форму Імшы традыцыйным чынам, мы станем бліжэй да нашых праваслаўных братоў, прынамсі на літургічным узроўні. У 2001 годзе Ян Павел ІІ напісаў ліст да Кангрэгацыі Божага культу, дзе была вельмі цікавая фраза. Ён казаў пра традыцыйную рымскую літургію, якая вельмі шанаваная і мае падабенства да шанаваных усходніх літургій [38].

Сп. Фюлеп: Папа Францішак і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сустрэліся ў Гаване (Куба) 12 лютага 2016 года, каб падпісаць гістарычную сумесную дэкларацыю [39]. Дакумент складаецца з 30 раздзелаў, прычым толькі 3 адносяцца да тэалагічных пытанняў, а астатнія — да супакою ў свеце, сацыяльных праблемаў, абароны жыцця, сужэнства, абароны навакольнага асяроддзя і рэлігійнай свабоды. У чым значэнне гэтай сустрэчы?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Сам толькі факт таго, што Рымскі Пантыфік і Расійскі Патрыярх сустрэліся ўпершыню ў гісторыі, мае асаблівае значэнне. На чалавечым і псіхалагічным узроўні гэтая сустрэча зняла векавы ўзаемны недавер і адчужэнне. У гэтым сэнсе гэта была важная сустрэча. Тэалагічныя пытанні, аднак, былі амаль цалкам выключаныя. Умовы сустрэчы таксама паказваюць на яе палітычнае вымярэнне. Спадзяемся, што Божы Провід выкарыстае гэтую сустрэчу дзеля будучай еднасці ў цэласнасці каталіцкай веры. 

Мы павінны пакаяцца ў сваіх грахах

Сп. Фюлеп: Папа Францішак адкрыў Надзвычайны Юбілейны год Міласэрнасці [40], якія з’яўляецца перыядам малітвы ад урачыстасці Беззаганнага Зачацця (8 снежня 2015 года) да ўрачыстасці Хрыста, Валадара Сусвету (20 лістапада 2016 года). Мы чуем шмат настаўленняў і разважанняў пра міласэрнасць. Як інтэрпрэтуеце Божую міласэрнасць вы?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Божая міласэрнасць — гэта любоў Бога да нас. Божая міласэрнасць адкрылася нам, калі Ён прыйшоў да нас і стаў адным з нас. У невымоўнай міласэрнасці Бог вырашыў стацца чалавекам і збавіў нас на крыжы. Божая міласэрнасць заключаецца ў тым факце, што ён заўсёды гатовы прабачыць нас, калі мы шчыра каемся ў сваіх грахах. Езус сам сказаў Пятру, калі той спытаўся яго [41]: “калі мой брат зграшыць супраць мяне, ці павінен я прабачыць яму сем разоў?” — а Езус адказаў: “Не сем, а семдзесят сем разоў”, гэта значыць, кожны раз, калі твой брат шчыра папросіць у цябе прабачэння. Кожны раз, калі мы папросім Бога прабачыць нашыя грахі, не мае значэння, наколькі яны вялікія і страшныя, Ён прабачыць нас пры ўмове, што мы каемся шчыра, гэта значыць, што мы гатовыя пазбягаць іх у будучыні. Але, на жаль, група кардынала Каспера і клерыкі, якія падтрымліваюць ягоную тэорыю, няверна інтэрпрэтуюць і злоўжываюць канцэпцыяй міласэрнасці, уводзячы магчымасць таго, што Бог прабачае нават тады, калі ў нас няма цвёрдага намеру пакаяцца і пазбягаць граху ў будучыні. Гэта азначае поўнае разбурэнне сапраўднай канцэпцыі Божай міласэрнасці. Такая тэорыя кажа: ты можаш працягваць грашыць, Бог міласэрны. Гэта хлусня і, у вядомым сэнсе, духоўнае злачынства, таму што гэта прымус грэшнікаў грашыць далей, згубіцца і быць праклятымі навечна.

Сп. Фюлеп: Якая сувязь паміж Божай міласэрнасцю і Святой Эўхарыстыяй? Ці з’яўляецца Найсвяцейшы Сакрамэнт галоўным знакам Божай міласэрнасці, бо Бог даў нам сябе vere, realiter et substantialiter? [42]

Я. Э. бп. Шнайдэр: Вядома, гэта так. Гэта так, таму што Святая Эўхарыстыя — гэта сакрамэнт Крыжа Хрыста, сакрамэнт Яго ахвяры, якая прысутнічае ў кожнай Святой Імшы. Так становіцца прысутным акт адкуплення, найвялікшы акт Божай міласэрнасці. Таму Эўхарыстыя — гэта дэманстрацыя і абвяшчэнне жывой міласэрнасці Бога да нас. Але Эўхарыстыя — гэта не толькі ахвяра Хрыста, але і сама асоба Хрыста. Яго цела і душа рэальна прысутныя, і гэта самая святая і сакральная рэальнасць, якую мы маем на зямлі. Мы можам набліжацца да Святога, як грэшнік, які кажа: “О, мой Пане, я няварты, але вылечы мяне, ачысці мяне!” Таму Эўхарыстыя — гэта таксама дэманстрацыя міласэрнасці Бога, Які патрабуе, каб мы папярэдне ачысціліся і абмыліся з нашых грахоў. Але асноўны і звычайны сакрамэнт міласэрнасці — гэта сакрамэнт пакаяння. Эўхарыстыя — гэта дэманстрацыя Божай міласэрнасці, і яна абавязкова патрабуе сакрамэнту міласэрнасці, гэта значыць, сакрамэнту пакаяння, каб душа была ачышчаная. Дзверы да міласэрнасці — гэта сакрамэнт пакаяння: гэта адкрытыя дзверы да Сэрца Езуса, з якога падчас сакрамэнтальнага адпушчэння грахоў сцякае Яго кроў, якая ачышчае грэшніка. Святая Імша заключае ў сабе крыніцу ўсіх іншых сакрамэнтаў, і гэтая крыніца — крыжовая ахвяра.

Святы Дух мацнейшы

Сп. Фюлеп: У наступным годзе motu proprio Summorum Pontificum споўніцца 10 гадоў [43]. Ваша Эксцэленцыя, вы назіралі за тым, як гэты закон выконваецца па ўсім свеце. Як вы можаце ацаніць сітуацыю?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Дзякуючы motu proprio традыцыйная літургія стала распаўсюджвацца павольна, але вельмі моцна. Гэты рух больш няможна спыніць. Ён ужо моцны, асабліва ў маладым пакаленні: моладзь, семінарысты, маладыя сем’і. Яны хочуць спазнаць прыгажосць каталіцкай веры праз гэтую літургію, і для мяне гэта сапраўдны знак дзейнасці Святога Духа, таму што гэтае распаўсюджванне ідзе так натуральна і павольна, без дапамогі афіцыйных структураў Касцёла, без дапамогі наменклатуры. Часта гэты рух нават сустракае супраціў афіцыйных прадстаўнікоў Касцёла. Нягледзячы на перашкоды з боку часткі касцёльных бюракратаў, ён расце і распаўсюджваецца, і для мяне гэта справа Святога Духа. А Святы Дух мацнейшы за некаторых біскупаў і кардыналаў і некаторыя касцёльныя структуры.

“Lex credendi — lex orandi — lex vivendi”

Сп. Фюлеп: Шматлікія традыцыяналісты, якія бачаць толькі прыгажосць літургіі, не дбаюць пра вучэнне. Фармалізм, рытуалізм і перфекцыянізм вельмі небяспечныя, таму што гэтыя памылкі раздзяляюць праўдзівае вучэнне, жыццё і літургію. Як пазбегнуць такіх праблем?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Існуе базавы каталіцкі прынцып, які кажа: “Lex credendi est lex orandi”. Гэта азначае, што закон веры, каталіцкая праўда павінна мець выраз у законе малітвы, публічнай малітвы Касцёла [44]. Тэксты і абрады літургіі павінны перадаваць еднасць і прыгажосць каталіцкай веры і Божай праўды. Калі мы любім прыгажосць літургіі, яе традыцыйнай формы, гэта дакранецца да нашай душы і да нашага розуму, мы станем больш любіць каталіцкую праўду і жыць ёй у штодзённым хрысціянскім жыцці. Сапраўдны каталік мусіць найперш любіць цэласнасць веры, з гэтай любові паходзіць цэласнасць літургіі, а з гэтай любові паходзіць цэласнасць маралі. Таму мы можам пашырыць традыцыйную аксіёму, сказаўшы: “Lex credendi — lex orandi — lex vivendi”. Аднак клопат і абарона цэласнасці каталіцкай веры павінны выконвацца згодна з прынцыпам “sentire cum ecclesia“, гэта значыць, з павагай і любоўю.

“Non possumus!”

Сп. Фюлеп: У часы Яна Паўла ІІ Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў выдала інструкцыю пад назвай “Redemptionis Sacramentum”, якая датычыцца некаторых аспектаў, якія неабходна захоўваць або якіх трэба пазбягаць у дачыненні да Найсвяцейшай Эўхарыстыі [45]. Гэты дакумент прадпісвае, што “калі якая-небудзь камунікуючая асоба пажадае прыняць Сакрамэнт у руку, у рэгіёнах, дзе Канферэнцыя біскупаў са згоды Апостальскай Сталіцы дала такі дазвол, святая гостыя мусіць быць удзеленая яму ці ёй. Аднак трэба асабліва паклапаціцца і пераканацца, што камунікуючая асоба спажыла камунікант у прысутнасці служыцеля, каб ніхто не сышоў, несучы Эўхарыстычныя постаці ў руцэ. Калі існуе рызыка прафанацыі, Святую Камунію не трэба ўдзяляць у руку верніка” [46]. Мы верым у вучэнне пра рэальную прысутнасць Пана Езуса Хрыста ў Святой Эўхарыстыі. Удзяленне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў руку нясе рызыку згубіць дробныя фрагменты, што можа прывесці да прафанацыі [47]. З кнігі Вашай Эксцэленцыі мы ведаем, што старажытная практыка абсалютна адрознівалася ад цяперашняй пратэстанцкай формы. Калі просяць удзяліць Святую Камунію ў руку, ці з’яўляецца адказ “Non possumus” адзіным адэкватным адказам для святароў, дыяканаў і надзвычайных служыцеляў? [48]

Я. Э. бп. Шнайдэр: Так, я цалкам згаджаюся з гэтым. Мне няма чаго дадаць, таму што гэта вельмі відавочна. Найперш і найбольш мы павінны абараняць нашага Пана. Сутнасць у тым, што падчас амаль што кожнага ўдзялення Святой Камуніі ў руку існуе рэальная небяспека згубіць фрагменты. Таму мы не можам даваць Святую Камунію ў рукі. Гэта занадта небяспечна. Мы павінны рашыцца абараніць нашага Пана. Закон Касцёла падпарадкоўваецца дабру Касцёла, і ў дадзеным выпадку літара закону — дазвол даваць Камунію ў руку — выклікае вялікую духоўную шкоду самаму святому ў Касцёле, гэта значыць, нашаму Пану ў Эўхарыстыі. Удзяленне Камуніі ў руку небяспечнае і разбурае Касцёл. Таму мы не можам следаваць гэтаму закону. На практыцы гэта, вядома, цяжка, бо ў некаторых месцах людзі ўжо прызвычаіліся прымаць Святую Камунію ў руку. Аднак мы павінны папярэдне тлумачыць ім з вялікім перакананнем і любоўю, і звычайна большасць з іх гэта прыме. Таму нам трэба імкнуцца гэта рабіць.

Сп. Фюлеп: Што, калі настаяцелі не дазваляюць семінарыстам, акалітам і надзвычайным служыцелям гэта рабіць?

Я. Э. бп. Шнайдэр: Я б палічыў за лепшае не даваць Камунію ў руку. А калі б настаяцель прымушаў мяне рабіць гэта, я б сказаў: “Я не магу”. Я павінен сказаць настаяцелю, што таксама маю сумленне.

Regnum Eucharisticum

Сп. Фюлеп: На працягу гэтых дзён вы мелі магчымасць спаткацца з венгерскімі традыцыйнымі каталікамі і венгерскімі традыцыйнымі святарамі на канферэнцыях і на Святой Імшы. Вы наведалі Парламент і памаліліся перад Каронай святога Іштвана і Святой правіцай караля Іштвана. Якія вашыя ўражанні ад Regnum Marianum? [49]

Я. Э. бп. Шнайдэр: Гэта вельмі цудоўная краіна! Паўсюль я бачу такія прыгожыя вёскі і касцёлы! Маё падарожжа паказвае мне, што гэта каталіцкая краіна. Я спадзяюся, што венгры будуць верныя Regnum Marianum, каб вашай краінай сапраўды кіравала Марыя. І паколькі вы Regnum Marianum, вы таксама павінны быць Regnum Eucharisticum. Жадаю, каб у Венгрыі таксама ўмацоўваліся любоў, пашана і абарона нашага Эўхарыстычнага Пана.


Аўтары: Атаназіус Шнайдэр, Даніэль Фюлеп, ISBN 978 615 80263 6 9, Regnum Eucharisticum, матэрыялы канферэнцыі. Спасылкі падрыхтаваў Даніэль Фюлеп. Інтэрв’ю правёў і апублікаваў Цэнтр вышэйшай адукацыі імя Джона Генры Ньюмэна (newman.hu).

Крыніца: http://newman.hu/index.php/interview-with-schneider/

Дазваляецца свабодна капіраваць, распаўсюджваць і іншым чынам выкарыстоўваць гэты тэкст (арыгінальную і беларускую версію) пры ўмове адпаведнага пазначэння крыніцы.

[1] Гэтыя пытанні адносяцца да Трэцяй надзвычайнай генеральнай асамблеі Сіноду біскупаў (Ватыкан, 5—19 кастрычніка 2014) і Чатырнаццатай звычайнай генеральнай асамблеі Сіноду біскупаў (Ватыкан, 4—25 кастрычніка 2015). Абодва былі прысвечаны сужэнству і сям’і, таму часам іх называюць сінодамі на тэму сям’і.

Сінод біскупаў (synodus episcoporum) — гэта дарадчы орган, які дапамагае Рымскаму Пантыфіку выконваць служэнне Пятра. Сінод не прымае рашэнняў, але радзіць Папу. Сінод можа быць звычайны, надзвычайны і спецыяльны. Дакументы: уводзіны і спіс тэмаў для дыскусіі (Lineamenta), працоўны дакумент (Instrumentum laboris), справаздача пасля дыскусіі (Relatio post disceptationem) і фінальны дакумент, які мае розныя назвы (Propositiones, Relatio Synodi, Relatio Finalis), а таксама пасланне Сіноду для прэсы (Messaggio Sinodale). Пасля сіноду Папа звычайна выдае паслясінадальную апостальскую адгартацыю.

[2] Трэцяя надзвычайная генеральная асамблея Сіноду біскупаў (Ватыкан, 5—19 кастрычніка 2014).

[3] Relatio Synodi, Трэцяя надзвычайная генеральная асамблея Сіноду біскупаў (Ватыкан, 5—19 кастрычніка 2014).

[4] Relatio Finalis, Чатырнаццатая звычайная генеральная асамблея Сіноду біскупаў (Ватыкан, 4—25 кастрычніка 2015).

[5] Athanasius Schneider, A back door to a Neo-Mosaic practice in the Final Report of the Synod, 2 лістапада 2015 года, http://rorate-caeli.blogspot.com/2015/11/rorate-exclusive-bishop-athanasius.html

[6] Інтэрв’ю з Ізабэлай Паровіч, Polonia Christiana. 5 лістапада 2014 года.

[7] http://www.pch24.pl/against-pharisees,31907,i.html

[8] Чатырнаццатая звычайная генеральная асамблея Сіноду біскупаў (Ватыкан, 4—25 кастрычніка 2015). Яна была прысвечана тэме “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”.

[9] http://rorate-caeli.blogspot.com/2015/11/rorate-exclusive-bishop-athanasius.html

[10] Гэтая тэорыя была асуджана Магістэрыем (пар. Папа Ян Павел II, энцыкліка Veritatis Splendor, 65—70).

[11] ib. Rorate Caeli

[12] Спіс памылак (Syllabus Errorum) — гэта дакумент, выдадзены Святым Пасадам пры Папу Пію ІХ 8 снежня 1864 года, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця. У той самы дзень была выдадзена папская энцыкліка Quanta cura. Яна пералічвала пазіцыю Касцёла па некалькіх філасофскіх і палітычных пытаннях і ўказвала на вучэнне Касцёла ў гэтых справах, спасылаючыся на папярэдне выдадзеныя дакументы. Гэта падзея шырока інтэрпрэтавалася як атака Касцёла на мадэрнізм, секулярызацыю і палітычную эмансіпацыю.

[13] Catholic Culture (Catholic World News). 21 студзеня 2011 года

[14] актуальны/актыўны ўдзел

[15] http://w2.vatican.va/content/pius-x/it/motu_proprio/documents/hf_p-x_motu-proprio_19031122_sollecitudini.html (22 лістапада 1903 года)

[16] Sacrosanctum Concilium, канстытуцыя пра святую літургію, гэта адзін з дакументаў Другога Ватыканскага сабору. Ён быў падтрыманы сабранымі біскупамі (2147 супраць 4) і апублікаваны Папам Паўлам VI 4 снежня 1963 года.

[17] Dei verbum (дагматычная канстытуцыя пра Божае аб’яўленне) была апублікавана падчас Другога Ватыканскага сабору Папам Паўлам VI 18 лістапада 1965 года пасля зацвярджэння сабранымі біскупамі (2344 супраць 6). Гэта адзін з асноўных дакументаў Другога Ватыканскага сабору.

[18] http://thepopevideo.org/en/video/interreligious-dialogue.html

[19] Пар. Мк 16:16.

[20] Пар. Ян 3:4-6.

[21] Пар. “Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: «Абба, Ойча!»(Рым 8:15).

[22] Неакатэхуменальны шлях (Неакатэхуменат) — гэта арганізацыя, прысвечаная хрысціянскай фармацыі людзей. Яна заснавана ў Мадрыдзе ў 1964 годзе Кіка Аргуэльё і Кармэн Эрнандэс.

[23] Супольнасць змешвае літургію Касцёла з пратэстанцкімі і юдэйскімі элементамі.

[24] Гэты рух доўга жадаў, каб Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў зацвердзіла іх літургічныя надужыванні. Пасля кансультацый з Кангрэгацыяй Папская рада па справах свецкіх зацвердзіла Катэхетычную дырэкторыю Неакатэхуменальнага шляху і пазалітургічныя практыкі. Таму гэты дазвол прымяняецца толькі да нелітургічных практык. Дэкрэт ад 20 студзеня 2012 года не мае нічога супольнага з “літургчнымі інавацыямі” Неакатэхуменальнага шляху, якія неадкладна павінны быць спыненыя, таму што яны супярэчаць паўсюдным правілам і практыцы Касцёла.

[25] Трыдэнцкі сабор (1545—1563) зацвердзіў як дагмат, што, насуперак пратэстанцкім поглядам, ахвяра Святой Імшы ўключае ў сябе адкупленчы элемент (DH 1743, 1753). Ахвяру загадаў складаць сам Хрыстус. Гэта не толькі ўспамін, праслаўленне і падзяка, але рэальная адкупіцельная ахвяра за жывых і памерлых. Аднак той факт, што Імша з’яўляецца рэальнай ахвярай, не азначае, што ахвяра Хрыста павінна паўтарацца. Касцёл не пераўтварае ахвяру Хрыста ў паганскую ахвяру з людзей. Ахвяра Святой Імшы — гэта не паўтарэнне ахвяры Крыжа, але адзіная ахвяра Хрыста, якая робіцца прысутнай праз сакрамэнтальныя знакі. У такім сэнсе, гэта “ўспамін”, у якім прысутнічае рэальнасць сакрамэнтальнай эканоміі (DH 1740). Хрыстус — гэта такі самы Найвышэйшы Святар у Святой Імшы, як і на крыжы (DH 1743).

[26] Літургія Неакатэхуменальнага шляху не адпавядае Агульнай інструкцыі да Рымскага Імшала і іншым літургічным законам, але мае свае “літургічныя інавацыі”. Літургічная практыка Шляху поўная надужыванняў: фактычна, Ватыкан скіраваў увагу руху на такія праблемы, як гаміліі вернікаў на Святых Імшах, танцы падчас літургіі, сядзенне, а не кленчанне падчас Эўхарыстычнай малітвы, прыняцце Святой Камуніі седзячы і перадача вялікага келіха з Крывёй Хрыста з рук у рукі. Правілы наконт касцёльнай музыкі цалкам ігнаруюцца. Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што Шлях аддзяляе вернікаў ад парафіі: нядзельная Святая Імша, поўная надужыванняў, заўсёды адпраўляецца ў суботу вечарам як “прыватная Імша” супольнасці, зазвычай не ў касцёле, а ў свецкім месцы, напрыклад, у пакоі супольнасці.

[27] 13 чэрвеня 313 года Канстанцін выдаў Міланскі эдыкт, які скончыў пераслед хрысціянаў і прызнаў хрысціянства законнай рэлігіяй Рымскай імперыі. У 315 годзе ён спыніў укрыжаванне як форму пакарання і даў Касцёлу ўсе прывілеі паганскіх рэлігій. У 321 годзе Канстанцін аб’явіў нядзелю святам. Як абсалютны правіцель ён дапамагаў устанаўліваць неабходныя структуры Касцёла па ўсёй імперыі з 324 года. Устанаўленне касцёльных структураў і сацыяльна-палітычнае ўзмацненне Касцёла, а таксама саюз трона і алтара лічацца пратэстантамі перамогай паганства.

[28] Humanae vitae — гэта энцыкліка, напісаная Папам Паўлам VI і выдадзеная 25 ліпеня 1968 года. Яна мае падзагаловак “Наконт рэгулявання нараджальнасці” і пацвярджае сапраўднае вучэнне Каталіцкага Касцёла аб любові ў сям’і, адказным бацькоўстве і адмове ад большасці формаў кантролю нараджальнасці.

[29] Nostra aetate — дэкларацыя Другога Ватыканскага сабору наконт адносінаў Касцёла з нехрысціянскімі рэлігіямі. Была прынята ў ходзе галасавання сабраных біскупаў (2221 супраць 88) і апублікавана 28 кастрычніка Папам Паўлам VI. Першы чарнавік пад назвай Decretum de Iudaeis (Дэкрэт пра юдэяў) быў завершаны ў лістападзе 1961 года, прыблізна праз 14 месяцаў пасля таго, як кардынал Беа атрымаў адпаведнае даручэнне ад Папы Яна XXIII. Гэты чарнавік фактычна знік у нікуды, бо ніколі не быў прадстаўлены Сабору, які адкрыўся 11 кастрычніка 1962 года.

[30] Камісія па рэлігійных адносінах з юдэямі, “Дары і пакліканне Божае нязменныя” (Рым 11:29), разважанне па тэалагічных пытаннях, датычных да каталіцка-юдэйскіх адносінаў з нагоды 50-й гадавіны “Nostra aetate” (10 снежня 2015 года). http://www.vatican.va/roman_curia/pontifical_councils/chrstuni/relations-jews-docs/rc_pc_chrstuni_doc_20151210_ebraismo-nostra-aetate_en.html

[31] Ibid 40.

[32] “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц 28:19–20).

[33] Пар. Мц 28:19.

[34] Пар. “Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне” (Ян 14:6).

[35] Згодна з перапісам 2009 года, 70 % насельніцтва складаюць мусульмане, 26 % — хрысціяне, 0,1 % — будысты, 0,2 % — іншыя (пераважна юдэі) і 3 % — нерэлігійныя. 0,5 % не адказалі на пытанне.

[36] Папа Ян Павел ІІ арганізаваў першы Сусветны дзень малітвы аб супакоі ў Асізі (Італія) 27 кастрычніка 1986 года. Разам там было 160 рэлігійных лідэраў, якія правялі дзень у посце і малітве да Бога і багоў. Наступнік Папы Яна Паўла ІІ Папа Бенедыкт XVI здзейсніў падарожжа ў Асізі ў чацвер, 27 кастрычніка 2011 года дзеля экуменічнай дыскусіі, на якой узгадвалася сустрэча 1986 года. Але там не было адзінай міжканфесіянальнай малітвы, што адлюстроўвала погляды Папы Бенедыкта XVI, згодна з якімі, хоць такія спатканні і добрыя, нельга рабіць выгляд, нават знешне, што тэалагічныя адрозненні не маюць значэння.

[37] “Трэцяя частка сакрэту адносіцца да словаў нашай Панны: Калі не, [Расія] распаўсюдзіць свае памылкі па ўсім свеце, выклікаючы войны і пераслед Касцёла. Добрыя будуць замучаныя, Святы Айцец будзе шмат цярпець, некаторыя народы будуць знішчаныя (13.07.1917)… Калі мае просьбы будуць пачутыя, Расія навернецца і настане мірны час; калі не, яна распаўсюдзіць свае памылкі па ўсім свеце і г. д.”

[38] “Святая Літургія, якую канстытуцыя Sacrosanctum Concilium лічыць вяршыняй жыцця Касцёла, не можа быць зведзеная толькі да эстэтычнай рэальнасці, а таксама не можа лічыцца інструментам, мэты якога пераважна педагагічныя ці экуменічныя. Цэлебрацыя Святых Таямніцаў — гэта найперш акт хвалы Велічы Трыадзінага Бога, выраз, якога Бог сам пажадаў”. … Цэлебрацыя літургіі — гэта акт рэлігійнай цноты, які, адпаведна сваёй істоце, павінен характарызавацца пачуццём сакральнага. Гэта значыць, чалавек і ўся супольнасць павінны ўсведамляць асаблівую прысутнасць Таго, хто тройчы святы і трансцэндэнтны. Адпаведна, пастава таго, хто моліцца, не можа быць не прасякнута пашанай і пачуццём трапятання, якое паходзіць ад ведання таго, што побач прысутнічае Божая веліч. Ці не гэта хацеў Бог выразіць, калі Ён загадаў Майсею зняць сандалі перад палаючым кустом? Ці не з гэтага ўсведамлення сыходзіла пастава Майсея і Элія, якія не асмельваліся аглядаць Бога facie ad faciem [тварам у твар]? Трэба, каб Божы Люд бачыў, што святары і дыяканы паводзяць сябе з вялікай пашанай і годнасцю, што дапаможа ім пранікнуць у нябачныя рэчы без лішніх словаў і тлумачэнняў. У Рымскім Імшале святога Пія V, а таксама ў некаторых усходніх літургіях, існуюць вельмі прыгожыя малітвы, праз якія святар выказвае найглыбейшае пачуццё пакоры і пашаны перад Святымі Таямніцамі, якія складаюць самую аснову літургіі”. У сваім звароце да пленарнай асамблеі Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў 21 верасня 2001 года Папа Ян Павел ІІ моцна падкрэсліў, што верны пераклад літургічных кніг мае першараднае значэнне. Ён таксама заклікаў арганізаваць адпаведную катэхезу, якая датычыцца папулярных набажэнстваў і прыводзіць людзей да большага разумення Імшы. Adoremus, Society for the Renewal of the Sacred Liturgy. Online Edition – Vol. VII, No. 9: December 2001 – January 2002.

[39] http://en.radiovaticana.va/news/2016/02/12/joint_declaration_of_pope_francis_and_patriarch_kirill/1208117

[40] Надзвычайны Юбілей міласэрнасці

[41] “Тады Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?» Езус адказаў яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў»” (Мц 18:21–22).

[42] Сапраўдна, рэальна і субстанцыяльна, пар. DH 1637.

[43] Summorum Pontificum — гэта апостальскі ліст Папы Бенедыкта XVI, які быў выдадзены па ўласнай ініцыятыве 7 ліпеня 2007 года і набыў моц з 14 верасня 2007 года. Гэты ліст быў выдадзены разам з іншым лістом Папы Бенедыкта, дзе ён растлумачыў прычыны яго напісання і якім акрэсліў умовы, пры якіх святары Лацінскага Касцёла могуць цэлебраваць Імшу паводе “Імшала, выдадзенага бл. Янам XXIII у 1962 годзе” (адна з апошніх рэдакцый Рымскага Імшала) і ўдзяляць большасць сакрамэнтаў у той форме, якая выкарыстоўвалася да літургічных рэформаў пасля Другога Ватыканскага сабору. З адабрэння Папы Бенедыкта XVI пантыфікальная камісія Ecclesia Dei 30 красавіка 2011 года, у свята св. Пія V, выдала інструкцыю Universae Ecclesiae, дзе праясніла некаторыя аспекты Summorum Pontificum.

[44] У гэтай фармулёўцы Яго Эксцэленцыя парафразуе прынцып “lex orandi, lex credendi”, г. зн. “закон малітвы — гэта закон веры”, які паходзіць ад часоў св. Аўгустына і азначае, што калі ты хочаш даведацца, у што Касцёл верыць, ты павінен ведаць, як ён моліцца, бо вера і малітва Касцёла ніколі не могуць супярэчыць адна адной. Хоць гэты прынцып найперш датычыць літургічнай малітвы, ён таксама прымяняецца і да іншых афіцыйна зацверджаных малітваў, таму афіцыйныя малітвы Касцёла неабходна лічыць аўтэнтычнымі крыніцамі каталіцкай дагматыкі.

[45] Гэтая інструкцыя, падрыхтаваная Кангрэгацыяй Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў па даручэнні Вярхоўнага Пантыфіка Яна Паўла ІІ ў супрацоўніцтве з Кангрэгацыяй дактрыны веры, была зацверджаная тым жа Пантыфікам ва ўрачыстасць св. Юзафа, 19 сакавіка 2004 года, і ён загадаў неадкладна апублікаваць і захоўваць яе.

[46] Ibid 92.

[47] Гэты спосаб прымяняецца толькі са спецыяльнага дазволу (indultum). Важна адзначыць, што дзейсныя цяпер правілы кажуць, што вернікі павінны зазвычай прымаць Святую Камунію кленчачы (пар. RS 90).

[48] Як сказалі абітынскія мучанікі, “sine dominico non possumus” — без Божай рэчы не можам жыць.

[49] Regnum Marianum — гэта старая каталіцкая назва Венгрыі. Яна азначае “каралеўства (краіна) Марыі”. Імя паходзіць ад традыцыі, згодна з якой, першы венгерскі кароль св. Іштван, паміраючы без наследніка, ахвяраваў Святую венгерскую Карону і краіну Дзеве Марыі. З таго часу Дзева Марыя стала сапраўднай Каралевай Венгерскага каталіцкага каралеўства. Назва Regnum Marianum часта выкарыстоўваецца, каб падкрэсліць моцную сувязь паміж Венгрыяй і Каталіцкім Касцёлам.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: