All-Saintsа. Нікалас Гір
З выдання “The Holy Sacrifice of the Mass” (1918)

Частка 1: Багародзіца Марыя
Частка 2: Пётр, Павел
Частка 3: Андрэй, Якуб, Ян, Тамаш, Якуб, Філіп, Барталамей, Мацвей, Сымон, Юда Тадэвуш
Частка 4: Лін, Клет, Клімэнт, Сікст, Карнэлій, Кіпрыян, Лаўрэнцій, Хрызагон, Ян, Павел, Косма і Дам’ян
Частка 5: Ян, Стэфан, Мацей, Барнаба, Ігнацый, Аляксандр, Марцэлін, Пётр
Частка 6: Феліцыта, Перпетуя, Агата, Люцыя, Агнешка, Цэцылія, Анастасія

Усе адкупленыя разам ствараюць Валадарства Езуса Хрыста. Паміж усімі гэтымі грамадзянамі, ці то яны ўжо шчасліва дасягнулі мэты, ці то яшчэ змагаюцца на зямлі, ці расплачваюцца ў месцы ачышчэння, існуе жывая сувязь, узаемны абмен. Добрыя плёны і пакуты, заслугі і сатысфакцыі — словам, усе плёны ласкі — з’яўляюцца агульным дабром, з якога ўсе атрымліваюць і ў якое ўсе робяць унёсак. Менавіта цэлебрацыя Імшы нагадвае нам пра шчасце і годнасць прыналежнасці да такой слаўнай супольнасці, пра тое, што мы “суграмадзяне святым і свае для Бога” (Эф 2:19). Бо, калі святар папрасіў за ваюючы Касцёл і яго членаў, ён імкнецца надаць большую вагу і эфектыўнасць сваім малітвам, заклікаючы святых. Зрок яго розуму скіраваны ў бок Нябеснага Ерузалема. Шчасліва ўсведамляючы гэтыя ўзаемаадносіны і цесную сувязь, ён радуецца з праслаўленымі святымі, адзначае іх памяць, нібы запрашаючы іх, як “каралёў і святароў” (Ап 5:10), скласці Ахвяру разам з намі і сваім магутным заступніцтвам і шматлікімі заслугамі падтрымаць нашую слабую малітву, каб праз моц іх дапамогі мы дасведчылі Божую дапамогу і абарону ва ўсіх сітуацыях і патрэбах (ut in omnibus protectionis tuae muniamur auxilio). Таму ў той час, як Касцёл “прыступае да Езуса, Пасрэдніка Новага Запавету, і да Крыві акраплення”, гэта значыць да Ахвяры Алтара, ён таксама прыступае “да Касцёла першародных, запісаных на нябёсах, і да душаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласці” (Гбр 12:22-24), каб усе яго дзеці з’ядналіся ў Божай справе і супольна з Агульным Галавою, Езусам Хрыстом, складалі ахвяру і былі ахвяраваныя.

Па імёнах у Рымскім Каноне называюцца Найсвяцейшая Панна Марыя, дванаццаць апосталаў і дванаццаць мучанікаў, а таксама некаторыя іншыя святыя.

1024px-Rubens_Coronation_of_Mary

а) “Найперш” (in primis), і таму больш за ўсіх, мы з пашанаю ўспамінаем “благаслаўлёную заўсёды Панну Марыю, Маці Бога і Пана нашага Езуса Хрыста”. Заўсёды, а таксама і ў дадзеным выпадку, Марыю справядліва ўспамінаюць на першым месцы. Яна — Каралева не толькі апосталаў і мучанікаў, але і ўсіх святых. Яе імя не проста называецца. Да яго дадаюцца ганаровыя азначэнні, якія паказваюць яе веліч, моц і годнасць. Тэкст называе яе “gloriosa” [слаўная, у бел. перакладзе — благаслаўлёная], бо яна як Каралева Неба і зямлі ўзнесеная над усімі хорамі анёлаў і святых у вечным ззянні і славе. Яна была ўзятая ў Неба целам і душою і перамененая ў славе. Там яна носіць найпрыгажэйшую карону славы і моцы. Як на зямлі яна пераўзышла ўсё стварэнне ў паўнаце ласкі, так у наступным жыцці перавышае ўсіх жыхароў неба бляскам і пышнасцю сваёй славы. Паколькі на зямлі яна была найбольш пакорнай, найбольш чыстай, найбольш адданай, найбольш любячай, найбольш журботнай, таму цяпер у Небе яна найбольш слаўная сярод шчаслівых. Затым яна называецца “заўсёды Паннай” (semper virgo). Гэты прывілей каментуюць часта. Нават Касцёл прызнае сваю няздольнасць дастойна славіць чысціню сэрца Марыі, таму што ён усклікае: “Святая і беззаганная Дзева, якой хвалою цябе ўзвялічыць, не ведаю, бо ты ва ўлонні сваім насіла Таго, каго нябёсы ўтрымаць не могуць”. Марыя — дзева над дзевамі. Яна найбольш дастойная, слаўная і цудоўная Дзева. Яна — мадэль, прыклад, абаронца ўсіх дзявочых душаў. Сваёй дзявочасцю, якую яна прысвяціла Богу, яна падрыхтавалася стаць “Маці Бога і Пана нашага Езуса Хрыста”, бо сапраўды належыла, каб Маці Бога была і назаўсёды засталася дзевай. Божае Мацярынства было толькі поўным прысвячэннем і пячаткай на яе непараўнальнай дзявочасці. Праз найвялікшы і адзіны цуд такога роду яна паяднала “радасць мацярынства і чэсць дзявочасці”. Божае Мацярынства таксама мае бясконцую годнасць, бо Марыя нарадзіла Сына Найвышэйшага. Гэтая мацярынская годнасць з’яўляецца непасрэднай прычынай таго, чаму Марыя над усімі стварэннямі была надзеленая паўнатою ласкі і святасці, славы і моцы. Як Маці Бога, яна з’яўляецца Каралевай Неба і зямлі, яна ўладарыць з мацярынскай моцай і любоўю дзеля нашага збаўлення. Таму мы часта ўсклікаем да яе: Monstra te esse matrem — “Пакажы, што ты маці”, гэта значыць, пакажы не проста, што ты Маці, якая любіць нас так пяшчотна, але і што ты таксама Маці Бога, заўсёды моцная ў сваім заступніцтве.

Прадставім тут коратка яе сувязь з крывавай і некрывавай Ахвярай Хрыста. Ахвяраваны на Крыжы і Алтары быў дадзены нам праз Багародзіцу Дзеву Марыю. Ён — плод яе найбольш высакароднага цела, дзякуючы дзеянню Святога Духа. Богачалавек “народжаны нам, дадзены нам з Марыі, некранутай Дзевы” (nobis natus, nobis datus ex intacta Virgine). Яна стаяла пад крыжам Езуса, і, пакуль яе матчыны слёзы змешваліся з Яго крывёю і меч смутку працінаў яе душу, яна ахвяроўвала свайго ўкрыжаванага Сына для адкуплення і збаўлення свету. Вялікі, як мора, быў яе смутак, яна была прыбітая да Крыжа са сваім Сынам і адчувала сваім сэрцам увесь боль Ягоных ранаў. Таму яе справядліва называюць Каралевай мучанікаў. Яе імя няможна аддзяліць ад Ахвяры Хрыста, і памяць Марыі павінна быць заўсёды злучана з памяццю Хрыста ў яго ахвяравальнай цэлебрацыі. Святыя Цела і Кроў Хрыста, ахвяраваныя на алтары, прыходзяць да нас з сэрца і рук Марыі. Больш за тое, ад Марыі нам варта вучыцца ахвяраваць Божага Баранка і нас саміх на ступенях алтара.

Частка 2 →


Аўтар: а. Нікалас Гір
Выданне: The Holy Sacrifice of the Mass, 1918
Ілюстрацыі: Фра Беата Анджэліка, Папярэднікі Хрыста са святымі і мучанікамі (1423-1424); Пітэр Паўль Рубенс, Каранацыя Марыі (1625, фота: Michel wal, CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар