Слова перасцярогі наконт супольнасці св. Пія Х

Bp-Morlino-mini

Роберт Ч. Марліна, біскуп Мэдысана

Чацвер, 06 жніўня 2015

Гэтая калонка з’яўляецца пасланнем біскупа да вернікаў дыяцэзіі Мэдысана. Любое больш шырокае распаўсюджанне выходзіць па-за намеры біскупа.

Пяцьдзесят гадоў пасля закрыцця Другога Ватыканскага сабору былі шумнымі для Касцёла. Сілы як звонку, так і знутры Касцёла імкнуліся да скажэння і эксплуатацыі сабору і паслясаборных літургічных рэформаў, каб стварыць новы Касцёл паводле іхняга вобразу.

Надта многія з нас перанеслі гады неахайнай ці непаважлівай літургіі і мягкага ці нават неартадаксальнага прапаведавання і катэхізісу. Надта часта, калі мы агучвалі свой неспакой, нас ігнаравалі.

Большасць верных католікаў, якія бачылі, як гэта адбываецца, моцна змагаліся за “рэформу рэформы”. На жаль, іншыя вырашылі, што адзіны шлях наперад — гэта працаваць па-за (і часам супраць) іерархічнага Касцёла і яго структураў.

Гэта быў выбар, зроблены Супольнасцю святога Пія Х (SSPX), сусветнай супольнасцю святароў, найбольш вядомай сваім моцным супрацівам паслясаборным рэформам літургіі. Імшы, якія яны цэлебруюць ва ўласных капліцах паводле Імшала 1962 году, прывабілі значную колькасць свецкіх вернікаў нават і тут, у дыяцэзіі Мэдысана.

Я хачу быць асцярожны і справядлівы ў адносінах да SSPX. Шматлікія з іх турботаў справядлівыя. Многія з іх каштоўнасцяў і памкненняў выдатныя, а іхні запал уражвае. Іх святары жадаюць служыць Пану і Яго людзям. Наведнікі іх капліцаў палкія.

Нам варта заўсёды быць сардэчнымі, паважлівымі і ветлівымі да іх, як да братоў і сясцёр у Хрысце. Аднак іх адносіны з Касцёлам складаныя. Больш за тое, сітуацыі біскупаў SSPX, святароў SSPX, вернікаў, якія фармальна асацыююць сябе з SSPX, і вернікаў, якія час ад часу і нефармальна ўдзельнічаюць у Імшах з SSPX, усе па сутнасці розныя. Было б няверна называць SSPX схізматычнай групай у дакладным сэнсе, і нам трэба маліцца, каб аднойчы яны цалкам паядналіся з Касцёлам.

Аднак з SSPX не ўсё добра. Як ясна сказаў Папа Бенедыкт XVI, SSPX “не мае кананічнага статусу ў Касцёле” і яе служыцелі “не выконваюць законна ніякае служэнне ў Касцёле” (10 сакавіка 2009 года, Ліст да Біскупаў Каталіцкага Касцёла).

Святары SSPX з’яўляюцца сапраўдна пасвячанымі святарамі, але паколькі большая частка з іх была пасвячана незаконна (гэта азначае, біскупам, які не меў юрысдыкцыі над імі і не меў дазволу пасвячаць), яны суспендаваныя ipso facto ад моманту іх пасвячэння (кан. 1383). Інакш кажучы, хоць яны і пасвячаныя, аднак не маюць неабходнага дазволу Касцёла выконваць святарскае служэнне.

Іхнія Імшы сапраўдныя, але цэлебруюцца незаконна. Тое самае справядліва ў большасці выпадкаў і для іх хростаў, намашчэння хворых і, пры ўмове, што яна ўдзяляецца біскупам, для іх канфірмацыі. Такім чынам, католікі не павінны наведваць капліцы SSPX і атрымліваць сакрамэнты ад святароў SSPX.

Але існуюць дзве іншыя сур’ёзныя сакрамэнтальныя праблемы, якія павінен усведамляць кожны, хто захоча наведваць капліцы SSPX. Калі вы нічога не вынесеце для сябе з гэтага ліста, прынамсі пачуйце вось што: шлюбы і адпушчэнні грахоў у SSPX несапраўдныя, таму што іх святары не маюць неабходнай улады. (Падчас Юбілейнага году і далей, згодна з рашэннем Папы, вернікі могуць сапраўдна і законна атрымліваць адпушчэнне грахоў ад святароў SSPX. — рэд.)

SSPX спрачаецца за сапраўднасць сваіх шлюбаў і адпушчэння грахоў, базуючыся на кананічным прынцыпе, паводле якога Касцёл дапаўняе ўладу ў выпадку сумнення ці агульнай памылкі. У некаторых выключных выпадках гэта магло б датычыцца іхняй сітуацыі, асабліва ў выпадку споведзі, але, у асноўным, іхнія аргументы не пераканаўчыя.

Часткова іх аргументацыя заснаваная на меркаванні, што вернік памылкова верыць, што святары SSPX маюць патрэбную ўладу. Такім чынам, калі вы і памыляліся да гэтага моманту, вы больш не памыляецеся.

SSPX таксама кажа, што яны маюць дазвол, бо Касцёл знаходзіцца ў стане “крайняй неабходнасці”. Аднак, 1) Заканадаўца (Папа) і біскупы разам з ім не лічаць, што зараз існуе стан “крайняй неабходнасці”; 2) сакрамэнты, якія цэлебруе SSPX, ужо шырока даступныя ў законных парафіях і капліцах, гэта значыць, нікому не адмоўлена ў сакрамэнтах.

Тут не месца, каб разважаць наконт тэхнічных момантаў кананічнага права, але агульны сэнс такі: ці хочаце вы рызыкнуць сваім шлюбам ці нават сваёй душой? Акрамя прававых і сакрамэнтальных пытанняў, існуе таксама небяспека, што сувязь з SSPX можа паступова схіліць кагосьці да схізматычнай ментальнасці.

Вы можаце наведаць сваю першую Імшу ў капліцы SSPX з добрымі і высакароднымі мэтамі, напрыклад, жаданнем прысутнічаць на літургіі, якую цэлебруюць з павагай, і змірыцца з нерэгулярным статусам SSPX. Але калі вы наведваеце Імшы далей і далей, гэты статус перастае быць тым, з чым вы мірыцеся, і становіцца адзнакай ідэнтычнасці і нават знакам гонару. Вы набываеце моцную пазіцыю аддзеленасці ад Касцёла. Гэта небяспечная пазіцыя для кожнай душы.

Найбольшае пытанне: навошта станавіцца ў такую пазіцыю? Традыцыйная лацінская Імша (таксама называная Трыдэнцкай Імшой, usus antiquior ці надзвычайнай формай Імшы) рэгулярна служыцца ў парафіях па ўсёй дыяцэзіі Мэдысана як у нядзелі, так і буднія дні. Гэтыя Імшы цэлебруюць адказныя, верныя святары. Я сам часта яе служу.

Па меры росту цікаўнасці да традыцыйнай лацінскай Імшы гэтыя магчымасці будуць расці. Ужо цяпер у дыяцэзіі Мэдысана вельмі мала людзей, якія маглі б дабрацца да капліцы SSPX, не прайшоўшы паўз законную парафію, дзе служыцца традыцыйная лацінская Імша. Калі вы свядома робіце гэта, прыйшоў час моцна задумацца над сваімі матывамі.

На заканчэнне я хачу падкрэсліць, што патрэба рэформы рэформы сапраўдная, і ў нашай дыяцэзіі гэтая рэформа праводзіцца. Калі вы бачыце, што Касцёл трэба рамантаваць, працуйце са сваім біскупам, сваімі пастырамі, сваімі калегамі-вернікамі, каб адрамантаваць яго. Дзяліцеся сваімі патрэбамі і сваімі турботамі. Пакінуць справу ніколі не дапаможа, пакідаць нешта проста не мае сэнсу! Еднасць з Касцёлам — тое, чаго трэба жадаць, бараніць і пеставаць.

Заўсёды гледзячы на вернасць нашай Благаслаўлёнай Маці да яе Сына, звернемся ў малітве да Марыі, Маці Касцёла і Маці нашай веры.

Ніжэй пададзены спіс традыцыйных лацінскіх Імшаў, якія цэлебруюцца ў дыяцэзіі Мэдысана.


Аўтар: Роберт Ч. Марліна, біскуп Мэдысана
Крыніца: Madison Catholic Herald
Ілюстрацыі: герб (SajoR, CC BY-SA 2.5)

Пераклад здзейснены з англійскага арыгіналу і апублікаваны з дазволу ўладаў дыяцэзіі Мэдысана.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: