14.04.2016 / Cory Sticha

Чаму я адмаўляюся благаслаўляць дзяцей падчас Камуніі🕑 3 хвілін

8799197726_840d6a0230_oЯ часта абдумваў свае сумнівы наконт удзялення спецыяльнага благаслаўлення дзецям на Імшы. Ёсць некалькі людзей, якія выказваюць незадаволенасць з-за майго рашэння не благаслаўляць дзяцей падчас Камуніі. Каб было зразумела, гэтае рашэнне было прынятае не са злосці, але з павагі да літургіі і дакументаў Другога Ватыканскага сабору. У параграфе 22 Sacrosanctum Concilium кажа: “Таму нікому іншаму, нават калі гэта святар, нельга самастойна нічога дадаваць, адымаць ці змяняць у Літургіі”. Святар не мае ўлады дадаваць благаслаўленне да літургіі, таму што святар не мае ўлады ўвогуле што-небудзь дадаваць да літургіі. Не мае значэння, што іншыя святары выходзяць па-за межы сваёй улады і паступаюць непаслухмяна. На маю думку, гэта недарэчна, і я так рабіць не буду. Кропка.

Вядома, людзям не падабаецца гэта чуць. Яны думаюць, што дзеці адчуваюць сябе “асабліва”, атрымліваючы такое благаслаўленне. (Па сакрэце, я думаю, што ў бацькоў і прабацькоў больш мурашоў па скуры, чым у дзяцей.) Вядома, іх нельга абвінавачваць. Ужо 30+ гадоў ім укладаюць ў галаву, што літургія падатная да ўсяго, што мы хочам з ёй зрабіць. Благаслаўленне дзяцей? Добра, мы можам дадаць яго проста падчас Камуніі. Дзеці хочуць падысці на гамілію і сесці са святаром на прыступкі перад алтаром? Так, мы можам гэта зрабіць. Трымаць рукі на Ойча наш і бегаць па наве, вітаючы людзей знакам супакою? Так, вядома! Усё, каб толькі вам было добра!

Па меры таго, як я вывучаў тэалогію літургіі, я прыйшоў да высновы, што такі падыход “каб вам было добра” дае няправільнае ўяўленне пра літургію. Мяне таксама стала непакоіць, што гэты падыход сур’ёзна пашкодзіў адносінам людзей з Богам, а яны шчасліва не разумеюць, што панеслі нейкую шкоду. Літургія перастала быць супольнасцю, якая скіравала свае розумы і сэрцы на пакланенне Богу, і ператварылася ў сацыяльнае мерапрыемства, якое факусіруецца на нас саміх. Цяпер мы прыходзім на літургію, каб павярнуцца не да Бога, а да сябе. Толькі з гэтай прычыны я пагарджаю благаслаўленнем дзяцей падчас Камуніі (так, я вельмі старанна падбіраю гэтыя моцныя словы) і заклікаю іншых святароў спыніць гэта неадкладна.

Ёсць іншая прычына, культурная, пра якую павінны паклапаціцца бацькі і прабацькі: культура права на атрыманне. Адзін з аргументаў, якія часта прыводзяць у абарону благаслаўлення дзяцей, гучыць так: “Яны адчуваюць, што атрымліваюць нешта”. Так, таму што мы не хочам вучыць сваіх дзяцей, як рабіць штосьці, нічога не атрымліваючы ўзамен.

Мы жывем у культуры права на атрыманне, дзе вялікая колькасць насельніцтва чакае, што атрымае штосьці проста так. У ЗША і іншых краінах шмат людзей думае, што яны маюць права атрымліваць усё, што пажадае іх душа, без усялякай працы з іх боку. Яны павінны атрымаць нешта толькі за тое, што яны там. Ці такую логіку мы хочам прышчапіць нашым дзецям у Касцёле? Я не хачу і цвёрда ўпэўнены, што бацькі і прабацькі таксама гэтага не хочуць. На жаль, перакананне, што дзеці павінны нешта атрымаць падчас Камуніі, толькі ўзмацняе гэтую логіку.

Ці пазбяганне благаслаўлення дзяцей падчас Камуніі выправіць сітуацыю? Не, само па сабе не выправіць, але гэта першы крок. Гэта магчымасць для бацькоў навучыць дзяцей, што існуюць рэчы, якіх трэба пачакаць. Некаторыя рэчы настолькі важныя, што да іх трэба падрыхтавацца. Дзеля некаторых рэчаў прыйдзецца нават папрацаваць. Прыняцце Святой Камуніі — гэта адна з такіх рэчаў. Вам трэба дачакацца пэўнага ўзросту. Вам трэба падрыхтавацца. Гэта не нешта, што проста дадзена вам. Аднойчы вы зможаце прыняць Камунію, і я спадзяюся, што гэта будзе радасны дзень, але да той пары трэба пачакаць.

Бацькі і прабацькі, я малю вас: працуйце са мной над гэтым! Калі ласка, перастаньце спрачацца на гэты конт. Я ўсё вырашыў, пытанне закрытае. Я сапраўды зрабіў гэта ў інтарэсах вашых дзяцей і унукаў, а таксама ў вашых інтарэсах. Выкарыстайце гэтую магчымасць, каб дамапагчы дзецям убачыць, якім насамрэч асаблівым і важным з’яўляецца прыняцце нашага Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Дапамажыце ім убачыць, што сутнасць літургіі заключаецца ў пакланенні Богу, а не ў тым, каб мы нешта атрымалі і нам было добра. І тады, калі яны змогуць упершыню падысці, каб атрымаць Святую Камунію, яны сапраўды зразумеюць, што значыць быць настолькі асаблівымі, каб прымаць нашага Пана.


Арыгінальны тэкст: Fr. Cory Sticha, CC BY
Ілюстрацыйнае фота: Tim F, CC BY-NC-ND

1 Response

  1. Николай says:

    Спасибо за артикул. Я тоже с Вами согласен. У нас в Неокатехуменальных общинах дети получают благословение уже после слов – Дзякуем Пану Богу! Т.е в самом конце. Каждому священник возлагает руки на голову и благословляет. По моему это хорошо для всех.

Пакінуць каментар

Scroll Up