11.04.2016 / Zbigniew Kiernikowski

Паведамленне ў сувязі з Эўхарыстычным здарэннем у парафіі св. Яцэка ў Лягніцы🕑 2 хвілін

Bp-Kiernikowski-mini

Сёстры і браты ў Хрысце Пану!

Як біскуп Лягніцкі паведамляю пра здарэнне, якое адбылося ў парафіі св. Яцэка ў Лягніцы і якое мае прыкметы эўхарыстычнага цуду. На Гостыі, якая 25 снежня 2013 года пры ўдзяленні святой Камуніі ўпала на падлогу і якая была паднята і змешчана ў начынне з вадой, праз пэўны час з’явіліся плямы чырвонага колеру. Тагачасны біскуп Легніцкі Стэфан Ціхі склікаў Камісію, заданнем якой было назіранне за гэтай з’явай. У лютым 2014 года быў аддзелены фрагмент матэрыі чырвонага колеру і змешчаны на карпарале. У мэтах высвятлення тыпу гэтай матэрыі Камісія даручыла ўзяцце пробаў і правядзенне адпаведных аналізаў розным кампетэнтным установам.

У апошнім рашэнні Кафедры судзебнай медыцыны чытаем: “У патагісталагічнай пробе знойдзеныя фрагменты тканак, якія ўтрымліваюць дробныя часткі папярочнапаласатай мышцы. (…) Уся проба (…) найбольш падобная да сардэчнай мышцы” (…) са зменамі, якія “часта суправаджаюць агонію”. Генетычны аналіз указвае на чалавечае паходжанне тканкі.

У студзені гэтага года я прадставіў гэтую справу Кангрэгацыі дактрыны веры. Сёння, адпаведна з парадамі Апостальскай Сталіцы, прашу Ксяндза Пробашча Андрэя Зёмбру падрыхтаваць адпаведнае месца для выстаўлення Рэліквіі так, каб вернікі маглі аддаваць ёй пашану. Прашу таксама прадстаўляць адпаведную інфармацію прыбываючым асобам і праводзіць сістэматычную катэхезу, якая дапамагала б адпаведна фармаваць усведамленне вернікаў у сферы эўхарыстычнага культу. Прашу таксама стварыць кнігу, дзе маглі б рэгістравацца атрыманыя ласкі і іншыя здарэнні, якія маюць надзвычайны характар.

Маю надзею, што ўсё гэта паслужыць паглыбленню культу Эўхарыстыі і будзе мець уплыў на жыццё асобаў, якія набліжаюцца да гэтай Рэліквіі. Успрымаем гэты цудоўны Знак як асаблівы выраз прыхільнасці і любові Пана Бога, які так сыходзіць да чалавека.

Аддаюся Вашай малітве і Вас благаслаўляю.

+ Збігнеў Кернікоўскі

БІСКУП ЛЯГНІЦКІ

Распараджэнне

Паведамленне Біскупа Лягніцкага належыць прачытаць у IV Велікодную нядзелю, 17 красавіка 2016 года, ва ўсіх касцёлах і капліцах на тэрыторыі Лягніцкай дыяцэзіі.

+ Марэк Мендык

ГЕНЕРАЛЬНЫ ВІКАРЫЙ


Крыніца: сайт Лягніцкай дыяцэзіі
Герб біскупа: SajoR, CC BY-SA

Пакінуць каментар

Scroll Up