800px-FirmaPapaFrancisco.svg

Спачатку пра пазітыўнае. Як і ў фінальнай справаздачы Сінода-2015, у новай апостальскай адгартацыі Папы на тэму сям’і Amoris Laetitia (“Радасць любові”) ёсць шмат прыгожых урыўкаў: Божы план адносна мужчыны і жанчыны; любоў і сужэнства; дзеці, браты і сёстры, бацькі, дзядулі і бабулі; сувязь паміж пакаленнямі; і велізарная важнасць усяго гэтага для будучыні і проста выжывання Касцёла і грамадства. О, таксама “пяшчота” Бога, якую трэба паўтараць у нашых дамах.

Таксама ў адгартацыі ёсць даволі шмат адназначных пацверджанняў каталіцкіх прынцыпаў па тэме дакумента:

  • адкрытасць да жыцця (г. зн., адмова ад кантрацэпцыі) у кожным сужэнскім акце;
  • права на жыццё і права — і абавязак — медыцынскіх працаўнікоў не ўдзельнічаць у абортах, эўтаназіі і іншых медыцынскіх працэдурах, супярэчных жыццю;
  • адмаўленне таго, што  ёсць нейкія падставы “для параўноўвання ці правядзення аналогіі, нават далёкай, паміж гомасексуальнымі саюзамі і Божым планам наконт сужэнства і сям’і” (хоць асобам, якія адчуваюць аднаполае прыцягненне, і трэба служыць);
  • патрэба дзяцей як у маці, так і ў бацьку, патрэба нарадзіцца ад двух сваіх бацькоў (нават калі часам з асаблівымі патрэбамі), а не пры дапамозе рэпрадуктыўных тэхналогій, якія дамінуюць над чалавечым жыццём і робяць дзяцей толькі гульцамі ў бацькоўскіх планах на жыццё;
  • права бацькоў кантраляваць адукацыю сваіх дзяцей і атрымліваць дапамогу ад супольнасці ў гэтай справе.

І гэтак далей, нават з працяглымі цытатамі са св. Яна Паўла ІІ (чаго не было ў тэксце Сінода) і Бенедыкта XVI.

Таксама, як і ў сінадальнай справаздачы, але нашмат больш доўга, Папа Францішак выкладае шматлікія шляхі, якімі людзям трэба “спадарожнічаць” — адзін з любімых яго тэрмінаў — падчас заляцанняў, вяселля, першых гадоў сужэнства і на працягу ўсяго часу сужэнства. Падчас Сінода некаторыя найбольш цікавыя даклады прагучалі ад свецкіх асобаў, якія маюць дачыненне менавіта да такіх рэчаў.

Францішак паказвае на іх неабходнасць у наш час, як ніколі раней, таму што маладыя людзі па ўсім свеце часта прыходзяць да сужэнства з нявернымі ці нерэалістычнымі чаканнямі, створанымі сучаснымі медыя. Улічваючы слабую ці ўвогуле ніякую фармацыю, якую яны атрымліваюць дома і ў парафіях у гэтыя дні, ён заклікае бацькоў, настаўнікаў, катэхетаў, пастыраў распазнаць, як шмат ім трэба зрабіць, пакуль маладыя людзі стануць перад алтаром у культуры кшталту нашай, дзе на іхнім шляху ставяцца аграмадныя эканамічныя, маральныя і сацыяльныя перашкоды.

Гэта прыводзіць да некалькіх доўгіх і часам даволі кранальных старонак аб тым, як жанатыя людзі павінны вучыцца жыць у сапраўднай любові з недасканалымі і, можа, глыбока заганнымі партнёрамі, якімі ўсе мы з’яўляемся з-за граху і нашых асабістых гісторый. Ён кажа, што падчас усяго сужэнскага жыцця існуе нешта накшталт дынамічнага росту. Незвычайна знаходзіць такія парады закаханым і нават простанародную пастырскую праніклівасць у афіцыйным папскім дакуменце. Але ясна, што Францішак хоча ад чытачоў, каб яны затрымаліся над гэтымі старонкамі і сур’ёзна паразважалі над тым, як яны могуць паменшыць напружанасць у сем’ях і тую колькасць разарваных сужэнстваў, што ўсё яшчэ павышаецца на ўсёй планеце.

Аднак пры першым, па неабходнасці, хуткім, чытанні (нам яшчэ прыйдзецца вярнуцца дзеля спакойнага разважання, калі дазволіць час) сярод гэтых спробаў паразумення і паяднання пачынаюць узнікаць праблемы. Па-першае, дастаткова звыклы працэс жаніцьбы і стварэння сям’і часта — вельмі часта — прадстаўлены ў тэксце як “ідэальны” ці “дасканалы” парадак рэчаў, які немінуча пацерпіць няўдачу.

Amoris Laetitia

Няўдачы, што праўда, цяпер вельмі частыя. Ствараецца ўражанне, што менавіта па прычыне таго, што яны частыя, Папа Францішак шукаў магчымасці дазволіць Камунію разведзеным і паўторна жанатым у некаторых абставінах (калі ўжо ён запрасіў кардынала Каспера прадставіць гэтую сітуацыю).

Прычыны гэтага не біблійныя і не тэалагічныя. Насамрэч Папа, здаецца, лічыць, што менавіта справы міласэрнасці лічацца асновай каталіцкага вучэння пра сужэнства: “пастыр не можа быць задаволены, карыстаючыся толькі маральным законам адносна асобаў, якія жывуць у “нестандартных” сітуацыях, быццам яны [ён —мова ідзе пра маральны закон — Te Igitur] каменне, якое кідаецца ў жыццё асобаў”. Такая аналогія, напэўна, прыведзена дзеля таго, каб сказаць, што вернае следаванне традыцыйнаму вучэнню падобнае да каменавання жанчыны, узятай на чужаложстве. Як быццам бы словы нашага Пана наконт наразрыўнасці сужэнства і Яго папярэджванні, што развод і новае сужэнства — гэта распуста (а не проста “недасканаласць” ці “неўрэгуляванасць”), якім-небудзь чынам адмяняліся міласэрнасцю (Лк 16:18, Мц 19:9, Мк 10:11, 1 Кар 7:10 і г. д.).

Amoris Laetitia спадзяецца вырашыць сітуацыі многіх у сучасным свеце, але больш падобна, што адгартацыя толькі падліе больш алею ў вогнішча. Не трэба сягаць па крыштальны шар, каб прадказаць, што як толькі Камунія ў некаторых абставінах будзе дазволена разведзеным і паўторна жанатым, гэта хутка стануць лічыць законным для ўсіх. І таксама — чаму не? — для людзей у гомасэксуальных адносінах, у якіх таксама знойдуцца добрыя аргументы на карысць змякчальных абставінаў.

Папа піша шмат старонак, тлумачачы, як вінаватасць і абставіны могуць кваліфікаваць абсалютныя маральныя прынцыпы, не ставячы пад сумніў паўнату веры. (Ні адзін разумны чалавек ніколі гэтага, вядома, не адмаўляў.) Ён часта цытуе Аквіната ў гэтым кантэксце, які не зусім падтрымліваў бы “пастырскія” змены, якія прапануе Папа. Чакайце пратэстаў ад тамістаў.

Su_Santidad_Papa_Francisco

Але нягледзячы на шматлікія шчырыя размовы на гэтую тэму, ён, здаецца, не асмельваецца сказаць пра “пастырскую” змену зусім наўпрост. Адзінае месца, дзе згадваецца сакрамэнтальная змена, названая як такая, знаходзіцца ў зносцы. Нават фармулёўка яе дзіўная:

351. У некаторых выпадках гэта магла б быць дапамога сакрамэнтаў. Таму “святарам нагадваю, што канфесіянал не павінен быць камерай катаванняў, але месцам міласэрнасці Пана” (Апост. адгарт. Evagelii gaudium [24 лістапада 2013], 44). Таксама падкрэсліваю, што Эўхарыстыя — “гэта не ўзнагарода для дасканалых, але шчодры лек і ежа для слабых” .

Гэтыя словы прымушаюць спытацца: дзе дакладна зараз канфесіянал выкарыстоўваецца як камера катаванняў? І дзе вучаць, што Эўхарыстыя толькі для дасканалых? Бо калі ствараецца такое саламянае пудзіла, то гэта звычайна таму, што гэта лягчэй, чым абвергнуць рэальны аргумент.

Немагчыма ведаць дакладна, але шмат святароў у развітым свеце, магчыма, ужо доўгі час выкарыстоўвалі “ўнутраны форум” у канфесіянале тым самым спосабам, які прапануе Францішак, каб дазволіць людзям у “неўрэгуляваных” абставінах прымаць Камунію. Не выглядае, быццам гэта моцна дапамагло сітуацыі з сужэнствамі і сям’ёй ці Касцёлу. Калі такая практыка стане агульнай, напэўна, прыйдзе нешта іншае, акрамя міласэрнасці і пяшчоты.

Вось гіпатэтычная сітуацыя, якая хутка можа стаць прэцэдэнтам: уявім сабе, што, ідучы за намёкамі і агульнай тэндэнцыяй Amoris Laetitia, нямецкія біскупы рэалізуюць свае вядомыя імкненні і дазволяць Камунію для разведзеных і паўторна жанатых. Вельмі артадаксальныя польскія біскупы, не знаходзячы ў тэксце нічога, што яўна прымушала б змяняць тысячагадовае вучэнне, наадварот вырашаць прачытаць тэкст толькі як заахвоту да большага пастырскага кансультавання з канчатковай мэтай весці людзей да змены жыцця і прыняцця словаў Хрыста наконт сужэнства.

Абодва прачытанні магчымыя, але не абодва тыпы наступстваў. Па адзін бок ад мяжы паміж дзвюма краінамі Камунія для разведзеных і паўторна жанатых стане знакам новай крыніцы Божай міласэрнасці і прабачэння. Па іншы бок мяжы ўдзяленне Камуніі асобе ў “неўрэгуляваных” абставінах застанецца праявай нявернасці Хрыстовым словам і — патэнцыяльна — блюзнерствам. У такім выпадку ва ўсім свеце на гарызонце з’явяцца хаос і канфлікты, а не каталіцтва. Новы жалезны занавес можа апусціцца паміж заходнім каталіцтвам і Касцёлам усяго астатняга свету, ужо не кажучы пра грамадзянскія войны ў “развітых” краінах.

Будучы ўцягнутым у спрэчкі, якія ў выніку прывялі яго ў Каталіцкі касцёл, вялікі кардынал Ньюмэн папярэджваў сваіх братоў і сясцёр наконт простых вусных вырашэнняў праблемаў у веры і маралі: “Не існуе двух меркаванняў, настолькі супрацьлеглых адно аднаму, але пэўныя словы могуць аказацца такімі няяснымі, што з іх можна зразумець абодва меркаванні”. І дадаў: ”Каб Касцёл быў энергічны і ўплывовы, ён павінен быць рашучы і прамы ў сваім вучэнні… Спроба зразумець меркаванні… гэта памылка пры расстаўленні словаў, якія не існуюць іначай, чым на паперы”. Мы ведаем, чым усё скончылася для англіканаў.

Нягледзячы на ўсе свае заявы пра адваротнае на гэтых шматлікіх старонках, Францішак, здаецца, больш зацікаўлены ў тым, каб прынесці людзям камфорт, чым поўнае навяртанне да таго, чаму Хрыстус ясна вучыў. Ньюмэн гэта таксама прадбачыў: “Тыя, хто робіць камфорт асноўным прадметам свайго прапаведавання, здаецца, перабыталі мэту свайго служэння. Святасць — гэта вялікі канец. Тут павінна быць змаганне і выпрабаванне. Камфорт — гэта наліўка, але ніхто не п’е наліўку з раніцы да вечара”.


Аўтар: Robert Royal
Крыніца: The Catholic Thing
Ілюстрацыйнае фота: Gabriel Andrés Trujillo Escobedo, CC BY-SA

Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара. Урыўкі з Amoris Laetitia цытуюцца па афіцыйным перакладзе ККББ.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz