8. Ставіцца пад сумнеў навучанне ІІ Ватыканскага сабору

mif8

Каб разбурыць міф пра негатыўныя адносіны Другога Ватыканскага сабору да трыдэнцкай Імшы, трэба адрозніваць два элементы. Першы з іх — гэта літара сабору, альбо ўсе афіцыяльныя дакументы, якія былі плёнам Сабору. Другі з іх — гэта так званы дух сабору, гэта значыць набор уяваў і перакананняў на тэму таго, што раіў Сабор, не зафіксаваных аднак яўна ў саборных дакументах.

Гэты другі аспект адсылання да Сабору належыць цалкам адкінуць, аб чым казаў Папа Бенедыкт XVI у сваёй слыннай прамове да рымскай курыі 22 снежня 2005 года: “[Гэтую паставу можна акрэсліць], кажучы адным сказам: Трэба ісці за “духам Сабору” замест таго, каб трымацца яго навучання ў пісьмовай форме. Такім чынам, відавочна, для пазнейшых азначэнняў гэтага “духа” пастаўленыя шырокія межы, і таму створаная вялікая прастора для ўсялякіх хацелак і капрызаў, якія адсюль вынікаюць. Разуменне Сабору такім спосабам з’яўляецца базавым непаразуменнем. Сабор трактуюць як від канстытуанты (заканадаўчага сходу), якая адхіліла даўнія пастанаўленні і стварае новыя. Аднак жа заканадаўчы сход патрабуе існавання суверэна, які дае дэпутатам мандат, што ўпаўнаважвае іх да заканадаўчай дзейнасці, а затым зацвярджае зробленыя імі выбары. У выпадку свецкай канстытуцыі гэта народ, якому канстытуцыя павінна служыць. Айцы Сабору не мелі такога мандату, і ніхто ім ніколі яго не даваў. Больш за тое, ніхто ім ніколі не мог яго даць, бо асноўная “канстытуцыя Касцёла” паходзіць ад Пана Бога і была перададзена нам, каб мы маглі атрымаць вечнае жыццё і, гледзячы з гэтай перспектывы, каб асвячаць нашае часовае жыццё і нават цяперашні час”.

Таму паглядзім на літару Сабору, альбо тое, што сам Сабор адобрыў. Два найвялікшыя абвінавачванні да трыдэнцкай Імшы, якія ставяць у кантэксце Сабору, гэта:

1) пазіцыя святара “плячыма да людзей”;
2) неўжыванне народных моваў (Імша па-лацінску).

Што датычыцца першага, то не кожны ведае, што Сабор ні ў адным дакуменце не наказаў святару павярнуцца ў кірунку вернікаў, і не варта шукаць упамінанні на гэтую тэму.

Што датычыцца другога абвінавачвання, то насамрэч Сабор у Канстытуцыі аб Літургіі Sacrosanctum Concilium (Святы Сабор) дапускае іх выключнае ўжыванне:

SC 36, § 1: “У лацінскіх абрадах захоўваецца выкарыстанне лацінскай мовы, за выключэннем выпадкаў, вызначаных мясцовым правам”. § 2: “Аднак, паколькі ў св. Імшы, пры цэлебрацыі сакрамэнтаў і ў іншых частках Літургіі выкарыстанне нацыянальнай мовы нярэдка можа быць вельмі карысным для вернікаў, яе можна шырэй выкарыстоўваць, асабліва ў чытаннях і настаўленнях, у некаторых малітвах і спевах…”

SC 54: “…у Імшах, што цэлебруюцца з удзелам народу, можа выкарыстоўвацца нацыянальная мова, асабліва ў чытаннях і “агульнай малітве”, а ў залежнасці ад мясцовых умоваў нават у частках, якія датычаць народу. Аднак трэба паклапаціцца, каб вернікі ўмелі разам чытаць ці спяваць і лацінскія часткі парадку Імшы, прызначаныя для іх”.

Як бачым, выкарыстанне лацінскай мовы, як і пазіцыя святара ad orientem (на ўсход), не супярэчыць навучанню Сабору. Ці сам Сабор мог бы нешта мець супраць абраду, які пачынаў і закрываў кожную яго сесію? Зусім наадварот. Вернемся да працытаванай вышэй Sacrosanctum Concilium. “Нарэшце, верна трымаючыся традыцыі, Святы Сабор заяўляе, што святая Маці-Касцёл лічыць роўнымі ў правах і годнасці ўсе законна прызнаныя абрады, хоча захаваць іх на будучыню і ўсяляк развіваць. Жадае таксама, каб там, дзе неабходна, яны былі асцярожна і грунтоўна перагледжаны ў духу здаровай традыцыі, і каб ім была нададзена новая жыццёвасць у адпаведнасці з сённяшнімі абставінамі і патрэбамі”.


Аўтар: кс. Гжэгаж Снядах IBP
Крыніца: http://mityomszytrydenckiej.blogspot.com.by/2009/02/to-negacja-nauczania-soboru.html
Фота: Photini13 (Wikimedia Commons, CC BY-SA)

Пераклад здзейснены з польскага арыгіналу і размешчаны з дазволу аўтара. Тэксты Sacrosanctum Concilium на беларускай мове афіцыйныя. Больш разбураных міфаў пра Трыдэнцкую Імшу можна знайсці ў кнізе аўтара “Msza Święta trydencka. Mity i prawda. Apologetyka starej Mszy Świętej dla początkujących”.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: