mif7

Часта паўтараюць, што адзіным (і хіба галоўным) матывам дазволу старой Імшы было жаданне Папы Бенедыкта XVI вярнуць у Касцёл Святарскае брацтва святога Пія Х. У выніку такой гіпотэзы прыводзяць сцвярджэнне, што гэтая Імша павінна застацца толькі як абрад некалькіх спецыялізаваных супольнасцяў і ні ў якім разе не павінна распаўсюджвацца ў Касцёле.

Што кажуць пра гэта найбліжэйшыя супрацоўнікі Папы? Кардынал Кастрыльён Оёс (Castrillón Hoyos), старшыня Папскай камісіі “Ecclesia Dei”, на прэс-канферэнцыі ў Лондане ў 2008 годзе ясна сказаў, што мэтай Бенедыкта XVI з’яўляецца не “традыцыйная Імша ў многіх парафіях”, а “традыцыйная лацінская Імша ў кожнай парафіі”. Кардынал Антоніа Канісарэс Льёвэра (Antonio Cañizares Llovera), прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў у інтэрв’ю ад 9 студзеня 2010 года казаў: “…motu proprio само па сабе мае вялікую вартасць для Касцёла і літургіі. Назіраючы за рэакцыяй на гэты дакумент (некаторыя былі незадаволеныя і дагэтуль працягваюць быць незадаволенымі), належыць справядліва і абавязкова сказаць, што motu proprio — гэта не крок назад і не вяртанне да мінулага. Гэта прызнанне і прыняцце ў сваёй прастаце, у шырокасці і гісторыі вялікіх скарбаў традыцыі, якія ў літургіі знаходзяць свой набольш сапраўдны і глыбокі выраз. Касцёл не можа сабе дазволіць занядбоўваць ці адкідваць скарбы багатай спадчыны традыцыі лацінскага абраду”.

Можна было б не верыць гэтым словам кардыналаў, калі б не факты з жыцця кардынала Ратцынгера, якія найбольш пацвярджаюць такую волю Папы. Ва ўступе да кнігі кс. Клауса Гамбера La Réforme Liturgique en question (Éditions Sainte–Madeleine 1992, с. 7–8) ён пісаў: “Тое, што адбылося пасля Сабору, было нечым іншым: замест літургіі, што была плёнам пастаяннага развіцця, была ўведзена сфабрыкаваная літургія. Ад жыццёвага працэсу ўзрастання і станаўлення адмовіліся, каб прыступіць да фабрыкацыі. Працягваць сталенне і даспяванне жывога арганізма праз стагоддзі ўжо не хацелася, і гэта замянілі метадам, характэрным для тэхнічнай прамысловасці, фабрыкаваннем, альбо банальным прадуктам адной хвіліны”.

Любоў кардынала Ратцынгера да старэйшай формы рымскага абраду было вядомае ўжо ў дзевяностых гадах, калі ён служыў пантыфікальныя Імшы, а таксама ўдзяляў святарскія пасвячэнні ў старым абрадзе. Таму ні ў якім выпадку нельга сказаць, што матывацыяй Папы было толькі паяднанне са Святарскім брацтвам св. Пія Х. Папа бачыць старую літургію як адзін з інструментаў барацьбы з літургічнымі надужываннямі, а таксама як уступ да так званай “рэформы рэформы”. Няма сумневу, што Святы Айцец разумее прывабнасць і жыццяздольнасць старога абраду. У іншым выпадку ён не пісаў бы да біскупаў у пасланні з нагоды Summorum Pontificum наступных словаў: “але ў тым часе стала зразумела, што таксама і маладыя людзі адкрываюць для сябе гэтую літургічную форму, захапляюцца ёю і знаходзяць у ёй асабліва спрыяльную форму сустрэчы з Таямніцай Найсвяцейшай Эўхарыстыі”.


Аўтар: кс. Гжэгаж Снядах IBP
Крыніца: http://mityomszytrydenckiej.blogspot.com.by/2009/02/zostaa-dopuszczona-bo-papiez-chce.html
Фота: Materialscientist (Wikimedia Commons, CC BY-SA)

Пераклад здзейснены з польскага арыгіналу і размешчаны з дазволу аўтара. Больш разбураных міфаў пра Трыдэнцкую Імшу можна знайсці ў кнізе аўтара “Msza Święta trydencka. Mity i prawda. Apologetyka starej Mszy Świętej dla początkujących”.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар