5850055346_2333cf8a0f_b

ВАТЫКАН — Святары не абавязаныя абмываць ногі жанчынам падчас Імшы Вячэры Пана ў Вялікі Чацвер, пацвердзіў кардынал Рабэр Сара.

26 лютага ў Рыме прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў паведаміў журналістам, што кожны біскуп ці святар “павінен вырашыць згодна са сваім уласным сумленнем і згодна з мэтай, з якой Пан устанавіў гэтае свята”.

Тлумачэнне кардынала Сара датычыць відавочнага разыходжання паміж дэкрэтам ад 6 студзеня In Missa in Cena Domini і суправаджальнай нататкай, напісанай сакратаром Кангрэгацыі Божага культу арцыбіскупам Артурам Рашэ.

Дэкрэт сцвярджае, што “пастыры могуць [possint] выбраць невялікую групу вернікаў, якая прадстаўляе разнастайнасць і адзінства кожнай часткі Божага люду” і што “такія малыя групы могуць [potest] утварацца з мужчынаў і жанчын”.

Але ў тлумачэнні арцыбіскуп Рашэ, як падаецца, прапануе абавязкова выбіраць групу прадстаўнікоў усяго Божага люду без увагі на іх палавую прыналежнасць. Ён піша: “Пастырам належыць выбраць малую групу асобаў, якія прадстаўляюць увесь Божы люд: свецкіх людзей, святароў, жанатых, самотных, законных асобаў, здаровых, хворых, дзяцей, моладзь і старэйшых — але не толькі адну катэгорыю ці стан”.

Тлумачэнне кардынала Сара з’явілася пасля таго, які біскупы і святары выказалі неспакой адносна новай рубрыкі, якая дазваляе абмываць жанчынам ногі падчас Імшы Вячэры Пана. Перад тым, як абрад mandatum быў зменены Піем XII і дададзены ў Імшу Вялікага Чацвярга, ногі жанчын дазвалялася мыць, але толькі іншым жанчынам, і гэтая цырымонія мела месца па-за Імшой.

2 лютага 2016 года біскуп Атаназіус Шнайдэр, дапаможны біскуп Астаны (Казахстан), сказаў у інтэрв’ю, што, паводле свайго сумлення, ён не змог бы ўключыць жанчын у абрад абмыцця ног у Вялікі Чацвер. Біскуп Шнайдэр прызнаў, што абноўлены mandatum не з’яўляецца абавязковым, сказаўшы: “Дзякуй Богу, ніводзін святар ці біскуп не абавязаны публічна абмываць ногі жанчынам у Вялікі Чацвер, таму што для гэтага няма абавязваючай нормы, ды і само абмыццё з’яўляецца толькі факультатыўным”.

Святар-езуіт і заснавальнік Ignatius Press а. Джозэф Фесіа SJ таксама выказаў свой погляд, са скептыцызмам адзначыўшы, што дазволы часта неправільна разумеюць як патрабаванні: “Вядома, трэба растлумачыць, што гэта дазвол, а не патрабаванне, — сказаў ён. — Але нават разуменне гэтага не паўплывае на тое, што адбываецца на самой справе”.

“Вось падобная сітуацыя, у якой мы ўжо можам бачыць рэзультат: калі быў дадзены дазвол на служэнне міністрантак жаночага полу, гэты дазвол даваўся біскупам, а не непасрэдна святарам (гэта значыць, калі біскуп так вырашаў, ён мог дазволіць гэтую практыку ў дыяцэзіі). З дэкрэта было зразумела, што ніводзін святар не абавязаны мець міністрантак, нават калі біскуп гэта дазволіў. Як гэта ўспрынялі? Многія біскупы настойвалі, каб рэгулярны ўдзел міністрантак стаў нормай для ўсіх Імшаў. Таму гэты новы дазвол будзе (і ўжо) успрыняты як патрабаванне”.

Што да самой справы, Фесіа дадаў: “Абрад абмыцця ног, аднак, не абавязковы. Зараз кананічнае права кажа пра duodecim viri (а не duodecim homines)”.

“Вядома, як вярхоўны заканадаўца, Папа можа (тэарэтычна) змяніць закон так, як пажадае, — сказаў а. Фесіа. — Але прататыпам, канешне, з’яўляецца Апошняя вячэра, дзе Езус абмыў ногі не сваім вучням, не выпадковым людзям з натоўпу, але апосталам, і сказаў ім, што яны павінны мыць ногі адзін аднаму. Таму пасвячаныя служыцелі павінны наследаваць гэты прыклад і самі. Верагодна, таму (хоць сведчанні пра абрады ў раннім Касцёле вельмі слабыя) у ХІ стагоддзі Папа абмываў ногі субдыяканам. Ад часоў Трыдэнцкага сабору (XVI стагоддзе) і да 1955 года гэты рытуал не быў часткай Імшы”.

“Адна рэч відавочная, — сказаў а. Фесіа. — Існуе “дысананс у сімвалах”. Пакора і паслуга, прыклад якіх дае Езус, гэта тое, што кожны хрысціянін павінен кожнаму. Тым не менш, гістарычнае паходжанне гэтага здарэння заключаецца ў тым, што Езус абмыў ногі дванаццаці апосталам. Спробы зрабіць гэты жэст больш “інклюзіўным”, чым гэта зрабіў Езус, проста заблытвае гістарычную рэальнасць”.


Аўтар: Diane Montagna, рымскі карэспандэнт для англійскай рэдакцыі Aleteia.
Крыніцаhttp://aleteia.org/2016/03/15/cardinal-sarah-catholic-priests-dont-have-to-wash-womens-feet-on-holy-thursday/
Ілюстрацыйнае фота: Paval Hadzinski (Flickr, CC BY-NC-ND)

Пераклад здзейснены з англійскага арыгіналу і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі Aleteia.

Пакінуць каментар