6. Немагчыма нічога зразумець

mif6

1. Перад тым, як я паспрабую даказаць, што на старой Імшы мы ў стане зразумець больш, чым нам спачатку можа выдавацца, пачнем з таго, ці сапраўды абавязкова дакладна разумець кожнае слова на святой Імшы . Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба даць азначэнне, што такое святая Імша і якая яе мэта. Святая Імша — гэта не нешта накшталт тэатру, дзе паасобныя акторы павінны іграць свае ролі, каб як найлепей павесяліць публіку, а тая мусіць усё добра чуць і бачыць, каб выйсці з прадстаўлення задаволенай. Калі мы ўсвядомім сабе, што мэтай святой Імшы з’яўляецца перадусім некрывавае паўтарэнне святаром ахвяры Езуса Хрыста, іначай будзем успрымаць неабходнасць разумення словаў святой Імшы. Бо гэта такая вялікая таямніца, што, нават змяняючы мову цэлебрацыі, не можам сказаць, што наблізімся да яе разумення. Удзел у святой Імшы — гэта найперш унутранае яднанне з ахвярай Езуса Хрыста. Разуменне словаў можа дапамагчы, але бачачы, як у гісторыі Касцёл добра спраўляўся, ужываючы толькі лацінскую мову, даходзім да выніку, што гэта не ключавы аспект удзелу ў святой Імшы.

2. Гартаючы імшалік з тэкстамі старой Імшы, мы заўважаем вялікую колькасць незразумелага тэксту і адразу атрымліваем уражанне, што ніколі нам не ўдасца зразумець гэтага патоку лацінскай мовы. Аднак аказваецца, што большую частку гэтага тэксту мы ніколі не чуем на трыдэнцкай Імшы, бо святар кажа яго ціха. Уся эўхарыстычная малітва, вялікая частка абрадаў святой Камуніі, а таксама ўступныя абрады (каля прыступак алтара) у спяваных Імшах увогуле не чутныя вернікам. Лацінскай мовы, якую чуе вернік, аказваецца менш, чым магло б выдавацца пасля хуткага прагляду імшаліка. Яна зводзіцца галоўным чынам да нязменных частак святой Імшы. Чалавек, які рэгулярна ходзіць на новую Імшу, не мае праблемаў з іх разуменнем. Усё ж такія малітвы і спевы, як Пане, змілуйся над намі, Хвала на вышынях Богу, Веру ў адзінага Бога, Святы, святы, святы…, Ойча наш, Баранку Божы — гэта даслоўныя пераклады лацінскіх тэкстаў, якія выкарыстоўваюцца на трыдэнцкай Імшы. Ведаючы гэтыя тэксты, мы разумеем тыя самыя малітвы, калі ўдзельнічаем на Імшы па-лацінску.

3. Не заўсёды ўся трыдэнцкая Імша служыцца па-лацінску. Казанне прамаўляецца на мове вернікаў, а перад казаннем святар, як правіла, яшчэ раз паўтарае Чытанне і Евангелле на нацыянальнай мове. Папскі дакумент Summorum Pontificum таксама дазваляе ўжываць народную мову для імшальных чытанняў, чым карыстаецца шмат святароў. Казанне прамаўляецца для тлумачэння вернікам біблійных чытанняў, таму, нават калі яны гучалі па-лацінску, прапаведнік пераказвае вернікам іх значэнне. Таксама і песні, якія спяваюцца падчас Імшы, часта спяваюцца на нашай мове. Гэта тыя самыя традыцыйныя песні, якія выконваюцца на новай Імшы.

4. Вядома, пазнаёміцца з дакладным зместам і значэннем паасобных малітваў святара — гэта пахвальная справа. Зараз на рынку існуе мноства імшалікаў рознага роду, у якіх утрымліваюцца пераклады лацінскіх тэкстаў трыдэнцкай Імшы. З досведу ведаю, што вернікі, якія карыстаюцца імшалікамі, пасля некалькіх Імшаў самі адмаўляюцца ад іх, бо яны вельмі адцягваюць увагу ад малітвы. Разуменне кожнага слова святой Імшы не так істотнае для іх, як засяроджанасць на малітве. Сталыя наведвальнікі трыдэнцкіх Імшаў ужываюць імшалікі вельмі рэдка, зазвычай рыхтуючыся перад Імшой альбо пільнуючы зменныя часткі святой Імшы.

5. Урэшце можам перайсці да пазітыўных аргументаў на карысць ужывання лацінскай мовы ў літургіі. Лацінская мова, разам з грэцкай і габрэйскай, гэта святыя мовы хрысціянства, на якіх была напісана віна на крыжы нашага Пана Езуса Хрыста. Дзякуючы таму, што гэтая мова мёртвая і не развіваецца, яна дазваляе нязмерна больш доўга захоўваць дакладнасць словаў, што вельмі важна для перадачы праўдаў веры. Прамаўляючы тыя самыя лацінскія малітвы, якія Касцёл прамаўляў на працягу стагоддзяў, мы адчуваем еднасць з усёй гісторыяй Касцёла. Таксама, дзякуючы лацінскай мове, падчас Імшы мы лепей ствараем атмасферу sacrum і малітоўнай засяроджанасці. Згодна з Канстытуцыяй пра Святую Літургію Sacrosanctum Concilium Другога Ватыканскага сабору, лацінская мова і зараз застаецца афіцыйнай мовай Касцёла, а яе адкідванне з літургіі з’яўляецца de facto непаслухмянасцю рашэнню айцоў Сабору. Сёння лацінская мова як універсальная мова Касцёла набірае ўсё большае значэнне. Беручы пад увагу паўсюднае вывучэнне іншаземных моваў, а таксама даступнасць у інтэрнэце лацінскіх тэкстаў, можна сказаць, што авалоданне лацінскай мовай, якая ўжываецца на Імшы, не з’яўляецца вялікай праблемай. Усё больш лёгкае вандраванне па свеце прыводзіць да таго, што мы часцей удзельнічаем у святой Імшы за мяжой. Жадаю ўсім, каб кожны, хто будзе знаходзіцца на святой Імшы за мяжой, адчуваў такую ж часцінку дому і стабільнасць, якую адчувалі польскія салдаты, якія ваявалі на франтах Другой сусветнай вайны, удзельнічаючы за мяжой менавіта ў лацінскай Імшы.


Аўтар: кс. Гжэгаж Снядах IBP
Крыніца: http://mityomszytrydenckiej.blogspot.com.by/2009/02/nic-nie-mozna-zrozumiec-trzeba-znac.html
Фота: Carlos Ramalhete (Flickr, CC BY-NC)

Пераклад здзейснены з польскага арыгіналу і размешчаны з дазволу аўтара. Больш разбураных міфаў пра Трыдэнцкую Імшу можна знайсці ў кнізе аўтара “Msza Święta trydencka. Mity i prawda. Apologetyka starej Mszy Świętej dla początkujących”.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: