mif5

Пачнем з таго, што святар на Імшы становіцца не плячамі да людзей, але перадусім тварам да крыжа і тварам да табернакулюма. Інакш кажучы, не “плячамі да людзей”, а “тварам да Бога”. Гэта не мае нічога супольнага з непавагай, як некаторыя кажуць, да Божага люду. На Імшы з народам святар паварочваецца ў кірунку люду тады, калі звяртаецца да яго, напрыклад, пры закліку Пан з ваміDominus vobiscum. Звяртаючыся з малітвай да Бога, святар застаецца разам з людам звернуты на ўсход альбо так званы літургічны ўсход, калі алтар касцёла не скіраваны на ўсход.

Зварот святара на ўсход (ad orientem, versus Deum) зусім не з’яўляецца характэрнай рысай надзвычайнай формы рымскага абраду. Усе традыцыйныя хрысціянскія абрады, усходнія і заходнія, да сённяшняга дня захавалі пазіцыю святара на ўсход. Найбольш цікава тое, што нават так званая Новая Імша не павінна быць цэлебравана ў кірунку народу (versus populum). У Вавельскай катэдры ці на Яснай Гары святары служаць Імшу на ўсход. Ватыканскія кангрэгацыі шмат разоў тлумачылі, што цэлебрацыя новай Імшы ў кірунку люду — гэта толькі опцыя, а не абавязак.

Прыхільнікі служэння святой Імшы ў кірунку люду часта кажуць, што гэта вяртанне да літургіі першых стагоддзяў хрысціянства. Аднак таму няма ніякіх даставерных археалагічных пацверджанняў. Нават нестандартнае размяшчэнне алтара ў базіліцы св. Пятра ўжо растлумачылі геаграфічнымі абмежаваннямі тэрыторыі. Даказана пры гэтым, што падчас канону люд у базіліцы св. Пятра звяртаўся разам са святаром на ўсход, гэта значыць, de facto стаяў плячамі да святара.

Варта таксама памятаць, што нават калі святар служыць Імшу ў кірунку народу, то так ці іначай сваіх словаў ён да люду не адрасуе. Духоўны накірунак святара як прадстаўніка ўсяго Касцёла павінен заўсёды быць versus Deum per Iesum Christum (да Бога праз Езуса Хрыста). Эўхарыстычную Ахвяру складаюць Богу, адзінаму ў Тройцы. Найважнейшым з’яўляецца наш Пан Езус Хрыстус, Найвышэйшы Святар, які дзейнічае праз службу святара, які кіруе літургіяй відочным спосабам, застаючыся Ягоным інструментам.


Аўтар: кс. Гжэгаж Снядах IBP
Крыніца: http://mityomszytrydenckiej.blogspot.com.by/2009/02/kapan-stoi-tyem-do-ludzi.html
Фота: Albert Robertson (Flickr, CC BY-NC-SA)

Пераклад здзейснены з польскага арыгіналу і размешчаны з дазволу аўтара. Больш разбураных міфаў пра Трыдэнцкую Імшу можна знайсці ў кнізе аўтара “Msza Święta trydencka. Mity i prawda. Apologetyka starej Mszy Świętej dla początkujących”.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар