mif2

У сучасным свеце самастойнымі вартасцямі становяцца спантаннасць і крэатыўнасць. У эпоху інфарматызацыі становіцца важна зрабіць нешта інакш, прапанаваць канкурэнтнае шоў, каб прыцягнуць увагу. Тады чаму вернікі, якія ўдзельнічаюць у трыдэнцкай Імшы, так прывязаныя да канкрэтнага старажытнага рытуалу, які хочуць захаваць і перадаць наступным пакаленням?

Выдатна на гэтае пытанне адказвае кардынал Ратцынгер у кнізе Дух літургіі: “Істотная рэч заключаецца ў тым, што формы вялікіх абрадаў ахопліваюць шмат культур, несучы ў сабе не толькі дыяхранічны элемент, але таксама ствараючы супольнасць розных культур і моваў. Яны абароненыя перад умяшаннем адзінкі, адной супольнасці ці Касцёла, бо ў іх няма месца праізволу. У абрадах выражаецца тое, што мяне датычыцца, але чаго я сам не раблю; абазначаецца тое, што я ўваходжу ў нешта больш вялікае за мяне самога, што паходзіць з самога Аб’яўлення”. Мы не дасведчым таго, што больш вялікае за нас саміх, таго, што паходзіць з Аб’яўлення, на Імшах, якія абапіраюцца на крэатыўнасць і спантаннасць цэлебранта, які ігнаруе парадак абраду. У іншым месцы той жа кнігі кардынал Ратцынгер піша: “… “крэатыўнасць” не можа быць аўтэнтычнай літургічнай катэгорыяй (дарэчы, тэрмін гэты паўстаў на базе марксісцкага светапогляду). У аснове “крэатыўнасці” ляжыць меркаванне, што ў свеце, які сам па сабе з’яўляецца бессэнсоўным і паўстаў у выніку сляпой эвалюцыі, чалавек у творчых намаганнях будуе для сябе новы, лепшы свет”.

У краінах, дзе менавіта крэатыўнасць і спантаннасць былі асновай літургіі, надалей пусцеюць касцёлы. Такая крэатыўная Імша не стварыла добрай канкурэнцыі для забаўляльнай сферы, а разам з тым вернікі, відаць, адчулі, што гэта ўжо не літургія, якая паходзіць наўпрост ад Аб’яўлення. Lex orandi, lex credendi — тое, як мы молімся, аказвае вельмі істотны ўплыў на нашую веру.

Урэшце, ці хтосьці абвінавачвае царкоўную літургію ў “магіі і рытуалізме”? Бо ў параўнанні з сучаснымі ўсходнімі літургіямі, трыдэнцкая Імша — гэта проста “суровы Рым”.


Аўтар: кс. Гжэгаж Снядах IBP
Крыніца: http://mityomszytrydenckiej.blogspot.com.by/2009/02/ucieczka-w-rytualizm-tajemniczosc-magie.html
Фота: U.S. Pacific Fleet (Flickr, CC BY-NC)

Пераклад здзейснены з польскага арыгіналу і размешчаны з дазволу аўтара. Больш разбураных міфаў пра Трыдэнцкую Імшу можна знайсці ў кнізе аўтара “Msza Święta trydencka. Mity i prawda. Apologetyka starej Mszy Świętej dla początkujących”.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар