Інструкцыя Universae Ecclesiae

Roman-Curia-mini

Папская камісія “Ecclesia Dei”
Universae Ecclesiae

Інструкцыя па выкананні Апостальскага паслання Summorum Pontificum,
дадзенага Святым Айцом Бенедыктам XVI па ўласнай ініцыятыве

I. Уступ

1. Усяму Касцёлу Апостальскім Пасланнем Вярхоўнага Пантыфіка Бенедыкта XVI Summorum Pontificum, якое было дадзена па ўласнай ініцыятыве 7 ліпеня 2007 года і набыло моц з 14 верасня 2007 года, было зноў зроблена больш даступным багацце Рымскай Літургіі.

2. Гэтым Пасланнем, дадзеным па ўласнай ініцыятыве, Вярхоўны Пантыфік Бенедыкт XVI даў Касцёлу ўсеагульны закон, каб устанавіць больш адпаведныя для нашага часу правілы, якія датычаць выкарыстання Рымскай Літургіі, якой яна была ў 1962 годзе.

3. Памятаючы дбайнае старанне Вярхоўных Пантыфікаў у клопаце як пра Святую Літургію, так і пра выпраўленне літургічных кніг, Яго Святасць нагадаў старажытны прынцып, прыняты са спрадвечных часоў, які і далей трэба захоўваць: “кожны асобны Касцёл павінен знаходзіцца ў згодзе з Паўсюдным Касцёлам не толькі ў тым, што датычыцца веравучэння і сакрамэнтальных знакаў, але і ў тым, што адносіцца да паўсюдна прынятай практыкі, якая ўзыходзіць да непарыўнай апостальскай традыцыі, якую належыць ахоўваць не толькі для пазбягання памылак, але і дзеля перадачы веры ў цэласці, бо закон малітвы (lex orandi) Касцёла адпавядае яго закону веры (lex credendi)” [1].

4. Акрамя таго, Святы Айцец ўспомніў Рымскіх Пантыфікаў, якія найбольш праславіліся гэтым клопатам, а менавіта св. Грыгорыя Вялікага і св. Пія V. Вярхоўны Пантыфік таксама нагадаў, што Рымскі Імшал заўсёды вылучаўся сярод іншых літургічных кніг і цягам стагоддзяў зноў і зноў абнаўляўся аж да часоў бл. Папы Яна XXIII. Затым, у межах літургічнага адраджэння, якое адбывалася пасля Другога Ватыканскага сабора, Павел VI у 1970 годзе зацвердзіў новы Імшал, прызначаны для выкарыстання Касцёлам лацінскага абраду, які затым быў перакладзены на шматлікія мовы і трэцяе выданне якога было зацверджана ў 2000 годзе Янам Паўлам II.

5. Аднак некаторыя верныя хрысціяне, натхнёныя духам літургічных абрадаў, што папярэднічалі Другому Ватыканскаму сабору, праявілі выключнае жаданне прытрымлівацца старажытнай традыцыі. З гэтай прычыны Ян Павел ІІ, выдаўшы ў 1984 годзе спецыяльны індульт Святой Кангрэгацыі сакрамэнтаў і Божага культу Quattuor abhinc annos, даў магчымасць выкарыстоўваць Рымскі Імшал, выдадзены бл. Папам Янам XXIII, выконваючы пры гэтым некаторыя ўмовы. Пазней той жа Ян Павел ІІ Апостальскім пасланнем Ecclesia Dei, дадзеным па ўласнай ініцыятыве ў 1988 годзе, заклікаў біскупаў з велікадушнай шчодрасцю даваць гэтую магчымасць дзеля дабра ўсіх вернікаў, якія гэтага просяць. Падобным чынам, Папа Бенедыкт XVI выдаў Апостальскае пасланне Summorum Pontificum, якое ўстанавіла некаторыя істотныя прынцыпы ўжывання старога звычаю (usus antiquior) Рымскага абраду, якія належыць нагадаць.

6. Тэкст Рымскага Імшала, выдадзенага Паўлам VI, і тэкст, які захоўваўся аж да апошняга выдання пры Яне XXIII, складаюць два выразы Рымскай літургіі, названыя адпаведна звычайным і надзвычайным: яны з’ўляюцца двума звычаямі аднаго Рымскага абраду і захоўваюцца нароўні адзін з адным. Абедзве формы з’яўляюцца выразам адзінага закону малітвы Касцёла (lex orandi). Дзеля шанаванага і старажытнага звычаю надзвычайная форма павінна карыстацца павагай.

7. Апостальскаму пасланню Summorum Pontificum, дадзенаму па ўласнай ініцыятыве, спадарожнічаў ліст, падпісаны тым жа Вярхоўным Пантыфікам у той самы дзень (7 ліпеня 2007 года), у якім падрабязна расказваецца не толькі пра магчымасць, але і пра неабходнасць гэтага Паслання: неабходна было дапоўніць папярэднія законы, ясна адрэгуляваўшы дагэтуль недасканалыя нормы, якія датычаць выкарыстання Рымскай літургіі, якой яна была ў 1962 годзе. Патрэба ў дадатку да папярэдніх законаў была звязана з тым, што пры выданні новага Імшала не было відавочна, навошта выдаваць правілы, якія датычаць Літургіі 1962 года. Выдаць закон спатрэбілася таму, што дзень за днём павялічваецца колькасць вернікаў, якія настойліва просяць здзяйснення надзвычайнай формы. Сярод іншага, Бенедыкт XVI нагадвае: “Няма ніякай супярэчнасці паміж адным і другім выданнем Missale Romanum. У гісторыі Літургіі мае месца рост і прагрэс, але няма ніякага разрыву. Тое, што было святое для папярэдніх пакаленняў, застаецца святым і вялікім і для нас, і гэта няможна адразу цалкам забараніць ці нават палічыць шкодным” [2].

8. Апостальскае пасланне Summorum Pontificum з’яўляецца важным прыкладам Вучэння Рымскага Пантыфіка, яго ўлады кіравання Святой Літургіяй [3], яго клопату як Намесніка Хрыста і Пастыра Сусветнага Касцёла [4]. Гэтае пасланне мае на мэце:

а) даць усім вернікам Рымскую Літургію паводле яе старога звычаю (usus antiquior) як цэнны скарб, які трэба захоўваць;

b) гарантаваць выкарыстанне гэтай Літургіі ўсім, хто пра гэта просіць, памятаючы, што магчымасць ужываць звычай Рымскай літургіі, якім ён быў у 1962 годзе, дадзены дзеля дабра вернікаў і павінен тлумачыцца на іх карысць, паколькі ён для іх прызначаны;

c) спрыяць прымірэнню ўнутры Касцёла.

ІІ. Абавязкі Папскай Камісіі “Ecclesia Dei”

9. Вярхоўны Пантыфік пажадаў надзяліць Папскую Камісію “Ecclesia Dei” ардынарнай замяшчальнай уладай ва ўсіх пытаннях у межах яе кампетэнцыі, а асабліва тых, што датычаць стараннага назірання і клопату пра здзяйсненне нормаў, якія ўтрымліваюцца ў Апостальскім пасланні Summorum Pontificum (пар. арт. 12).

10 § 1. Акрамя паўнамоцтваў, якія некалі даў ёй Ян Павел ІІ і пацвярдзіў Бенедыкт XVI (пар. Апостальскае пасланне Summorum Pontificum, арт. 11 і 12), Папская Камісія здзяйсняе вышэй азначаную ўладу, выносячы рашэнні па асобных адміністратыўных актах, выдадзеных якім-небудзь Ардынарыем, законным шляхам ёй перададзеных, як іерархічна вышэйшай інстанцыі, для абскарджвання, калі яны прадстаўляюцца супярэчнымі Апостальскаму пасланню.

§ 2. Дэкрэты, выдадзеныя Папскай Камісіей па рэзультатах абскарджвання, могуць быць аспрэчаны па нормах права ў Вярхоўным судзе Апостальскай Сігнатуры.

11. У паўнамоцтвы Папскай Камісіі “Ecclesia Dei” ўваходзіць клопат пра рэдагаванне літургічных кніг, якія адносяцца да надзвычайнай формы Рымскага абраду, якія затым будуць зацверджаныя Кангрэгацыяй Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.

III. Асаблівыя нормы

12. Гэтая Папская Камісія, жадаючы гарантаваць правільнае тлумачэнне і дакладнае выкананне Апостальскага паслання Summorum Pontificum, апытаўшы біскупаў усяго свету, на моцы перададзенай ёй улады і паўнамоцтваў, што ёй належаць, выдала паводле нормаў канона 34 Кодэкса Кананічнага Права дадзеную Інструкцыю.

Пра кампетэнцыю дыяцэзіяльных біскупаў

13. Згодна з Кодэксам Кананічнага Права, дыяцэзіяльным біскупам належыць сачыць за літургічнымі справамі, каб захоўвалася агульнае дабро і каб усё ў іх дыяцэзіях адбывалася годна, мірна і спакойна [5], згодна з воляй Рымскага Пантыфіка, якая выяўлена ў Апостальскім пасланні Summorum Pontificum [6]. Калі ў тым, што датычыць служэння надзвычайнай формы, узнікне якая-небудзь нязгода альбо будзе існаваць які-небудзь сумнеў, меркаванне па гэтым пытанні застаецца за Папскай Камісіяй “Ecclesia Dei”.

14. На дыяцэзіяльнага біскупа ўскладаецца абавязак аказваць неабходную дапамогу для таго, каб да надзвычайнай формы Рымскага абраду захоўвалася сапраўдная павага, згодна з нормамі Апостальскага паслання Summorum Pontificum.

Пра групу верных (пар. Апостальскае пасланне Summorum Pontificum, арт. 5 § 1)

15. Група верных называецца “стабільна існуючай” у сэнсе арт. 5 § 1 Апостальскага паслання Summorum Pontificum, калі яна складаецца з якіх-небудзь асобаў пэўнай парафіі, няхай нават з’яднаных пасля публікацыі Апостальскага паслання, якія дзеля шанавання Літургіі па старым звычаі (usus antiquior) дамагаюцца, каб у парафіяльным касцёле ці ў якім-небудзь араторыі ці капліцы здзяйсняліся набажэнствы на старым звычаі (usus antiquior). Гэтая група можа складацца з асобаў, якія належаць да розных парафій ці дыяцэзій, але збіраюцца разам у парафіяльным касцёле ці араторыі дзеля дасягнення вышэй азначанай мэты.

16. Калі нейкі святар, выпадкова з’явіўшыся ў пэўным парафіяльным касцёле ці араторыі разам з іншым людзьмі, захоча здзейсніць набажэнства ў надзвычайнай форме па нормах 2 і 4 Апостальскага паслання, пробашч ці рэктар касцёла, ці іншы святар, якому даручана апека пра касцёл, няхай дазволіць яму служэнне, дбаючы таксама і пра парадак літургічных цэлебрацый самога касцёла.

17. § 1. Выносячы меркаванне па асобных выпадках, пробашч, рэктар ці іншы святар, якому даручана апека пра касцёл, няхай праявіць развагу, а таксама пастырскую дбайнасць, любоў і пачцівасць.

§ 2. Калі група складаецца з невялікай колькасці верных, трэба звярнуцца да мясцовага Ардынарыя, каб ён вызначыў касцёл, у якім верныя змогуць удзельнічаць у набажэнствах такога кшталту, каб было лягчэй забяспечыць актыўны ўдзел і больш годнае здзяйсненне Святой Імшы.

18. У святынях і месцах пілігрымавання няхай будзе дадзена групам пілігрымаў, якія аб тым просяць, магчымасць здзяйснення цэлебрацыі згодна з надзвычайнай формай (пар. Апостальскае пасланне Summorum Pontificum, арт. 5 § 3), калі прысутнічае прыдатны святар.

19. Верныя хрысціяне, якія просяць аб цэлебрацыі згодна з надзвычайнай формай, не павінны дапамагаць ці належыць да такіх супольнасцяў, якія аспрэчваюць важнасць і законнасць Ахвяры Святой Імшы і Сакрамэнтаў па звычайнай форме альбо якія нейкім чынам варожыя да Рымскага Пантыфіка, Пастыра Сусветнага Касцёла.

Пра прыдатных святароў (пар. Апостальскае Пасланне Summorum Pontificum, арт. 5 § 4)

20. Аб тым, што неабходна святару, каб лічыцца прыдатным для цэлебрацыі па надзвычайнай форме, пастаноўлена:

a) Кожны святар, якога не стрымліваюць нормы Кананічнага Права [7], лічыцца прыдатным для здзяйснення Святой Імшы у надзвычайнай форме;

b) Што датычыць валодання лацінскай мовай, неабходна, каб святар, які мае намер служыць, мог правільна вымаўляць словы і разумеў іх значэнне;

c) Што ж датычыць ведання здзяйсняемага абраду, прыдатнымі лічацца святары, якія па сваёй волі звяртаюцца да цэлебрацый у надзвычайнай форме і рабілі гэта раней.

21. Ад Ардынарыяў настойліва патрабуецца, каб яны далі магчымасць пасвячаным клерыкам навучыцца майстэрству цэлебрацыі ў надзвычайнай форме. Асабліва гэта датычыць семінарый, дзе павінна быць прадугледжана, каб выхаванцы атрымлівалі неабходную падрыхтоўку, вывучаючы лацінскую мову [8] і, калі абставіны гэтага патрабуюць, саму надзвычайную форму Рымскага абраду.

22. У дыяцэзіях, дзе не хапае прыдатных святароў, дыяцэзіяльным біскупам варта звярнуцца па дапамогу да святароў з Інстытутаў, заснаваных Папскай Камісіяй “Ecclesia Dei”, просячы іх альбо служыць, альбо выкладаць майстэрства цэлебрацыі.

23. Магчымасць служыць Імшу без люду ці з удзелам аднаго толькі міністранта ў надзвычайнай форме Рымскага абраду дадзена кожнаму прэзбітэру, як секулярнаму, так і законнаму (пар. Апостальскае пасланне Summorum Pontificum, арт. 2). Адпаведна, для такой цэлебрацыі святарам, паводле нормаў Апостальскага паслання, не патрабуецца асаблівага дазволу Ардынарыя альбо законнага настаяцеля.

Пра літургічную і касцёльную дысцыпліну

24. Літургічныя кнігі надзвычайнай формы няхай ужываюцца ў тым выглядзе, у якім існуюць. Усе, хто жадае служыць у надзвычайнай форме Рымскага абраду, няхай ведаюць адпаведныя рубрыкі і верна захоўваюць іх пры цэлебрацыі.

25. У стары Імшал могуць і нават павінны быць дададзеныя пазнейшыя святыя і некаторыя з новых прэфацый [9], згодна з пастанаўленнямі, якія будуць дадзеныя ў найбліжэйшай будучыні.

26. Што датычыць таго, што было пастаноўлена ў арт. 6 Апостальскага паслання Summorum Pontificum, варта сказаць, што чытанні Святой Імшы, якія знаходзяцца ў Імшале 1962 года, могуць прамаўляцца альбо толькі па-лацінску, альбо па-лацінску, а потым у перакладзе на нацыянальную мову, альбо нават — падчас чытаных Імшаў — толькі на нацыянальнай мове.

27. Што датычыцца дысцыплінарных правілаў, якія адносяцца да служэння надзвычайнай формы, трэба прытрымлівацца касцёльнай дысцыпліны Кодэкса Кананічнага Права, выдадзенага ў 1983 годзе.

28. Надалей, маючы моц асаблівага закону, Апостальскае пасланне Summorum Pontificum у тым, што датычыць яго прадмету, адмяняе ўсе літургічныя законы пра святыя абрады, якія былі выдадзеныя пасля 1962 года і не згаджаюцца з рубрыкамі літургічных кніг 1962 года.

Пра Канфірмацыю і Пасвячэнне

29. Магчымасць выкарыстання старой формулы пры ўдзяленні Канфірмацыі пацверджана Апостальскім пасланнем Summorum Pontificum (пар. арт. 9 § 2), таму няма неабходнасці выкарыстоўваць для надзвычайнай формы новую формулу, уведзеную Паўлам VI у “Парадку Канфірмацыі”.

30. Што датычыць першай танзуры, малых пасвячэнняў (ordines minores) і субдыяканату, Апостальскае пасланне Summorum Pontificum не ўнесла ніякіх зменаў у дысцыпліну Кодэкса Кананічнага Права 1983 года. У выпадку з інстытутамі кансэкраванага жыцця і таварыствамі апостальскага жыцця, якія падпарадкоўваюцца Папскай Камісіі “Ecclesia Dei”, іх член, які прынёс вечныя шлюбы альбо канчатковым чынам далучаны да таварыства апостальскага жыцця духавенства, праз прыняцце дыяканату, інкардынуецца як клерык такога таварыства ці інстытута, паводле нормы канона 266 § 2 Кодэкса Кананічнага Права.

31. Толькі інстытутам кансэкраванага жыцця і таварыствам апостальскага жыцця, якія падпарадкоўваюцца Папскай Камісіі “Ecclesia Dei”, і тым, у якіх захоўваецца выкарыстанне літургічных кніг надзвычайнай формы, дазволена выкарыстоўваць Рымскі Пантыфікал 1962 года для пасвячэння ў вялікія і малыя ступені пасвячэння.

Пра Рымскі Брэвіярый

32. Усім клерыкам дадзена права чытаць Рымскі Брэвіярый 1962 года, згодна арт. 9 § 3 Апостальскага паслання Summorum Pontificum, прычым цалкам і на лацінскай мове.

Пра Святы Трыдуум

33. Група верных, прывязаных да папярэдняй літургічнай традыцыі, пры наяўнасці прыдатнага святара мае права і на здзяйсненне набажэнстваў Святога Трыдуума ў надзвычайнай форме. Калі ж няма касцёла ці араторыя, выдзеленнага для выключнага здзяйснення набажэнства ў такой форме, няхай пробашч ці Ардынарый, дайшоўшы да супольнага меркавання з прыдатным святаром, дасць больш спрыяльную магчымасць для дасягнення дабра душаў, не выключаючы магчымасці паўторнага здзяйснення набажэнстваў Святога Трыдуума ў адным і тым жа касцёле.

Пра абрады законных ордэнаў

34. Членам законных ордэнаў дазволена выкарыстоўваць уласныя літургічныя кнігі, якія мелі моц у 1962 годзе.

Пра Рымскі Пантыфікал і Рымскі Рытуал

35. Пры тым, што пункт 31 гэтай Інструкцыі мае моц, па сутнасці пункта 28 дадзенай Інструкцыі дазваляецца выкарыстоўваць Рымскі Пантыфікал, Рымскі Рытуал і Біскупскі Цырыманіял, якія мелі моц у 1962 годзе.

Вярхоўны Пантыфік Бенедыкт XVI на аўдыенцыі, дадзенай кардыналу, які падпісаўся ніжэй, Старшыню Папскай Камісіі “Ecclesia Dei”, 8 красавіка, у год Пана дзве тысячы адзінаццаты, адобрыў гэтую Інструкцыю і наказаў апублікаваць.

Дадзена ў Рыме, з залаў Папскай Камісіі “Ecclesia Dei”, 30 красавіка, у год Пана дзве тысячы адзінаццаты, у дзень успаміну святога Пія V.

Уільям кардынал Левада
Старшыня

Гвіда Поцца
Сакратар

1 BENEDICTUS XVI, Litterae Apostolicae Summorum Pontificum Motu Proprio datae, I, AAS 99 (2007) 777; cf. Institutio Generalis Missalis Romani, tertia editio 2002, n. 397.

2 BENEDICTUS XVI, Epistola ad Episcopos ad producendas Litteras Apostolicas Motu Proprio datas, de Usu Liturgiae Romanae Instaurationi anni 1970 praecedentis, AAS 99 (2007) 798.

3 Cf. CIC, can. 838 І 1 et І 2.

4 Cf. CIC, can. 331.

5 Cf. CIC, cann. 223, І 2; 838 І 1 et І 4.

6 Cf. BENEDICTUS XVI, Epistola ad Episcopos ad producendas Litteras Apostolicas Motu Proprio datas, de Usu Liturgiae Romanae Instaurationi anni 1970 praecedentis, AAS 99 (2007) 799.

7 Cf. CIC, can. 900, І 2.

8 Cf. CIC, can. 249; cf. Conc. Vat. II, Const. Sacrosanctum Concilium, n. 36; Decl. Optatam totius n. 13.

9 Cf. BENEDICTUS XVI, Epistola ad Episcopos ad producendas Litteras Apostolicas Motu Proprio datas, de Usu Liturgiae Romanae Instaurationi anni 1970 praecedentis, AAS 99 (2007) 797.


Пераклад зроблены з рускага перакладу Una Voce.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: