Pp-Benedictus-XVI-mini

Каментарый да дазволу служэння традыцыйнай (трыдэнцкай) літургіі
Пасланне Святога Айца Бенедыкта XVI
да біскупаў усяго свету для прадстаўлення motu proprio
аб выкарыстанні рымскай літургіі, якая папярэднічала рэформе 1970 года

Дарагія Браты ў Біскупстве,

З вялікім даверам і надзеяй я аддаю ў вашыя пастырскія рукі тэкст новага Апостальскага паслання, дадзенага з уласнай ініцыятывы, аб выкарыстанні рымскай літургіі, якая папярэднічала рэформе, здзейсненай у 1970 годзе. Гэты дакумент з’яўляецца рэзультатам працяглых разважанняў, мноства кансультацый і малітвы.

Паведамленні і ацэнкі, якія з’явіліся без дастатковай інфармацыі, выклікалі нямала замяшання. Рэакцыі на задуму, сутнасць якой была яшчэ ў рэальнасці невядомая, моцна адрозніваліся між сабою, ад радаснага прыняцця да жорсткай апазіцыі.

Гэтаму дакументу з большага супрацьстаялі дзве боязі, якія мне хацелася б разглядзець у гэтым лісце больш падрабязна. Па-першае, ёсць страх, што тут наносіцца шкода аўтарытэту ІІ Ватыканскага сабору і што адно з яго найважнейшых рашэнняў — аб літургічнай рэформе — ставіцца пад сумнеў. Гэты страх неабгрунтаваны. У сувязі з гэтым варта найперш сказаць, што Імшал, апублікаваны Паўлам VI і затым двойчы перавыдадзены Янам Паўлам II, вядома, з’яўляецца і застаецца звычайнай формай Эўхарыстычнай літургіі. Апошняе выданне Missale Romanum, якое папярэднічала Сабору, было апублікаванае па ўказанні Яна XXIII у 1962 годзе і ўжывалася падчас Сабору, можа быць, наадварот, выкарыстанае ў якасці надзвычайнай формы літургічнага набажэнства. Няверна казаць пра гэтыя дзве версіі Рымскага Імшала як пра “два абрады”. Мова ідзе пра два віды аднаго і таго ж абраду.

Што датычыцца выкарыстання Імшала 1962 года ў якасці надзвычайнай формы Літургіі Імшы, мне хацелася б звярнуць увагу на той факт, што гэты Імшал ніколі юрыдычна не скасоўваўся і, такім чынам, ён заўсёды заставаўся дазволеным. На момант увядзення новага Імшала не падалося неабходным выдаць спецыяльныя нормы для магчымага выкарыстання папярэдняга Імшала. Верагодна, была зроблена здагадка, што мова ідзе пра нешматлікія асобныя выпадкі, якія могуць быць вырашаныя кожны паасобку на месцах. Аднак хутка высветлілася, што немалая колькасць вернікаў заставалася глыбока прывязанай да выкарыстання гэтага рымскага абраду, які стаў для іх блізкі з самага дзяцінства. Гэта адбылося найперш у краінах, дзе літургічны рух даў многім трывалае літургічнае выхаванне і глыбокія, блізкія веды папярэдняй формы літургічнага набажэнства. Усе мы ведаем, што ў руху, які ўзначальваў арцыбіскуп Лефеўр, вернасць старому Імшалу стала знешнім апазнавальным знакам. Аднак прычына ўзнікшага на гэтай глебе разрыву знаходзілася значна глыбей. Шматлікія людзі, якія адкрыта прымалі абавязковы характар ІІ Ватыканскага сабору і былі верныя Папу і біскупам, усё ж жадалі вярнуць блізкую ім форму святой Літургіі. Гэта адбывалася, у першую чаргу, тым больш, што ў шматлікіх месцах пры набажэнстве не прытрымліваліся дакладна прадпісанняў новага Імшалу, разглядаючы яго проста як дазвол ці нават абавязак праяўляць “крэатыўнасць”, якая часта даводзіла скажэнне Літургіі да мяжы цярпімага. Кажу гэта з досведу, таму што я таксама перажыў гэты перыяд з усімі яго чаканнямі і замяшаннем. І я бачыў, які глыбокі боль прычынялі самавольныя скажэнні Літургіі людзям, цалкам закаранёным у веры Касцёла.

Таму Папа Ян Павел ІІ палічыў за абавязак даць пры дапамозе motu proprio “Ecclesia Dei” ад 2 ліпеня 1988 года нарматыўныя рамкі для выкарыстання Імшала 1962 года, якія, аднак, не ўтрымлівалі падрабязных прадпісанняў, а заклікалі галоўным чынам да велікадушнасці біскупаў у адносінах да “апраўданых жаданняў” тых вернікаў, якія прасілі аб гэтым звычаі рымскага абраду. У той момант Папа жадаў тым самым дапамагчы найперш Брацтву Святога Пія Х зноў атрымаць поўнае адзінства з Наступнікам Пятра, стараючыся залячыць рану, якая ўсё больш балела. На жаль, гэтае прымірэнне не ўдалося дагэтуль, але шэраг супольнасцяў з удзячнасцю выкарыстаў магчымасці гэтага motu proprio. І, наадварот, па-за гэтымі групамі пытанне ўжывання Імшала 1962 года засталося складаным: ім не хапала дакладных юрыдычных нормаў, найперш таму, што ў такіх выпадках біскупы баяліся, што аўтарытэт Сабора будзе пастаўлены пад сумнеў. Адразу пасля ІІ Ватыканскага сабору можна было выказаць здагадку, што просьбы аб выкарыстанні Імшала 1962 года будуць абмежаваныя старэйшым пакаленнем, якое вырасла з ім, але ў тым часе стала зразумела, што таксама і маладыя людзі адкрываюць для сябе гэтую літургічную форму, захапляюцца ёю і знаходзяць у ёй асабліва спрыяльную форму сустрэчы з Таямніцай Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Такім чынам, узнікла неабходнасць у больш дакладным юрыдычным урэгуляванні, якое ў 1988 годзе не было прадугледжана. Гэтыя нормы маюць на мэце таксама вызваліць біскупаў ад абавязку кожны раз нанова ацэньваць, як адказаць на розныя сітуацыі.

Па-другое, у дыскусіях наконт чаканага motu proprio была выказана боязь, што больш шырокая магчымасць выкарыстання Імшала 1962 года можа прывесці да беспарадкаў ці нават расколаў у парафіяльных супольнасцях. І гэты страх таксама не падаецца мне рэальна абгрунтаваным. Выкарыстанне старога Імшалу патрабуе вядомай ступені літургічнай падрыхтоўкі, а таксама доступу да лацінскай мовы. Як першае, так і другое сустракаюцца не так і часта. Ужо з гэтых канкрэтных перадумоў ясна відаць, што новы Імшал, без сумненняў, застанецца ардынарнай формай Рымскага абраду не толькі на моцы юрыдычнай нормы, але і зыходзячы з рэальнай сітуацыі, у якой знаходзяцца супольнасці вернікаў.

Гэта праўда, што няма недахопу ў перабольшваннях, а часам і ў сацыяльных аспектах, якія несправядліва звязваюць з паводзінамі вернікаў, што асацыююць сябе са старажытнай лацінскай літургічнай традыцыяй. Няхай ваша пастырская любоў і развага стануць стымулам і кіраўніцтвам да ўдасканалення. Зрэшты, абедзве формы Рымскага абраду могуць узаемна ўзбагаціць адна адну: у стары Імшал можна і трэба ўнесці новых святых і некаторыя з новых прэфацый. Камісія “Ecclesia Dei” ў кантакце з рознымі групамі, якія прысвяцілі сябе “usus antiquior”, разгледзіць практычныя магчымасці. У здзяйсненні Імшы па Імшале Паўла VI можа больш ярка праявіцца тая сакральнасць — пакуль што гэта здараецца нячаста, — якая прываблівае многіх у старым абрадзе. Самая верная гарантыя таго, што Імшал Паўла VI зможа аб’яднаць парафіяльныя супольнасці і яны яго палюбяць, заключаецца ў тым, каб здзяйсняць набажэнства з вялікай пабожнасцю, у адпаведнасці з прадпісаннямі, паказваючы тым самым духоўнае багацце і багаслоўскую глыбіню гэтага Імшала.

Такім чынам, я падышоў да той станоўчай прычыны, якая матывавала маё рашэнне напісаць гэтае пасланне motu proprio ў дадатак да motu proprio 1988 года. Мова ідзе пра дасягненне ўнутранага прымірэння ўнутры Касцёла. Аглядаючыся на мінулае, на падзелы, якія праз вякі раздзіралі Цела Хрыста, зноў і зноў узнікае ўражанне, што ў крытычныя моманты, калі з’яўляліся падзелы, дзеянні адказных асобаў Касцёла былі недастатковымі для таго, каб захаваць і дабіцца прымірэння і адзінства. Ёсць уражанне, што на іх ляжыць частка віны за недагляды ў Касцёле ў тым, што гэтыя падзелы змаглі ўмацавацца. Гэты позірк у мінулае накладае сёння на нас абавязак: прыкласці ўсе намаганні, каб ва ўсіх тых, хто сапраўды жадае адзінства, была магчымасць застацца ў гэтым адзінстве ці набыць яго зноў. Мне ўспомніліся словы з Другога паслання да Карынцянаў, дзе Павел піша: “Вусны нашыя і сэрца адкрыліся перад вамі, Карынцяне. Вам не цесна ў нас, але ў сэрцы вашым цесна вам. Адплаціце тым жа… адкрыйцеся і вы!” (2 Кар 6, 11–13). Павел, вядома, кажа гэта ў іншым кантэксце, але ягоны заклік можа і павінен дакрануцца таксама і да нас як раз у гэтай тэме. Адкрыем жа шырока нашыя сэрцы і дазволім увайсці ў іх усяму, што змяшчае ў сабе сама вера.

Няма ніякай супярэчнасці паміж адным і другім выданнем Missale Romanum. У гісторыі Літургіі мае месца рост і прагрэс, але няма ніякага разрыву. Тое, што было святым для папярэдніх пакаленняў, застаецца святым і вялікім і для нас, і гэта няможна адразу цалкам забараніць ці нават палічыць шкодным. Мы ўсе павінны захоўваць багацці, якія ўзраслі ў веры і малітве Касцёла, і даваць ім належнае месца. Вядома, каб жыць у поўнай еднасці, таксама і святары супольнасцяў, прыхільных да старога абраду, не могуць прынцыпова выключыць набажэнствы па новых кнігах. Сапраўды, было б непаслядоўна прызнаваць каштоўнасць і святасць новага абраду і цалкам выключаць яго.

На заканчэнне, дарагія Сабраты, мне важна падкрэсліць, што гэтыя новыя нормы ніякім чынам не ўшчамляюць ваш аўтарытэт і адказнасць ані за літургію, ані за пастырства вашых вернікаў. Сапраўды, кожны біскуп з’яўляецца кіраўніком літургіі ва ўласнай дыяцэзіі (пар. Sacrosanctum Concilium, п. 22: «Sacrae Liturgiae moderatio ab Ecclesiae auctoritate unice pendet quae quidem est apud Apostolicam Sedem et, ad normam iuris, apud Episcopum»).

Адпаведна, нішто не адымецца ад улады біскупа, роля якога ў любым выпадку застанецца ў назіранні за тым, каб усё праходзіла мірна і спакойна. Калі ўзнікне нейкая праблема, якую не здольны вырашыць пробашч, мясцовы Ардынарый заўсёды можа ўмяшацца, аднак, у поўнай згодзе з тым, што ўстаноўлена новымі нормамі motu proprio.

Акрамя таго, праз тры гады пасля таго, як гэтае пасланне motu proprio набудзе моц, прашу вас, дарагія Сабраты, напісаць справаздачу Святому Пасаду пра ваш досвед, каб калі выявяцца сур’ёзныя складанасці, можна было шукаць шляхі для іх вырашэння.

Дарагія Браты, у духу ўдзячнасці і даверу давяраю вашаму пастырскаму сэрцу гэтыя старонкі і нормы motu proprio. Давайце заўсёды памятаць словы апостала Паўла, звернутыя да прэзбітэраў Эфеса: “Дбайце пра сябе і ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб вы пасвілі Касцёл Божы, які Ён прыдбаў уласнай крывёю” (Дзеі 20, 28).

Давяраю гэтыя новыя нормы магутнаму заступніцтву Марыі, Маці Касцёла, і ад усяго сэрца ўдзяляю сваё Апостальскае Благаслаўленне вам, дарагія Сабраты, пробашчам вашых дыяцэзій і ўсім святарам, вашым супрацоўнікам, а таксама ўсім вашым вернікам.

Дадзена ў святога Пятра, 7 ліпеня 2007 года.

Бенедыкт XVI, Папа


Пераклад здзейснены з рускага перакладу agnuz.info. Выява гербу ліцэнзаваная пад CC BY-SA (спіс аўтараў на гэтай старонцы).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Каментары закрытыя, але водгукі адкрытыя.