Summorum Pontificum

Pp-Benedictus-XVI-mini

Папа Бенедыкт XVI
Апостальскае пасланне, дадзенае па ўласнай ініцыятыве (motu proprio)
Summorum Pontificum
пра надзвычайнае ўжыванне старажытнай формы Рымскага абраду

Клопатам Вярхоўных Пантыфікаў заўсёды і да гэтага часу было тое, каб Касцёл Хрыстовы аддаваў належную пашану Божай Велічы “дзеля хвалы і славы Імя Ягонага” і “дзеля дабра ўсяго Касцёла Яго святога”.

Як гэта было са спрадвечных часоў, так і ў будучыні павінен выконвацца “прынцып, паводле якога кожны асобны Касцёл павінен знаходзіцца ў згодзе з Паўсюдным Касцёлам не толькі ў тым, што датычыцца веравучэння і сакрамэнтальных знакаў, але і ў тым, што адносіцца да паўсюдна прынятай практыкі, якая ўзыходзіць да непарыўнай апостальскай традыцыі, якую належыць ахоўваць не толькі для пазбягання памылак, але і дзеля перадачы веры ў цэласці, бо закон малітвы (lex orandi) Касцёла адпавядае яго закону веры (lex credendi)” [1].

Сярод Пантыфікаў, якія праяўлялі такі належны клопат, вылучаецца імя Грыгорыя Вялікага, які паклапаціўся аб тым, каб перадаць народам новай Еўропы як каталіцкую веру, так і скарбы культу і культуры, назапашаныя рымлянамі ў папярэднія стагоддзі. Ён загадаў вызначыць і захаваць форму Святой Літургіі — як Ахвяры Імшы, так і Афіцыя, — якая святкавалася ў Вечным Горадзе. Таксама і манахаў і манахінь, якія карысталіся Уставам св. Бенедыкта, ён настойліва заклікаў да таго, каб яны паўсюль разам з абвяшчэннем Евангелля паказвалі сваім жыццём вельмі станоўчы пункт гэтага Устава: “нічому няхай не аддаецца перавага перад справай Божай” (раздзел 43). Такім чынам, Святая Літургія, якая здзяйсняецца па рымскім звычаі, узбагаціла не толькі веру і набожнасць, але і культуру шматлікіх народаў. Вядома, што лацінская літургія Касцёла ў розных сваіх формах ва ўсе стагоддзі хрысціянскай эры заахвочвала да духоўнага жыцця вялікае мноства святых, умацоўвала ў цноце веры многія народы і карміла іх набожнасць.

На працягу стагоддзяў многія іншыя Рымскія Пантыфікі таксама праявілі надзвычайны клопат аб тым, каб Святая Літургія выконвала гэты абавязак найбольш дзейсным спосабам. Сярод іх вылучаецца св. Пій V, які з вялікай пастырскай адданасцю, натхнёны Трыдэнцкім саборам, аднавіў усё набажэнства Касцёла і падрыхтаваў выданне выпраўленых і “адноўленых паводле нормаў Айцоў” літургічных кніг, якія даў лацінскаму Касцёлу для выкарыстання.

Сярод літургічных кніг Рымскага абраду яўна вылучаецца Рымскі Імшал, які ўзнік у Рыме і ў наступныя стагоддзі паступова набыў форму, вельмі падобную да той, што была распаўсюджана яшчэ ў зусім нядаўні час.

“У наступны час, з тым самым намерам Рымскія Пантыфікі прыстасоўвалі да свайго часу ці вызначалі абрад з яго літургічнымі кнігамі, а пазней, з надыходам цяперашняга стагоддзя, правялі больш поўнае аднаўленне абраду [2]. Гэта былі Нашыя Папярэднікі Клімент VIII, Урбан VIII, св. Пій X [3], Бенедыкт XV, Пій XII, бл. Ян XXIII.

Потым ІІ Ватыканскі сабор выказаў жаданне, каб належная пашана і павага да набажэнства зноў былі адноўленыя і дастасаваныя да патрэбаў нашага часу. Кіраваны гэтым жаданнем, Наш Папярэднік Вярхоўны Пантыфік Павел VI у 1970 г. зацвердзіў адноўленыя і часткова абноўленыя літургічныя кнігі Лацінскага Касцёла. Яны паўсюдна, у мностве краін, былі перакладзеныя на нацыянальныя мовы і ахвотна прынятыя біскупамі, святарамі і вернікамі. Ян Павел II адобрыў трэцяе тыповае выданне Рымскага Імшала. Рымскія Пантыфікі дзейнічалі так, каб “гэтая свайго роду літургічная будова […] зноў з’явілася ў ззянні сваёй годнасці і ўладкаванасці” [4].

Аднак у некаторых рэгіёнах немалая колькасць вернікаў з вялікай любоўю і прыхільнасцю захоўвала адданасць старым літургічным формам, якія глыбока прасякнулі іх культуру і дух. Таму Вярхоўны Пантыфік Ян Павел ІІ, кіраваны пастырскім клопатам пра гэтых верных, у 1984 г. спецыяльным індультам “Quattuor abhinc annos”, выдадзеным Кангрэгацыяй Божага Культу, даў магчымасць выкарыстоўваць Рымскі Імшал, выдадзены Янам XXIII у 1962 г. Затым у 1988 г. той жа Ян Павел ІІ Апостальскім пасланнем, дадзеным па ўласнай ініцыятыве (motu proprio), “Ecclesia Dei” заклікаў біскупаў часта і велікадушна дазваляць карыстацца такой магчымасцю дзеля дабра ўсіх вернікаў, якія аб гэтым просяць.

Дзеля настойлівых просьбаў гэтых верных, якія доўга і старанна ўзважваў яшчэ Наш Папярэднік Ян Павел ІІ, Мы, выслухаўшы Айцоў Кардыналаў на Кансісторыі, якая адбылася 23 сакавіка 2006 года, усё старанна ўзважыўшы, заклікаўшы Святога Духа і пакладаючыся на Божую дапамогу, дадзеным Апостальскім пасланнем ПАСТАНАЎЛЯЕМ наступнае:

Арт. 1. Рымскі Імшал, абнародаваны Паўлам VI, з’яўляецца ардынарным выразам “закона малітвы” Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду. Рымскі жа Імшал, абнародаваны св. Піем V і перавыдадзены бл. Янам XXIII, няхай выкарыстоўваецца як надзвычайны выраз таго ж “закону малітвы” Касцёла і з прычыны шанаванага і старажытнага звычаю яго ўжывання няхай мае належную пашану. Сапраўды, гэтыя два выразы “закону малітвы” ні ў якім выпадку не прывядуць да падзялення “закону веры” Касцёла, таму што яны з’яўляюцца дзвюма формамі аднаго рымскага абраду.

Таму дазволена, выкарыстоўваючы надзвычайную форму Літургіі Касцёла, здзяйсняць Ахвяру Імшы па тыповым выданні Рымскага Імшала, якое было выдадзена ў 1962 г. бл. Янам XXIII і ніколі не адмянялася. Умовы, устаноўленыя для выкарыстання гэтага Імшала ў папярэдніх дакументах “Quattuor abhinc annos” і “Ecclesia Dei”, замяняюцца наступнымі.

Арт. 2. Для служэння Імшы без люду любы каталіцкі святар лацінскага абраду, секулярны ці законны, можа выкарыстоўваць альбо Рымскі Імшал, выдадзены ў 1962 г. бл. Папам Янам XXIII, альбо Рымскі Імшал, апублікаваны в 1970 г. Вярхоўным Пантыфікам Паўлам VI, у любы дзень, акрамя Святога Трыдууму. Для такога служэння па любым з двух Імшалаў святар не патрабуе якога бы то ні было дазволу Святога Пасаду ці свайго ардынарыя.

Арт. 3. Калі супольнасці Інстытутаў кансэкраванага жыцця альбо Таварыстваў апостальскага жыцця, як папскага, так і дыяцэзіяльнага права, хочуць, каб у іх араторыях канвентуальная альбо “супольная” святая Імша здзяйснялася згодна Рымскаму Імшалу, выдадзенаму ў 1962 г., ім гэта дазволена. Калі асобная супольнасць ці ўвесь Інстытут ці Таварыства хоча здзяйснення Імшы такім чынам часта, рэгулярна альбо пастаянна, гэтае пытанне вырашаецца іх старэйшымі настаяцелямі па нормах права і згодна з іх прыватнымі законамі і ўстанаўленнямі.

Арт 4. На святую Імшу, здзяйсняемую згодна прыведзенаму вышэй арт. 2, пры выкананні неабходных прававых нормаў могуць быць дапушчаныя і вернікі, якія з уласнай волі аб гэтым папросяць.

Арт. 5. § 1. У парафіях, дзе стабільна існуе група вернікаў, адданых папярэдняй літургічнай традыцыі, пробашч няхай ахвотна прыме іх просьбу аб служэнні святой Імшы паводле Рымскага Імшалу 1962 года выдання. Няхай ён імкнецца гарманічна аб’ядноўваць дабро гэтых вернікаў са звычайным пастырскім клопатам пра парафію пад кіраўніцтвам Біскупа і паводле нормаў канона 392, пазбягаючы разладаў і імкнучыся да адзінства ўсяго Касцёла.

§ 2. Імша па Імшале бл. Яна XXIII можа здзяйсняцца ў буднія дні. У нядзелі ж і святы адна Імша такога ж роду таксама можа здзяйсняцца.

§ 3. Няхай пробашч таксама дазволіць вернікам і святарам, якія аб гэтым просяць, здзяйсненне набажэнстваў у гэтай надзвычайнай форме ў асаблівых абставінах. Да іх адносяцца шлюбы, пахаванні ці асаблівыя падзеі, напрыклад, пілігрымкі.

§ 4. Святары, якія выкарыстоўваюць Імшал бл. Яна XXIII, павінны быць прыдатныя да гэтага і не мець кананічных перашкодаў.

§ 5. У касцёлах, якія не з’яўляюцца ані парафіяльнымі, ані канвентуальнымі, даваць вышэй узгаданы дазвол павінен рэктар касцёла.

Арт. 6. На Імшах з народам, якія здзяйсняюцца па Імшале бл. Яна XXIII, чытанні могуць прамаўляцца таксама і на нацыянальных мовах з выкарыстаннем выданняў, адобраных Святым Пасадам.

Арт. 7. Там, дзе якая-небудзь група свецкіх вернікаў, пра якую ідзе мова ў арт. 5 § 1, не атрымае ад пробашча таго, аб чым просіць, няхай паведаміць аб гэтым дыяцэзіяльнаму Біскупу. Біскупу рэкамендуецца выслухаць іх жаданне. Калі ён не жадае забяспечыць здзяйсненне Імшы такім чынам, справа перадаецца ў Папскую Камісію “Ecclesia Dei”.

Арт. 8. Біскуп, які жадае задаволіць такія просьбы свецкіх вернікаў, але па розных прычынах мае з гэтым цяжкасці, можа перадаць справу Папскай Камісіі “Ecclesia Dei”, якая дасць яму параду і дапамогу.

Арт. 9. § 1. Пробашч жа, усё добра ўзважыўшы, можа таксама даць дазвол выкарыстоўваць стары парадак пры здзяйсненні сакрамэнтаў Хросту, Шлюбу, Пакаяння і Намашчэння хворых, калі гэта спрыяе дабру душаў.

§ 2. Ардынарыям даецца магчымасць здзяйсняць сакрамэнт Канфірмацыі, выкарыстоўваючы стары Рымскі Пантыфікал, калі гэта спрыяе дабру душаў.

§ 3. Пасвячаным клерыкам дазваляецца выкарыстоўваць Рымскі Брэвіярый, апублікаваны бл. Янам XXIII у 1962 г.

Арт. 10. Мясцоваму ардынарыю, калі ён палічыць гэта прыдатным, дазволена заснаваць персанальную парафію паводле нормаў канона 518 для здзяйснення Імшы паводе старой формы рымскага абраду ці назначыць рэктара ці капелана пры захаванні належных прававых нормаў.

Арт. 11. Папская Камісія “Ecclesia Dei”, заснаваная ў 1988 г. Янам Паўлам II [5], працягвае выконваць свае абавязкі.

Формы, функцыі і правілы дзейнасці гэтай Камісіі няхай будуць такімі, як пажадае ўстанавіць Рымскі Пантыфік.

Арт. 12. Дадзеная Камісія, акрамя паўнамоцтваў, якія яна ўжо мае, будзе здзяйсняць уладу Святога Пасаду, назіраючы за захаваннем і прымяненнем гэтых распараджэнняў.

Усё, прадпісанае Намі ў гэтым Апостальскім пасланні, дадзеным у форме motu proprio, загадваем выконваць цвёрда і непарушна з 14 верасня бягучага году, свята Узнясення Святога Крыжа. Усё гэтаму супярэчнае не мае моцы.

Дадзена ў Рыме, у Святога Пятра, сёмага чэрвеня, у год Пана дзве тысячы сёмы, Нашага Пантыфікату трэці.

320px-Pope_Benedict_XVI_Signature.svgБенедыкт XVI, Папа

1. Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала (па 3-м выданні, 2002), 397.

2. Ян Павел ІІ, Апостальскае пасланне Vicesimus quintus annus (4 снежня 1988), 3: AAS 81 (1989), 899.

3. Там жа.

4. Св. Пій Х, Апостальскае пасланне ў форме motu proprio Abhinc duos annos (23 кастрычніка 1913): AAS 5 (1913), 449-450; пар. Ян Павел ІІ, Апостальскае пасланне Vicesimus quintus annus (4 снежня1988), 3: AAS 81 (1989), 899.

5. Пар. Ян Павел ІІ, Апостальскае пасланне ў форме motu proprio Ecclesia Dei adflicta (2 ліпеня 1988), 6: AAS 80 (1988), 1498.


Пераклад здзейснены з афіцыйнага рускага перакладу Una Voce. Выява гербу ліцэнзаваная пад CC BY-SA (спіс аўтараў на гэтай старонцы).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: