На мінулым тыдні рэдакцыя Rorate Caeli брала інтэрв’ю на некаторыя тэмы ў Яго Эксцэленцыі біскупа Атаназіуса Шнайдэра, аднаго з найбольш вядомых прэлатаў, якія працуюць над аднаўленнем традыцыйнай Лацінскай Імшы і веры.

mid_18087

У гэтым рознабаковым інтэрв’ю Яго Эксцэленцыя ўдумліва растлумачыў крытычныя пытанні, з якімі сустракаецца Касцёл у гэты час вялікага крызісу. Чытайце цэлае інтэрв’ю, каб даведацца пра думкі Яго Эксцэленцыі аб тым, што датычыць бягучага статусу SSPX, удзелу жанчын у Імшы і абмыцця жаночых ног, пытання, ці была калісьці Расія сапраўды прысвечана Беззаганнаму Сэрцу Марыі, Summorum Pontificum, біскупаў-антыпастыраў і шмат іншага.

Дазваляецца перадрукоўваць гэтае інтэрв’ю са спасылкай на Rorate Caeli.

Пост-сінадальны Касцёл і няверуючыя іерархі

Rorate Caeli: Што датычыць апошняга Сіноду, мы не ведаем пра юрыдычны ўплыў, які ён акажа на Касцёл, таму што наступны ход за Папам Францішкам. Незалежна ад магчымага рэзультату, кажучы практычна, ці ёсць ужо схізма ў Касцёле? І, калі так, якое гэта мае практычнае значэнне? Як гэта праявіцца для звыклых католікаў, якія сядзяць у лаўках?

Бп. Шнайдэр: Слова “схізма” маё сваё значэнне паводле кан. 751 Кодэксу кананічнага права: адмова ад падпарадкавання Вярхоўнаму Пантыфіку альбо ад еднасці з тымі членам Касцёла, якія падпарадкоўваюцца Вярхоўнаму Пантыфіку. Трэба адрозніваць дэфект веры ці ерась ад схізмы. Насамрэч дэфект веры ці ерась — гэта большы грэх, чым схізма. Як сказаў св. Тамаш Аквінскі, “Нявер’е — гэта грэх, учынены супраць самога Бога, бо Ён сам — першая Праўда, на якой заснаваная вера; а схізма супярэчыць эклезіяльнай еднасці, якая з’яўляецца меншым дабром, чым сам Бог. Па гэтай прычыне грэх нявер’я больш цяжкі, чым грэх схізмы” (II-II, q. 39, a. 2 c).

Сам крызіс Касцёла ў нашыя дні заключаецца ў распаўсюджванні феномену, калі тыя, хто не вераць цалкам і не вызнаюць цэласнасць Каталіцкай веры, часта займаюць стратэгічныя пасады ў жыцці Касцёла (прафесары тэалогіі, выкладчыкі ў семінарыях, кіраўнікі ў законах, парафіяльныя святары і нават біскупы і кардыналы). І гэтыя людзі з іх дэфектыўнай верай кажуць, што яны падпарадкоўваюцца Папу.

Найбольшая блытаніна і абсурднасць праяўляюцца тады, калі такія напалову ерэтычныя клерыкі абвінавачваюць тых, хто захоўвае чысціню і еднасць Каталіцкай веры, у тым, што тыя супраць Папы — гэта значыць, па іхнім меркаванні, нейкім чынам самі з’яўляюцца схізматыкамі. Для простых католікаў у лаўках такая блытаная сітуацыя прадстае як сапраўднае выпрабаванне іхняй веры ў непарушнасць Касцёла. Яны мусяць трымацца адзінства веры ў адпаведнасці з нязменнымі Каталіцкімі праўдамі, якія былі перададзеныя нам продкамі і якія мы знаходзім у традыцыйных катэхізісах і у працах айцоў і дактароў Касцёла.

Rorate Caeli: Кажучы пра звыклых каталікоў, якія выклікі паўстануць перад звычайным парафіяльным святаром, якія не стаялі перад пачаткам Сіноду? Якія рэчы, як, напрыклад, абмыццё жаночых ног у Вялікі Чацвер па прыкладзе Францішка, абцяжараць святара, не лічачы таго, што абцяжарвае яго сёння?

Бп. Шнайдэр: Тыповы каталіцкі парафіяльны святар павінен добра ведаць адвечны сэнс Каталіцкай веры, а таксама адвечны сэнс законаў Каталіцкай літургіі. Ведаючы гэта, ён павінен мець унутраную ўпэўненасць і цвёрдасць. Ён павінен заўсёды памятаць Каталіцкі прынцып распазнавання: “Quod semper, quod ubique, quod ab omnibus”, гэта азначае “у што заўсёды, усюды і ўсе” верылі і практыкавалі.

Катэгорыі “заўсёды, усюды, усе” трэба разумець не арыфметычна, а ў маральным сэнсе. Канкрэтны крытэрый гэтага распазнавання: “Ці гэтая змена ў дактрынальным сцвярджэнні, у пастаральнай і літургічнай практыцы стварае разрыў з мінулымі часамі ці нават мінулым тысячагоддзем? Ці сапраўды гэтае новаўвядзенне робіць веру больш яркай і бліскучай? Ці гэтае літургічнае новаўвядзенне прыбліжае да нас святасць Бога, ці аб’яўляе больш глыбока і больш прыгожа Божыя таямніцы? Ці гэтая інавацыя ў дысцыпліне сапраўды павялічвае стараннасць у імкненні да святасці жыцця?”

Калі казаць канкрэтна пра новаўвядзенне абмыцця ног жанчын падчас Святой Імшы Апошняй Вячэры ў Вялікі Чацвер, гэтая Святая Імша адзначае ўспамін устанаўлення сакрамэнтаў Эўхарыстыі і Святарства. Таму абмыццё ног жанчын разам з мужчынамі не толькі адцягвае ўвагу ад Эўхарыстыі і Святарства, але і стварае блытаніну адносна гістарычнага сімвалізму “дванаццаці”, а таксама мужчынскага полу апосталаў. Паўсюдная традыцыя Касцёла ніколі не дазваляла абмыццё ног падчас Святой Імшы, але толькі па-за Імшой, у спецыяльнай цырымоніі”.

Дарэчы, публічнае абмыццё, а таксама, звычайна, цалаванне нагі жанчыны з боку мужчыны, у нашым выпадку, святара ці біскупа, ва ўсіх культурах кожным чалавекам здаровага сэнсу лічыцца неадэкватным і нават непрыстойным. Дзякуй Богу, ніводзін святар ці біскуп не абавязаны публічна абмываць ногі жанчынам у Вялікі Чацвер, таму што для гэтага няма абавязваючай нормы, ды і само абмыццё з’яўляецца толькі факультатыўным.

Святарскае Брацтва св. Пія Х (SSPX)

Rorate Caeli: Святарскае Брацтва св. Пія Х (SSPX) знаходзіцца ў нетыповай сітуацыі ў Касцёле. Ваша Эксцэленцыя, чаму, як Вы лічыце, так шмат каталікоў баяцца SSPX і пазбягаюць усялякай сувязі з імі? Як Вы думаеце, якія каштоўнасці SSPX можа прынесці ў мэйнстрымны Касцёл?

Бп. Шнайдэр: Калі нехта ці нешта няважнае і слабое, ніхто гэтага не баіцца. Тыя, хто баіцца Святарскага Брацтва св. Пія Х, па вялікім рахунку, баяцца вечнай Каталіцкай праўды і яе патрабаванняў у маральнай і літургічнай сферы.

Калі SSPX стараецца верыць, пакланяцца Богу і жыць маральна так, як і нашыя продкі і добра вядомыя святыя цягам тысячагоддзяў, неабходна разглядаць жыццё і працу каталіцкіх святароў і вернікаў SSPX як дар для Касцёла ў нашыя дні, а нават як адзін з некалькіх інструментаў, якія Божы Провід выкарыстоўвае, каб выправіць ненармальнасць сённяшняга агульнага крызісу веры, маралі і літургіі ўнутры Касцёла.

Аднак, у некаторых месцах SSPX, як і ў выпадку любой людской супольнасці, знаходзяцца эксцэнтрычныя людзі. Яны паводзяць сябе і думаюць, не маючы справядлівасці і міласэрнасці, а таму і сапраўднага “sentire cum ecclesia” (лац. адчування з Касцёлам — рэд.), і таму існуе небяспека эклезіяльнай аўтакефаліі і быцця апошняй юрыдычнай інстанцыяй Касцёла. Аднак, наколькі мне вядома, здаровая частка ўтварае большасць SSPX, і я лічу іх Генеральнага настаяцеля, Яго Эксцэленцыю бп. Бэрнара Фелле ўзорным і сапраўдным каталіцкім біскупам. Існуе пэўная надзея на кананічнае ўрэгуляванне сітуацыі SSPX.

Сінод і папапаклонства

Rorate Caeli: Вяртаючыся да Сіноду і маючы на ўвазе традыцыю, ці лічыце Вы, Ваша Эксцэленцыя, што змены ў Рымскай літургіі пасля Другога Ватыкану паўплывалі на цяперашні крызіс у Касцёле, на крызіс сям’і, на маральнасць грамадства ў цэлым?

Бп. Шнайдэр: Я б не сказаў, што гэта менавіта так. Насамрэч, асноўная крыніца цяперашняга крызісу ў Касцёле, крызісу сужэнства, сям’і, маральнасці ў цэлым — гэта не літургічная рэформа, а дэфекты веры, дактрынальны рэлятывізм, які паходзіць з маральнага і літургічнага рэлятывізму. Бо, калі я няправільна веру, я буду жыць няправільным маральным жыццём і пакланяцца Богу няправільным, раўнадушным спосабам. Спачатку трэба аднавіць чысціню і цвёрдасць дактрыны веры і маралі на ўсіх узроўнях, а ўжо адтуль пачынаць удасканальваць літургію. Цэласнасць і прыгажосць веры патрабуе цэласнасці і прыгажосці маральнага жыцця, а цэласнасць і прыгажосць маральнага жыцця, у сваю чаргу, патрабуе прыгажосці публічнай малітвы.

Rorate Caeli: Яшчэ адно пытанне пра Сінод. Тыя, хто маюць вочы, бачаць, што Папа Францішак у сінадальным працэсе выклікаў блытаніну, а не яснасць, і заахвоціў паварот у кірунку пералому, павялічваючы ролю кардыналаў Каспера і Данеелса, арцыбіскупа Супіча і г. д. Якія адносіны павінен мець каталік да Папы ў гэтыя неспакойныя часы? Ці абавязаныя каталікі адкрываць свае погляды і “супраціўляцца”, як у мінулым годзе ў нашым інтэрв’ю казаў кардынал Бёрк, нават калі яны крытычна настроеныя да Папы?

Бп. Шнайдэр: На працягу некалькіх пакаленняў і да нашых дзён у жыцці Касцёла панавала нешта кшталту “папацэнтрызму” альбо “папапаклонства”, якое, несумненна, з’яўляецца празмерным у параўнанні з умераным і звышнатуральным поглядам на асобу Папы і належнай пашанай яму ў мінулыя часы. Такое празмернае стаўленне да асобы Папы прыводзіць да празмернага і памылковага тэалагічнага значэння догмы аб беспамылковасці Папы.

Калі б Папа сказаў усяму Касцёлу зрабіць нешта, што наўпрост пашкодзіла б нязменнай Божай праўдзе альбо Божаму прыказанню, кожны католік меў бы права паправіць яго з належнай пашанай, зыходзячы з павагі і любові да святога служэння і асобы Папы. Касцёл не з’яўляецца прыватнай уласнасцю Папы. Папа не можа сказаць “Я Касцёл”, як гэта зрабіў французскі кароль Людовік XIV, які сказаў: “L’État c’est moi.” Папа — гэта толькі намеснік, але не наступнік Хрыста.

Сумнівы адносна чысціні веры — гэта справа ўсіх членаў Касцёла, які з’яўляецца адным жывым целам. У старажытныя часы, перад тым, як даверыць камусьці служэнне святара ці біскупа, вернікаў пыталіся, ці могуць яны гарантаваць, што кандыдат мае правільную веру і высокія маральныя паводзіны. Стары Рымскі Пантыфікал кажа: “Капітан карабля і таксама яго пасажыры могуць адчуваць сябе бяспечна альбо небяспечна падчас падарожжа, таму яны павінны быць заадно ў сваіх агульных інтарэсах.” Менавіта Другі Ватыканскі сабор вельмі моцна заахвоціў свецкіх верных рабіць уклад у сапраўднае дабро Касцёла, умацоўваючы веру.

Я думаю, у час, калі вялікая частка тых, хто знаходзіцца ў служэнні Вучэння, занядбоўваюць свае абавязкі, Святы Дух кліча менавіта вернікаў закрыць сабой і смела абараніць Каталіцкую веру з сапраўдным “sentire cum ecclesia”.

Традыцыя і яе ворагі знутры

Rorate Caeli: Папа — гэта мера традыцыі альбо ён мераецца традыцыяй? І ці павінны каталікі маліцца, каб хутка з’явіўся традыцыйны Папа?

Бп. Шнайдэр: Вядома, Папа — гэта не мера традыцыі, а наадварот. Мы заўсёды павінны памятаць такое вучэнне Першага Ватыканскага сабору: служэнне наступнікаў Пятра заключаецца не ў тым, каб адкрываць новую дактрыну, а ў тым, каб сцерагчы і верна тлумачыць скарб веры, перададзенай апосталамі (cf. Дагматычная канстытуцыя Pastor aeternus, cap. 4).

У выкананні адной са сваіх найважнейшых задач Папа павінен старацца, каб “уся паства Хрыста была захаваная ад атручанай ежы памылкі” (Першы Ватыканскі сабор, ibd.). Наступны выраз, які знаходзіўся ва ўжыванні ад першых стагоддзяў Касцёла, з’яўляецца адным з найбольш трапных азначэнняў папскага служэння, і ў некаторым сэнсе павінен быць другой натурай кожнага Папы: “Верна трымаючыся традыцыі, атрыманай ад пачатку хрысціянскай веры” (Першы Ватыканскі сабор, ibd.).

Мы павінны заўсёды маліцца, каб Бог даў свайму Касцёлу традыцыйна арыентаваных Папаў. Аднак мы мусім верыць у такія словы: “Не вам ведаць часіны і поры, якія Айцец назначыў сваёй уладай” (Дзеі 1, 7).

Rorate Caeli: Мы ведаем, што шмат біскупаў і кардыналаў — верагодна, большасць — хочуць змяніць дактрынальную мову Касцёла і даўгачасную дысцыпліну пад выглядам “развіцця дактрыны” і “пастаральнага спачування”. Што няправільнага ў іх аргументах?

Бп. Шнайдэр: Выразы кшталту “развіццё дактрыны” і “пастаральнае спачуванне” фактычна з’яўляюцца падставай для змены вучэння Хрыста і супярэчаць яго адвечнаму сэнсу і цэласнасці, паколькі апосталы перадалі яго ўсяму Касцёлу, і яно верна захоўвалася праз вучэнне айцоў Касцёла, дагматычныя вучэнні сабораў і Папаў.

У канечным рахунку, гэтыя клерыкі хочуць іншы Касцёл і нават іншую рэлігію, натуралістычную рэлігію, якая адаптуецца да духу часу. Такія клерыкі — сапраўдныя ваўкі ў авечай шкуры, якія часта фліртуюць са светам. Не смелыя пастыры, а хутчэй баязлівыя трусы.

Роля жанчын у Касцёле

Rorate Caeli: Сёння мы шмат чуем пра ролю жанчын у Касцёле — так званы “feminine genius”. Вядома, жанчыны адыгралі вельмі важную ролю ў Касцёле ад самага пачатку, пачынаючы з Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Але з пункту гледжання літургіі, Хрыстус зрабіў сваю пазіцыю крыштальна яснай, як і дасаборныя Папы. Ваша Эксцэленцыя, ці думаеце Вы, што ўдзел жанчын у літургіі, ці то іх удзел у Імшы Novus Ordo, ці то ў якасці міністрантак, аказала пазітыўны ці негатыўны ўплыў на Касцёл у апошнія чатыры дзесяцігоддзі?

Бп. Шнайдэр: Няма сумневу у тым, што жаночы ўдзел у літургічных службах пры алтары (чытанне Бібліі, служэнне пры алтары, раздача Святой Камуніі) з’яўляецца радыкальным разрывам з усёй універсальнай традыцыяй Касцёла. Таму такая практыка супярэчыць апостальскай традыцыі.

Гэтая практыка надала літургіі Святой Імшы выразны пратэстанцкі выгляд і характэрныя рысы нефармальнага малітоўнага сходу ці катэхетычнага мерапрыемства. Гэтая практыка напэўна супярэчыць намерам айцоў Другога Ватыканскага сабору, і пра яе нават няма згадак ў Канстытуцыі пра Святую Літургію.

Традыцыйная Лацінская Імша

Rorate Caeli: Ваша Эксцэленцыя, Вы вядомы тым, што ў шматлікіх месцах свету цэлебруеце традыцыйную Лацінскую Імшу. Якія найбольш глыбокія ўрокі Вы атрымалі ад цэлебрацыі Лацінскай Імшы як святар і як біскуп? Якія ўрокі могуць спадзявацца атрымаць іншыя святары і біскупы ад такога служэння?

Бп. Шнайдэр: Найбольш глыбокія ўрокі, якія я атрымаў ад цэлебрацыі традыцыйнай формы Імшы, наступныя: я толькі нягодны інструмент у звышнатуральнай і найбольш святой справе, галоўным цэлебрантам якой з’яўляецца Хрыстус, Вечны і Найвышэйшы Святар. Я адчуваю, што падчас цэлебрацыі Імшы я ў некаторым сэнсе страчваю сваю індывідуальную свабоду, таму што словы і жэсты прадпісаныя нават у самых малых дэталях, і я не магу распараджацца імі. Я адчуваю вельмі глыбока ў сэрцы, што я толькі слуга і святар, які, аднак, са свабоднай воляй, з верай і любоўю выконвае не сваю волю, але волю Іншага.

Традыцыйны абрад Святой Імшы, які мае больш за тысячу гадоў і які быў зменены нават не Трыдэнцкім саборам (бо парадак Імшы да і пасля гэтага сабору быў амаль той самы), абвяшчае і моцна прапагандуе Уцелаўленне і Аб’яўленне невымоўна святога і вялікага Бога, які ў літургіі як “Бог з намі”, як “Эммануэль” становіцца такім малым і такім блізкім да нас. Традыцыйны абрад Імшы — гэта прыгожае і, у той жа час, магутнае абвяшчэнне Евангелля, рэалізацыя справы нашага збаўлення.

Rorate Caeli: Калі Папа Бенедыкт правільна кажа, што Рымскі абрад цяпер існуе ў двух формах, а не ў адной, чаму яшчэ не сталася так, што ад ўсіх семінарыстаў патрабуецца навучыцца і ўмець служыць традыцыйную Лацінскую Імшу? Як можа парафіяльны святар Рымскага Касцёла не ведаць абедзве формы аднаго абраду свайго Касцёла? І як можна забараняць так шматлікім каталікам традыцыйную Імшу і сакрамэнты, калі гэта раўнапраўныя формы?

Бп. Шнайдэр: Згодна з жаданнем Папы Бенедыкта XVI і зразумелых норм інструкцыі “Universae Ecclesiae”, усе каталіцкія семінарысты павінны ведаць традыцыйную форму Імшы і быць здольнымі цэлебраваць яе. Той самы дакумент кажа, што гэтая форма Імшы з’яўляецца скарбам для ўсяго Касцёла — такім чынам, яна належыць усім вернікам.

Папа Ян Павел II тэрмінова заклікаў біскупаў шчодра сустракаць жаданне верных адносна цэлебрацыі традыцыйнай формы Імшы. Калі клерыкі і біскупы перашкаджаюць і забараняюць цэлебрацыю традыцыйнай Імшы, яны не падпарадкоўваюцца таму, што кажа Касцёлу Святы Дух, і дзейнічаюць вельмі па антыпастырску. Яны захоўваюць сябе як уладары скарбу літургіі, які ім не належыць, таму што яны толькі распарадчыкі.

Забараняючы цэлебрацыю традыцыйнай Імшы альбо перашкаджаючы ёй і дыскрымінуючы яе, яны паводзяць сябе, як няверны і капрызны слуга, які, насуперак загадам кіраўніка дому, трымае камору пад замком, альбо як злая мачаха, якая дае сваім дзецям недастаткова ежы. Магчыма, гэтыя клерыкі баяцца моцы праўды, якую выпраменьвае цэлебрацыя традыцыйнай Імшы. Яе можна параўнаць з ільвом: выпусці яго на волю, і ён сам сябе абароніць.

Расія яшчэ не прысвечана яўна

Rorate Caeli: Там, дзе Вы жывяце, ёсць шмат рускіх праваслаўных. Аляксандр, мітрапаліт Астанайскі, ці хто-небудзь з Маскоўскага патрыярхату пытаўся Вас пра мінулы Сінод і пра тое, што адбываецца ў Касцёле пры Францішку? Яны цікавяцца гэтым?

Бп. Шнайдэр: Праваслаўныя прэлаты, з якімі я маю кантакт, у цэлым не вельмі добра інфармаваныя пра бягучыя ўнутраныя спрэчкі ў Каталіцкім Касцёле, альбо, па крайняй меры, яны ніколі не размаўлялі са мной пра гэтыя рэчы. Хоць нават яны і не прызнаюць юрысдыкцыйны прымат Папы, але тым не менш яны глядзяць на Папу, як на першае іерархічнае служэнне ў Касцёле з пункту гледжання пратаколу.

Rorate Caeli: Да стагоддзя Фацімы застаецца толькі год. Расія, магчыма, не была прысвечана Беззаганнаму Сэрцу Марыі і напэўна не навярнулася. Касцёл у поўным беспарадку. Можа, нават горш, чым падчас арыянскай ерасі. Ці будзе яшчэ горш перад тым, як стане лепш, і як сапраўды вернаму каталіку падрыхтавацца да таго, што будзе?

Бп. Шнайдэр: Мы мусім цвёрда верыць: Касцёл не наш і не Папаў. Касцёл Хрыстовы, і Ён адзін трымае і беспамылкова вядзе яго нават праз найбольш цёмныя перыяды крызісу, чым і з’яўляецца наша цяперашняя сітуацыя.

Гэта дэманстрацыя Боскага характару Касцёла. Касцёл, па сутнасці, з’яўляецца таямніцай, звышнатуральнай таямніцай, і мы не можам падыходзіць да яго, як да палітычнай партыі альбо чыста людской супольнасці. У той жа час Касцёл складаецца з людзей і на людскім узроўні сёння ён церпіць балесную муку, удзельнічаючы ў Муцы Хрыста.

Можна сказаць, што Касцёл у нашыя дні бічуюць, як нашага Пана, распранаюць, як нашага Пана, ў дзесятай стацыі Крыжовай дарогі. Касцёл, наша маці, звязаны не толькі ворагамі Хрыста, але і некаторымі з іх калабаратараў у статусе клерыкаў, нават часам высокіх клерыкаў.

Усе добрыя дзеці Маці-Касцёла, як мужныя жаўнеры, мусяць старацца вызваліць сваю маці духоўнай зброяй абароны і прапаведавання праўды, распраўсюджвання традыцыйнай літургіі, Эўхарыстычнай адарацыяй, крыжовым паходам святога Ружанца, бітвай супраць граху ў прыватным жыцці і імкненнем да святасці.

Мы молімся, каб Папа хутка і яўна прысвяціў Расію Найсвяцейшаму Сэрцу Марыі, каб яна перамагла, як Касцёл маліўся з даўніх часоў: “Узрадуйся, о Дзева Марыя, бо ты адна перамагла ўсе ерасі ў цэлым свеце” (Gaude, Maria Virgo, cunctas haereses sola interemisti in universo mundo).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz